Вы тут

Форма для вучняў і... для настаўнікаў


Пілотны праект «Школа будучыні» ахопіць у новым навучальным годзе 725 школьнікаў з розных рэгіёнаў краіны. Ідэя яго аўтараў заключаецца ў тым, каб уніфікаваць адзенне дзелавога стылю для вучняў пачатковай школы і максімальна задзейнічаць пры гэтым патэнцыял айчынных прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці.

2-33

2-33

 

Па словах старшыні канцэрна «Беллегпрам» Мікалая ЯФІМЧЫКА, гэта зусім не азначае, што ўсе дзеці будуць апранутыя аднолькава. «Нават у адной школе вучні розных класаў могуць выбіраць разам з бацькамі форму на свой густ. Галоўнае, што гэта будзе дзелавое адзенне, а выбар застанецца за навучальнымі ўстановамі. Напрыклад, у нас ёсць гімназіі, якія маюць свой твар і імідж, а з дапамогай адзення яны змогуць яго толькі дадаткова падкрэсліць», — патлумачыў ён.

Старшыня канцэрна запэўніў, што швейныя прадпрыемствы гатовы задаволіць любыя запыты вучняў, у тым ліку вышываць на вопратцы лагатыпы, эмблемы і фірменныя знакі школ.

Адной з эксперыментальных пляцовак стала сталічная школа №101. У праекце «Школа будучыні» ўдзельнічаюць 44 яе вучні трэціх і восьмых класаў.

Цягам навучальнага года шкаляры і іх бацькі будуць даваць ацэнку якасці тканін Мінскага камвольнага камбіната і мадэлям адзення, звесткі перададуць у «Беллегпрам».

«Школьная форма спрыяе стварэнню дзелавой атмасферы на ўроках, арганізуе вучняў і аб'ядноўвае. У той жа час яна павінна быць даступнай для сем'яў з розным узроўнем дастатку», — лічыць дырэктар школы Святлана ГаЛАВАЦКАЯ.

Выгляд формы распрацоўвалі пры непасрэдным удзеле школьнікаў і бацькоў: вызначылі мадэлі, выбралі сіні колер, вучнёўскі, бо ён не толькі ўрачысты, але і практычны — чарнілы на ім не так відаць. Адзенне шылі на беларускіх прадпрыемствах: сарафаны для трэцякласніц зроблены на бабруйскай «Славянцы», хлапчуковыя касцюмы-тройкі пашылі на Жлобінскай швейнай фабрыцы. Вучаніцы старшых класаў спынілі выбар на сукенках віцебскай фабрыкі «Сцяг індустрыялізацыі», а хлопчыкі ўпадабалі касцюмы-двойкі ад «Славянкі». Падключылася і трыкатажная фабрыка «Алеся», якая для старэйшых дзяўчатак пашыла жакеты, а для хлопцаў — камізэлькі. Дарэчы, камплекты выраблены за кошт спонсарскіх сродкаў, удзельнікам эксперыменту яны дасталіся бясплатна. Гэта своеасаблівы падарунак сем'ям шкаляроў да 1 верасня.

Цікава, што і настаўнікі школы могуць перайсці ў наступным навучальным годзе на адзіную форму адзення. Па словах дырэктара, калі педагогі ўбачылі вопратку вучняў, то падумалі, што нядрэнна было б і для сябе распрацаваць адзіную форму. Святлана Галавацкая паабяцала, што сярод педагогаў будзе праведзена апытанне ў залежнасці ад пажаданняў кожнага можа быць пашыты набор адзення аднаго колеру. «Камусьці больш падыходзяць штаны, камусьці — прамая спадніца, камусьці — клёш. Мы прадугледзім некалькі відаў пінжакоў і жакетаў. Галоўнае — усё адзенне будзе аднолькавага колеру. Настаўнікі схіляюцца да сіняга, праўда, ён будзе святлейшы, чым у вучняў, — адзначыла дырэктар. — Да рэвалюцыі ў выкладчыкаў гімназій таксама практыкавалася ўніфікаванае адзенне. У гэтым ёсць логіка: калі мы хочам, каб навучэнцы хадзілі ў форме, то прыклад павінны паказаць у першую чаргу настаўнікі».

Ёсць погляд, што паступова трэба ўводзіць адзіную школьную форму па ўсёй краіне. Гэта можа быць адзіная форма для школы або для рэгіёна. Аўтары праекта плануюць, што на наступны год ужо ў кожным абласным цэнтры будзе выбрана школа, вучні якой стануць насіць уніфікаванае адзенне.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Дзіяна СЕРАДЗЮК

seradzyuk@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.