Вы тут

Барацьба за дамафон


Узнікае канкурэнцыя за права абслугоўвання запорна-перамоўнага абсталявання.

У рэдакцыю «Звязды» звярнуўся жыхар аднаго з дамоў па сталічнай вуліцы Герасіменкі. Ён распавёў, што знайшоў у сваёй паштовай скрынцы дзве ўлёткі. Адна з іх агітавала перазаключыць дамову на абслугоўванне дамафоннай сістэмы з УП «ЖРЭА Заводскага раёна», іншая заклікала да таго, каб працягваць супрацоўнічаць з прыватнай арганізацыяй. Абедзве ўлёткі ўтрымлівалі аргументы на карысць пэўнага боку. У сітуацыі разбіраўся карэспандэнт «Звязды».

7_3

Пра тое, што ўсе сталічныя пад'езды неабходна абсталяваць дамафонамі і кодавымі замкамі для таго, каб абмежаваць доступ у іх непажаданым людзям, пачалі гаварыць яшчэ ў канцы 1990-х гадоў. Неўзабаве запрацавала дзяржаўная праграма «Закрыты пад'езд» і на ўваходзе ў мінскія дамы стала ўсё больш з'яўляцца металічных дзвярэй. Праграма рэалізоўвалася сіламі шматлікіх недзяржаўных арганізацый. Сёння ж на сталічным рынку абслугоўвання дамафонных сістэм працуюць некалькі дзясяткаў індывідуальных прадпрымальнікаў і прыватных фірм. А нядаўна да іх далучыліся і дзяржаўныя арганізацыі — раённыя ЖРЭА. І канкурэнцыя за кліента абвастрылася.

Прадстаўнік ЖРЭА: «Жыхары маюць права выбару абслуговай арганізацыі»

— Да гэтага года ў нас дзейнічала спецыяльная дамова з усімі арганізацыямі, якія абслугоўваюць у раёне дамафонныя сістэмы, — расказаў «Звяздзе» намеснік дырэктара па эксплуатацыі жыллёвага фонду — кіраўнік службы заказчыка УП «ЖРЭА Заводскага раёна Мінска» Юрый Гур. — Сума за абслугоўванне запорна-перамоўнага абсталявання выстаўлялася ў агульныя плацежкі — так званыя «жыроўкі». Але ў студзені дамовы з прыватнымі арганізацыямі былі скасаваны. Зараз жа яны дасылаюць асобныя квітанцыі за свае паслугі. А вось калі дамафонная сістэма абслугоўваецца ЖРЭА, то плата за яе ўключаецца ў агульную жыроўку.

— Ва ўлётцы, якая заклікае заключаць дамовы са ЖРЭА, сказана: «Паслугі па тэхнічным абслугоўванні дамафоннай сістэмы прадастаўляюцца без пасярэднікаў пры заключэнні індывідуальнага дагавора ўласнікам (наймальнікам) жылога памяшкання з УП «ЖРЭА Заводскага раёна горада Мінска». Ці так гэта насамрэч?

— Якая арганізацыя будзе абслугоўваць канкрэтнае ўстройства, вырашаюць самі жыхары. На аказанне гэтай паслугі якіх-небудзь датацый дзяржава не выдзяляе. Таму яна адносіцца да дадатковых. Яе можа аказваць як ЖРЭА, так і прыватная арганізацыя. І калі жыхары згодныя на тое, каб іх дамафон абслугоўвала прыватная арганізацыя, гэта іх законнае права. Для гэтага патрэбна, каб большасць уласнікаў або наймальнікаў кватэр заключыла з арганізацыяй індывідуальныя дагаворы. І калі такіх дагавораў назбіралася больш за палову ад агульнай колькасці кватэр у пад'ездзе, пытанне абслугоўвання вырашаецца на карысць гэтай арганізацыі. Меншасць жа мусіць падпарадкавацца выбару большасці. Бо не існуе тэхнічнай магчымасці, каб у адным  пад'ездзе адну і тую ж сістэму абслугоўвалі розныя фірмы.

— У вышэйзгаданай улётцы ёсць адзін цікавы пункт. У ім заклікаюць, каб людзі цікавіліся дакументамі прадстаўнікоў прыватных фірм, якія абслугоўваюць дамафоны. Прывяду цытату: «Хто яны, адкуль, ці ёсць у іх дазвол і дакументы аказваць паслугі, тэхналагічныя карты, калькуляцыя выдаткаў, тэхнічны рэгламент на работы, тэхнічныя ўмовы». Асобна вылучаны дагавор на электрычнае забеспячэнне дадатковай сістэмы.

— Ёсць прыватныя арганізацыі, якія сумленна працуюць не адзін год. Але нам вядома, што шмат прапаноў паступае ў апошні час ад індывідуальных прадпрымальнікаў, у якіх няма паўнавартаснай базы. Яны заключаюць дамовы з жыхарамі і пасля кудысьці знікаюць. Жыхары ж пасля тэлефануюць нам. А мы ў такім разе да дамафона ніякага дачынення не маем увогуле. Таму разгляд дакументаў — цалкам лагічны крок. Электраэнергія вылучана асобна, бо дамафонная сістэма яе пастаянна спажывае. І калі такую сістэму абслугоўвае прыватнік, ён уключае ў выніковую калькуляцыю тарыфаў выдаткі на электраэнергію.

Прыватная арганізацыя: «Мы за добрасумленную канкурэнцыю»

Па каментарый карэспандэнт «Звязды» звярнуўся да Сяргея КУЛІКА, дырэктара адной з прыватных фірм, якія займаюцца абслугоўваннем запорна-перамоўнага абсталявання.

— Патлумачце, калі ласка, на які трохбаковы дагавор спасылаецца прадстаўнік ЖРЭА?

— Гісторыя з дагаворамі, заключанымі паміж камерцыйнымі прадпрыемствамі, Цэнтрам інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама і раённымі ЖРЭА цягнецца ад 2007 года. Менавіта тады Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі загадала, каб усе прадпрыемствы, якія абслугоўваюць дамафонныя сістэмы, рабілі налічэнні за аказаныя паслугі праз адзіныя рахункі-паведамленні. Але ў студзені 2015 года трохбаковыя дагаворы скасавалі прадстаўнікі трох сталічных ЖРЭА — Заводскага, Кастрычніцкага і Першамайскага раёнаў. Да таго ж яшчэ ў 2013 годзе тэхніка-эканамічны савет Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі вырашыў адпаведнай пастановай пашырыць аб'ёмы аказання платных паслуг насельніцтву.

— І цяпер пачалася «вайна ўлётак», якія агітуюць за заключэнне дамоў з рознымі арганізацыямі.

— Мы ні ў якім разе не супраць канкурэнцыі, бо яна — рухавік прагрэсу. Галоўнае, каб яна была добрасумленнай. І вось тыя ўлёткі, аб якіх вы кажаце, нас засмучваюць, бо ў іх часам змяшчаецца інфармацыя, што нас ганіць. Пры гэтым на ўлётках ніякіх выхадных звестак не надрукавана.

— Як, на ваш погляд, выйсці з гэтай няпростай сітуацыі?

— Прыватныя арганізацыі, якія абслугоўваюць дамафонныя сістэмы ў горадзе, аб'ядналіся ў асацыяцыю «Бяспечны дом». Некалькі месяцаў таму яна накіравала ва ўпраўленне гарадской гаспадаркі Мінгарвыканкама план мерапрыемстваў, якія прадугледжваюць магчымасць стварэння аднолькавых умоў для канкурыруючых арганізацый датычна паслуг па абслугоўванні запорна-перамоўнага абсталявання. Без дыялогу «на роўных» ніякага канструктыўнага выніку не будзе.

— У Заводскім раёне горада пабудавана мноства шматпад'ездных дамоў. Ці існуюць сітуацыі, калі дамафоны, усталяваныя ў розных пад'ездах, абслугоўваюць розныя фірмы?

— Безумоўна. І гэта нармальна, бо так захацелі жыхары пад'езда. Гэта і ёсць сумленная канкурэнцыя.

Барацьба «за кліента», як бачым, узрастае. Самае ж галоўнае, каб у гэтай барацьбе не пацярпелі самі спажыўцы. І пажадана, каб сэрвіс быў на належным узроўні, што, дарэчы, ад канкурэнцыі і патрабуецца.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennіk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.