Вы тут

Хочаш змяніць свет да лепшага — ідзі і рабі


Ёсць людзі, якія, убачыўшы пэўныя праблемы ў грамадстве, не застаюцца абыякавымі і імкнуцца знайсці выйсце. У іх звычайна ёсць своеасаблівы план: яны «ўскалыхваюць» грамадскасць, звяртаюцца да прэсы, сустракаюцца з дэпутатамі, падтрымліваюць спецыяльныя праекты, прапануюць ідэі... Бывае, што гэта ў іх атрымліваецца і сітуацыя насамрэч паляпшаецца, а бывае, што намаганні так і не маюць поспеху...

Ёсць і іншыя, якія таксама стараюцца дапамагчы. Але яны не кідаюцца ў бой з «сістэмай», а проста робяць тое, што ў іх сілах. Менавіта такіх людзей аб'яднаў сацыяльны цэнтр адаптацыі, рэабілітацыі і адукацыі «Жыватворная крыніца» для дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў, а таксама дзяцей, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Усё пачалося з таго, што некалькі чалавек, прыхаджан храма Серафіма Сароўскага, вырашылі дапамагчы выпускнікам школы-інтэрната для дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі. Яны ведалі, што тым, хто выхоўваўся ў інтэрнатных установах, вельмі цяжка адаптавацца ў грамадстве. А дзецям, якія да свайго «выхавання» маюць яшчэ і нейкія дыягназы, — складаней у разы.

— Мы прапанавалі выпускнікам сваю дапамогу, і дзеці адгукнуліся, — расказвае кіраўнік сацыяльнага цэнтра адаптацыі, рэабілітацыі і адукацыі «Жыватворная крыніца» Ірына ПЕТУХОВА. — Некалькі чалавек сталі апякаць гэтых дзяцей: вучылі іх планаваць свой бюджэт, хадзілі з імі ў крамы, дапамагалі абстаўляць кватэры, плаціць за камунальныя паслугі, увогуле вучылі весці гаспадарку. Хлопцам расказвалі аб мужнасці, дзяўчынкам — аб жаноцкасці. Прыхаджане стараліся для дзяцей стаць сябрамі, хадзілі адно да аднаго ў госці, мяняліся рэцэптамі смачных страў...

Спачатку вернікі ўзрадаваліся, што ў іх трошкі атрымліваецца, што дзеці ахвотна ўсяму вучацца, дасягаюць поспехаў, але... Неўзабаве дзяўчаты сталі прызнавацца, што яны... цяжарныя.

— Мы, шчыра кажучы, такога не чакалі, — прызнаецца Ірына Георгіеўна. — Спачатку адна, потым другая, трэцяя... Дзяўчаты былі вельмі перапалоханыя і не ведалі, што рабіць. Ім здавалася, што выйсці толькі два — зрабіць аборт ці аддаць народжанае немаўля ў дзіцячы дом.

Рашэнне трэба было прымаць хутка. Прыхаджане вырашылі ўгаварыць дзяўчат не забіваць сваіх дзетак і не кідаць іх. Яны абяцалі падлеткам быць побач і дапамагчы маладым маці выхоўваць дзяцей. Валанцёры хадзілі з дзяўчатамі па крамах і набывалі ўсё неабходнае: каляскі, ложкі, крэселкі, адзенне, памперсы і іншае...

Дарослыя разумелі, што дзяўчатам патрэбна яшчэ і дапамога спецыялістаў. Для гэтага быў створаны своеасаблівы цэнтр з назвай «Клуб маладых матуль». Сталі запрашаць для кансультацый гінеколагаў, акушэраў, педыятраў і юрыстаў.

— Мы стараліся даць максімум інфармацыі для цяжарных дзяўчат, — гаворыць Ірына Георгіеўна. — Трэба было ўсё растлумачыць, каб яны не баяліся быць мамамі.

Нарэшце, выпускніцы інтэрната нарадзілі. Валанцёры кожную сустракалі з радзільні, потым везлі дадому, а там разам з імі купалі народжаных немаўлят, вучылі маладых мам іх карміць, мяняць памперсы... Маладыя жанчыны, якія ў дзяцінстве так і не спазналі, што такое мама, самі стараліся быць добрымі маці, хаця і давалася ім гэта нялёгка. Праз нейкі час некаторыя з іх не вытрымалі: сталі выпіваць, не даглядалі сваіх малых. Вернікі хадзілі шукаць жанчын з міліцыяй, пагражалі, што дзетак адбяруць і накіруюць у дзіцячы дом...

— Нават сёння, калі прайшоў ужо не адзін год, гэтыя часы ўспамінаць цяжка, — прызнаецца Ірына Георгіеўна. — Колькі было праліта слёз... Некаторыя мамы адумаліся. Іншыя, нягледзячы на нашы намаганні, так і не здолелі стаць адказнымі матулямі — іх дзетак забралі ў дзіцячы дом.

Немаўляткі, якія засталіся са сваімі матулямі, хутка раслі. Валанцёры па-ранейшаму дапамагалі дзяўчатам, але заўважылі яшчэ адну праблему.

— Справа ў тым, што ў выпускніц інтэрнатаў з псіхафізічнымі адхіленнямі толькі пачатковая адукацыя, — расказвае Ірына Георгіеўна. — Яны навучыліся працаваць, плаціць за кватэру, карміць і апранаць сваё дзіця, але ім было цяжка вучыць дзяцей гаварыць, адрозніваць колер, лічыць і рыхтаваць сваіх малых да школы. Мы разумелі, што неабходна прафесійная дапамога лагапедаў, дэфектолагаў, псіхолагаў і педагогаў. Далі аб'яву ў храме, спадзеючыся, што здолеем знайсці прафесіяналаў для нашых дзетак. І ў нас атрымалася. Такім чынам «Клуб маладых матуль» нібыта перарадзіўся ў сацыяльны цэнтр рэабілітацыі, адаптацыі і адукацыі «Жыватворная крыніца».

Спецыялісты знайшліся таксама сярод вернікаў. Яны сталі рэгулярна займацца з дзецьмі: малодшых навучылі размаўляць, старэйшых падрыхтавалі да школы. Але, нягледзячы на ўсе намаганні, некаторыя малыя ўсё роўна «атрымалі» дыягназы. Сёння гэтыя дзеці ўжо вучацца ў пятых — шостых класах. Цэнтр па-ранейшаму працуе з імі: педагогі дапамагаюць рабіць урокі, стараюцца даць ім дадатковую адукацыю. На базе цэнтра цяпер працуюць гурткі інфарматыкі, англійскай і нямецкай мовы, а таксама розныя творчыя гурткі. Таксама цэнтр сталі наведваць маці, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, і прыводзіць у гурткі сваіх малых. Такім чынам гэтыя жанчыны імкнуліся разнастаіць жыццё сваіх дзяцей, знайсці ім новых сяброў сярод фізічна здаровых дзяцей і пры гэтым навучыць самім прыносіць карысць.

— Мы прымаем усіх дзетак, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, — расказвае Ірына Петухова.— Памятаю, пару гадоў таму да нас прыйшла жанчына ў роспачы: у яе сына былі шматлікія праблемы ў паводзінах. Хлопца спачатку як хулігана ганялі са школы ў школу, а потым увогуле сталі прапаноўваць спецыяльную дапаможную школу. У нас жа гэты «хуліган» стаў выдатным артыстам, амаль «зоркай»! Ён навучыўся сябе кантраляваць і ў адной школе вучыцца ўжо два гады. Для маці з сынам гэта сапраўдны поспех. Наогул да кожнага з падапечных у нас індывідуальны падыход, а дзякуючы спецыяльнай адукацыі некаторых вернікаў мы праводзім з дзецьмі своеасаблівую псіхакарэкцыйную працу.

Хатняе заданне дзеці робяць у цэнтры два разы на тыдзень.

27-8

Валанцёры цэнтра ўпэўнены, што праграма сацыяльнай рэабілітацыі для дзяцей была б немагчымай без дапамогі і жадання саміх бацькоў. У цэнтр нельга прывесці дзіця і пакінуць яго аднаго з педагогамі — абавязкова павінен прысутнічаць хто-небудзь з бацькоў. І не проста прысутнічаць, а ўдзельнічаць у агульнай працы. Напрыклад, адны бацькі дапамагаюць зрабіць малым урокі, іншыя працуюць у творчай майстэрні, трэція вучаць карыстацца камп'ютарам, нехта спявае ў хоры, а некаторыя право-дзяць рэпетыцыі тэатральнай пастаноўкі, прысвечанай Калядам. Такім чынам, бацькі самі становяцца валанцёрамі і дапамагаюць іншым дзецям. Сёння ў цэнтры займаецца каля 40 чалавек. Разам яны адпраўляюцца ў паломніцкія паездкі і экскурсіі па Беларусі, Польшчы і Балгарыі. На гэтыя мерапрыемствы дзеці зарабляюць грошы самі: у творчай майстэрні яны робяць розныя прыгожыя вырабы і на кірмашах іх прадаюць. Так, на паездку ў Польшчу ім не хапала 500 еўра. Прыхаджане храма дапамаглі сабраць гэтую суму.

— Нас ужо ведаюць, і таму бывае так, што проста ахвяруюць грошы, — гаворыць Ірына Георгіеўна. — Напрыклад, у Балгарыю мы ездзім адпачываць кожнае лета за кошт прымаючага боку. Увогуле, калі нашу групу бачаць на мерапрыемстве ці нават у аэрапорце, мала хто з людзей застаецца раўнадушнымі. Заўсёды дапамогуць і інвалідныя крэслы выцягнуць з аўтобуса, і сумкі данесці да месца, і пачастуюць чым-небудзь малых. І ўсё гэта цярпліва і добразычліва. А дзеці адчуваюць, што свет прыдатны для іх жыцця, нягледзячы на іх асаблівасці, што заўсёды знойдуцца людзі, якія захочуць пасябраваць з імі. Гэта дае ім сілы жыць са сваімі дыягназамі, а таксама ўпэўненасць у тым, што яны не адзінокія.

На працягу трынаццаці гадоў яны прысвячаюць сябе працы, за якую ім ніхто не заплаціць. І хварэюць сэрцам за кожнага свайго падапечнага.

Супрацоўнікі цэнтра не ставяць перад сабой мэты перавярнуць свет, зрабіць людзей больш добрымі і ўважлівымі адзін да аднаго. На працягу трынаццаці гадоў яны прысвячаюць сябе працы, за якую ім ніхто не заплаціць. І хварэюць сэрцам за кожнага свайго падапечнага. Шчыра радуюцца, калі хлопчык з ДЦП прымае рашэнне быць варатаром падчас сяброўскай гульні ў футбол. Ганарацца разам з дзяўчынкай, якая падцягнула свае адзнакі па англійскай мове з «пяцёркі» да «васьмёркі». Яны з задавальненнем прымаюць запрашэнні выступіць на мерапрыемствах горада з тэатральнай пастаноўкай. Яны не змагаюцца за справядлівасць з «сістэмай», а проста робяць тое, што ў сілах зрабіць...

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.