Вы тут

Улоў цаной у жыццё. Наколькі трывалы цяпер лёд?


Цёплае веснавое сонца пакрысе «пад'ядае» лёд. Нягледзячы на гэтую акалічнасць, на вадаёмы працягваюць масава адпраўляцца рыбакі. Вось і ў мінулыя выхадныя каля затокі ракі Свіслач у Гродзенскім раёне на лёдзе знаходзіліся дзясяткі аматараў падлёднага лову. Але наколькі ён цяпер трывалы?


Фота Анатоля Клешчука.

Па звестках Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя, на сёння ў краіне амаль не засталося вадаёмаў, на якіх адзначалася б трывалае ледзяное покрыва. Яно і нядзіўна: усё-ткі апошнім часам назіраецца істотны «плюс», сваю лепту ўносяць і перыядычныя дажджы. А гэта значыць, што выратавальныя сем сантыметраў лёду, якія лічацца бяспечнымі для знаходжання на ім, няўхільна змяншаюцца, імкнуцца да нуля.

— Галаўны боль для нас у перыяд разбурэння лёду — гэта рыбакі, — кажа начальнік аддзела вадалазна-выратавальнай службы Таварыства ратавання на водах Дзмітрый Бараноўскі. — Вось калі паглядзець даныя, напрыклад, па стане на 11 сакавіка, то прагулка па лёдзе стала прычынай гібелі дзесяці чалавек. З іх тры чалавекі вырашылі «зрэзаць» дарогу праз замерзлы вадаём. У Столінскім раёне 7-гадовы хлопчык загінуў на лёдзе меліяратыўнага канала 5 сакавіка. Астатнія шэсць выпадкаў прыходзяцца на падлёдную рыбалку.

Напрыклад, у возеры Боркі Вілейскага раёна ў другі дзень 2021-га патанулі адразу два рыбакі. Аднаму з іх было 59 гадоў, другому — 70. Мяркуецца, што спачатку пад лёд пайшоў старэйшы рыбак. Маладзейшы паспрабаваў яго выратаваць, але не даў рады.

...Як гэта ні парадаксальна гучыць, але менавіта лёд з палонкамі і прыцягвае да сябе рыбакоў. Сакрэт тут вельмі просты. Справа ў тым, што кісларод раствараецца непасрэдна ў вадзе, што вабіць рыбу. Але разам з тым і рызыка для жыцця тут становіцца максімальнай.

— Да таго ж на стан ледзянога покрыва вельмі ўздзейнічаюць пастаянныя праходжанні тэмпературы паветра праз нулявую адзнаку. Асабліва гэта небяспечна на рэках, дзе існуе цячэнне. Структура лёду пакрысе разбураецца, ён становіцца рыхлым, крышыцца і ў рэшце ператвараецца ў шарош. Таму нечакана праваліцца ў ваду можна вельмі лёгка. А з улікам таго, што тэмпература вады зараз не нашмат вышэйшая за нулявую адзнаку, у чалавека ёсць літаральна некалькі хвілін на тое, каб хтосьці дапамог яму выбрацца з палонкі.

У канцы гэтага тыдня зноў чакаецца невялікае пахаладанне, пойдзе снег. Пад ім заўважыць прамывіну ці рыхлы лёд будзе амаль немагчыма. Таму лепш усё ж устрымацца ад выхаду на вадаёмы. Прынамсі, да будучай зімы.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Тонкі лёд

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.

У свеце

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

У Латвіі ўведзены жорсткі лакдаўн, каб прыпыніць распаўсюджванне COVІD-19.

Эканоміка

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

КДК выявілі 30 злачынстваў па выплаце зарплаты ў канвертах.