Вы тут

Прыярытэты сельскай гаспадаркі: жывёлагадоўля, холдынгі і інавацыі


Учора адбылося чарговае сумеснае пасяджэнне палат Нацыянальнага сходу Беларусі, на якім раз на месяц члены ўрада даюць справаздачу парламенту і адказваюць на пытанні дэпутатаў. На гэты раз галоўнай тэмай "урадавага часу" было развіццё аграпрамысловага комплексу.

З дакладам пра перспектывы развіцця АПК выступіў віцэ-прэм'ер Беларусі Міхаіл Русы.

Спачатку неба

Да пачатку пасяджэння спікеры абедзвюх палат парламента ўзнагародзілі касманаўта Алега Навіцкага ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Беларусі за заслугі ў асваенні космасу і вялікі ўклад ва ўмацаванне міждзяржаўных сувязяў.

— Беларуская зямля ганарыцца тым, што яе сыны праслаўляюць Радзіму такімі выдатнымі дасягненнямі. Для нас гэта асабліва важна, таму што Беларусь дабілася значных поспехаў у асваенні космасу. Ваш прыклад паслужыць узорам для маладога пакалення ў імкненні пакараць новыя вяршыні на карысць Айчыны, — сказаў Уладзімір Андрэйчанка, звяртаючыся да касманаўта.

Алег Навіцкі падзякаваў за падтрымку, якую адчуваў ад беларускага народа ў час усяго палёту. "Паверце, што я сапраўды вельмі рады, што належу да такой цудоўнай нацыі, да якой добра ставяцца ва ўсім свеце", — сказаў ён.

Зямля, якая патрабуе працы і грошай

Пасля такога прыемнага задзелу намесніку прэм'ер-міністра, які курыруе сельскагаспадарчую сферу, няцяжка было спусціцца на зямлю, тым больш што Міхаілу Русаму было чым парадаваць дэпутатаў: аграпрамысловы комплекс Беларусі ў апошнія гады забяспечвае рост аб'ёмаў вытворчасці, гарантуе крытэрыі харчовай бяспекі, павялічвае вытворчы патэнцыял, пашырае экспарт, які за 2012 год перавысіў $5 млрд.

Міхаіл Русы нагадаў, што прыродныя асаблівасці Беларусі менш спрыяльныя для сельскай гаспадаркі, чым у іншых краінах Усходняй і Заходняй Еўропы. Таму нам даводзіцца шмат сродкаў укладаць у зямлю, ахову жывёл і раслін, будаўніцтва сучасных жывёлагадоўчых комплексаў.

— Практыка даказала эфектыўнасць аб'яднання гаспадарак, у тым ліку з прадпрыемствамі перапрацоўкі, калі канцэнтрацыя рэсурсаў плюс інвестыцыі дазваляюць выйсці беларускім прадуктам харчавання на еўрапейскі канкурэнтаздольны ўзровень, — сказаў віцэ-прэм'ер.

Апошнія 13 гадоў у сельскай гаспадарцы значна скараціліся затраты працы на гадоўлю жывёл і вытворчасць кармоў, пры гэтым у 1,5 раза павялічыўся надой, на траціну — прывага ў мясной жывёлагадоўлі. Зніжэнне працаёмістасці сельгаспрадукцыі пацвярджае правільнасць выбранай палітыкі ў сельскай гаспадарцы, лічыць Міхаіл Русы.

Не нафтай, а інавацыямі

Разам з тым актуальнай застаецца праблема, пра якую віцэ-прэм'ер дакладаў парламентарыям паўгода таму: у шэрагу гаспадарак застаецца высокі ўзровень выдаткаў, растуць даўгі, а прыбытак застаецца нізкім. Усе гэтыя праблемы ўзмацняюцца тым, што беларуская вёска, пасля ўступлення Расіі ў СГА, ужо працуе ва ўмовах глабальнай канкурэнцыі.

— У нашай краіне няма значных сыравінных рэсурсаў, таму канкурэнтаздольнасць на сусветным рынку ў першую чаргу залежыць ад інавацый і новых тэхналогій, — падкрэсліў Міхаіл Русы. — Таму мы робім стаўку на мадэрнізацыю сельскагаспадарчых і перапрацоўчых арганізацый з тым, каб яны выйшлі на сярэднееўрапейскі ўзровень.
Вынік павінен будзе выглядаць наступным чынам: выручка ад рэалізацыі прадукцыі на аднаго работніка ў сельскай гаспадарцы ў 2015 годзе складзе $60 тысяч, сярэднемесячны заробак — больш за $500, у перапрацоўцы — каля $1000.

Урад плануе дасягнуць гэтых паказчыкаў праз паглыбленне спецыялізацыі сельскай гаспадаркі з улікам прыродна-кліматычных умоў рэгіёнаў і наданнем прыярытэту жывёлагадоўлі. Праца над гэтым вядзецца разам з Акадэміяй навук. Асноўны ўпор на жывёлагадоўлю абумоўлены як прыродна-кліматычнымі асаблівасцямі Беларусі, так і тэндэнцыямі сусветнага харчовага рынку.

Ад СВК да камбінатаў і кампаній

У кожным раёне будуць створаны 1-2 буйныя аграпрамысловыя камбінаты з завершаным цыклам гатовага прадукту, якія аб'яднаюць сельгасарганізацыі, перапрацоўку і гандаль. Вопыт паказаў, што эфектыўнасць такіх гаспадарак у некалькі разоў перавышае эфектыўнасць шараговых.

Віцэ-прэм'ер расказаў пра распрацоўку новага палажэння, якое павінна зацікавіць сялян працаваць з прыбыткам. Паводле дакумента, апроч штомесячнага акладу, кіраўнікам і спецыялістам сельгаспрадпрыемстваў па выніках года прапануецца даваць права размяркоўваць у нарматыўным парадку частку атрыманага прыбытку. У выпадку, калі гаспадарка з'яўляецца стратнай, зыходзіць будуць з памяншэння страты за адпрацаваны год.

Такі механізм Мінсельгасхарч і НАН ужо распрацавалі, зараз ён знаходзіцца ў стадыі ўзгаднення.

Пытанні дэпутатаў

Асноўная колькасць пытанняў дэпутатаў была адрасавана віцэ-прэм'еру Міхаілу Русаму. Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Сяргей ДУДКІН спытаў пра гатоўнасць сялян выкарыстоўваць высокатэхналагічную тэхніку беларускай вытворчасці.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы Аляксандр Разганаў расказаў аб праблеме з адкрыццём крэдытнай лініі для будаўніцтва сховішча для гародніны ў Магілёўскай вобласці.

Дэпутаты паднялі пытанні жывёльных пахаванняў, новых умоў забою жывёл, механізму субсідавання сяла, міждзяржаўнага супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі, сабекошту сельгаспрадукцыі і інш.

Кіраўнікі міністэрстваў таксама адказвалі на пытанні парламентарыяў. Былі закрануты тэмы арэнды азёр, падманутых дольшчыкаў, кошту жыллёвага будаўніцтва, чыгуначных тарыфаў, ільгот у медыцынскім абслугоўванні для ветэранаў працы на чыгунцы, скарачэнне транспартнай сувязі ў сельскай мясцовасці, аб'язной дарогі вакол Астраўца, якая не вытрымлівае нагрузак.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Піць — хваробу лячыць...

Эканоміка

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Рынак нерухомасці заўсёды нестабільны перад значнымі мерапрыемствамі, якія прыцягваюць турыстаў.

Спорт

Якаў Зянько: На лёдзе даю  волю эмоцыям

Якаў Зянько: На лёдзе даю волю эмоцыям

Ён — адзін з нямногіх прадстаўнікоў беларускага фігурнага катання на міжнароднай арэне.