Вы тут

Каб пасылкі даходзілі хутчэй


Журналісты «Звязды» прасачылі шлях міжнароднай карэспандэнцыі на мытні.

На прадпрыемства «Мінская пошта» сцякаюцца ўсе міжнародныя паштовыя адпраўленні, адрасаваныя ў Беларусь. Тут іх апрацоўваюць, сартуюць, адсюль адпраўляюць ва ўсе рэгіёны краіны. Але пасля таго, як яны пройдуць мытны кантроль, бо некаторыя з адпраўленняў затрымліваюцца пільнымі супрацоўнікамі...

7-33

Мы знаходзімся ў зале мытнага кантролю, дзе ляжыць неверагодная колькасць пасылак і пакетаў. Нягледзячы на гэта, работа, дакладна раздзеленая на некалькі этапаў, ідзе зладжана. Пачынаецца яна з таго, што кожны пакет уносяць у камп'ютарную базу звестак пры дапамозе сканера. Унесці трэба прозвішча і імя атрымальніка, яго адрас, а таксама найменне, вагу і кошт тавару ў пасылцы. І якраз тут пачынаюцца першыя цяжкасці: адпраўнік, напрыклад, не ўказаў поўнае імя, адрас ці характарыстыку тавару. Калі ўзнікаюць падобныя моманты, супрацоўнік, які заносіць тавар у базу, адкладвае адпраўленне ў асобны кошык і апавяшчае пра гэта атрымальніка. Той павінен удакладніць неабходныя звесткі і, паколькі яго карэспандэнцыя замарудзіла ўвесь абарот адпраўленняў на гэтым этапе, заплаціць збор у памеры 28 тысяч рублёў, які збірае «Белпошта».

7-32

Далей адпрацоўваюцца так званыя рызыкі: дробныя пакеты вагой да двух кілаграмаў сканіруюць, звяраюць з рэестрам у камп'ютары і высвятляюць, ці спрабавалі раней грамадзяне атрымліваць па пошце забароненыя для ўвозу тавары. Сярод іх — алкаголь, тытунёвыя вырабы і курыльныя сумесі, любыя віды зброі, радыеактыўныя матэрыялы, культурныя каштоўнасці, тавары, якія хутка псуюцца, жывёлы, акрамя некаторых, і расліны, каштоўныя камяні (калі яны не ў ювелірных вырабах), наркатычныя і псіхатропныя сродкі (у тым ліку ў выглядзе лекаў), азонаразбуральныя рэчывы. Тут жа кантралююць частату ўвозу і кошт тавараў: цягам месяца адзін адрасат можа атрымліваць адпраўленні вагой да 31 кілаграма і на суму, не больш за 200 еўра, іначай давядзецца плаціць пошліну. Як правіла, большасць паштовых адпраўленняў не выклікае падазрэнняў у мытнікаў. Аднак бываюць і выключэнні. Праўда, розныя хітрыкі вопытныя супрацоўнікі бачаць адразу і адпраўляюць карэспандэнцыю на дадатковы агляд. Вось і цяпер старшы інспектар аддзела мытнага кантролю Сяргей ПРАХОРЫК насцярожваецца: на адным адпраўленні пазначана, што ў ім знаходзіцца новы тэлефон з інтэрнэт-крамы коштам 18 долараў і 20-доларавая камера. Кошт прыладаў яўна заніжаны, таму інспектар «прасвечвае» адпраўленне рэнтгенам.

— Мы бачым, што ў адпраўленні камера з правадамі для падключэння і тэлефон, — каментуе выяву на экране камп'ютара Сяргей Прахорык. — Паштовыя аператары ўскрыюць гэтае адпраўленне і прад'явяць мытнаму інспектару, які ацэніць яго і прыме рашэнне на паглыбленым аглядзе.

На наступным этапе правяраюць пасылкі ад трох да 27 кілаграмаў. На экране ў супрацоўніка — змест 14-кілаграмовай пасылкі з Італіі: сілуэты абутку, кансерваў, адзення, цукерак. А ў наступнай пасылцы эксперт заўважае сілуэт бутэлькі. Гэта можа быць, напрыклад, «бяскрыўдны» аліўкавы алей, а можа — і забаронены да перасылкі алкаголь. Таму з тэхнічнага кантролю гэтае адпраўленне таксама паступіць на ручны агляд. Калі ў пасылцы не знойдуць нічога забароненага, яна працягне свой шлях да атрымальніка. У адваротным выпадку складуць акт агляду і пасылку адашлюць назад адпраўніку.

7-31

Дарэчы, кожнае рабочае месца ў зоне мытнага агляду абсталявана відэакамерай, а распячатванне адпраўленняў праходзіць пры ўдзеле камісіі і таксама пад відэаназіраннем. Так што калі ў грамадзяніна ўзнікнуць прэтэнзіі наконт цэласнасці яго пасылкі, то ўсё можна лёгка праверыць, з дапамогай адпаведнага відэазапісу. Да таго ж вагу кожнага адпраўлення паштовая служба кантралюе да грама. Калі выяўляецца нейкая неадпаведнасць, яна таксама дакументуецца.

Далей супрацоўнік мытні па наклееных на адпраўленнях дэкларацыях адбірае тыя, якія чакае паглыблены ручны агляд. З 40 тысяч пасылак, што апрацоўваюць за дзень, у 40-50 знаходзяць парушэнні. Пры распячатванні ўстанаўліваюць, рэчы ў пасылцы сапраўды прызначаны для асабістага карыстання ці іх даслалі на продаж. Бо на што толькі ні ідуць некаторыя, каб не плаціць пошліну: і па некалькі адпраўленняў запісваюць на адзін адрас, і змяняюць прозвішча на некалькі літар, і забароненыя рэчы хаваюць і маскіруюць самымі фантастычнымі спосабамі. За першы квартал года ўжо заведзена восем крымінальных спраў па фактах увозу ў Беларусь псіхатропных рэчываў. Апроч таго, мытнікі адзначаюць, што апошнім часам без дакументаў і дэкларавання сталі больш увозіць халоднай зброі, дубінак, замежнай валюты, сродкаў тайнага атрымання інфармацыі, замаскіраваных пад іншыя прадметы. Так, мы вельмі здзівіліся, калі сярод вынятых пры аглядзе рэчаў убачылі электрычныя ліхтарыкі. Чаму іх нельга правозіць? Аказалася, што гэта зусім не ліхтары, а электрашокавыя прылады...

Усяго ў зоне мытнага кантролю — 18 працоўных месцаў. У дні найбольшага патоку адпраўленняў (напрыклад, у навагоднія святы) колькасць супрацоўнікаў тут павялічваецца ўдвая. Усё больш ім даводзіцца апрацоўваць пасылак з Кітая (у 2013 годзе яны складалі 54% ад усіх міжнародных адпраўленняў, летась — ужо 70%). Збольшага гэта электронныя, мабільныя прылады і іншая тэхніка. Лідары па заказах рэчаў з-за мяжы — Мінск і Мінская вобласць (больш за 50% атрымальнікаў), на другім месцы (14%) — Гомельская вобласць.

— Летась у Беларусь паступіла 6,5 млн міжнародных паштовых адпраўленняў на суму 58 млн долараў. А за першы квартал сёлета ўжо паступіла 2,6 млн адпраўленняў, — распавёў начальнік Мінскай рэгіянальнай мытні Аляксандр БАГДЗЕВІЧ.

Аб'ёмы міжнародных пасылак павялічваюцца: калі летась фізічныя асобы пры дапамозе паштовых адпраўленняў атрымалі тавараў на суму каля 60 млн еўра, то за першы квартал 2015 года сума ўжо склала 40 млн. Такая сітуацыя прымушае мытнікаў і паштавікоў прымаць дадатковыя меры па апрацоўцы карэспандэнцыі.

— 1 чэрвеня плануецца адкрыццё яшчэ аднаго пункта міжнароднага паштовага абмену на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» у зоне дзейнасці мытні «Мінск-2», — праанансаваў падзею намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір АРЛОЎСКІ. — Калі частка адпраўленняў, якія прыбываюць авіятранспартам, будзе афармляцца непасрэдна ў аэрапорце, скароцяцца мытныя аперацыі, а таксама пэўныя аперацыі пошты.

Па меркаванні Уладзіміра Арлоўскага, каля 30% авіяадпраўленняў будуць афармляць у аэрапорце, а да канца года, магчыма, іх колькасць павялічыцца да 50%.

Такім чынам ёсць надзея, што свае адпраўленні беларусы будуць атрымліваць хутчэй. Дарэчы, многія папракаюць работнікаў пошты за тое, што карэспандэнцыя ідзе доўга. І дарэмна, бо час яе шляху залежыць ад мноства складнікаў.

— З моманту пакупкі тавару ў пэўнай краіне інтэрнэт-крама нейкі час яго запакоўвае і перадае паштоваму аператару краіны адпраўлення. Далей — перавозка. Зразумела, калі гэта Кітай, то адпраўленне пройдзе праз два-тры транзітныя аэрапорты. Аднак усе аператары стараюцца выбраць лагістыку з мінімальным тэрмінам праходжання да краіны прызначэння. Пасля таго, як адпраўленне паступіла ў Нацыянальны аэрапорт «Мінск» (на сённяшні дзень авіятранспартам дастаўляецца 70% адпраўленняў), цягам сутак яго прывозяць у пункт міжнароднага паштовага абмену. Яно апрацоўваецца 2-3 дні — у залежнасці ад таго, як аформлена адпраўленне. Далейшая дастаўка ажыццяўляецца ў залежнасці ад пункта прызначэння ад аднаго да трох дзён (у самы далёкі куток краіны), — распавяла першы намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства «Белпошта» Алена СКРЫПЧЫК.

Тэрміны мытнага афармлення, калі не ўзнікае пытанняў, таксама 1-2 дні. Для большай зручнасці кліентаў пасылкі і EMS-адпраўленні дастаўляюцца атрымальніку непасрэдна на дом. Дробныя пакеты выдаюцца або ў паштовых аддзяленнях, або ў спецыялізаваных пунктах выдачы (іх у краіне цяпер больш
за 15). Аднак пры жаданні кліент можа скарыстацца і дадатковымі паслугамі, напрыклад, замовіць кур'ера і ўзгадніць час дастаўкі. Безумоўна, гэтыя паслугі тарыфікуюцца. Апроч таго, на сайце «Белпошты» можна адсочваць шлях свайго паштовага адпраўлення ў рэжыме анлайн.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.