Вы тут

Сакрэты даўгалецця Мікалая Стральчука


Мікалай Васільевіч Стральчук — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Вясёлы, светлы душой чалавек. Разам з жонкай Марыяй Кірылаўнай яны пражылі ў пасёлку Целяханы Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў згодзе і каханні 61 год. Ад чацвярых дзяцей маюць 10 унукаў і 15 праўнукаў. А каб вы бачылі, які Мікалай Васільевіч гаспадар! Ёсць у яго якія хочаш станкі, сваімі рукамі ён робіць здатныя вазкі, змайстраваў са старэйшай дачкой, якой і самой ужо пад 60 гадоў, альтанку і дзіцячую пясочніцу. Плугам, зробленым сваімі рукамі, яшчэ арэ глебу па вясне, выворвае бульбу восенню, вырошчвае багаты ўраджай цыбулі, гарбузоў і нават кавуноў, трымае козы, іграе ў вольны час на гармоніку. А яшчэ ўстае і кладзецца спаць ветэран з малітвай. Можа, таму і на здароўе не крыўдзіцца.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Патэфон з вайны

Родам Мікалай Васільевіч з вёскі Доўгая Івацэвіцкага раёна. У сям'і раслі тры хлопцы і дачка, Мікалай быў старэйшы. Калі пачалася вайна, яму было толькі 14.

— Усіх забралі, я адзін застаўся ў вёсцы, — успамінае ветэран. — Падаўся ў лес, зрабіў сабе зямлянку, з бочкі — печку; конік да мяне прыбіўся замулены, і так перабіваўся. А ў 1944 годзе забралі ў войска. Пешшу дайшлі да Пінска, там праходзілі падрыхтоўку, а тады — у горад Казельск Калужскай вобласці, у 28-ы стралковы полк. Потым быў пад Варшаваю. Хто скончыў тры класы польскай школы, таго вучылі на наводчыка. 11 лютага 1945 года скончылася Ялцінская канферэнцыя, падчас якой Савецкі Саюз узяў абавязацельства ўступіць у вайну з Японіяй, а 13 лютага нас павялі ў лазню і раніцай адправілі пад Манголію, ваяваць з японцамі. Везлі без баявой тэхнікі. Прыбылі на месца, камандзір крычыць: «Хто наводчык?». «Я», — адказваю. «Вось табе «кацюша», камандуйце».

У Мікалая Васільевіча ёсць баявы медаль за савецка-японскую вайну і нават падзяка ад самога І. Сталіна.

...Пасля вайны Мікалай Васільевіч доўгі час яшчэ заставаўся служыць у тых краях. Манголія, Карэя і Кітай пакінулі ўражанні на ўсё жыццё.

— У Манголіі цікава: там няма вёсак, сталіца — два двухпавярховыя дамы, а жывуць людзі каля рэк у юртах, — расказвае Мікалай Васільевіч. — Дзіўны народ: не арэ поле, не сее. І могілак у іх няма. Звычай у іх такі: захварэў чалавек, калі праз дзевяць дзён не паправіўся — садзяць яго на каня, даюць кавалак мяса і пакідаюць у стэпе паміраць. Мы так адну дзяўчыну знайшлі, выхадзілі. Яна ў нас потым доўга посуд мыла. Прапаноўвалі да бацькоў адправіць, а яна катэгарычна адмовілася: казала, што дома яе ўсё роўна заб'юць.

27-33

Вось у Карэі беларускаму хлопцу спадабалася.

— У іх там больш-менш нармальныя законы. Можна было сустрэць парачкі на вуліцы. А ў Кітаі ўжо не, там мужчына наперадзе, а праз дзесяць крокаў ззаду — жанчына. Калі памрэ кітаец, то б'юць у барабаны. Сем гадоў я там служыў, запомніў: фандзы — хата, куня — дзяўчына, кумані — маці.

Там, у Кітаі, Мікалай знайшоў хлопцаў-землякоў: Васіля Хаміцэвіча з Целяханаў, Васіля Джажору са Святой Волі, са сваёй вёскі Доўгая — Барыса Галоўчыка.

— Ляадунскі паўвостраў, Порт-Артур, Чжаньчжоу... З даўніх часоў там стаіць помнік — наша пушка кароценькая, — дадае з гонарам за нашых Мікалай Васільевіч.

А яшчэ расказаў ён гісторыю, як купіў там патэфон і пласцінку з песнямі Русланавай і Кавалёвай. Уключыў на ўсю моц кітаянкам дзяўчатам, а яны слухаюць і плачуць. Чаму, калі слоў не разумеюць? Аказалася, ад таго, што іх так крануў прыгожы голас спявачак. Потым Мікалай Васільевіч патэфон перадаў з Васілём Хаміцэвічам, які дэмабілізаваўся на год раней, у вёску. Уся вёска дзівілася. Танцы якія былі пад патэфон — проста агонь!

— І я з гэтым патэфонам ездзіла ў Чачэрск на радзіму, — не стрымліваецца ад успамінаў і жонка Марыя Кірылаўна. — На вяселле вазіла, 10 кіламетраў пешшу несла гэтую скрыню.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

На «веліку» і з гармонікам

Вярнуўся Мікалай Васільевіч на радзіму ў 1951 годзе. Працаваць пайшоў у сувязь у Целяханы. Там і сустрэў сваю «палавінку» Марыю Кірылаўну, якая прыехала да сястры з Гомельшчыны і засталася працаваць на мясцовай пошце. Вяселле згулялі ў 1953 годзе і сталі жыць у хатцы, якую перавезлі з Доўгай.

Першы час Мікалай Васільевіч на працы прападаў суткамі: праводзілі па вёсках радыё, тэлефонную сувязь. Як узгадвае жонка, «як паедзе ў панядзелак, то толькі ў суботу вяртаецца, а я сама з гаспадаркай і дзецьмі «ваявалася».

— У сувязі ў мяне быў конь і акардэон, — успамінае Мікалай Васільевіч. — Адпрацуем, а потым я расцягваю акардэон... Падыходзяць да мяне мясцовыя, пытаюць: «Можа, вы танцы зробіце?»

— Зраблю, — адказваю, — але там у мяне хлопцы галодныя.

— У трэцюю хату заходзьце, там пакормяць.

— Каб не акардэон, то з голаду б паўміралі. Цяжка было пасля вайны, голадна. Але людзі былі добрыя, вясёлыя. Жыццярадасныя.

27-36

Потым Мікалаю Васільевічу на рабоце далі веласіпед. На ім ён ад'ездзіў больш за 40 гадоў. Як казала жонка, той «велік» яшчэ жывы і да нядаўняга часу муж на ім ездзіў у магазін ці куды яшчэ па хатніх патрэбах. Раўнаваць мужа — вясёлага гарманіста, у маладосці ёй не было калі. Калі была свабодная часіна, Марыя Кірылаўна і сама была душа кампаніі, завадатар і спявачка.

Мікалай Васільевіч рабоце быў адданы: працаваў яшчэ колькі гадоў і на пенсіі. Сярод працоўных узнагарод ёсць медаль «Ветэран працы», знакі «Ударнік працы», «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва». Удзячны ветэран, што сувязісты яго не забываюць і цяпер, клічуць на святы, віншуюць, дапамагаюць.

Паднімаць дзяцей было цяжка, успамінае пажылая пара. Хатка была малая, а дзяцей — чацвёра. Хацелі папрасіць лесу, каб трохі дабудаваць яе, а кіраўніцтва дало загад будаваць хату, як трэба. Жылі самі ў малой хаце, а вакол яе пачалі будаваць новую, вялікую. Потым прыстасаваліся і перанеслі хатку з сярэдзіны новай на іншае месца, за тры дні склалі і печ паставілі. І на момант прыезду, дарэчы, старых мы засталі ў той жа маленькай хатцы. У новай ідзе рамонт, падводзяць газавае ацяпленне.

— Тут ужо чатыры пакаленні змянілася, — кажа гаспадыня. — А сама хата стаіць за свой век на пятым мо месцы. Яна маленькая, але цёпленькая і нейкая вельмі ўтульная.

Толькі калі памёр сын (у 42 гады), гора падкасіла жанчыну — яна перастала бываць у кампаніях, спяваць. І сёння без слёз не можа гаварыць пра гэта. А Мікалай Васільевіч паратунак ад гора шукаў у працы, у занятках па гаспадарцы.

Бубны са званочкамі ды вазкі па-кітайску

Ён і цяпер на гармоніку іграць заўжды гатовы. Іграе, усміхаецца вачыма і спявае.

Любоў да музыкі «загарэлася» ад швагра, які без пальцаў на адной руцэ «рэзаў» на гармоніку. Ад яго і навучыўся Мікалай. Прычым, не толькі іграць, а і рамантаваць інструменты. Аляксею Богдану, свайму сябру, мо пяць гармонікаў адрамантаваў. Кожны год на працягу апошняга дзясятка ён з ім на 9 Мая вядзе святочную калону на мітынг. Багдан іграе, а Мікалай Васільевіч на барабане дапамагае.

Дарэчы, іх ветэран таксама ўмее вырабляць. У яго іх цэлая калекцыя — паўтара дзясятка. Адзін падарыў зямлячцы Тані Цыркуновай, і паехаў барабан Стральчука ў Мурманск. Барабаны, сама бачыла, — звонкія, са званочкамі. Аказалася, у аснове — нацягнутая цяплічная плёнка.

Сёлета Мікалай Васільевіч прымаў удзел у раённым конкурсе «Ветэранскі падворак-2014». Прыслалі адтуль падзяку. І сапраўды, слаўны гаспадар Мікалай Стральчук: у агародзе было поўна сёлета цыбулі, бульбы, памідораў, гарбузоў і нават кавуноў, у хлеўчыку цудоўна сябе адчуваюць 4 казы і 2 казлы.

— Каб не козы, не выжыла б мая гаспадыня, — кажа Мікалай Васільевіч. — Пяць гадоў па бальніцах гаравала, а як стала піць казінае малако, ачуняла.

У іншых гаспадарчых пабудовах ёсць у Стральчука станкі: такарны і свідравальны. А якія вазкі вырабляе майстар! Зачапіў пальцам — і ён выехаў з хлеўчука, лёгенькі, бы пушынка. На веласіпедных колах, без восі. Некалькі латак металічных прыкручана да драўлянай асновы, каб колы трымаліся.

— Такія вазкі я ў кітайцаў падгледзеў, — кажа ён. — Там паўсюль павозкі на веласіпедных колах. А я думаю: чаму б і сабе такі не зрабіць? І зрабіў ужо не адзін. Ён і лёгкі, і трывалы. Можна лёгка самому два і больш мяхоў везці. І плужок сам змайстраваў. Сам саджу бульбу, сам магу выкапаць.

Павянчаліся праз паўвека

У царкву Марыя Кірылаўна хадзіла заўсёды. З сяброўкамі стаялі на службах, потым храм прыбіралі. Калі распачалі рамонт, то і Мікалая Васільевіча прыцягнулі да будаўнічых работ. Сем гадоў той бясплатна працаваў качагарам у царкве. Служыць у храме Мікалаю Васільевічу падабаецца. І дома ён не кладзецца спаць, пакуль не прачытае малітвы, і ранкам не забудзе памаліцца. У сілу малітвы ветэран моцна верыць.

— Я ведаю такую малітву, што калі будзеш яе чытаць тры разы ранкам і тры разы нанач, то паправішся, а калі не хворы, то і не захварэеш, — сцвярджае ветэран. — Але самая моцная малітва — «Ды ўваскрэсне Бог». Чытаючы яе нанач, не баюся класціся спаць. Яна ахоўвае і ад зладзеяў. Быў у мяне выпадак такі: у дачкі ўкралі веласіпед. Тры дні я маліўся, а на трэці дзень яго прывялі і паставілі ёй у двор. Во як!

Па жыцці Мікалай Васільевіч добразычлівы чалавек. Нікому злога не жадае, здаецца, і сам не пакрыўдзіўся ні на кога. У гэтым, думае, і сакрэт даўгалецця.

— Што каму раблю, грошай не бяру. Парашкоў сам не п'ю, толькі хіба грып які ўваб'ецца. Парачку тады магу выпіць. А так не. Парашкі ўплываюць на «матор». Шабельнік трэба піць. Ён ад 90 хвароб дапамагае. І суставы балець не будуць, — раіць ветэран і дадае: — Мы з жонкай павянчаліся гадоў дзесяць таму. Трэба правільна рабіць усё. Па-божаму. Дзве пары нас было. Вянчаў айцец Васіль Лавіцкі. Хор з Жыровіц спяваў нам...

— Сукенку вянчальную і касцюм ягоны мы хаваем на смерць, — дадае жонка. — Усіх братоў ён пахаваў, хоць старэйшы ў сям'і, ветэранаў праводзіць у апошні шлях...

— А мне трэба жыць — відаць, так Бог хоча... Давайце я лепш вам сыграю песню, якую вы яшчэ не чулі, — зноў прапаноўвае Мікалай Васільевіч.

І гармонік жыццярадасна спявае...

Валянціна БОБРЫК.

Фота Валерыя МІСКЕВІЧА
і з архіва сям'і.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.