Вы тут

Новая стратэгія


У Беларусі ёсць шанц на стварэнне яшчэ адной папулярнай камп'ютарнай гульні-стратэгіі. Знакамітыя і вельмі паспяховыя камерцыйныя беларускія танчыкі, думаю, ужо дастаткова надакучылі. Цяпер прыйшоў час дапамогі краіне. Уявім сабе, што нашы ІT-геніі стварылі гульню пад назвай "Новая стратэгія беларускай эканомікі", дзе можна было б прапаноўваць і спрабаваць розныя варыянты для далейшага развіцця краіны. Карысная была б гульня. І своечасовая. Бо, па словах Ірыны Новікавай, загадчыка кафедры эканамічнай тэорыі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, доктара эканамічных навук, прафесара, беларускай эканоміцы, як паветра, неабходна новая стратэгія. Спецыяліст таксама заяўляе, што чэргі ў абменніках часовыя, а адсутнасць росту эканомікі не заўсёды з'яўляецца дрэнным фактарам.

1377076422624_nov

— Як адчувае сябе зараз наша эканоміка? Даўгі выплачваем, мадэрнізацыю, кажуць, праводзім, склады спрабуем разгружаць, але народ усё роўна непакоіцца...

— На складах зараз 78% ад сярэднямесячнага запасу. Ужо не 100, і гэта радуе. Зразумела, што і тое не вельмі шыкоўна, — трэба зніжаць. Але такая сітуацыя не надзвычайная. Тут можна зрабіць зніжку на тое, што зараз ўсе пасыходзілі ў адпачынкі, тавараправодныя сеткі не асабліва працуюць. Ва ўсялякім разе, урад паабяцаў, што да верасня склады разгрузяць.

— Але ж і часу не так шмат...

— Аднак урад "прабіў" кітайскі крэдыт. Безумоўна, мадэрнізацыя павінна ісці. Але, як сказаў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Пётр Пракаповіч, яна прабуксоўвае. Пажывём — убачым. Але я магу вам сказаць, што высокатэхналагічнай прадукцыі, якую адгружаюць, зараз у агульным аб'ёме 17%. Гэта добры працэнт. Зусім нядаўна было толькі пяць. Так што ёсць і рух, адчувальныя і перспектывы.

— Што можаце сказаць пра нашы даўгі і выплаты па іх?

ЕўрАзЭС нам абяцаў шэсць траншаў крэдыту. Пяць мы ўжо атрымалі. Апошні, шосты, транш павінен прыйсці да нас, па-мойму, у лістападзе. Ніякіх заўваг яны нам не робяць, хаця мы і не выканалі некаторых параметраў — не павысілі кошт праезду ў грамадскім транспарце, а таксама кошт камунальных паслуг. І мы атрымаем 440 мільёнаў долараў. Таму з даўгамі асаблівых праблем няма. Зразумела, што тут выбудоўваецца "піраміда": грошы, атрыманыя па крэдытах, аддаём па даўгах і гэтак далей...

— Што тады людзям думаць пра курс, які скача то ўніз, то ўверх?

— Гэта таксама не страшна. Сітуацыя такая: напрыканцы ліпеня сярэднямесячная зарплата, па інфармацыі Белстата, дасягнула 5 160 000 рублёў. Перавысілі 500-доларавы парог. Але, калі пачынаеш глядзець па групах насельніцтва, то большасць насельніцтва атрымлівае менш за 500 долараў. Гэта значыць, што пачынае расці разрыў паміж высокадаходнымі і нізкадаходнымі групамі. Чаму кінуліся ўсе па валюту? Па-першае, час адпачынкаў заўсёды правакаваў скупку валюты. Але ў сённяшняй сітуацыі тыя, хто не патрапіў у высокадаходную групу, атрымалі адпускныя. Уявім сабе, што паехаць нікуды не змаглі. Куды яны ўклалі гэтыя грошы? Пачалі купляць валюту. Кажуць, што купляюць па 100-200 долараў. Вось гэтыя долары, у якія ўкладваюцца. Калі б паехалі, то таксама, відаць, скуплівалі. Больш дакладна можна будзе сказаць у верасні, калі атрымаем інфармацыю аб тым, колькі людзей ездзіла куды-небудзь. З іншага боку, у нас на 20% павялічыліся рэальныя даходы (тое, за што можна штосьці купіць). Інфляцыя таксама, якая б ні была, але ёсць. Пасля павелічэння даходаў рознічны тавараабарот вырас далёка не ў адпаведных памерах. Значыць, народ не купляе, а шукае, куды ўкласці грошы. Іншая справа, што ад гэтага не развіваюцца фінансавыя рынкі. Калі была б прыватызацыя, асабіста вы, калі ў вас ёсць лішкі грошай, захацелі б укласці свае зберажэнні, напрыклад, у акцыі прадпрыемстваў ці якія іншыя каштоўныя паперы. Пры любой нармальнай эканоміцы ў людзей ёсць зберажэнні. І іх трэба некуды ўкладваць. А ў нас можна толькі пакласці грошы на дэпазіты. Іншых варыянтаў для зберажэнняў няма. І зараз амаль усе грошы ідуць толькі ў валюту. Такое ўражанне, што спецыяльна падтрымліваецца такая сітуацыя, калі толькі ў валюту можна ўкладваць.

— Нават аблігацыі і тыя ў валюце былі выпушчаны...

— Так, сапраўды. Але за кошт атрыманых грошай выплачаны працэнт па знешнім доўгу. Даходнасць па аблігацыях высокая, таму людзі і пайшлі іх купляць. Ну а цяпер зноў-такі "піраміда" выбудоўваецца. І калі не будзе мадэрнізацыі і эканоміка не запрацуе, гэтая "піраміда" можа абрынуцца.

— Але хутка канец 2013 года. Гэта час выплат па гадавых аблігацыях. Атрымліваецца, што дзяржаве давядзецца вярнуць гэтыя грошы ды яшчэ зверху 7% даплаціць...

— Не забывайце пра звязаны кітайскі крэдыт. Грошы ўсё ж такі прыйдуць.

— Значыць, грошы вернуць? Не трэба баяцца?

— Не, не трэба. Зразумела, усім вернуць грошы. Яшчэ адзін транш ЕўрАзЭС таксама прыйдзе. А паколькі мы добра выплачваем, то і яшчэ зможам узяць. Не думаю ўсё ж, што варта хвалявацца. Я пакуль што крытычнай сітуацыі не бачу. Паглядзім яшчэ праз месяцы два-тры.

— Зусім нядаўна Нацыянальны банк паведаміў, што ў жніўні ізноў стаўку рэфінансавання зніжаць не збіраюцца. Добра гэта ці не? Здаецца, для эканомікі лепш, каб стаўка была ніжэйшай...

— Безумоўна. Што такое стаўка рэфінансавання? Гэта цана грошай, якія можна ўзяць. І чым гэтыя грошы танней, тым больш будуць іх браць, рабіць інвестыцыі, а значыць, будзе працаваць эканоміка. Але адразу хачу сказаць: мы паставілі сабе задачу вельмі высокага працэнту росту. Ён нам не патрэбны зараз. І тое, што крэдыт дарагі і што эканоміка не будзе выпускаць больш прадукцыі, — гэта таксама нядрэнна. Патлумачу чаму. Прадукцыя будзе ляжаць на складах пакуль. У 1970-я гады Швецыя зрабіла памылку ў падобнай сітуацыі. Ва ўсіх школах бізнесу гэта выкладаецца. Іх урад хацеў пераскочыць цераз крызіс праз працу на склад. Думалі, што калі скончыцца крызіс, яны выйдуць з прадукцыяй на рынкі і прададуць яе. Але праз два гады, калі крызіс скончыўся, прадукцыя аказалася састарэлай. Амерыканскія, японскія, германскія і іншыя прадпрыемствы перабудавалі сваю эканоміку і сталі выпускаць новую прадукцыю. Таму нам трэба пазбягаць "шведскага рашэння". Калі вы кажаце, што трэба знізіць стаўку рэфінансавання, — так, безумоўна. Але што выпускаць?

— Можа быць, гэта паўплывала б на выпуск нечага новага...

— Якім чынам? На якія рынкі гэта пасля прадаваць? Вы што, новыя трактары будзеце рабіць? Напэўна, вы чулі, што Саtеrріllаr збіраецца будаваць пад Санкт-Пецярбургам завод велікагрузных аўтамабіляў. Расія іх пусціла на рынак. Калі раней тэлефанавалі на наш БелАЗ і размова ішла аб прыватызацыі (але я не ўпэўнена, што трэба прыватызаваць наш БелАЗ і прадаваць яго Саtеrріllаr), то цяпер што адбудзецца? Наш асноўны рынак — Расія і Украіна. Сітуацыя няпростая. Павінна з'яўляцца нейкая інавацыйная прадукцыя. Але ці будзе яна запатрабавана на рынку? Вытворцы ёсць паўсюль, і будуць падтрымліваць сваіх. Магчыма, лепш прытрымаць коней і не спяшацца. Ва ўсіх краінах, калі ёсць рост у 0,5%, — гэта лічыцца вельмі добрым паказчыкам. А мы ставім задачу — 8%. Нават у кітайцаў эканамічны рост замарудзіўся. Таму не трэба баяцца высокай стаўкі. Калі яе знізіць, то будзе адток укладаў у беларускіх рублях. І зноў пачнуцца абменнікі. Тады ўсё і абрынецца. Таму пакуль што тут палітыка правільная праводзіцца.

— Пачакайце: калі эканоміка не будзе нічога вырабляць, то ці будуць плаціць зарплаты людзям? На гэта і так ужо некаторыя прадпрыемствы бяруць крэдыты.

— Абсалютна правільна. Менавіта таму неабходна стратэгія, што мы павінны выпускаць, што мы павінны перабудоўваць, што мадэрнізаваць. Калі мы збіраемся мадэрнізаваць трактарны завод, то якія будуць трактары і дзе будуць нашы рынкі? Мадэрнізацыю трэба пачынаць з рынкаў. Гэта тычыцца ўсёй традыцыйнай прадукцыі. Я рабіла аналіз 2010-2011 гадоў: у Еўропу было прададзена ўсяго на 22 трактары больш. Калі хочам заняць еўрапейскі рынак, то трэба падумаць, ці зможам мы пацясніць усе іх брэнды. Іншая справа — падумаць аб тым, якія новыя тэхналогіі лепш выкарыстоўваць, як выбудоўваць навуковыя даследаванні, што мы хочам у рэшце рэшт атрымаць. Вось у гэтым кірунку трэба працаваць. Патрэбна прынцыпова новая стратэгія. Больш зразумелая сітуацыя будзе напрыканцы верасня.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.