Вы тут

Памяць аб праведніку


Каб людзі ачышчалі душы...

...Роўна нясе Дзісна свае воды практычна на ўсім сваім шляху. Толькі ў Шаркаўшчыне, там, дзе рака робіць нечаканы паварот, на высокім беразе стаіць Свята-Успенская царква. Яе прыгажосць удала ўпісваецца ў мясцовы пейзаж: блакітная, лёгкая, урачыстая. Падчас веснавой паводкі 2013 года рака разлілася так, што храм апынуўся на востраве. Але набажэнствы не спыняліся: людзі дабіраліся на лодках.

[caption id="attachment_73811" align="alignnone" width="600"]3-16 Бюст ай­ца Кан­стан­ці­на бу­дзе ўста­ноў­ле­ны ў цэнт­ры Шар­каў­шчы­ны.[/caption]

Месцічы Шаркаўшчыны называюць царкву блакітнай, не толькі праз колер. Яшчэ з прычыны таго, што святыня нібы з блакіту нябёсаў апусцілася на шаркаўшчынскую зямлю, каб людзі маліліся Усявышняму, ачышчалі тут свае душы.

У архівах храм упершыню згадваецца ў 1639 годзе. Драўляны, з простай, але разам з тым адметнай, вытанчанай архітэктурай. У прыходзе было каля 30 вёсак, дзе пражывалі ад 1500 да 2700 праваслаўных вернікаў. Да 1901 года будынак знаходзіўся ў запушчаным стане. Акрамя таго, у ім не маглі змясціцца адначасова ўсе ахвотныя пакланіцца Богу. Наспела неабходнасць будаваць новы. За справу ўзяўся 20-гадовы святар Канстанцін Дзмітрыевіч Жданаў, які атрымаў прыход, замяніўшы свайго бацьку протаіерэя Дзмітрыя. Шматлікія дакументы сведчаць аб руплівасці настаяцеля па зборы сродкаў на будаўніцтва, выбары і зацвярджэнні архітэктурнага праекта. Казалі, што кожная плітка ў падлозе храма ўкладзена яго рукамі.

Царква ўзводзілася з бярвенняў, на высокім каменным падмурку са званіцай на галоўным фасадзе, талакой: дойлідамі, цеслярамі, мулярамі, мастакамі, рэзчыкамі. Адначасова айцец Канстанцін клапаціўся пра ўладкаванне іканастаса, набыццё званоў. Ён асабіста ездзіў у Маскву, хадзіў з крыжам па дамах купцоў, заможных людзей, збіраў сродкі на іканастас. І той быў устаноўлены: прыгожы, аздоблены пазалотай, ён і цяпер знаходзіцца ў царкве. Больш таго, у Маскве на дабрачынныя ахвяраванні зрабілі кіпарысавы трон і ахвяравальнік. А 31 жніўня 1908 года святар перадаў прашэнне архіепіскапу Нікандру, каб той пахадайнічаў перад Галоўным артылерыйскім упраўленнем наконт лому медзі або латуні ад 400 да 500 пудоў на ліццё званоў. «Голас» самага вялікага 120-пудовага звона людзі маглі чуць за 20 кіламетраў. У 1918 годзе бальшавікі знялі яго са званіцы і закапалі ля Дзісны. Пасля прыходу палякаў людзі адкапалі звон, вярнулі на месца. Але ў 1941-м ужо немцы звезлі звон у Германію, а два меншыя схавалі прыхаджане.

13 лістапада 1912 года адбылася доўгачаканая падзея — асвячэнне адноўленай Свята-Успенскай царквы. Нагадаю, што яшчэ да гэтага ў 1901-1902 гадах стараннямі айца Канстанціна на сродкі прыхаджан былі ўзведзены іншыя царкоўныя будынкі: адзін — для святара, другі — для псаломшчыка і прыходскіх патрэбаў.

За гады служэння ў Свята-Успенскім прыходзе святар праявіў сапраўдны пастырскі талент. Быў строгі ў пытаннях праваслаўнай веры. Аднак меў добрае, чуллівае сэрца. Айцец рана аўдавеў і, акрамя сына, у яго на руках засталіся непаўналетнія брат і дзве сястры. Дапамагаў Жданаў і абяздоленым, заснаваў прытулак для бедных, выкладаў Закон Божы ў тутэйшых школах.

29 жніўня 1916 года прыход наведаў Уладыка Ціхан. У асобе айца Канстанціна архіепіскап убачыў пастыра, якому можна даручыць любую адказную справу. У тым жа годзе іерэй Канстанцін быў зацверджаны загадчыкам жаночай другакласнай школы, эвакуіраванай у мястэчка з Беразвечча Глыбоцкага раёна.

У 1919 годзе айца Канстанціна арыштавалі бальшавікі. Але расправіцца са святаром, які карыстаўся вялікай павагай, на месцы пабаяліся. Тым больш што сярод людзей пачаўся збор подпісаў з просьбай вызваліць Жданава. Арыштаванага перавялі ў павятовы горад Дзісну. Адначасова з ім туды прыбылі і яго каты: Фама Бацвінёнак, Аляксандр Ліпскі і Міхаіл Ваштай. Памяць людская захавала гэтыя імёны. Яшчэ адно сведчанне таго, што нельга схаваць і за цемраю гадоў нікчэмныя чалавечыя справы.

Былі катаванні, былі здзекі. А пасля звар'яцелыя ад гарэлкі выканаўцы «рэвалюцыйнага прысуду» павялі Канстанціна Дзмітрыевіча і святара Спаса-Праабражэнскай царквы (непадалёку ад Шаркаўшчыны — у вёсцы Язна) айца Міхаіла на расстрэл. Па дарозе апошні прапанаваў паспрабаваць уцячы. Але Канстанцін Жданаў адказаў: «Я нікому нічога дрэннага не зрабіў. Што Бог пашле, тое і буду цярпець». Айцец Міхаіл, скарыстаўшы момант, кінуўся ў кусты, яму ўдалося выратавацца. Вернікі дапамаглі бацюшку Міхаілу схавацца, забяспечылі яго вопраткай. Потым ён доўгі час служыў святаром недзе каля Вільні. Дзякуючы яму людзі даведаліся аб перадсмяротных пакутах айца Канстанціна.

Каты прымусілі настаяцеля выкапаць сабе магілу, пасля чаго кінулі яго туды. Ён прасіў іх не браць на душу грэх смяротнага забойства. Аднак у адказ яго сталі біць лапатай ... Пасля забойцы спыталі святара, ці мае ён апошняе жаданне перад смерцю. Той сказаў, што хоча памаліцца. Яму дазволілі. Затым аглушылі ўдарам па галаве і засыпалі зямлёй.

...Між тым прыхаджане не адразу даведаліся пра смерць свайго духоўнага настаўніка і працягвалі збіраць подпісы для яго вызвалення. Марыя Шаблоўская, якая дапамагала яму па гаспадарцы, паехала ў Дзісну — небяспечная па тых часах справа. Але Канстанціна Дзмітрыевіча ўжо не было ў жывых. Жанчына разам з Іванам Атрахімовічам, сваёй сястрой Ганнай Цітовіч і Рыгорам Вішнеўскім адкапалі цела настаяцеля. Было бачна, што айцец Канстанцін пасля таго, як яго закапалі, апрытомнеў і спрабаваў выбрацца з магілы... Пахавалі святара пад алтаром Дзісненскай царквы, што на мясцовых могілках. Там яго астанкі праляжалі амаль 90 гадоў да таго, як іх вярнулі на радзіму.

...А што ж з забойцамі? Лёс Аляксандра Ліпскага невядомы. Фама Бацвінёнак пры панскай Польшчы за ўчыненае злачынства адсядзеў сем гадоў у турме, вярнуўся на Радзіму. Як прыгадвалі сведкі тых падзей, быў акурат дзень Святога Успення, каля царквы сабралася шмат народу. Ідзе ён, у капелюшы, з палачкай. Не згаворваючыся, людзі накінуліся з кулакамі на забойцу. А з Міхаілам Ваштаём гісторыя ўвогуле містычная. Пры савецкай уладзе служыў ён суддзёй, памёр у 1951 годзе. Жонка пажадала, каб пахавалі яго побач з магілай айца Міхаіла Занковіча, святара другой (белай) у Шаркаўшчыне царквы. Жылі яны па-суседску, бывала, што спрачаліся на рэлігійныя тэмы. Удава заявіла: «Яны спрачаліся тут, няхай і там спрачаюцца, а мы ўбачым, чыя праўда». Але адразу пасля пахавання нябожчык амаль кожную ноч стаў з'яўляцца ў сне ўдаве і сваякам, прасіў іх перахаваць яго, казаў, што яму няма там месца, не дае спакою святар. Зімой, калі маразы моцна скавалі зямлю, зрабіць гэта было немагчыма. Людзі раілі ўдаве Лізе пакуль што маліцца, ахвяраваць на царкву. Яна так і рабіла. А калі прыйшла вясна, перахавала мужа на ўскрайку могілак. Як адкрылі труну, то ўбачылі, што цела Ваштая перавернутае тварам уніз...

Кацярына СОСНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.