Роўна тры месяцы вандравала па краіне рэспубліканская акцыя «Лета з добрай кнігай». Пачаўшыся 1 чэрвеня, у адзін дзень з летнімі канікуламі, яна завітала ў самыя розныя мясціны Беларусі, дзе адпачывалі дзеці. Акцыя скончылася, вынікі падведзены. Цяпер дакладна вядома: восенню лічаць не толькі куранят, але і... новых маленькіх чытачоў!
Неабходнасць правесці акцыю, галоўны герой якой — кніга, была зразумелая даўно: апошняе дзесяцігоддзе папяровай сяброўцы даводзіцца змагацца з маладымі і на першы погляд больш прагрэсіўнымі канкурэнтамі — камп'ютарамі, планшэтамі, мабільнымі тэлефонамі. Фармат акцыі выбралі просты — сустрэча з маленькімі чытачамі, а вось формы атрымаліся самыя розныя: знаёмства з пісьменнікамі, казачнымі героямі, гульні ў жанры квэсту, інсцэніроўкі вядомых казак.
«Мы яшчэ раз пераканаліся, што нашы дзеці вельмі любяць чытаць. Дарослыя павінны толькі дапамагчы ім зразумець значнасць гэтага чытання», — дзеліцца назіраннямі Алена Стэльмах, намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда». Алена Анатольеўна разам з камандай пісьменнікаў і прадстаўнікоў Міністэрства інфармацыі і выдавецтваў усё лета вандравала па дзіцячых летніках краіны. Яна сустракалася з чытачамі ў бібліятэках, школах, дамах культуры, на адкрытых пляцоўках, на цэнтральных плошчах гарадоў. «Больш за ўсё мяне здзівіў творчы падыход людзей, якія дапамагалі арганізоўваць мерапрыемствы на месцах. Яны паказалі дзецям, наколькі кніга шматгранная і цікавая», — дзеліцца ўражаннямі Алена Стэльмах.
Галоўны вынік акцыі не колькасць летнікаў, у якія творчая група прывезла кніжнае свята, і нават не мноства новых кніг, што занялі свае месцы на паліцах бібліятэк, але тое, што з добрай кнігай маленькія чытачы правядуць цяпер і восень, і зіму, і, спадзяёмся, усё сваё далейшае жыццё.
• Больш за 1500 дзяцей з усёй краіны прынялі ўдзел у акцыі.
• Каля 1000 кніг, надрукаваных у Выдавецкім доме «Звязда», папоўнілі фонды раённых бібліятэк.
• 30 паэтаў, пісьменнікаў, кнігавыдаўцоў усё лета знаёмілі маленькіх чытачоў з кніжнымі навінкамі.
• 18 кніжных свят для дзяцей адбылося ў краіне.
Гавораць удзельнікі акцыі
Уладзіслаў Цыдзік, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па аграрнай палітыцы:
— Лета з добрай кнігай» — цудоўная акцыя, накіраваная на выхаванне дзяцей, іх развіццё. Паклапоцімся пра падрастаючае пакаленне — атрымаем адукаваных дарослых, добрую апору дзяржавы.
-------
Святлана Сітнікава, намеснік старшыні Беларускага саюза жанчын:
— Кніга будзе існаваць заўсёды. Проста яна набывае сучасныя формы. Я часта бачу ў грамадскім транспарце маладых людзей з кнігамі. Таму казаць, што кніг не чытаюць — няправільна.
-------
Кацярына Хадасевіч-Лісавая, дзіцячая пісьменніца:
— Менавіта тады, калі дзеці адпачываюць, у іх больш часу, каб узяць у рукі кнігу, разглядзець яе, пачытаць. Звычайна лета — перыяд спакою для пісьменніка. Але толькі не тады, калі гэта «Лета з добрай кнігай».
-------
Генадзь Аўласенка, дзіцячы пісьменнік:
— Вельмі запомнілася мерапрыемства ў сталічным парку Горкага. Якраз тады толькі выйшла мая кніга «Ветрык і Пацучыны кароль», я змог добра прэзентаваць яе сваім чытачам. Такую ж магчымасць атрымалі і іншыя пісьменнікі падчас падарожжа з акцыяй.
Любоў Бяляева.
Фота аўтара.
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.