Участак Палескай чыгункі Вільня — Ліда — Баранавічы — Лунінец адкрыўся для рэгулярнага руху 30 снежня 1884 года. У гэты дзень з боку Вільні цераз Ліду на Баранавічы прайшоў першы цягнік.
[caption id="attachment_66263" align="alignnone" width="600"] Першы Лідскі вакзал.[/caption]
Палескія чыгуначныя шляхі мелі важнае эканамічнае і ваенна-стратэгічнае значэнне для Беларусі. Яны спрыялі распрацоўцы лясных масіваў, развіццю дрэваапрацоўчай і гарбарнай прамысловасці, росту гарадоў. Дзякуючы чыгунцы набылі другое дыханне такія старажытныя беларускія гарады, як Ліда і Орша. Адначасова старыя і славутыя — Мсціслаў, Нясвіж, Навагрудак — разам з адсутнасцю чыгункі былі пазбаўлены стымулу для эканамічнага развіцця. Менавіта чыгунцы абавязаны сваім нараджэннем новыя гарады: Баранавічы, Маладзечна, Асіповічы, Жабінка, Жлобін, Лунінец ды іншыя.
Сярод інжынераў-чыгуначнікаў, якія будавалі Палескую дарогу, быў граф Ваўжынец Путкамер (1859—1923), унук славутай Марылі з Верашчакаў. Чыгунка прайшла за некалькі кіламетрах ад яго радавога маёнтка Бальценікі і была апошняй дарогай, у будаўніцтве якой ён прымаў удзел. Пабудаваўшы магістраль каля свайго маёнтка, у 1890 годзе граф выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў сваім маёнтку. Ваўжынец Путкамер актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці краю, два разы абіраўся ў Дзяржаўную думу Расіі.
Пад будаўніцтва станцыі Ліда адышло 6 дзесяцін зямлі (6,83 гектара) саборнай царквы. Лідская станцыя будавалася за межамі горада, паміж горадам і вёскай Дварцовая Слабада. Пасля будаўніцтва гэтай магістралі горад пачаў пашырацца да вакзала, а Дварцовая Слабада стала месцам жыхарства чыгуначнікаў і паступова ўлілася ў горад. У Лідзе з бутавага каменю было пабудавана паравознае дэпо на два паравозы серыі «Чн» і першы драўляны вакзал. Дарэчы, большасць вакзалаў XІX стагоддзя Палескай чыгункі былі драўлянымі, яны рабіліся па тыповых праектах і адрозніваліся адзін ад аднаго ў асноўным памерамі. На Лідчыне, акрамя станцыі Ліда, з'явіліся станцыі Беняконі, Бастуны і Нёман.
Квіткі на цягнік былі нятанныя. З Віленскага календара за 1899 год можна даведацца, што нават пасля зніжэння кошту праезду, які адбыўся 1 снежня 1894 года, квіток ад Ліды да Вільні каштаваў: у першым класе — 3 рублі 20 капеек, у другім — 1 рубель 92 капейкі і ў трэцім класе — 1 рубель 28 капеек. Напрыклад, чалавек, які адназначна быў часткай гарадской эліты Ліды, наглядчык (дырэктар) самай грунтоўнай на той час навучальнай установы ў горадзе (павятовай двухкласнай вучэльні)
С. Свідэрскі зарабляў 500 рублёў за год. Батон белага здобнага хлеба (300 г) каштаваў 7 капеек. Чырвонагалоўка (чырвоны корак), гарэлка, якую звалі ў народзе «казёнка», каштавала за бутэльку (0,61 літра) 40 капеек. У лідскай карчме, заплаціўшы 5 капеек, можна было выпіць 50 грамаў таннай гарэлкі і закусіць салёным агурком за 1 капейку. А наесціся ў такой карчме можна было за 10 капеек.
У чыгуначным раскладзе руху за 1906 год па Палескай чыгунцы з Вільні праз Ліду на Баранавічы — Сарны значыліся 3 цягнікі: хуткі, паштовы, таварны спецыяльны — і столькі ж цягнікоў рухалася ў адваротным кірунку.
На пачатку 1901 года, пасля перамоў на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, Расіі далі французскія пазыкі на суму 200 мільёнаў рублёў для праектавання і будаўніцтва стратэгічных чыгунак. Новая стратэгічная двухкалейка Балагое — Сядлец будавалася з 1902-га па 1907 год. Яна прайшла праз Ліду і зрабіла горад чыгуначным вузлом. Тады ж быў пабудаваны і мураваны вакзал у Лідзе — аднатыпны з новымі вакзаламі ў Маладзечне і Ваўкавыску.
Леанід Лаўрэш.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?