Вы тут

«Вызваленне: дух Перамогі і горыч страт»


Неўзабаве краіна адзначыць 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 23 верасня 1943 года быў зроблены першы крок на гэтым вялікім шляху. У гэты дзень савецкія войскі прынеслі мір і глыток жыцця жыхарам горада Камарына — тады раённага цэнтра. Менавіта адсюль, з гэтага крайняга пункта Беларусі, пачала пракладвацца слаўная дарога вызвалення.

Доўгім і цяжкім быў шлях да Перамогі над ворагам. Савецкія людзі ішлі да яе амаль пяць гадоў. Ішлі, каб перамагчы. І перамаглі. Дзень за днём вызваляючы родную зямлю ад акупантаў.

Вайна... Тэма вечная, невычарпальная. Апошняя вайна стала ўсенароднай. Яе героямі быў увесь савецкі народ. Адна частка савецкіх людзей білася на фронце, другая кавала Перамогу ў тыле, трэцяя складала баявы рэзерв дзейнай арміі, чацвёртая — змагалася з ворагам у яго тыле.

Прайшло сем дзесяцігоддзяў, а адгалоскі тых падзей і сёння бударажаць людскія сэрцы. Пошукавыя атрады знаходзяць астанкі герояў і іх трафеі, неабыякавыя людзі ўвекавечваюць іх подзвіг у помніках, кнігах... І ў той жа час з'яўляюцца тыя, хто аспрэчвае мінулыя падзеі і подзвіг народа, спрабуе перапісаць гісторыю. І гэта нягледзячы на тое, што кожнага трэцяга свайго жыхара страціла Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны!

Менш за год аддзяляе нас ад 70 годдзя гістарычнай падзеі — 3 ліпеня 1944 года. Наша краіна актыўна рыхтуецца годна адзначыць гэтае сапраўды ўсенароднае свята. «Круглы стол» «Звязды» «Вызваленне: дух Перамогі і горыч страт» таксама набліжае нас да знамянальнай даты.

1379751403713_1

У гутарцы за круглым сталом прынялі ўдзел: Аляксандр Каваленя, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі; Вячаслаў Даніловіч, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі; Уладзімір Адамушка, дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь; Марат Жылінскі, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы; Аляксей Літвін, загадчык аддзела ваеннай гісторыі і міждзяржаўных адносін Інстытута гісторыі НАН Беларусі; Уладзімір Кузьменка, загадчык цэнтра гісторыі постындустрыяльнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі; Ірына Варанкова, навуковы супрацоўнік аддзела ваеннай гісторыі і міждзяржаўных адносін Інстытута гісторыі НАН Беларусі; Яраслаў Бязлепкін, навуковы супрацоўнік аддзела ваеннай гісторыі і міждзяржаўных адносін Інстытута гісторыі НАН Беларусі; Мікалай Мятліцкі, галоўны рэдактар часопіса «Полымя»; Барыс Даўгатовіч, дацэнт кафедры «Тактыка і агульнавайсковая падрыхтоўка» БНТУ.

1379751405254_2

1379751407937_3

1379751409945_4

Вызваленчы ўздым: масавае супраціўленне акупантам

А. Каваленя:

— Пачатак вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў паклала тая грамадска-палітычная сітуацыя, якая склалася ў СССР і на тэрыторыі Беларусі да восені 1943 года. Гэта перамогі пад Арлом і Курскам, калі сітуацыя на савецка-германскім фронце карэнным чынам змянілася і ваенна-стратэгічная ініцыятыва была поўнасцю перахоплена камандаваннем Чырвонай Арміі. Фактычна з гэтага моманту савецкая армія пачала рух па вызваленні тэрыторый Савецкага Саюза і краін Усходняй Еўропы.
На Беларусь адступіла велізарная колькасць войскаў вермахта, германскія фарміраванні спецслужбаў і карныя органы, вялікая колькасць калабарацыянісцкіх фарміраванняў. Германскае камандаванне асаблівую ўвагу надавала беларускаму стратэгічнаму калідору, бо тэрыторыя Беларусі звязвала паміж сабой Трэці рэйх.
Асобны момант — пашырэнне народнага супраціўлення на акупаванай тэрыторыі Беларусі. Тут назіраецца рост партызанскіх сіл і падполля. 22 верасня 1943 года было арганізавана забойства Кубэ. Нельга не згадаць аперацыю Фёдара Крыловіча, 27-гадовага хлопца, здзейсненую ў ноч з 29 на 30 ліпеня 1943 года на станцыі Асіповічы. Гэта была самая грандыёзная наземна-транспартная дыверсія за ўсю гісторыю Другой сусветнай вайны. У выніку яе было знішчана чатыры воінскія эшалоны: адзін з палівам і авіямаслам, два — з боепрыпасамі, адзін — з бронетэхнікай. У гэты перыяд ужо закончылася фарміраванне партыйна-камсамольска-моладзевага падполля. Гэта была вайна моладзі, пры ўсямернай падтрымцы мясцовых жыхароў.

А. Літвін:

— Галоўным вырашальным фактарам Другой сусветнай вайны летам—восенню 1943 года з'яўляўся Усходні фронт. Гэта было вынікам той палітыкі ці той стратэгіі, якую выбрала савецкае ваеннае кіраўніцтва. Вынікам той стратэгіі няправільнай, ці, магчыма, правільнай на той момант, але няўдалай, якую выбрала гітлераўскае кіраўніцтва.
Якія тут былі асаблівасці? Масква ўпершыню, плануючы летнюю кампанію 1943 года, выбрала абарончую стратэгію. Да гэтага былі дзве моцныя кампаніі, якія праводзіліся летам 1941 і 1942 гадоў, калі Чырвоная Армія прайграла. Пасля перамогі пад Сталінградам і Масква, і Берлін выпрацоўвалі найбольш правільныя падыходы. Берлінскі падыход зводзіўся да таго, каб, выкарыстоўваючы так званы Курскі выступ, знясіліць Чырвоную Армію. Упершыню немцы не ставілі задачу захапіць вялікія тэрыторыі! Сэнс быў у тым, што 10 нямецкіх «тыграў» маглі справіцца з сотняй савецкіх танкаў.
Калі глядзець з ваеннага пункту гледжання, то Курская бітва была для Чырвонай Арміі авантурай. Аднак савецкае кіраўніцтва выбрала правільную палітыку, упершыню наладзіўшы глыбока-
эшаланіраваную абарону. Вытрымаўшы першыя дні націску, 12 ліпеня Чырвоная Армія перайшла ў наступленне. Савецкае кіраўніцтва разлічвала дасягнуць галоўнага поспеху на паўднёвым участку савецка-германскага фронту. Хоць на заходнім кірунку ў гэты час стаяла вельмі моцная група армій «Цэнтр», якая пагражала Маскве. І таму першыя дзве аперацыі на паўднёвым кірунку былі для таго, каб вызваліць левабярэжную Украіну і выйсці на Дняпро. Такім чынам контрнаступленне, якое пачалося 12 ліпеня, у жніўні перарасло ў агульнае наступленне Чырвонай Арміі на ўсіх франтах з мэтай выканаць галоўную задачу — выйсці на Дняпро, які ў стратэгічных калькуляцыях Масквы і Берліна быў важным аб'ектам. Гітлер разлічваў, абапіраючыся на водную перашкоду Дняпра, стрымаць наступленне Чырвонай Арміі, аслабіць яе тут і затым перайсці ў наступленне. Савецкае ваеннае кіраўніцтва лічыла, што з выхадам на Дняпро яно вырашыць шэраг задач: перш за ўсё, «адрэжа» ўвесь поўдзень, паставіць пад пагрозу найбольш моцную нямецкую групу армій «Поўдзень».
Дняпро быў вельмі важнай стратэгічнай артэрыяй і ў палітычных калькуляцыях. Справа ў тым, што з 1941 года Масква дабівалася ад сваіх заходніх саюзнікаў адкрыцця другога фронту. Ужо пачалася восень 1943 года, а яны ніяк на гэта не рэагавалі. А калі нашы войскі выйшлі на Дняпро, з'явіліся раздрукаваныя карты лініі фронту. Гэта была магчымая лінія будучага пагаднення паміж Масквой і Берлінам. Такі фактар уздзейнічаў на заходніх саюзнікаў.

У. Кузьменка:

— Я хачу засяродзіць чытацкую ўвагу на тым, што вызваленне Беларусі пачалося не ў 1943 годзе, а ў самым пачатку 1942 года: бітва пад Масквой, імклівае наступленне на Захад. Як мы ведаем, наступленне Чырвонай Арміі працягвалася ажно да красавіка 1942 года. І вось вельмі цікавая рэч. У студзені 1942 года на Калінінскім фронце 249-я стралковая дывізія 4-й ударнай арміі ўпершыню ўварвалася на беларускую зямлю — у Суражскі і Мехаўскі раёны.
У Беларусі ведалі пра гэты факт: радыё ж працавала. Чырвоную Армію чакалі настолькі, што ў Мінску ў сувязі з гэтым рыхтавалася паўстанне. У каналізацыях, у руінах былі вялікія запасы зброі, боепрыпасаў, сотні вайскоўцаў рыхтаваліся па сігнале выступіць, вызваліць лагер ваеннапалонных і захапіць Мінск. Але ж не склалася: з Заходняй Еўропы на гэты ўчастак былі перакінуты чатыры моцныя нямецкія дывізіі. Таму давялося адступіць, але недалёка, толькі за самую мяжу.
Якраз па гэтай паўночна-ўсходняй акраіне Беларусі праходзіла лінія фронту ажно да восені 1943 года. Фронт стабілізаваўся. Мы мелі ўнікальную з'яву на цэлых 8 месяцаў: быў непасрэдны кантакт з 4-й ударнай арміяй, 40-кіламетровы пралом у лініі фронту паміж нямецкімі групай армій «Поўнач» і групай армій «Цэнтр». Урэшце, у верасні 1943 года немцы закрылі гэты пралом. Першыя невялічкія тэрыторыі Беларусі былі вызвалены ў студзені 1942 года.

А. Літвін:

— Яшчэ адзін момант, на які я хацеў бы звярнуць увагу. Гэта стратэгічнае, аператыўнае і тактычнае ўзаемадзеянне падчас пачатку вызвалення Беларусі. Калі мы гаворым пра стратэгічнае ўзаемадзеянне партызанаў і Чырвонай Арміі, то яно адбывалася ў 1942-м і ў першай палове 1943 года. А непасрэдна тактычнае ўзаемадзеянне пачалося толькі з пачаткам вызвалення Беларусі. Вельмі творча савецкае кіраўніцтва ставілася да выкарыстання партызанскага фактару. Калі франты пачалі набліжацца да тэрыторыі Беларусі, цэнтрам каардынацыі, планавання і выкарыстання партызанскіх сіл сталі ваенна-аператыўныя групы пры франтах. Пачатак вызвалення Беларусі даў прыклад цеснага ўзаемадзеяння і выкарыстання партызанскіх сіл, што потым мела працяг у далейшых аперацыях па вызваленні Беларусі ў студзені—лютым і летам 1944 года.

У. Кузьменка:

— Беларусь вызвалялася дзесьці імкліва, дзесьці ўдала, асабліва на поўдні, але цэнтральная Беларусь вызвалялася вельмі цяжка. Віцебскі, аршанскі і магілёўскі кірункі — з вялікімі страшэннымі баямі і велізарнымі стратамі. Грыф сакрэтнасці ўжо даўно зняты, і ўжо не ўтойвае, што страты франтоў восенню 1943 — вясной 1944 года забітымі, параненымі і зніклымі без звестак складалі больш чым 330 тысяч чалавек. Столькі чалавек паклалі толькі пад Магілёвам, Оршай і Віцебскам!

М. Жылінскі:

— Пра тэму вызвалення мы звычайна гаворым з пункту гледжання ваенных падзей. Аднак гэта не толькі вызваленне пэўных тэрыторый. На мой погляд, перш за ўсё вызваленне пачалося ў розумах людзей. Гэта псіхалагічны момант. Людзі, якія засталіся на сваіх тэрыторыях пасля іх вызвалення, успрымалі тыя дні як сваё другое нараджэнне. Безумоўна, гэта несла велізарны псіхалагічны патрыятычны парыў.
Менавіта ў гэты перыяд, у ходзе Курскай бітвы, наступальнай аперацыі і пры вызваленні першых раёнаў краіны, Стаўкай было прынята рашэнне аб тым, каб людзі прызываліся ў адну і тую воінскую часць па нацыянальнай і сваяцкай прыкметах. Напрыклад, мае сваякі, якія былі паміж сабой стрыечнымі братамі, служылі ў адной часці, разам ваявалі і ў Курскай бітве. Беларусы служылі з беларусамі, украінцы — з украінцамі, браты — з братамі... І гэты момант, на мой погляд, вельмі важны.
Я хацеў бы ў гэтым кантэксце закрануць яшчэ адно пытанне. Калісьці разгарнулася дыскусія аб Дні Незалежнасці. Некаторых хвалявала: чаму ў ходзе рэферэндуму 1996 года сімвалам дзяржаўнай незалежнасці Рэспублікі Беларусь была выбрана дата
3 ліпеня? Справа ў тым, што не трэба ўтрыраваць, не трэба рабіць акцэнт, што гэта звязана толькі з Вялікай Айчыннай вайной. Гэтая дата — сімвал вызвалення ад любой агрэсіі. Але ўлічваючы, што Вялікая Айчынная вайна — апошняя падзея, якая пакінула на сэрцы Беларусі як баявыя рубцы, так і гонар за сваю краіну, то гэтая дата стала менавіта сімвалам вызвалення ад варожай навалы. Беларускі народ гэта ўспрыняў.

Таямніцы вызвалення Камарына

А. Літвін:

— На беларускім кірунку працавалі 4 моцныя франты. Адзін з іх — Цэнтральны, якім кіраваў Канстанцін Ракасоўскі. 21 верасня ён захапіў Чарнігаў і, працягваючы наступленне, першым выйшаў на Дняпро, 23 верасня ў раёне Камарына стварыўшы плацдарм.
Я хачу звярнуць увагу на тое, што Камарын не трапіў у зводкі Саўінфармбюро. Больш за тое, я быў здзіўлены, што ён не трапіў і ва ўспаміны Ракасоўскага. Вось тут у чым справа. Калі паглядзець на карту, то з Чарнігава Чырвоная Армія зайшла ў трохвугольнік Дняпра і Прыпяці, дзе можна было зрабіць кацёл. Таму Масква не афішыравала вызваленне першага раённага цэнтра.
Перад вайной і падчас яе Камарын быў вёскай. Толькі ў 1959 годзе ён стаў гарадскім пасёлкам. Але значэнне Камарына і Брагінскага раёна вельмі значнае ў вызваленчым працэсе.

Б. Даўгатовіч:

— Сапраўды, пачатак вызваленню Беларусі паклала бітва за Днепр. Мала хто ведае, што былі асаблівыя цяжкасці падчас гэтых баёў. Па-першае, у іх не маглі ўдзельнічаць танкі. Артылерыя — толькі часткова: тая, якую маглі пераправіць праз Днепр. Па-другое, чыгунка была перарэзана, і яе таксама нельга было выкарыстаць. Атрымліваецца, што толькі кавалерыя — 7-ы гвардзейскі кавалерыйскі корпус Малеева — адыграла галоўную ролю пры вызваленні Камарына.
Але і тут былі свае асаблівасці. Немцы паспелі замацавацца на апорных пунктах і падчас страляніны знішчылі 80 % асабовага складу нашых войскаў, амаль усе афіцэры выйшлі з армейскіх шэрагаў. Вось і склалася, што ў атаку ішлі сяржанты. Сярод іх — туркмены, узбекі, татары, башкіры і інш. Атрымліваецца, што прадстаўнікі больш як 10 нацыянальнасцяў удзельнічалі ў баях за Камарын. 12 малодшых лейтэнантаў атрымалі званне Герояў Савецкага Саюза. Яны замянілі камбатаў, камандзіраў роты, камандзіраў узводаў. Пра гэта мала хто ведае.
Амаль ва ўсіх крыніцах пішуць, што за вызваленне Камарынскага раёна званне Герояў Савецкага Саюза атрымала 396 чалавек. Гэта пазначана і ў кнізе «Памяць. Брагінскі раён». Насамрэч іх было 132. Вучоныя і журналісты павінны несці адказнасць за кожную лічбу, за кожную дату.

А. Літвін:

— Ніводзін раён, як Брагінскі, ніводная бітва Вялікай Айчыннай вайны, як за Камарын, не можа ганарыцца такой колькасцю герояў!

Б. Даўгатовіч:

— Вось камандзір палка, 26-гадовы падпалкоўнік, намеснік начальніка Ваеннай акадэміі імя Фрунзэ Мікалай Іванавіч Сташак. Яго полк першым вызваляў Камарын. У баях за першы раённы цэнтр вызначыўся і асабовы склад 74-й стралковай дывізіі, камандзірам якой быў генерал-маёр Казаран. Ніводзін камандзір дывізіі не меў столькі ордэнаў, як Казаран! Але што цікава: дывізія, якая вызваляла Камарын, называлася Кіеўска-Дунайская. Паспрабуйце разабрацца, якое дачыненне яна мела да Камарына? Аказваецца, яна тут пабыла 10 дзён і пайшла на Кіеў. Атрымліваецца, што яна двойчы фарсіравала Дняпро. Хачу сказаць пра камандуючага 13-й арміяй Пухава. Гэта адзіны генерал савецкай арміі, які меў столькі ордэнаў І ступені! Яго дагнаў толькі Андрэй Грэчка, калі быў міністрам абароны СССР. Толькі гэта было ў пасляваенны перыяд.

А. Каваленя:

— Мы павінны адзначыць, што 13-я армія фактычна рэабілітавала сябе падчас баёў за Камарын. Тая армія, якую ў 1941 годзе напаткала трагедыя, раптам вызваляе першы раённы цэнтр!

Б. Даўгатовіч:

— На жаль, некаторыя крыніцы ў плане зместу, фактуры, адпаведнасці канкрэтыкі рэальнаму жыццю далёка не адпавядаюць. Каб пераканаць вас у гэтым, возьмем хаця б Брагінскі раён, які ў 1962 годзе аб'ядналі з Камарынскім. Часта можна сустрэць такую інфармацыю, што ў баях за Камарын 15 чалавек з роты лейтэнанта Байрамава атрымалі званне Герояў Савецкага Саюза. Правяраем: яны там не ваявалі, а ваявалі ў Лоеўскім плацдарме праз месяц і ніякага дачынення да вызвалення ні Камарына, ні Брагіна не мелі. Другі прыклад: Майсурадзэ здзейсніў подзвіг у Камарынскім раёне. Насамрэч ён загінуў пад Бабруйскам, паблізу ад вёскі Глуша, і ніякага дачынення да Камарына не меў. І такіх прыкладаў вельмі шмат. Адным словам, статыстыка наша кульгае на абедзве нагі.

А. Каваленя:

— І ўсю гэтую кульгавую статыстыку зрабілі вучоныя і журналісты.

Б. Даўгатовіч:

— Больш за тысячу салдат загінула ў баях за Камарынскі раён. 155 вёсак было ў Камарынскім раёне і 105 — у Брагінскім.
70 % было спалена немцамі. Сёння нават іх не засталося сведак тых падзей...

У. Кузьменка:

— Цікавы момант — жыццё вызваленых населеных пунктаў. Тут ёсць розныя аспекты: улада і грамадства, грамадска-палітычная сітуацыя, першыя крокі ў адраджэнні прамысловасці і сельскай гаспадаркі, сацыяльна-культурная сфера. Дарэчы, да восені 1943 года было адноўлена каля 100 прамысловых прадпрыемстваў на Беларусі.
Хачу прывесці цікавую вытрымку з успамінаў былога першага сакратара Камарынскага райкама камсамола Палескай вобласці Аляксандра Кельбаса, якая акрэслівае эпідэміялагічную абстаноўку на гэтых вызваленых тэрыторыях: «22 февраля 1944 года в Мозыре было проведено первое совещание областного актива. На нём обсуждались только вопросы о мерах оказания помощи фронту и о борьбе с тифом. Тиф был страшный. Район разрушен. Жили в землянках и куренях. Как говорится, вокруг одни головешки от деревень остались. Тиф, малярия, чесотка свирепствовали. А при этом приходилось же ребят в комсомол принимать. А если принимаешь, то разве можно не пожать парню или девушке руку? Так и сам переболел. Если приходишь в деревню и не приносишь с собой лекарство от малярии, то тебя избить могли. Люди жёлтые ходили, как призраки».

Дакументы — моцны факталагічны падмурак

У. Адамушка:

— Як бы мы ні ставілі пытанні аб Вялікай Айчыннай вайне, усё роўна нам не падысці да гэтай тэмы без дакументальнай асновы. У гэтым кірунку архіўнай галіной, і дзяржаўнымі архівамі ў прыватнасці, зроблена нямала. І гэта тычыцца не толькі вызвалення, а і ўсяго, што звязана з вайной. Перамога кавалася, пачынаючы з 1941 года. На маю думку, разглядаць гэтую праблему трэба з зараджэння партызанскага руху, падпольнай барацьбы на тэрыторыі Беларусі.

А. Каваленя:

— Можна сказаць, што сёння ў нас адбыўся рэнесанс у публікацыі дакументальных крыніц. Дакументальна зроблены прарыў! І дзякуючы толькі таму, што ў нас склаліся добрыя адносіны паміж гісторыкамі і супрацоўнікамі архіваў. Гэтую справу неабходна працягваць: мы павінны несці праўду праз дакументы.

У. Адамушка:

— У апошнія гады ў сваёй публікацыйнай дзейнасці беларускія дзяржаўныя архівы надавалі ўвагу самым розным пытанням, звязаным з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. Некаторыя працы я назаву. Зборнік дакументаў і матэрыялаў «Беларусы ў савецкім тыле. Ліпень 1941 г. — 1944 г.», прысвечаны дзейнасці нашых суайчыннікаў, якія апынуліся ў ваенны час у эвакуацыі. Малавывучаныя праблемы, звязаныя з перыядам Другой сусветнай вайны, знайшлі сваё адлюстраванне ў зборніках, прысвечаных дзейнасці асобных этнічных фарміраванняў на тэрыторыі нашай краіны: «ОУН-УПА ў Беларусі. 1939 — 1953 гг.» і «Польшча-Беларусь: 1921 — 1953 гг.».
Таксама мы выпусцілі зборнікі дакументаў па рэгіёнах. Напрыклад, «Гомельская вобласць у першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны» і «Гомельшчына партызанская», «Віцебшчына вызваленая», «Гісторыя 4-й партызанскай брыгады». Выдалі фотаальбомы «Васіль Аркашоў. Мая вайна», «Хатынь — святыня нацыянальнай памяці». Гэтай тэматыцы мы прысвяцілі і шматлікія выставачныя праекты. Хачу падзяліцца, што ў нас гатовы да выдання зборнік дакументаў «Партызаны ў аперацыі «Баграціён».
Мы рыхтуем зборнік дакументаў, які выйдзе ў наступным годзе, — «Увекавечванне памяці абаронцаў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны». У нас ёсць ужо пэўная база дакументаў. Дарэчы, я павінен падзякаваць за тое, што Выдавецкі дом «Звязда» бярэ гэтую працу на сябе.

І. Варанкова:

— Я хачу падхапіць тэму пра важнасць дакументавання гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, каб потым можна было спрачацца з дзікунскімі выказваннямі на адрас мінулага. Да такой найбуйнейшай падзеі, як пачатак вызвалення Беларусі, мела вялікае дачыненне шмат іншых падзей. Магчыма, не такога вялікага маштабу, але не менш важных.
30 верасня гэтага года будзе адзначацца 70-годдзе з дня заснавання Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта была знакавая падзея. Бітва пад Курскам, фарсіраванне Дняпра, пачатак вызвалення Беларусі далі магчымасць стварыць ужо ўпэўнены падмурак архіўнага і музейнага фондаў. А пачалося ўсё 2 чэрвеня 1942 года, калі пры Цэнтральным камітэце Кампартыі Беларусі, які працаваў у той час у эвакуацыі ў Маскве, была створана камісія па зборы дакументаў і матэрыялаў Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, адказным сакратаром камісіі быў прызначаны даваенны супрацоўнік шэрагу беларускіх газет, у тым ліку «Звязды», Васіль Дзям'янавіч Стальноў (сапраўднае прозвішча — Парфіяновіч). Пазней ён стаў першым дырэктарам таго самага музея. Створаны быў вялікі рабочы апарат камісіі. Прычым, акрамя журналістаў, мастакоў, якія былі выкліканы ў Маскву з савецкага тылу, таксама былі прызначаны адказныя за збор дакументаў на акупаванай тэрыторыі Беларусі. У асноўным гэта былі намеснікі камісараў партызанскіх фарміраванняў па камсамоле — маладыя энергічныя хлопцы, якія збіралі звесткі пра партызанскую барацьбу.
У першым цэльным варыянце, што ўдалося сабраць, былі пісьмовыя крыніцы — партызанскія газеты, лістоўкі, акты пра злачынствы акупантаў на тэрыторыі Беларусі. На падставе гэтых дакументаў была створана выстава «Беларусь жыве. Беларусь змагаецца». Якое тады прапагандысцкае палітычнае гучанне надавалася гэтым першым дакументам і акцыям, што пад гэтую выставу было адведзена некалькі залаў у вядомым будынку Дзяржаўнага гістарычнага музея Расіі, што на Краснай плошчы ў Маскве. І там яна працавала ажно да ад'езду ў Мінск — да 1944 года.
У 1946 годзе камісія скончыла сваю працу. Быў сабраны вялікі архіў. Большая частка з яго трапіла ў партыйны архіў Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ, частка — у архіў КДБ БССР, а тая частка фондаў, якая мела музейнае значэнне, стварыла частку фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. СМІ вельмі пільна сачылі за падрыхтоўкай першай экспазіцыі музея. 21 кастрычніка 1944 года ў «Звяздзе» з'явілася аб'ява, што на наступны дзень, 22 кастрычніка, адкрываецца першая экспазіцыя музея. Так пачыналася дакументаванне гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі.

У. Адамушка:

— Публікацыйная і выставачная дзейнасць дзяржаўных архіваў Беларусі спрыяе ўвядзенню ў шырокае навуковае абарачэнне ўсё новых дакументаў і матэрыялаў аб Вялікай Айчыннай вайне. Яны дазваляюць па-новаму паглядзець на падзеі ваеннага часу, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі.

Сучасны погляд на падзеі вызвалення: навуковыя даследаванні і адкрыцці

В. Даніловіч:

— Вывучэнне пытанняў Вялікай Айчыннай вайны — адна з найбольш значных, стрыжнёвых праблем, якой надаецца шмат увагі. Навукоўцамі Інстытута гісторыі падрыхтавана больш за 200 навуковых публікацый, прысвечаных гэтай тэме. Увогуле тэма Вялікай Айчыннай вайны чырвонай стужкай праходзіць праз усе іх працы. Дастаткова сказаць, што вучонымі інстытута на чале з Аляксандрам Аляксандравічам Каваленем разам з калегамі з ВНУ падрыхтаваны вучэбна-метадычны комплекс «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)», які прызнаны лепшым сярод краін СНД. Наша знакавая праца «Беларусь: Народ. Дзяржава. Час», таксама прысвечаная падзеям вайны, атрымала прызнанне як на нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі — 2010», так і на Міжнародным конкурсе ў Маскве.
Мы імкнёмся плённа супрацоўнічаць з замежнымі калегамі, даводзіць наш погляд на падзеі Другой сусветнай вайны. Таксама рэалізоўваем шэраг міжнародных навуковых праектаў. Напрыклад, пры падтрымцы германскага фонду «Памяць. Адказнасць. Будучыня» быў падрыхтаваны зборнік, прысвечаны прымусовай працы беларусаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупаванай тэрыторыі. Упершыню абгрунтаваны тэзіс, што больш за 2 мільёны чалавек прыцягвалася да прымусовай працы. Сапраўдным прарывам у гістарыяграфіі Беларусі, Расіі і Украіны стала падрыхтоўка і публікацыя калектыўнай манаграфіі, а таксама зборніка дакументаў і матэрыялаў «1941: Краіна ў агні».

У. Адамушка:

— Апошнім часам у архіўнай галіне мы таксама паднялі такую глыбу, як спаленыя беларускія вёскі. Мы ведалі пра гэтую праблему, чулі пра Хатынь, пра некаторыя іншыя мемарыяльныя комплексы, але не ўяўлялі ўсю карціну. Мы зрабілі адзіную базу звестак па спаленых беларускіх вёсках. Прычым гэтая база ніколі не закончыцца: тыя звесткі, якія мы знойдзем па гэтай праблеме, будуць адлюстраваны тут. Дарэчы, ужо пасля таго, як мы яе абнародавалі амаль год таму, намі ўжо ўнесена каля 70 населеных пунктаў. База атрымалася храналагічна-гістарычнай. Мы імкнёмся ўвесці сюды жывы матэрыял: паказанні сведак, якія расказваюць пра тое, як гэта адбывалася. Вядома, гэта справа не аднаго месяца, а можа, і не аднаго года.
Сёлета выйшаў і зборнік дакументаў «Зімовае чараўніцтва». Нацысцкая карная аперацыя ў беларуска-латвійскім паграніччы, люты—сакавік 1943 г.». У гэтай працы мы паднялі праблему спалення на Віцебшчыне амаль 400 вёсак — разам з людзьмі, часткова проста хат. А гэта было ў час, блізкі да вызвалення.

В. Даніловіч:

— Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад акупантаў мы рыхтуем сумесную навуковую працу разам з Інстытутам ваеннай гісторыі Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі. Такім чынам мы з цягам часу створым калектыўную працу па ўсёй гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Я. Бязлепкін:

— Тэма вызвалення Беларусі і ўвогуле гісторыя Гомельшчыны мне вельмі блізкія. Мае дзед і баба паходзяць з Гомельшчыны, маці адтуль, бацька там шмат гадоў працаваў. Дзядуля і бабуля шмат расказвалі пра тое, як вызвалялася Беларусь, як лютавалі нацысты. Дзеда неаднойчы хапалі, спрабавалі вывозіць у Германію, некалькі разоў ледзь не спалілі, і толькі дзякуючы неверагоднай настойлівасці, мужнасці і ўпартасці ён змог пазбегнуць расправы.
Я хацеў бы некалькі слоў сказаць пра тое, як на Захадзе пішуць пра падзеі на тэрыторыі Беларусі, у прыватнасці, пра вызваленне нашай зямлі. У адрозненне ад беларускай гістарыяграфіі і беларускай літаратуры, дзе тэрмін «вызваленне» з'яўляецца распаўсюджаным, на Захадзе часцей за ўсё пішуць пра наступ, савецкую атаку, прасоўванне наперад. Зразумела, што ўсе гэтыя трактоўкі паходзяць яшчэ з часоў «халоднай вайны», калі на Захадзе былі распаўсюджаны антысавецкія трактоўкі.
Ёсць і тыя замежныя даследчыкі, якія, у адрозненне ад сваіх калег, станоўча апісвалі гэтыя падзеі, выкарыстоўваючы пры гэтым не толькі англійскія і амерыканскія матэрыялы, а і савецкія. Мне б хацелася спыніцца на вядомым шатландскім гісторыку Дэвіду Гланцу, які ў 1990-х гадах працаваў у расійскіх архівах, пасля чаго стаў ледзь не самым вядомым даследчыкам падзей Вялікай Айчыннай вайны. У 2001 годзе, выступаючы ў адным з амерыканскіх універсітэтаў, ён прапанаваў сваім слухачам лекцыю «Савецка-германская вайна 1941 — 1945 гг. Міфы і рэальнасць», у якой закрануў тэму забытых бітваў. Ён меў на ўвазе тыя бітвы, якія адбыліся на тэрыторыі СССР у гады вайны, але не атрымалі належнай увагі савецкіх і постсавецкіх гісторыкаў. Ён крытыкаваў гісторыкаў, што яны пісалі толькі пра паспяховыя аперацыі, а пра няўдалыя кампаніі згадвалі толькі зрэдку.
Шмат чаго змянілася за апошнія дзесяцігоддзі. З'явіліся новыя даследаванні, новыя пакаленні гісторыкаў, але, тым не менш, не мяняюцца трактоўкі Вялікай Айчыннай вайны. Яна сапраўды была Вялікая, бо Савецкі Саюз страціў каля 26 мільёнаў чалавек. Яна сапраўды была Айчынная, бо людзі абаранялі сваю зямлю, сваіх родных, свае хаты.

Памяць пра вайну — недапушчэнне фальсіфікацыі

А. Каваленя:

— Памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны — напэўна, галоўная праблема нашага «круглага стала». Важна ўсімі сродкамі прапагандаваць гераізм, мужнасць, самаахвярнасць беларускага народа. Нельга дапускаць праявы духоўнага бандытызму. Прачытайце кнігі, якія выдаюцца пры падтрымцы розных еўрапейскіх грантаў.
Вось што піша адзін з сучасных інтэлектуалаў Анатоль Тарас: «Мы лічым, што ўсе 70 гадоў савецкай улады патрэбна выкрасліць з памяці. Забыць назаўсёды калгасы і саўгасы, будаўніцтва заводаў і фабрык, сацыялістычнае спаборніцтва і ўдарную працу, «пераможную Чырвоную Армію» і «доблесных савецкіх чэкістаў». Нічога гэтага нашаму народу не трэба было. Нашы дзяды і прадзеды жылі на хутарах і ў маленькіх вёсках, апрацоўвалі сваю асабістую зямлю і менш за ўсё хацелі ішачыць на бальшавікоў за працадні ці за «пераходзячую» чырвоную ганучу. Людзям да млоснасці надакучылі ўрачыстыя прамовы аб вайне, фільмы аб вайне, ускладанне вянкоў да помнікаў героям вайны. Людзей хвалюе зусім іншае».
Гэтыя паталагічныя выказванні і ідэі — духоўны бандытызм, дыверсія. Мы з вамі сабраліся, каб аддаць належнае памяці тых, хто вызваліў нас: сёння ёсць спробы параўнаць СССР і нацысцкую Германію, Сталіна і Гітлера...

В. Даніловіч:

— У сённяшніх умовах, калі з'яўляюцца публікацыі, у якіх спрабуюць не толькі сказіць, а ўвогуле адмовіць усю каштоўнасць для нашай дзяржавы, для беларускага народа савецкага часу, у тым ліку Вялікай Айчыннай вайны, становіцца вельмі крыўдна і агідна. На жаль, гэтыя спробы не спыняюцца. І я, як чалавек, які ўваходзіць у склад секцыі па грамадазнаўстве і гісторыі, што працуе пры Нацыянальным інстытуце адукацыі, праз які праходзіць навучальная літаратура, магу канстатаваць, што такія спробы прысутнічаюць усё часцей. Толькі дзякуючы прынцыповым пазіцыям, якія займаюць члены секцыі, удаецца адстойваць навуковы аб'ектыўны погляд на падзеі Вялікай Айчыннай вайны.
Безумоўна, у такіх умовах найважнейшай задачай з'яўляецца аб'ектыўнае вывучэнне, трансляцыя і захаванне для будучых пакаленняў памяці аб гераічных і трагічных падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Таму сёння важна пакінуць у навучальных установах выкладанне спецкурса ці факультатыва «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)».

М. Жылінскі:

— Сёння ў нашых суседзяў, у прыватнасці, у Расійскай Федэрацыі, ідуць вельмі цікавыя працэсы, звязаныя з супрацьдзеяннем фальсіфікацыі падзей перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Пры прэзідэнце Расіі створана камісія супрацьдзеяння фальсіфікацыі расійскай гісторыі. І вызначальнымі там з'яўляюцца пытанні, якія звязаныя з фальсіфікацыяй падзей Вялікай Айчыннай вайны. Наколькі мне вядома, цяпер у Дзяржаўнай думе распрацоўваецца законапраект аб адміністрацыйнай адказнасці за фальсіфікацыю і перагляд укладу СССР у гады Вялікай Айчыннай.
Мы таксама да гэтага ідзём. Я думаю, што ў бліжэйшай будучыні мы з расійскімі калегамі ўзгоднім нашы пазіцыі. І гэта будзе адзіная апазіцыя нас як Саюзнай дзяржавы. Гэта правільна, бо сусветная практыка паказвае, што, напрыклад, у Аўстрыі за фальсіфікацыю халакосту ёсць крымінальная адказнасць за негатыўныя выказванні ці нават схіленне да сумненняў у пэўных лічбах. Мы павінны ісці адзіным фронтам супраць фальсіфікацыі. Ды і як не ісці тым, хто ў гады Вялікай Айчыннай вайны засланіў сабой і выратаваў свет ад «карычневай чумы»?

М. Мятліцкі:

— У кожнага салдата — свая вайна, а ў кожнага нашчадка гэтага салдата — свая памяць. Для мяне сённяшняя тэма вельмі хвалюючая: я трымаю ў руках дакумент у дадатак да тых слоў, якія сказаны, — аператыўную зводку Савінфармбюро за 24 лістапада 1943 года. Цытую: «У раёне ніжняга цячэння ракі Прыпяць нашы войскі, працягваючы наступ, авалодалі раённым цэнтрам Палескай вобласці горадам Хойнікі, а таксама занялі 60 іншых населеных пунктаў. Сярод іх — буйныя населеныя пункты: Мацюжар, Рудзенка, Небытаў, Клівы, Паселічы, Барысаўшчына, Храпкаў, Хацішча, Руднае, Бабчын, Астрагляды, Варацец, Новы Радзін, Стары Радзін, Баршчоўка, Краснаселле, Дзярновічы». У гэтым спісе ёсць і мая родная вёска Бабчын. І калі ты ведаеш тую дакладную дату вызвалення, напаўняешся вялікім гонарам за гэты дакумент, за яго сутнасць, напісаную крывёй.
Мы, творчыя людзі менавіта пасляваеннага пакалення, не маглі застацца па-за ўвагай гэтай горкай, вялікай, стратнай памяці. Мы выраслі на былых папялішчах, сярод магіл і абеліскаў. Невыпадкова я сваю першую кнігу назваў «Абеліск у жыце», бо сапраўды за вёсачкай быў абеліск, дзе былі пахаваны астанкі многіх жыхароў майго Бабчына. Гэта быў сапраўдны эмацыянальны перапуд у душы падлетка, юнака. Я ўяўляў таго ж маленькага 9-гадовага Паўліка Зелянкоўскага, якога расстралялі на гэтым рове. І гэта была святая, самая чыстая дзіцячая памяць. Мы разумелі, што мы павінны рухаць жыццё далей, што нас чакаюць на гэтых руінах.
І сёння, калі чуюцца галасы, асабліва з таго закардоннага боку, што мы заваёўнікамі прыйшлі ў Еўропу, усталявалі там свае парадкі... І сёння Еўропа, якая павінна быць удзячна нашаму салдату, якраз глядзіць на яго як на чалавека з аўтаматам, які ішоў бурыць тое, што ўжо разбурана, прагніло, стала антычалавечай сутнасцю. Сённяшні свет не зрабіў галоўнай высновы з мінулай сусветнай вайны: што мы стаім перад вялікай праблемай быцця ці небыцця на гэтай зямлі. Калі яшчэ адзін раз чалавецтва дазволіць сабе такі ваенны эксперымент, то, улічваючы тыя арсеналы, якія ёсць, можна сказаць, што гэта будзе вайна, паквітальная з жыццём на зямлі.
Калі падчас раздаюцца галасы, а яны раздаюцца нярэдка і нават з яхідствам: «А як бы мы цяпер жылі, калі б нас некалі заваявалі шведы? Не горш, чым у Швецыі. Ці немцы? Не горш, як у Германіі», мне становіцца крыўдна за гэтых людзей. Фармальна яны гавораць вельмі прывабныя рэчы. Але гэтыя людзі не дапускаюць аднаго. Яны ўтойваюць наўмысна гэта. Не адказваюць на самае галоўнае пытанне: а калі б нас заваявалі, ці існавалі б мы ўвогуле?

А. Каваленя:

— Памяць пра вайну нам перш за ўсё неабходная для кансалідацыі грамадства. Сёння гэта адна з найважнейшых задач, бо вырашаць тыя сацыяльна-эканамічныя пытанні, пытанні культуры, пытанні наогул развіцця нашага грамадства немагчыма без кансалідацыі, без адзінага руху ў грамадскім жыцці. Калі гэта духоўны бандытызм, то так яго трэба і называць. Гэта людзі, якія страцілі сваё сумленне, якія так могуць гаварыць пра тых, хто даў ім жыццё, адмовіўся ад памяці. Лепшым помнікам мінулым падзеям будзе наша памяць, аб'ектыўнае асвятленне нашай гісторыі.

Падрыхтавала Вераніка КАНЮТА.Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА.

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Усё, што трэба ведаць пра змены ў Жыллёвым кодэксе

Усё, што трэба ведаць пра змены ў Жыллёвым кодэксе

Мы паспрабавалі адшукаць самыя вострыя вуглы новаўвядзенняў і ўявіць, як будзе працаваць гэты дакумент пачынаючы з 2020 года.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Як запрасіць чалавека, каб ён не прыйшоў, і знойдзены кашалёк.

Грамадства

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Усё, як у казцы: прыгожая зала, музыка, пачастункі. Абаяльныя людзі распавядаюць аб правільным харчаванні і рэкламуюць свой тавар...

Грамадства

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

Гэта адходы шкла, паперы, пластыку, шын, батарэек, машыннага масла...