На чэмпіянаце свету па міжнародным праве Беларусь прадставіць каманда Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО».
Нацыянальны раўнд конкурсу па міжнародным публічным праве імя Філіпа Джэсапа (Phіlіp Jessup Іnternatіonal Law Moot Court Competіtіon) прайшоў на юрыдычным факультэце БДУ. У ім удзельнічалі каманды факультэта міжнародных адносінаў БДУ, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя
А.С. Пушкіна, а таксама Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО».
Конкурс па міжнародным публічным праве імя Філіпа Джэсапа (на Кубак Джэсапа) праводзіцца сярод студэнтаў юрыдычных факультэтаў ВНУ. Спаборніцтвы адбываюцца ў выглядзе судовага працэсу і ўяўляюць з сябе імітацыю разгляду справы Міжнародным судом ААН. Гэта свайго роду «чэмпіянат свету» па міжнародным праве, у якім прымаюць удзел прадстаўнікі больш як 600 ВНУ з розных краін свету.
Каманда Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО» стала нацыянальным чэмпіёнам ужо ў чацвёрты раз, а таму зноў атрымала магчымасць прадставіць нашу краіну ў фінале конкурсу ў Вашынгтоне. Спаборніцтвы пройдуць у ЗША з 5 па 11 красавіка. У каманду пераможцаў увайшлі Ганна Грышчанка, Васіль Паўлаў, Дзіяна Пранічнікава, Ілья Собаль і Ксенія Вясельская.
Да слова, летась у фінальнай частцы конкурсу каманда «МІТСО» заняла пятае месца ў прэстыжнай намінацыі «The Hardy C. Dіllard Award», апярэдзіўшы каманды Гарвардскага, Оксфардскага ўніверсітэтаў і іншых знакамітых навучальных устаноў. Згодна з умовамі гэтай намінацыі, першыя пяць месцаў з'яўляюцца прызавымі. Акрамя таго, пісьмовая праца каманды «МІТСО» ўвайшла ў топ-30, а студэнтка Дзіяна Пранічнікава была названая адным з найлепшых выступоўцаў, якія ўвайшлі ў топ-100.
Надзея НІКАЛАЕВА
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?