Вы тут

У НАН Беларусі дадзены старт 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі


У новым сезоне ў Антарктыду адправяцца 13 чалавек пад кіраўніцтвам вопытнага палярніка, удзельніка ўсіх пятнаццаці папярэдніх экспедыцый Аляксея Гайдашова. У саставе экспедыцыі — навуковыя супрацоўнікі НАН Беларусі (Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў, НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах, Інстытута прыродакарыстання, Інстытута фізікі), Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы і іншых арганізацый краіны. Сем спецыялістаў ужо маюць досвед працы ў Антарктыдзе і шэць чалавек — пачаткоўцы. Важны момант — навуковыя супрацоўнікі складаюць палову саставу экспедыцыі.


Як адзначыў, звяртаючыся да палярнікаў, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, у навуковым плане экспедыцыя выконвае шырокі спектр даследаванняў. «У сезон 2023 — 2024 гадоў 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі трэба будзе амаль шэсць месяцаў знаходзіцца на Лядовым кантыненце, прадоўжыць абсталяванне і ўладкаванне Беларускай антарктычнай станцыі ў раёне гары „Вячэрняя“, правесці дзясяткі навуковых даследаванняў і эксперыментаў, выканаць тысячы навуковых вымярэнняў прыродных параметраў у рамках падпраграмы „Развіццё дзейнасці Беларускай антарктычнай станцыі“ Дзяржаўнай праграмы „Навукова-інавацыйная дзейнасць Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на 2021 — 2025 гады“, — падкрэсліў Уладзімір Гусакоў. — Падчас работы ў 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі вам трэба будзе развіць і дапоўніць атрыманыя раней вынікі і выканаць работы па новых напрамках у рамках навукова-тэхнічных заданняў па мерапрыемствах праграмы. Сярод новых напрамкаў навуковай дзейнасці — работы па ўводу ў эксплуатацыю сейсмічнай станцыі ў раёне размяшчэння Беларускай антарктычнай станцыі і работы па забеспячэнню палявым матэрыялам (мхі, лішайнікі і інш.) для вывучэння фітахімічнага і фармакалагічнага патэнцыялу прадстаўнікоў флоры Антарктыкі з прымяненнем омікс-тэхналогій і інш.».

Начальнік 16—й Беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксей Гайдашоў падкрэсліў, што кожны год экспедыцыя папаўняецца новымі прыборамі, апаратамі і комплексамі. «Мы забяспечаны ўсім на самым высокім узроўні для правядзення выніковай навуковай работы», — адзначыў ён.

Авангардная каманда 16-й Беларускай Антарктычнай экспедыцыі накіруецца на Лядовы кантынент у пачатку лістапада. Вяртанне ў Мінск 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі плануецца ў трэцяй дэкадзе мая 2024 года.

У каманду 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі ўвайшлі: Аляксей Гайдашоў — начальнік экспедыцыі; Уладзімір Несцяровіч — начальнік сезоннай палявой базы «Гара Вячэрняя»; Аляксей Барысавец — вядучы спецыяліст, навуковы супрацоўнік—азонаметрыст; Ягор Корзун — вядучы спецыяліст, навуковы супрацоўнік—біёлаг; Мікалай Зінькевіч — галоўны спецыяліст па сувязі; Віталь Хілько — вядучы спецыяліст, аўтамеханік; Павел Конанаў — вядучы спецыяліст, электраманцёр; Уладзімір Чарнюк — вядучы спецыяліст, навуковы супрацоўнік-эколаг; Андрэй Мурашка — вядучы спецыяліст, навуковы супрацоўнік— глебазнавец, геалагічныя даследаванні; Аляксандр Калевіч — вядучы спецыяліст, навуковы супрацоўнік—фізік; Аляксандр Бурдак — вядучы спецыяліст, майстар-механік, слесар, мантажна-зварачныя работы; Леанід Нікіцюк — галоўны спецыяліст, урач-хірург; Сяргей Люты — вядучы спецыяліст, загадчык вытворчасцю харчавання.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота НАН Беларусі

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.