Вы тут

«Пагавары са мной на ідыш...»


Музыканты ансамбля «Шалом» зычаць усім людзям жыць у міры і ўзаемапавазе

 Удзельнікам сёлетняга фестывалю нацыянальных культур у Гродне ўжо не ўпершыню будзе народны ансамбль яўрэйскай музыкі «Шалом». Пра гэта кіраўнік гурта Міхаіл Дзвілянскі паведаміў падчас нядаўняга канцэрта, з якім лідчане выступілі ў зале Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі. Дарэчы, менавіта там, на музейнай тэрыторыі па вуліцы Замкавай, 16, традыцыйна размяшчаецца фестывальны яўрэйскі падворак. Завітайце туды, калі будзеце на гэтым свяце культур нашай радзімы, і пазнаёмцеся з яўрэйскай нацыянальнай музыкай у выкананні сапраўдных прафесіяналаў. Не пашкадуеце.

З першым канцэртам ансамбль «Шалом» (у перакладзе з іўрыта — «мір вам»), створаны пры Лідскім раённым Палацы культуры, выступіў напрыканцы 1996 года, і з таго часу яму апладзіравалі не толькі ў розных гарадах і мястэчках нашай краіны, але і ў Расіі, Польшчы, Літве, Ізраілі, Украіне. Сёння ў складзе калектыву скрыпач, вакаліст Міхаіл Дзвілянскі, кларнетыст Станіслаў Мішкель (выкладчыкі Лідскага музычнага каледжа) і салістка Ірына Саломіна, якая выкладае ў музычнай школе. «Шалом» з'яўляецца дыпламантам міжнародных фестываляў у Кіеве, Адэсе, Хайфе і Мінску, шматразовым лаўрэатам фестывалю нацыянальных культур у Гродне. Гурт запісаў некалькі кампакт-дыскаў, выпусціў нотныя зборнікі клезмерскай музыкі, заснаванай на старажытным яўрэйскім фальклоры, яўрэйскіх малітваў і танцаў. Спяваюць не толькі на ідыш і іўрыце, але і на беларускай, рускай, польскай мовах, а Ірына Саломіна — яшчэ і на іспанскай, англійскай.

22-3

— Памятаю, як мы выступалі ў Гродзенскай сінагозе перад удзельнікамі семінара рабінаў краін СНД. Тады памяшканне яшчэ не ацяплялася, было холадна, але ўсіх яднала цеплыня душэўная. Бо абмяркоўвалася тэма «Мір для ўсіх», важная ва ўсе часы. Сёння ў свеце зноў адбываецца нешта трывожнае і небяспечнае. А значыць, і надалей нашым творчым абавязкам будзе звяртанне да Усявышняга, каб усе людзі жылі ў міры і ўзаемапавазе, незалежна ад нацыянальнасці, веравызнання і дзяржаўных межаў, — зазначыў Міхаіл Дзвілянскі на пачатку канцэрта.

А потым гэтыя пачуцці таленавіта перадаваліся зале з музыкай і песнямі. Гледачы аддзячылі гарачымі апладысментамі і нават разам з музыкантамі праспявалі славутую «Тум балалайку».

Асаблівае месца ў рэпертуары ансамбля належыць песні «Мама, пагавары са мной на ідыш», музыку і словы да якой напісаў старэйшы брат Міхаіла Дзвілянскага Аркадзь — кампазітар, паэт, музыказнаўца, аўтар манаграфіі «Музычны яўрэйскі фальклор Беларусі», які стаяў на пачатку творчага шляху «Шалома». Гэтага чалавека ўжо няма ў жывых, але засталіся пранікнёныя творы, якія кранаюць душу. І не толькі яўрэяў — усіх, хто шануе свае гістарычныя карані.

Цяпер ансамбль «Шалом» у чаканні прэм'еры фільма пра Марка Шагала (кінарэжысёра Аляксандра Міты, вядомага па карцінах «Экіпаж», «Масква, любоў мая», «Сказ пра тое, як цар Пётр арапа жаніў» і многіх іншых). Здымкі фільма праходзілі пазалетась у Віцебску, дзе спецыяльна пабудавалі яўрэйскі квартал пачатку мінулага стагоддзя — з сінагогай, крамамі, цырульняй, лазняй, аптэкай... З Масквы і Санкт-Пецярбурга прыехалі артысты, касцюмеры, грымёры і іншыя члены здымачнай групы, а з Ліды — музыканты гурта «Шалом». Іх адпаведным чынам апранулі, а вось пераўвасабляцца асабліва і не спатрэбілася, бо лідчане выступалі ў натуральнай для сябе ролі народнага яўрэйскага ансамбля. Ігралі яны на вяселлі Марка і Бэлы, а таксама падчас іншых масавых сцэн.

— Я і сёння пад незабыўным уражаннем ад такой творчай удачы. Чакаем прэм'еры фільма, якая, пэўна, адбудзецца ў Віцебску, і будзем удзячныя, калі на яе запросяць і нас, — сказаў Міхаіл Дзвілянскі.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.