Вы тут

Ці перастане кватэрнае пытанне быць балючым?


2 сакавіка 2013 года ў сілу ўступіў новы Жыллёвы кодэкс. Пра тое, наколькі ён можа змяніць жыццё людзей і што кожнаму неабходна зрабіць да сакавіка наступнага года — наша размова за "круглым сталом" у рэдакцыі "Звязды".

Удзельнікі абмеркавання новага закона і практыкі яго прымянення:

Вольга ГЕРМАН, галоўны юрысконсульт Міністэрства ЖКГ; Аляксей КУЗЬМІЧ, намеснік старшыні Пастаяннай Камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве; Ірына ЛОГВІН, спецыяліст па сацыяльнай рабоце грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам"; Яўгенія ПАТАПАВА, адвакат Мінскай гарадской калегіі адвакатаў; Наталля ЧАРНУХА, начальнік разлікова-даведачнага цэнтра №3 ЖРЭА Цэнтральнага раёна г. Мінска.

"Жыллёвы кодэкс трэба выкладаць у школе"

"Звязда": Чаму ўзнікла неабходнасць прыняцця новага Жыллёвага кодэкса?

Аляксей Кузьміч: Таму што адбыліся значныя змены ў гэтай сферы, у самім грамадстве. Больш за 86% жылля зараз прыватызавана. У Беларусі звыш 300 тысяч кватэр, уласнікамі якіх з'яўляюцца па некалькі чалавек. І добра яшчэ, калі ва ўласнасці аднаго з іх знаходзіцца асобны пакой, але часта бацькі, жадаючы нікога з дзяцей не пакрыўдзіць, дзеляць двухпакаёвую кватэру на тры часткі, а нашчадкі — з-за няўмення дамовіцца — пераўтвараюцца потым у ворагаў...

Прыняцце Кодэкса ішло вельмі цяжка: больш за 11 гадоў законапраект "хадзіў" па інстанцыях, шмат разоў вяртаўся на дапрацоўкі. Калі дакумент паступіў у нашу камісію, мы праехалі па ўсёй краіне, каб абагульніць вопыт. Больш за 6 тысяч прапаноў было ўнесена. Трэба аддаць належнае Міністэрству ЖКГ: яны працавалі над Кодэксам да дробязяў. Кодэкс сканцэнтраваў у сабе ўсе законы, падзаконныя акты...

Жыллёвы кодэкс — закон, які датычыцца літаральна кожнага. Але людзі не ведаюць яго. Такія дакументы трэба ў школе выкладаць як асобны прадмет.

Наталля Чарнуха: Юрыдычная няграматнасць нараджае шмат праблем. Напрыклад, раней нашы людзі заключалі дагаворы найму з расійскімі грамадзянамі і рэгістравалі іх па месцы жыхарства. Пры гэтым яны не разумелі розніцы паміж "месцам знаходжання" і "месцам жыхарства". У выніку дагавор найму з расійскім грамадзянінам заключаўся на год, а рэгістрацыю ён атрымліваў пастаянную. Праз год ён ад'язджаў, а рэгістрацыя заставалася. Цяпер уласнікі прыходзяць у ЖЭС і просяць выпісаць свайго былога кватаранта... Людзі павінны разумець прававыя наступствы розных працэдур.

Апроч правоў, неабходна ведаць і свае абавязкі. Ведаць, што кожны абавязаны ўтрымліваць сваё жылое памяшканне ў належным санітарным стане, своечасова ўносіць плату за яго абслугоўванне, не шумець, правільна здаваць сваю кватэру ў наём з заключэннем дагавора, разбірацца ў нюансах рэгістрацыі...

Вольга Герман: Прававая недасведчанасць часта параджае і пытанні, звязаныя з высяленнем былых членаў сям'і ўласніка. У Кодэксе такая норма прадугледжана адносна тых былых членаў сям'і, хто не мае долі ў гэтым жылым памяшканні. Тыя грамадзяне, якія не ўдзельнічалі ў прыватызацыі, але падпісалі паперу, што яны згодныя, каб кватэра была прыватызавана, альбо ўдзельнічалі ў будаўніцтве з дзяржаўнай падтрымкай — не могуць быць выселены (за выключэннем выпадкаў, калі гэтыя грамадзяне на працягу года тры і больш разоў прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне парадку пражывання і былі папярэджаны аб магчымасці высялення).

Хацелася б звярнуць увагу і на новую норму ў Кодэксе, якая абавязвае ўласнікаў жылых памяшканняў на працягу трох месяцаў пасля таго, як у іх з'явілася гэтая ўласнасць, зарэгістраваць сваё права на жыллё з атрыманнем праваўстаноўчых дакументаў. Гэта важна. Здараецца, што грамадзяне аформілі дагавор дарэння, завяшчанне, а тут з'явілася магчымасць ільготнага крэдыту. І яны вырашаюць не паказваць атрыманую жылплошчу. Раней канкрэтных часовых рамак, у якія трэба ўкласціся і зарэгістраваць жылое памяшканне, не было.

"Праз год можа нарадзіцца вал высяленняў..."

Яўгенія Патапава: Як прадстаўнік практыкуючых юрыстаў, звяртаю ўвагу на сітуацыю, якая, спадзяюся, будзе выпраўлена. Згодна з Жыллёвым кодэксам былы член сям'і ўласніка можа быць выселены, калі іншае не прадугледжана Пагадненнем аб парадку карыстаннем жылым памяшканнем. Летам 2012 года Канстытуцыйны суд указаў, што на працягу года пасля ўступлення Кодэкса ў сілу, такое пагадненне можа быць заключана. Аднак у Жыллёвым кодэксе нідзе не сказана, што былы член сям'і ўласніка мае права патрабаваць заключэння такога пагаднення. Калі сямейныя адносіны заходзяць у тупік і ўласнік не жадае заключыць пагадненне з былым членам сваёй сям'і, то, на жаль, і суд не задаволіць іск аб прымушэнні заключэння такога пагаднення. На гэта неабходна звярнуць увагу. Гэта першае.

Другое. Новы Кодэкс кажа, што згода органаў апекі на высяленне непаўналетніх дзяцей неабходна толькі тады, калі дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Зараз, згодна з дзеючымі нарматыўнымі актамі, маюць патрэбу ў такой абароне дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, альбо ў дачыненні да якіх бацькі не выконваюць свае абавязкі. Ёсць абстрактнае правіла, згодна з якім можа быць прызнана, што дзіця мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне ў выпадку парушэння яго жыллёвых правоў, але на практыцы гэта цалкам залежыць ад меркавання органаў апекі. У выпадку, калі орган апекі не прызнае, што дзіця мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне, то яно можа быць выселена. Гэта — таксама важная праблема.

Мне здаецца, што Кодэкс у тым выглядзе, які ён мае зараз, праз год, калі скончыцца мараторый на падачу іскаў аб высяленні былых членаў сям'і ўласніка, нарадзіць вялізную колькасць судовых рашэнняў аб высяленні. Мне цяжка ўявіць, якія наступствы гэта можа выклікаць, але як мінімум гэта пацягне і перагляд бюджэту пражытковага мінімуму (бо людзі, выселеныя без прадстаўлення іншага жылога памяшкання, вымушаны будуць заключаць дагавор найму, а цэны зараз на рынку нерухомасці высокія), і перагляд мінімальнага спажывецкага бюджэту.

Магу расказаць сітуацыю са сваёй практыкі. У 1991 годзе, яшчэ па Жыллёвым кодэксе 1968 года, брат падарыў сястры кватэру. Тады ў законе не былі ўрэгуляваны правы асоб, якія пражываюць сумесна з уладальнікам жылля. У кватэры пражывала сям'я брата: жонка і двое тады непаўналетніх дзяцей. Яны спакойна жылі ў гэтай кватэры да 2010 года, калі сястра прад'явіла іск аб іх высяленні. Суд адмовіў у задавальненні іску, бо на момант заключэння дагавора дарэння сям'я чалавека, які падарыў кватэру, мела права там пражываць. Іншага жылля ў гэтай сям'і няма. А цяпер Жыллёвы кодэкс дае ўласніку права патрабаваць іх высялення. На іх нават мараторый не распаўсюджваецца, бо яны — не члены сям'і новага ўласніка. Пагадненне аб парадку карыстання жылым памяшканнем заключана не можа быць з-за канфліктных адносін. Вось у нас ужо пяць кандыдатаў на выбыванне без прадастаўлення іншага жылля. Пытанне адкрытае...

Пагроза аказацца на вуліцы як стымул

Аляксей Кузьміч: Магчымасць унясення прапаноў па Жыллёвым кодэксе ў Палату прадстаўнікоў застаецца і пасля яго прыняцця. Кодэкс абавязкова будзе дапаўняцца, удасканальвацца. У яго ўвойдуць палажэнні аб сацыяльным і арэндным жыллі.

Вы кажаце: куды выселіць? А адкуль чалавек прыйшоў у гэтую кватэру? З Бабруйска? Значыць — у Бабруйск. Гэта нармальная з'ява. Каб чалавек, які прыходзіць жыць у чужую хату, дом або кватэру, ведаў, што яму неабходна альбо ўжыцца з новай сям'ёй, альбо не перашкаджаць гэтай сям'і жыць без яго. Гэта ж страшна, калі былы зяць ставіць на калені ўсю сям'ю. І сам не жыве, і не выпісваецца. А ўласнік не можа распарадзіцца сваёй маёмасцю.

Чамусьці норма, якая тычыцца высялення, выклікае вялікую цікавасць, аднак сумняваюся, што яе прымяненне сапраўды зможа абвастрыць сітуацыю. Норма гэтая неабходная для таго, каб людзі больш адказна ставіліся да свайго жыцця. Ёсць тры рэчы, якія кожны чалавек павінен сабе забяспечыць: ежа, адзенне і жыллё. А ў нас атрымліваецца так: у жыхароў інтэрната прадпрыемства "Атлант" праблема нумар адзін — недахоп месцаў на аўтастаянцы. Іх не цікавіць будаўніцтва ўласнага жылля. Нашаму грамадству трэба перагледзець сістэму каштоўнасцяў...

Кожны чалавек, які, скажам, уладкоўваецца ў РАНА прыёмным бацькам, павінен разумець, што ён жыве ў сацыяльнай кватэры толькі да таго часу, пакуль працуе на гэтай пасадзе. Як толькі яго звольняць альбо як толькі вырастуць прыёмныя дзеці, ён павінен будзе сацыяльнае жыллё вызваліць. Значыць, за час, пакуль доўжыцца працоўны дагавор, неабходна паклапаціцца аб тым, дзе жыць, калі тэрмін дагавора скончыцца. Тое ж у некаторых выпадках можа тычыцца і сем'яў, якія атрымалі сацыяльнае жыллё, калі пражывалі разам з інвалідам Вялікай Айчыннай вайны.

Але ў нас пакуль нікога не высяляюць...

Хто не можа за сябе пастаяць...

"Звязда": У нас сапраўды не высяляюць тых, хто можа за сябе пастаяць, нават калі яны нядобрасумленна адносяцца да сваіх абавязкаў. Але, на жаль, ёсць факты, калі сацыяльна неабароненыя людзі аказваюцца на вуліцы...

Ірына Логвін: 19 снежня мінулага года адбыўся недапушчальны выпадак, калі жанчыну, якая мае ментальныя асаблівасці (яна выпускніца дапаможнай школы-інтэрната), у 20-градусны мароз выселілі са службовага жылля яе маці (якая памерла) без прадастаўлення якога-небудзь іншага жылля. Пасля суда, на якім яна не прысутнічала (яна нават не атрымала паведамлення), прыйшлі судовыя выканаўцы і проста выкінулі з кватэры мэблю на вуліцу і апячаталі кватэру. У адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска, дзе гэта адбылося, мне паведамілі, што, калі жанчына не мае інваліднасці, яны ёй дапамагчы не могуць. Сама яна за сябе пастаяць не здольная. Такія людзі, з-за сваіх ментальных асаблівасцяў, у прынцыпе, не могуць быць юрыдычна граматнымі. Да таго ж гэтая жанчына па законе магла яшчэ тры гады жыць у гэтым жыллі, але яе выставілі. Яна цяпер на вуліцы.

Вольга Герман: Людзей з ментальнымі асаблівасцямі ў судовым парадку прызнаюць недзеяздольнымі або абмежавана дзеяздольнымі. Тады ім прызначаецца апякун, які абавязаны абараняць іх правы. Гэта трэба афармляць дакументальна.

У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, жылыя службовыя памяшканні, прадастаўленыя да красавіка 2006 года, можна прыватызаваць. І тады нават гаворкі не можа ісці пра высяленне. Апякун, выступаючы ад імя чалавека з ментальнымі асаблівасцямі, мог бы вырашыць гэтае пытанне.

Цяпер трэба падаваць касацыйную скаргу. У адпаведнасці з Законам аб адвакатуры, па рашэнні тэрытарыяльнай калегіі адвакатаў асобе, якая мае патрэбу ў юрыдычнай дапамозе і не мае матэрыяльнай магчымасці яе аплачваць, юрыдычная дапамога можа быць аказана бясплатна. Кожнае падобнае пытанне вырашаецца індывідуальна.

Ірына Логвін: Вы лічыце, што выхад — у прызнанні гэтай жанчыны недзеяздольнай? Так як паўналетніх сваякоў у яе не засталося, гэта азначала б аўтаматычнае змяшчэнне яе ў спецыялізаваны дом-інтэрнат. Аднак яна здольная жыць самастойна, яна працуе, зарабляе сабе на хлеб. На мой погляд, такім людзям неабходным і дастатковым было б суправаджэнне, аднак гэта не прадугледжана нашай сістэмай сацыяльнай абароны.

Звязда: Вы сказалі, што ў выпадку прыватызацыі высяленне немагчымае. Аднак новы Кодэкс мае нормы, якія тычацца і нядобрасумленных уласнікаў...

Яўгенія Патапава: Кодэкс не змяшчае падстаў для высялення ўласніка. Згодна з ім (і мне вельмі падабаецца гэтае правіла), распараджэнне сваім правам, у тым ліку і правам уласнасці, павінна ажыццяўляцца такім чынам, каб не парушаліся правы іншых уласнікаў. Калі ўласнік жылога памяшкання парушае правы іншых уласнікаў, парушае правілы агульнага пражывання, сістэматычна не выконвае свае абавязкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг, то ён па рашэнні суда можа быць прымушаны не да высялення, а да адчужэння (продажу) памяшкання, якое яму належыць, безумоўна, з выплатай яму яго кошту (за мінусам запазычанасці). Так што тут казаць пра абмежаванне правоў уласніка не прыходзіцца. Больш за тое, калі на працягу года пасля вынясення падобнага рашэння ўласнік ліквідуе парушэнні (пагасіць запазычанасць па жыллёва-камунальным плацяжах), то рашэнне не прыводзіцца да выканання.

Салідарная безадказнасць

Аляксей Кузьміч: Яшчэ раз хачу звярнуць увагу на тое, што не высяленне з'яўляецца галоўнай навінкай Жыллёвага кодэкса. Яго галоўная ідэя — змена стаўлення людзей да свайго жылля. Людзі павінны клапаціцца пра сябе самі. З дзяцінства трэба засвойваць думку пра тое, што кожны чалавек гаспадар свайго лёсу. У нас жа як: двор брудны, пад'езд брудны, лесвічная пляцоўка страшная, а ў кватэру заходзіш — усё ў золаце! Бо кватэра — "маё", а дом і пад'езд — "не маё". Гэта — няправільна.

Наталля Чарнуха: Ды што — дом! Для некаторых нашых людзей, калі, напрыклад, яны з'яўляюцца ўласнікамі адной кватэры, не існуе такога паняцця, як салідарная адказнасць за яе ўтрыманне, унясенне платы і г.д. Калі прыходзіць квітанцыя на кагосьці аднаго з іх — значыць, няхай ён і плаціць. У лепшым выпадку яны паміж сабой гэты абавязак падзялілі, і добра, калі ўсе пражываюць у гэтай кватэры. Але ж ёсць выпадкі, калі адзін жыве ў Маскве, другі — у Латвіі, трэці — ва Украіне, а чацвёрты — тут. Яны пасля атрымання спадчыны не кантактуюць, а жыллёва-камунальныя службы ўсіх ліхаманкава шукаюць. Таму што той, хто застаўся ў Мінску, сваю частку аплачвае, а на пытанне, дзе астатнія, адказвае: "Не ведаю. Мы ўсе пасварыліся пасля атрымання гэтай спадчыны".

Добра яшчэ, калі яны прыйшлі ў разлікова-даведачны цэнтр і паказалі праваўстанаўліваючыя дакументы на жылое памяшканне. Інакш жыллёва-камунальныя службы ведаюць толькі папярэдняга ўласніка.

Абавязацельства аформіць дагавор на тэхнічнае абслугоўванне кватэры няма. Больш за тое, у Жыллёвым кодэксе запісана, што адмова ад заключэння дагавора на аказанне жыллёва-камунальных паслуг не вызваляе ад платы за гэтыя паслугі. Спагнанне запазычанасці робіцца на падставе выканаўчых надпісаў натарыуса. Адным з дакументаў для накладання выканаўчага надпісу з'яўляецца той самы дагавор, ад якога цяпер можна адмовіцца. А прымусіць заключыць дагавор можна толькі ў судовым парадку. Такіх выпадкаў шмат.

Да мяне на прыём кожны тыдзень прыходзяць людзі з пытаннямі: "Нас некалькі ўласнікаў. Як нам плаціць, як дамовіцца?"

Аляксей Кузьміч: Мы зараз шукаем вырашэнне праблемы, якая звязана з уладальнікамі нязначнай долі ўласнасці. Магчыма, мэтазгодна было б прымушаць адчужаць такую ўласнасць без агаворак, якія існуюць зараз у Кодэксе.

Яўгенія Патапава: Гэта вельмі абмяжуе правы грамадзян. Норма пра прымусовае адчужэнне (продаж) нязначнай долі ўласнасці, якая не мае істотнага інтарэсу для ўласніка, прымяняецца даўно. Адсутнасць істотнага інтарэсу азначае наяўнасць іншага жылога памяшкання. Калі ж іншага памяшкання няма, то і тры метры маюць істотны інтарэс для чалавека. Гэта — важная агаворка.

Аляксей Кузьміч: Аднак як чалавек можа рэалізаваць сваё права карыстання нязначнай доляй жыллёвай маёмасці на справе? Калі ён мае ва ўласнасці ўсяго 0,03 долі, а ўладальнік астатніх 0,97 яму кажа: пакуль схаджу ў прыбіральню 97 разоў, ты можаш — толькі тры...

Яўгенія Патапава: Уласніку належыць не толькі права ўладання і карыстання, але і права распараджэння маёмасцю. Згодна з Грамадзянскім кодэксам, калі сумесныя ўласнікі не могуць дамовіцца, як ім карыстацца долевай маёмасцю, то гэтае пытанне вырашае суд.

Аляксей Кузьміч: Вось гэта і вядзе да таго, што блізкія людзі становяцца ворагамі да смерці.

Наталля Чарнуха: Блізкія некалі людзі пачынаюць выжываць адно аднаго. І добра, калі гэтая дзяльба адбіваецца толькі на іх. Але яна, як правіла, адбіваецца і на суседзях. Пачынаюцца сваркі, гэтую кватэру не могуць ні здаць, ні прадаць, не хочуць аплачваць яе...

Вольга Герман: У прынцыпе, гэтыя пытанні вырашальныя шляхам складання пісьмовага пагаднення аб парадку карыстання жылым памяшканнем. Калі няма дамоўленасці такія іскі разглядаюцца ў судовым парадку.

Яўгенія Патапава: Пакуль яшчэ Жыллёвы кодэкс не працуе ў поўнай меры, варта ўсім падумаць пра тое, на якіх падставах вы займаеце жыллёвае памяшканне, у якое штодня прыходзіце, дзе харчуецеся і спіце. Чаму вы тут жывяце? Ці ёсць нейкі дакумент, які дае права карыстання гэтым памяшканнем? І калі такога дакументу няма (рэгістрацыі права ўласнасці, дагавору найму, пагаднення пры ўсяленні, шлюбнага дагавору), то варта паклапаціцца, каб такі дакумент з'явіўся. Бо прававое рэгуляванне ў нас пераходзіць да дастаткова дакладнай рэгламентацыі, і, калі ёсць пытанні, іх лепш вырашыць зараз.

Святлана Бусько,

Вольга Мядзведзева.

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.