Вы тут

Эфектыўнасць у імя справядлівасці


Сучасная сацыяльная палітыка патрабуе іншых падыходаў да эканамічнага развіцця

Праблема "ўтрыманства", якая на самой справе з'яўляецца прыватнай праявай сацыяльнага крызісу ў Беларусі, мае прынцыповае значэнне для сучаснасці і будучыні беларускай дзяржавы. Гэта звязана не толькі з тым, што ідэал сацыяльнай справядлівасці быў асновай грамадскага ладу Беларусі, як мінімум, з 1917 года, але і з тым, што паспяховае вырашэнне сацыяльных праблем — неабходная ўмова выжывання беларускай дзяржавы сёння.

Сучасная сацыяльная палітыка патрабуе прынцыпова новага, больш высокага ўзроўню сацыяльна-інжынерных тэхналогій і інфраструктурнай падтрымкі. Таму здольнасць не разбураць уласную сацыяльную сферу, а забяспечваць узнаўленне і грамадскае развіццё можна аднесці да важнейшых крытэрыяў тэхналагічнай і эканамічнай канкурэнтаздольнасці дзяржавы.

Чым характарызавалася "старая" сацыяльная палітыка?

Тым, што гэта была палітыка пераважна кампенсацыйнага тыпу. Сутнасць яе ў тым, каб альбо абараніць грамадзян ад негатыўнага ўплыву рынкавых адносін, альбо кампенсаваць такі ўплыў праз рознага роду трансферы. З пункту гледжання эканомікі такая сацыяльная палітыка ўяўляла сабой сістэму пераразмеркавання грамадскага багацця на карысць тых, хто не мае магчымасці атрымаць долю гэтага багацця, дастатковую для пражывання, падаўжэння свайго роду і гэтак далей.

Гэтая класічная апазіцыя "рынак — сацыяльная сфера" цяпер прыйшла да свайго крызісу не толькі ў Беларусі, але і па ўсім свеце. Калі паглядзець на эканамічныя дыскусіі паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі ў ЗША, то акажацца, што і там у цэнтры ўвагі тое ж пытанне: даць волю бізнэсу, які, працуючы на сябе, будзе памнажаць грамадскае багацце, альбо павялічыць падаткі, каб можна было дапамагчы тым, хто знаходзіцца ў хісткім становішчы. Абодва шляхі пройгрышныя.

З аднаго боку, вялікі бізнэс, атрымліваючы падатковыя льготы, робіць багатых багацейшымі, жорстка і бескампрамісна падвяргаючы аўтсорсінгу і "аптымізацыі" ўсё, што не прыносіць яму прыбытак. У выніку сродкаў для падтрымкі неабароненых слаёў насельніцтва ўзяць няма адкуль. З іншага боку, павелічэнне падаткаў вядзе да ўцёкаў бізнэсу з краіны, разбурэння высокакваліфікаваных працоўных месцаў і як вынік — дэградацыі як эканомікі, так і сацыяльнай сферы.

Можна прывесці іншы вельмі паказальны прыклад. У Расійскай Федэрацыі сёння не сціхаюць дыскусіі аб лёсе авіяцыйнай прамысловасці гэтай краіны. Калі ў неабходнасці развіцця ваеннага самалётабудавання ніхто не сумняваецца (хоць і ў гэтай сферы ёсць вельмі сур'ёзныя праблемы), то грамадзянскае самалётабудаванне фактычна пазбаўлена падтрымкі дзяржавы. Пры гэтым расійскі ўрад і асабіста Дзмітрый Мядзведзеў працягваюць узмоцнена лабіраваць зніжэнне імпартных пошлін на ўвоз самалётаў замежнай вытворчасці. У выніку за 10 апошніх гадоў доля расійскіх самалётаў у авіяперавозках ў Расіі знізілася ў 10 разоў.

На аснове гэтых звестак кіраўнік Інстытута дэмаграфіі, міграцыі і рэгіянальнага развіцця Юрый Крупноў зрабіў парадаксальную, здавалася б, выснову: такая дэградацыя авіяпрама каштавала Расіі каля 1 млн дадатковых смерцяў пераважна мужчын у працаздольным узросце. Справа ў тым, што 1 працоўнае месца ў самалётабудаванні завязана з 10-15 працоўнымі месцамі ў іншых галінах перапрацоўчай прамысловасці. Усе гэтыя працоўныя месцы з'яўляюцца высокакваліфікаванымі і ўяўляюць сабой крыніцу даходаў, здольную забяспечыць існаванне сем'яў занятых на іх работнікаў. Адпаведна, разбурэнне гэтых працоўных месцаў прыводзіць да хуткай маргіналізацыі велізарных слаёў насельніцтва, якую не могуць спыніць ніякія сацыяльныя выплаты.

Прыведзены прыклад паказвае, што паспяховая сацыяльная палітыка не магчыма без эфектыўнай эканомікі. І гэта цалкам заканамерна, бо аддзяленне эканомікі ад сацыяльнай сферы з'яўляецца ўбогай спадчынай савецкага "галінавізму" і прымітыўнага фундаменталісцка-рынкавага разумення грамадства.

Калі мы гаворым пра канкрэтную эканоміку адной дзяржавы ў свеце, то эфектыўнай з'яўляецца такая эканоміка, якая забяспечвае ўзнаўленне і развіццё грамадства, а таксама стабільнае становішча дзяржавы ў сусветнай палітычнай сістэме і сістэме падзелу працы.

Такім чынам, галоўная крыніца эфектыўнасці сацыяльнай палітыкі — гэта эфектыўная эканоміка, эканоміка развіцця. Пры дэградацыі эканомікі ніякая сацыяльная палітыка не здольна спыніць сацыяльную дэградацыю. З іншага боку, вытанчаная і паспяховая сацыяльная палітыка праз правільную матывацыю насельніцтва (гэта значыць, "працоўнай сілы") можа стаць фактарам эканамічнага ўздыму і грамадскага развіцця. Менавіта такі сцэнар мы павінны рэалізаваць у Беларусі, калі хочам бачыць нашу краіну паспяховай і моцнай.

Улічваючы няпростае міжнароднае і эканамічнае становішча Беларусі, варта прызнаць, што прайсці гэты шлях без мер жорсткай эканоміі будзе немагчыма. Аднак недапушчальна ўзводзіць памяншэнне выдаткаў сацыяльнай сферы ў ранг галоўнай задачы сацыяльнай палітыкі. Не таму, што такі падыход амаральны (хоць і гэта — немалаважны аргумент). А таму, што ён неэфектыўны і згубны для краіны.

Таму формулай, ідэалогіяй эканамічнай мадэрнізацыі ў Беларусі неабходна зрабіць лозунг "Эфектыўнасць у імя справядлівасці". Сацыяльная справядлівасць застаецца найважнейшай асноватворнай каштоўнасцю для беларускай дзяржавы. А для таго, каб дамагчыся рэалізацыі гэтай каштоўнасці, патрэбна вывераная, тэхналагічная і ў вышэйшай ступені эфектыўная работа палітыкаў, кіраўнікоў і простых грамадзян, накіраваная на стварэнне новага грамадскага багацця.

Юрый ЦАРЫК,

кіраўнік Беларускай
групы развіцця 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.