Тэма вайны ніколі не можа быць занядбанай. Бо чалавецтва чамусьці зноў і зноў імкнецца ваяваць. І толькі мудры вучыцца на чужых памылках, каб не нарабіць сваіх. У гэтым сэнсе беларускі народ — адзін з наймудрэйшых. Нездарма ў свеце ўсе ведаюць нас як талерантную нацыю. А самі мы раз-пораз зычым адно аднаму мірнага неба над галавой, доўгіх гадоў жыцця і дадаём: «Абы не было вайны...» Бо спакутаваная наша зямля за сваю гісторыю ўдосталь паспытала крыві. І нават на падсвядомым узроўні тыя, хто нарадзіўся ўжо ў мірны час, кіруючыся нейкім шостым пачуццем, разумеюць, што вайна — гэта дрэнна, і што хочаце рабіце з намі, а ваяваць мы не будзем...
Можа ўзнікнуць пытанне: «А навошта гаварыць пра вайну, калі мы і так адна з самых мірных нацый у свеце?» Аднак адказ ёсць. Бо вайна — гэта не збег абставін і не чыесьці неўтаймаваныя сілы. Гэта прадуманая палітыка пэўных груповак людзей, часцей за ўсё блізкіх да ўлады. У сваіх меркантыльных інтарэсах, імкнучыся ўзвысіцца за кошт іншых, гэтыя людзі пачынаюць «запускаць» у масы хлуслівыя ідэі. Нездарма адзін з ідэолагаў нацызму сказаў, што калі нават самы вялікі падман паўтараць шмат разоў, ён пачынае ўспрымацца як праўда...
Спаленыя беларускія вёскі — гэта не проста ахвяры вайны. Яны вынік мэтанакіраванай палітыкі генацыду фашысцкага камандавання. Гэта здарылася з-за таго, што адзін народ пачаў думаць, што ён лепшы за іншыя, што яго кроў больш чыстая, што яго мова прыгажэйшая. Той народ вырашыў, што можа ўзяць на сябе права суддзі і выносіць некаму смяротны прысуд.
У 1940 годзе быў распрацаваны генеральны план «Ост», звязаны з адной з галоўных мэт германскага кіраўніцтва, — захопам неабходнай для росквіту трэцяга рэйху «жыццёвай прасторы», яе каланізацыяй, вызваленнем «жыццёвай прасторы» ад «лішняга» карэннага насельніцтва... «Дванаццаць запаведзяў паводзін немцаў на ўсходзе і іх стаўленне да рускіх» ад 1 чэрвеня 1941 года, як і іншыя дакументы, вызвалялі фашысцкіх салдат ад адказнасці за злачынствы і ўзводзілі зверствы ў дачыненні да мірнага насельніцтва ў ранг дзяржаўнай палітыкі... Таму тое, што здарылася ў Беларусі 70 год таму — гэта не проста вайна, гэта вынік вялікага падману, якім былі адурманены нямецкія салдаты.
Каб прыгадаць лічбы і факты, пачуць словы сведкаў, афіцыйна занатаваць той жудасны ўрок гісторыі, у Выдавецкім доме «Звязда» прайшоў «круглы стол» пад назвай «Спаленыя вёскі. Нам і сёння баліць». Удзел у ім прынялі жыхарка спаленай вёскі Зінаіда ЛЕВАНЕЦ, краязнавец з Верхнядзвінска, былы малалетні палонны канцэнтрацыйнага лагера Антон БУБАЛА, каардынатар міжнароднага праекта «Павышэнне статусу выратаваных жыхароў спаленых беларускіх вёсак» Наталля КІРЫЛАВА, галоўны архівіст Нацыянальнага архіва Беларусі Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ, дырэктар дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь» Артур ЗЕЛЬСКІ, акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр КАВАЛЕНЯ, загадчык цэнтра гісторыі постіндустрыяльнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Уладзімір КУЗЬМЕНКА, старшы навуковы супрацоўнік аддзела ваеннай гісторыі і міждзяржаўных адносін Інстытута гісторыі НАН Анатоль КРЫВАРОТ, начальнік цэнтра студэнцкай творчасці Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, адна з кіраўнікоў «Зорных паходаў» Алена ЖУРАЎСКАЯ.
«Гэта адбілася на ўсім маім далейшым лёсе»
Зінаіда Леванец: — Я нарадзілася ў вёсцы Скірмантава Дзяржынскага раёна. На пачатак вайны мне споўнілася 6 гадоў. У нашай сям'і было пяцёра дзяцей, бацька, інвалід грамадзянскай вайны, і маці. Жылі не надта багата, як звычайныя вяскоўцы. Не было ні святла, ні радыё. Пачалася вайна, і жыццё крута змянілася... Вакол нашай вёскі рос лес. Бацькі былі сувязнымі партызанскага атрада. Мама гатавала ежу партызанам, тата дапамагаў ім рамантаваць абутак, бо быў шаўцом...
У 1943 годзе, пры адступленні карнага атрада, калі той прыйшоў ужо ў суседнюю вёску, маці пачала хвалявацца, што старэйшую 16-гадовую сястру забяруць у Германію. Таму маці вырашыла пайсці ў лес. Яна накіравалася туды разам з іншымі аднавяскоўцамі, якія хацелі схаваць сваіх дзяцей. Я ў гэты час засталася дома, але не вытрымала і таксама стала ўцякаць. Бацька хацеў мяне злавіць, але я пабегла за мамай, — такім чынам таксама апынулася ў лесе. А ўвечары мы назіралі, як гарэла наша вёска, бо знаходзіліся прыблізна за два кіламетры ад яе. На пажарышча мы прыйшлі толькі назаўтра. Тую карціну, якая паўстала перад намі, не дай Бог бачыць нікому... Куча накіданых целаў, як чорных паленаў. Выкапалі брацкую магілу — прыйшлі сваякі з суседніх вёсак ці хтосьці яшчэ. Мама пачала шукаць нашых і... знайшла. Яны былі ў цэнтры гэтай кучы. Аказалася, што тата накрыў дзяцей сваім целам. Маці апазнала іх па вопратцы. Іх пахавалі ў брацкай магіле. Паводле слоў маці, у гэтай магіле было прыблізна 186 чалавек. А ўсяго з нашай вёскі падчас вайны загінула 246 чалавек. Карны атрад сышоў, аднак засталіся паліцаі. І яны не хацелі, каб былі сведкі таго злачынства, таму на маму ўстроілі ганенне. Нам давялося пайсці ў партызанскі атрад (наколькі памятаю, імя Сямёнава) у Налібоцкай пушчы. Жылі ў зямлянках цэлую зіму. Пасля, калі ўжо наступала Чырвоная Армія, усе вярнуліся з лесу. Нас прытуліла адна сям'я, маці з дачкой. У гэтай хаце стаяла цудам ацалелая карова, побач быў іх ложак. А мы спалі на печы. Цудам застаўся жывы і мой брат: была яго чарга пасвіць кароў, і разам з дзяўчынкай-пастушкай, крыху старэйшай за яго, яны схаваліся ў жыце. Усю жудасць малым давялося чуць і бачыць — як крычалі і пакутавалі людзі...
Вядома, гэта адбілася на ўсім маім далейшым лёсе. Аднаўляцца было вельмі цяжка. Паколькі мы былі галоднымі, раздзетымі, мама вымушана была мяне, 8-гадовую, і брата, 9-гадовага, аддаць на службу ў Заходнюю Беларусь, у мясціны побач з Ракавам. Там 2 гады я служыла за драбязу, за баланду і адходы, якімі нас кармілі. Уставала ў 4 гадзіны раніцы, клалася прыблізна ў 11 гадзін ночы і зноў у 4 уставала... Далейшае пасляваеннае жыццё таксама было няпростым...
«Мы пачулі словы афіцыйнага прабачэння...»
Наталля Кірылава: — Праект «Павышэнне статусу выратаваных жыхароў спаленых беларускіх вёсак» разлічваўся на тое, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да такіх людзей, як Зінаіда Леванец. Прычым увагу не толькі нашай грамадскасці, але і еўрапейскай. Бо ў Беларусі была знішчана беспрэцэдэнтная колькасць вёсак — больш за 9 тысяч спалена цалкам або часткова, і ў Еўропе пра гэта ніхто не ведае.
У свой час я працавала дырэктарам мемарыяльнага комплексу «Хатынь» і зразумела, што мовай толькі архітэктуры і пластыкі маладому пакаленню складана расказаць пра трагедыю, якую перажыў беларускі народ. Важна, каб былі сведчанні людзей, дакументы і фотаздымкі, якія пацвярджаюць рэальнасць трагедыі... Вось чаму намі была створана ў «Хатыні» фотадакументальная экспазіцыя і запушчаны сайт у інтэрнэце, які працуе на 4-х мовах.
Выратаваныя жыхары спаленых вёсак не маюць афіцыйнага статусу ахвяр вайны, не ўдзельнічалі ні ў якіх гуманітарных праграмах, не атрымлівалі выплат, нават не фігуруюць у гістарычнай памяці Германіі як ахвяры нацызму... Мы стварылі ў інтэрнэце электронную базу жыхароў спаленых вёсак. У ёй не толькі перапісаны іх назвы і колькасць знішчаных людзей, але і размешчаны ўспаміны жыхароў спаленых вёсак, фотаздымкі помнікаў, усталяваных на месцы трагедый. І цяпер ідзе вельмі бурная перапіска ў інтэрнэце, звяртаюцца нашчадкі тых людзей, шмат моладзі, якая дзеліцца ўспамінамі сваіх родных — такім чынам звесткі папаўняюцца, вядзецца важная даследчая і выхаваўчая работа.
Многія людзі дагэтуль не мелі магчымасці нават выказацца. Яны не ветэраны, нават не палонныя канцлагераў — таму іх нікуды не запрашалі. Аднак на душы было вельмі цяжка, надзвычай хацелася расказаць пра тое, што яны бачылі і перажылі. У межах нашага праекта было праведзена шмат навукова-практычных канферэнцый, ладзіліся акцыі памяці, сустрэчы пакаленняў у розных раёнах, на якія запрашалі жыхароў спаленых вёсак і давалі магчымасць расказаць пра тое, што яны перажылі. Аднак мы разумелі, што патрэбна праграма і для душы — менавіта таму разам аб'ездзілі літаральна ўсю Беларусь, наведалі самыя прыгожыя гісторыка-культурныя помнікі.
Да нас прыязджалі журналісты з 10-ці найбуйнейшых нямецкіх выданняў, якія азнаёміліся з праектам. Пасля іх публікацый у сваёй прэсе пра жыхароў спаленых беларускіх вёсак даведаліся ў нямецкай арганізацыі «Кантакты», якая займаецца дапамогай ахвярам нацызму. У выніку 550 жыхароў Верхнядзвінскага раёна, як самага пацярпелага ў гады вайны, атрымалі кампенсацыйныя выплаты. Але галоўнае — кожнаму з іх нямецкі бок даслаў лісты са словамі афіцыйнага прабачэння — як знак прызнання адказнасці за злачынствы нацыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны...
«Гэта сотні, тысячы і мільёны людзей, якія пацярпелі»
Аляксандр Каваленя: — Праект «Павышэнне статусу выратаваных жыхароў спаленых беларускіх вёсак» дапамагае развеяць міфы, якія існуюць у гісторыі адносна Вялікай Айчыннай вайны і нават тыражуюцца сёння. Тое, што засведчылі ўдзельнікі даўніх падзей, не падробіш і не падтасуеш.
Тэма вайны — вечная тэма. У нас у яе рэчышчы робіцца вельмі шмат (кажу гэта, ведаючы тое, што адбываецца ў іншых краінах СНД). У нас 8,5 тысячы помнікаў, з іх каля 6-ці тысяч прысвечана Другой сусветнай вайне. Большасць з іх належным чынам даглядаецца — як педагог хачу заўважыць, што выхаванне моладзі адбываецца праз удзел у канкрэтных справах, у тым ліку такіх.
Наша сустрэча набывае асаблівую актуальнасць сёння, калі такія падзеі адбываюцца ва Украіне: пажарышча вайны разгарнулася ў цэнтры славянскага свету. Сёння брат забівае брата, славянін — славяніна. Таму мы павінны не толькі гаварыць пра Вялікую Айчынную вайну, але і прыцягваць да гэтай працы падрастаючае пакаленне. Да таго ж трэба прыйсці да пэўных навуковых высноў: падлічыць, сабраць разам усе звесткі. Сёння многае ўжо страчана з успамінамі людзей, якіх не вярнуць. Аднак тое, што яшчэ захавалася і што можна сабраць, трэба захоўваць, у тым ліку ў школьных музеях — і менавіта на гэтым выхоўваць падрастаючыя пакаленні.
Уладзімір Кузьменка: — Сёння няма ніякай чорнай юбілейнай даты, аднак мы звярнуліся да такой тэмы. Я лічу, гэта вельмі правільна. Варта яшчэ і яшчэ ўзгадваць пра палітыку генацыду. Бо фактычна ўся вясковая мясцовасць Беларусі — гэта спаленыя вёскі і партызанскія зоны. Гэта сотні, тысячы і мільёны людзей, якія пацярпелі. У сувязі з падзеямі ва Украіне трэба зноў вяртацца да генацыду — як гарадскога, так і вясковага; як яўрэяў, так і беларусаў, рускіх, украінцаў. Трэба выносіць на свет палітыку калабарацыяністаў. З-за трагедыі, якую мы сёння назіраем у нашых суседзяў, гісторыя Вялікай Айчыннай вайны набывае асаблівае значэнне. На зверствы асобных падраздзяленняў і людзей, якія жылі ў той час, часам падобны дзеянні некаторых нашых сучаснікаў. Трэба нагадаць, што мэтанакіраваная палітыка генацыду праводзілася ад самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны і была закладзена ў генеральны план нямецкага камандавання...
Галоўнае, мы не пасварыліся з «нефармальнымі гісторыкамі»
Аляксандр Каваленя: — У Акадэміі навук за пасляваенны час выдалі каля 11 тысяч публікацый, у тым ліку 146-томную кнігу «Памяць» — аналагаў такой кнігі няма ні ў адной краіне. Таксама трохтомнік партызанскага руху. Сёлета ўпершыню, разам з Расіяй, выдалі кнігу на 900 старонак пра вызваленне Беларусі. Гніламёдаў напісаў раман «Вайна», у якім апісваюцца падзеі, што адбываліся ў Заходняй Беларусі. Варанкова напісала кнігу пра Мінск 1941 — 1944 гадоў. Фактычна мы стварылі канцэпцыю музея Вялікай Айчыннай вайны. Вялікую працу мы праводзім па выданні дакументаў. На дзяржаўным узроўні быў створаны і падрыхтаваны падручнік «Вялікая Айчынная вайна». Да мяне звяртаюцца з інстытутаў Саюзнай дзяржавы як да аднаго з кіраўнікоў праекта, каб зрабіць такі падручнік для краін СНД.
Застаецца шмат праблем, вырашэнне якіх не ад нас залежыць, аднак галоўнае, каб мы ніколі не забывалі пра гэту трагічную тэму. У нас многа і так званых «нефармальных гісторыкаў», аднак надзвычай важна, што, у адрозненне ад іншых краін, мы не перасварыліся.
Анатоль Крыварот: — Лічу, што нам і надалей трэба працаваць па выяўленні новых звестак. Я прааналізаваў некалькі кніг «Памяць» і вось да якіх высноў прыйшоў. У адным толькі Барысаўскім раёне гітлераўскімі акупантамі былі разбураны 82 вёскі, з іх у 71-й былі спалены ўсе двары. 11 вёсак так і не вернуты да жыцця. У вёсцы Валокі знішчана 314 жыхароў, але да гэтага часу прозвішчы 176-ці не ўстаноўлены. Пасёлак Люцецкі, у якім былі знішчаны 134 жыхары, так і не быў адноўлены пасля вайны, а прозвішчы 100 жыхароў не ўстаноўлены. Вёска Разліццё — імёны 43 ахвяр з 200 забітых не ўстаноўлены. У гэтым і ёсць трагедыя. Правільна сказаў Аляксандр Каваленя, што час ужо ўпушчаны. Аднак мы павінны зрабіць усё магчымае, каб запоўніць гэтыя белыя плямы. З дапамогай мясцовых краязнаўцаў, архіўных кніг сельсаветаў, архівістаў, гісторыкаў. Гэта вялізны пласт работы, аднак яго трэба падымаць.
«Было сумна ў новым музеі бачыць старыя звесткі»
Вячаслаў Cеляменеў: — Было сумна ў новым музеі Вялікай Айчыннай вайны бачыць статыстыку па спаленых вёсках, падрыхтаваную на падставе выданняў 1984 года. Гэтыя спісы былі перавыдадзены ўжо ў 1995 годзе Інстытутам справаводства і архіўнай справы. І там лічба — 5454 вёскі, спаленыя з жыхарамі або часткай жыхароў. Паводле новых звестак — яшчэ на 200 вёсак больш. А ў музеі па-ранейшаму фігуруе старая лічба. Сёння створана электронная база, у якой ужо налічваецца 8706 вёсак, спаленых цалкам або часткова. Аднак і гэта не поўныя звесткі.
Праблемай з'яўляецца і тое, што значная частка навуковай працы не фінансуецца і вядзецца на грамадскіх пачатках, таму няма магчымасці наведаць усе архівы і прааналізаваць нават тую вялізную інфармацыю, якую мы ўжо маем. Часам сустракаецца і такое, што тыя вёскі, якія ўвекавечаны ў Хатыні, насамрэч спалены не былі. Таму ўсё трэба правяраць. Сёння наспела неабходнасць падрыхтаваць паўнавартасны навуковы праект па спаленых вёсках, сабраць разам усе звесткі, выпрацаваць агульную методыку, усё падлічыць.
Артур Зельскі: — Калі казаць пра музей Вялікай Айчыннай вайны, то, прыходзячы туды са сваім старэйшым сынам, я вельмі хацеў бы бачыць не толькі агульнавядомых герояў, але і імёны сваіх дзядоў. Няхай гэта будзе агульны інтэрактыўны экран, але я хацеў бы там бачыць сваіх. Бо не на чужых прыкладах, а праз сваю ўласную сям'ю выхоўваецца патрыятызм, і гэта мае сапраўдны эфект.
Дарэчы, хачу адзначыць, што мемарыяльны комплекс «Хатынь» сёння найбольш наведваюць сем'і. З гэтага вынікае, што асноўнае патрыятычнае выхаванне адбываецца ў сям'і.
«Іх лісты не будуць апублікаваны і прачытаны»
Антон Бубала: — Сёння ўжо не 9,5 тысячы жыхароў спаленых вёсак жывыя, бо фактычна кожны тыдзень хтосьці з іх памірае... Але ім важныя не грашовыя выплаты, а каб хтосьці іх пачуў, каб яны маглі патлумачыць наступным пакаленням, чаму беларусы пастаянна кажуць: «Абы не было вайны» — настолькі выпакутаваная гэтая фраза. І яны могуць даць адчуць яе глыбінны сэнс сваімі сведчаннямі.
Калі выпускалі кнігу «Хатынскі некропаль», нам трэба было сабраць успаміны ацалелых людзей з тых вёсак, якія ўвекавечаны ў мемарыяле. Мы зрабілі гэта, аднак застаўся спіс тых, хто таксама са спаленых, неадноўленых вёсак, але іх назвы не пазначаны ў Хатыні, таму іх сведчанні не былі выкарыстаныя... Сёння рыхтуецца выданне з успамінамі людзей са спаленых, але адноўленых вёсак, таксама там увекавечаных. Зноў застаецца 150 вёсак, дзе жылі такія ж самыя людзі, аднак іх лісты не будуць апублікаваны і прачытаны, бо іх назваў няма ў мемарыяле. Гэтыя вёскі ўсё-такі не забытыя, аднак трэба спрабаваць і іх неяк увекавечыць.
Аляксандр Каваленя: — Я згодзен, што трэба дакладна высвятляць усе лічбы. Аднак статыстыка не кранае душу чалавека. У грамадстве павінна стварацца думка, што слязінка нават аднаго бязвіннага дзіцяці — гэта ўжо трагедыя. Тады мы будзем людзьмі звацца. Таму трэба мяняць душу і менталітэт. І тое што сёння тыражуецца на тэлебачанні — забойствы, гвалт, шматлікія войны — усё гэта прыніжае кошт чалавечага жыцця. Адбылася дэвальвацыя духоўных каштоўнасцяў. Таму наша сённяшняя сустрэча вельмі актуальная. Трэба, каб трагедыі Асвеі і Верхнядзвінска прайшлі праз сэрцы маладых людзей.
«Шэрае неба, пранізлівая цішыня. Па скуры ішоў мароз»
Алена Жураўская: — За ўсю моладзь я казаць не магу. Аднак у якасці прыкладу хачу расказаць пра студэнтаў педагагічнага ўніверсітэта. Ужо на працягу 50 гадоў у нас існуе праект па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі пад назвай «Зорны паход» — па месцах баявой і вайсковай славы беларускага народа. Нашы студэнты разам з выкладчыкамі адпраўляюцца ў розныя раёны Беларусі, знаёмяцца з гісторыяй гэтага краю, па магчымасці сустракаюцца з ветэранамі, слухаюць іх аповеды. У маладых людзей, якія з намі едуць, я ўпэўнена, адбываецца істотная пераацэнка каштоўнасцяў. Яны пачынаюць разумець, што жыццё — гэта тое, за што сапраўды варта трымацца. Калі будзеш годным грамадзянінам, атрымаеш добрую адукацыю, зможам зрабіць усё, каб чарговай вайны не было.
Аляксандр Каваленя: — Дарэчы, я з'яўляюся адным з «прадуктаў» «Зорных паходаў», я стаяў ля іх вытокаў. Падзеі ўспрымаюцца зусім іначай, калі сам ходзіш па месцах баёў, трапляеш у зямлянкі. Я сем гадоў запар хадзіў у «Зорныя паходы». Вельмі добра, што педагагічны ўніверсітэт падтрымлівае гэтую традыцыю. Аднак раней прыйдзеш у вёску — і можаш сустрэць там 15-20 ветэранаў. Цяпер іх адзінкі...
Алена Жураўская: — Хачу дадаць, што нашы маршруты часта праходзяць праз спаленыя вёскі. Летась адзін з «зорных» атрадаў трапіў у Слуцкі раён, і мы наведалі мемарыяльны комплекс, усталяваны на тым месцы, дзе раней знаходзілася вёска Пераходы. Было холадна, бо паходы звычайна ладзяцца зімой. Над галавой навісала шэрае неба, навокал — пранізлівая цішыня. Калі студэнтам расказвалі, што тут стаяла спаленая вёска, што 116 людзей згарэлі жыўцом, што ёсць 24 магілы, па іх скуры ішоў мароз. На тварах маладых людзей было напісана, што яны быццам самі ўсё гэта пражываюць...
Пасля мы адпраўляемся ў школу, праводзім профарыентацыйную работу, спартыўныя мерапрыемствы, аднак відаць, што ў галовах моладзі працягваецца працэс пераасэнсавання. Яны іначай пачынаюць успрымаць мірнае неба над галавой і разумеюць, што гэта не проста словы. У кожнай беларускай сям'і ёсць або сведкі той вайны (дзяды, прадзеды), або проста штосьці перадаецца адно аднаму, таму моладзь ведае і памятае гэту трагедыю. Я бачу, што калі ім стварыць адпаведныя ўмовы, мы падрыхтуем добрых настаўнікаў, сапраўдных патрыётаў.
На жаль, не так шмат застаецца людзей, з якімі можна пагутарыць, ветэранаў. Таму мы таксама вядзём свае запісы. Няхай яны не маюць вялікага маштабу, мы іх не публікуем, аднак у кожным атрадзе ёсць летапіс падзей таго раёна, у які яны трапляюць. Мы ўсё гэта збіраем, а пасля ўжо нашы выпускнікі могуць выкарыстоўваць гэта на сваіх уроках.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА.
P.S. Калі падсумаваць тое, што гаварылася на «круглым стале», можна вылучыць асноўныя напрамкі далейшай працы. Пакуль жывыя сведкі вайны, ацалелыя жыхары спаленых вёсак, ім, самае галоўнае, трэба даць магчымасць выказацца, данесці да сучасных людзей трагедыю, якую ім давялося перажыць. Неабходна грунтоўнае навуковае даследаванне па тэме спаленых вёсак, бо ёсць шмат разрозненай інфармацыі, атрыманай рознымі людзьмі, аднак разам яна пакуль так і не была сабрана. Існуе патрэба ў абнаўленні звестак у дзяржаўным мемарыяльным комплексе «Хатынь» і новым музеі Вялікай Айчыннай вайны (важна, каб у «Хатынь» нарэшце пачаў заязджаць рэйсавы аўтобус!). Шмат спаленых вёсак дагэтуль не ўвекавечаны, не ўсе імёны іх жыхароў устаноўлены, таму варта працягваць пошук звестак і мемарыялізацыю.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?