Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі ў першым вызваленым ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў населеным пункце Беларусі


Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў «Звязда» пачынае новы праект — «Шляхамі вызвалення». Для нашага народа, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны, страціў кожнага трэцяга свайго жыхара, вызваленне ад фашыстаў — адна з найважнейшых падзей у гісторыі.

Першыя населеныя пункты ў ходзе кровапралітных баёў былі вызвалены восенню 1943 года. Чырвонаармейцы прайшлі вельмі складаны і доўгі шлях да поўнага выгнання ворага з гераічнай і няскоранайфбеларускай зямлі — Мінск быў вызвалены толькі 3 ліпеня 1944 года. А, між іншым, вызваленчы паход па Беларусі яшчэ працягваўся да канца ліпеня.

Журналісты «Звязды» пройдуць па шляху Чырвонай Арміі, пабываюць у населеных пунктах у той паслядоўнасці, у якой яны былі вызвалены. Мы раскажам не толькі пра ход вызваленчай аперацыі, радасць людзей, але і пра той жах, які ўбачылі савецкія салдаты ў спустошаных гітлераўцамі і іх памагатымі гарадах і сёлах. Сённяшнія пакаленні беларусаў павінны ведаць, што яны з’явіліся на свет толькі дзякуючы таму, што 80 гадоў назад фашыстаў прагналі з нашай зямлі.

Камарын — гарадскі пасёлак на самым поўдні нашай краіны. Ад суседняй дзяржавы яго раздзяляе паўнаводны, шырокі Днепр. Менавіта ён 80 гадоў таму, калі пачалося вызваленне Беларусі, з’яўляўся галоўнай перашкодай для савецкіх войскаў. Фарсіраванне Дняпра ўвайшло ў гісторыю як адзін з найбуйнейшых баёў Вялікай Айчыннай вайны. Тыя падзеі так і называюць — бітва за Днепр.


З абодвух бакоў у ёй удзельнічала да чатырох мільёнаў чалавек. Выхад да ракі падымаў баявы дух байцоў — кожны хацеў фарсіраваць Днепр сярод першых. За яго левы бераг чырвонаармейцы змагаліся на працягу чатырох месяцаў. Загад Гітлера — любымі намаганнямі ўтрымаць Днепр — не быў выкананы.

Якая цана была заплачана за першыя вызваленчыя крокі па беларускай зямлі, чыімі подзвігамі ганарацца мясцовыя жыхары і як захоўваюць памяць аб падзеях, што адбыліся тут у верасні 1943 года? Аб гэтым мы даведаліся, як толькі ступілі на брагінскую зямлю, — менавіта з гэтага самага паўднёвага раёна пачаўся вызваленчы паход Чырвонай Арміі ў Беларусь.

Пра вайну расказваюць... Школьнікі

Памяць аб падзеях восені 1943 года ашчадна захоўваюць і берагуць у Камарынскай сярэдняй школе. Сюды і завітаў звяздоўскі дэсант. У пачатку навучальнага года ўстанова адукацыі атрымала новы статус — школы міру. Змяненні закранулі і назву навучальнай установы: цяпер яна носіць імя Героя Савецкага Саюза Паўла Іванавіча Шпетнага — ураджэнца Камарыншчыны.

Навучэнцы Камарынскай сярэдняй школы добра ведаюць гісторыю вызвалення свайго краю

— Высокае званне наш зямляк атрымаў за бітву на Курскай дузе, — расказвае настаўніца гісторыі Камарынскай сярэдняй школы Валянціна Шульга. — Калі скончыліся боепрыпасы, чырвонаармеец са звязкай гранат кінуўся пад танк і спыніў яго цаной свайго жыцця. На тэрыторыі Расіі ёсць поле імя Шпетнага, ураджэнцу Камарыншчыны там устаноўлены помнікі. 

У вёсцы Гдзень (за некалькі кіламетраў ад Камарына), дзе нарадзіўся Павел Шпетны, школа насіла яго імя. Навучальнай установы там цяпер няма: пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі Гдзень трапіла ў зону адсялення. Камарын, які знаходзіцца недалёка ад гэтай вёскі, нейкім цудам радыяцыя не закранула.

Усяго брагінская зямля дала трох Герояў Савецкага Саюза. Сяргей Сцяпанавіч Мацапура атрымаў гэтае высокае званне за вызваленне Польшчы, Пётр Сяргеевіч Жукаў — за вызваленне Беларусі. Памяць аб гэтых адважных людзях, а таксама іншых 20 Героях Савецкага Саюза, якія ўдзельнічалі ў фарсіраванні Дняпра ў раёне Камарына, захоўваецца ў школьным музейным памяшканні баявой славы, увекавечана на Алеі славы, размешчанай на падыходзе да ўстановы адукацыі.

З экспазіцыяй нас знаёмяць вучаніца 9 класа Валерыя Кушнірэнка і выпускніца гэтага года Дзіяна Хрушч. Настаўнікі наўмысна даручаюць навучэнцам весці экскурсіі — такім чынам, у падрастаючага пакалення фарміруецца цікавасць да ўласнай гісторыі.

— Камарын быў вызвалены ў выніку Чарнігаўска-Прыпяцкай аперацыі пад камандаваннем Ракасоўскага, — адзначае Дзіяна Хрушч. — Баі па фарсіраванні Дняпра ў верасні 1943 года па сваім маштабе і напружанні былі небывалыя. Тысячы адважных сыноў Радзімы аддалі свае жыцці за свабоду і незалежнасць. Першымі фарсіравалі Днепр байцы 360-га стралковага палка 74-й стралковай дывізіі 13-й арміі пад камандаваннем Мікалая Сташэка. Падраздзяленне пераадольвала Днепр на спадручных сродках і пашырыла плацдарм, на які перапраўляліся іншыя воінскія часці і дывізіі.

Прышкольная Алея славы ўвекавечвае памяць 20 Герояў Савецкага Саюза,  якія ўдзельнічалі ў фарсіраванні Дняпра ў раёне Камарына

Вось што ўспамінаў аб тых падзеях адзін з іх удзельнікаў Герой Савецкага Саюза, ганаровы грамадзянін Камарына Мікалай Сташэк: «Да вечара 22 верасня перадавыя атрады дывізіі выйшлі на ўсходні бераг Дняпра. Праявіўшы ініцыятыву, перадавыя атрады 8-й і 74-й стралковых дывізій на плытах і рыбацкіх лодках з ходу фарсіравалі Днепр на ўчастках Мнева, Бярозкі і Навозы, Лукаеды. Праціўнік, які абараняўся на заходнім беразе, аказаў моцнае супраціўленне, але перадавыя атрады, якія пераправіліся, імкліва яго атакавалі і авалодалі населенымі пунктамі Нов. Іолчы, Бярозкі, Лукаеды, акружылі і знішчылі гарнізон у Камарыне. <...> Спакойна і дзелавіта працавалі на пераправе сапёры, да Дняпра цягнуліся абозы і машыны, рэгуліроўшчыкі размашыста ўказвалі шлях сцяжкамі. Медсанбат, выбраўшы зручнае месца, расцягваў санітарныя палаткі; да сігнальнага ліхтара з чырвоным крыжом у адзіночку і групамі падыходзілі параненыя. Дымілі паходныя кухні, і кухары напаўнялі супам тэрмасы для дастаўкі на перадавую. Былі прыкладзены вялікія намаганні, каб у другой палове ночы на 24 верасня пераправіць тылы дывізій, і галоўным чынам боепрыпасы, на заходні бераг Дняпра».

У школьным музеі захоўваецца ўзнагародная планка Мікалая Сташэка і ўзнагародны ліст Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні яму высокага звання. Цікавасць уяўляюць лісты ад сваякоў удзельнікаў вызвалення Камарыншчыны — нягледзячы на адсутнасць высокіх узнагарод, яны ўсе з’яўляюцца героямі. На камарынскай зямлі многія з іх знайшлі спачын. Блізкія некаторых удзельнікаў вызвалення на працягу многіх гадоў трымалі сувязь з Камарынскай сярэдняй школай, якая свята беражэ памяць аб іх родзічах. Гэта яны падарылі музею лісты з фронту, сямейныя альбомы. Унучка загінулага Паўла Кірылава, якая працуе ў Цэнтральным архіве Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, перадала ў экспазіцыю каштоўныя дакументы: спісы расстраляных, замучаных у гады акупацыі мясцовых жыхароў, іншыя архіўныя звесткі, звязаныя з генацыдам насельніцтва Камарынскага раёна.

Жыццё населенага пункта пад акупацыяй таксама прадстаўлена ў музейнай экспазіцыі. Асаблівая ўвага ўдзяляецца настаўнікам Камарынскай сярэдняй школы, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. Дарэчы, сёлета навучальная ўстанова адсвяткавала 160 гадоў з дня свайго заснавання.

На заходнім беразе

Баі на Дняпры і яго ўзбярэжжы былі вельмі напружаныя. Рака стала адной з найбольш істотных перашкод на шляху наступлення Чырвонай Арміі. Ускладнялі сітуацыю сур’ёзныя абарончыя збудаванні, створаныя фашыстамі ўздоўж заходняга берага. Страты — як з аднаго боку, так і з другога — былі вялізныя…

З успамінаў Мікалая Сташэка: «Выявіўшы пераправу 8-й і 74-й стралковых дывізій, праціўнік у другой палове дня кінуў супраць нашага корпуса вялікую колькасць авіяцыі, якая да наступлення цемры групамі па 9–12 самалётаў Ю-88 і Ю-87 бамбардзіравала месцы перапраў, войскі, засяроджаныя на пераправах, і часці, якія пераправіліся праз Днепр. На працягу дня перадавыя атрады дывізіі дбілі некалькі контратак праціўніка з вялікімі для яго стратамі і настойліва працягвалі фарсіраванне ракі і пашырэнне плацдарма».

Адначасова са спробамі з дапамогай масіраваных авіяўдараў стрымаць імклівае наступленне Чырвонай Арміі гітлераўцы рабілі намаганні атакаваць нашы войскі танкамі і пяхотай. Безвынікова — удзельнікі фарсіравання Дняпра мужна выконвалі пастаўленыя задачы. Вялікую дапамогу чырвонаармейцам аказвалі партызаны і мясцовае насельніцтва вызваленых абласцей Украіны. Яны паказвалі найбольш зручныя месцы для пераправы праз раку, дапамагалі будаваць дарогі праз лясы і балоты, разам з ваеннаслужачымі змагаліся за авалоданне і ўтрыманне плацдармаў.

З успамінаў Данііла Шышкова, Героя Савецкага Саюза, былога камандзіра 229-га стралковага палка 8-й стралковай дывізіі: «Да таго часу нікому з нас яшчэ не даводзілася пераадольваць такую шырокую раку пад агнём. Мы пачалі фарсіраваць без артылерыйскай падрыхтоўкі. Разлік быў на нечаканасць. Нам не было відаць, як першыя плыты і лодкі дасягнулі берага. Усё адбывалася ў цішыні. Першым групам удалося пераправіцца. Стрэлы пачуліся, калі байцы пайшлі на штурм варожых умацаванняў. На рацэ пачалі рвацца варожыя снарады, узнімаючы слупы вады і агню, у паветры павіслі ракеты, асвятляючы бярвенні, дошкі, бочкі, барты лодак. Услед за штурмавымі групамі ўвесь полк перайшоў да фарсіравання Дняпра. Стралялі проста з плытоў, саскоквалі з іх, яшчэ не дасягнуўшы берага, хапаючыся за кусты, камяні, узбіраліся на кручу. Ночы былі ўжо халодныя, вада апякала, але ніхто з нас не заўважыў гэтага. Наперад, толькі наперад! У гэтым баі ўсе былі героямі».

Былой настаўніцы гісторыі, а потым дырэктару Камарынскай сярэдняй школы, заснавальніцы школьнага музея Валянціне Чаховіч неаднойчы даводзілася сустракацца са сведкамі падзей верасня 1943 года. Яны расказвалі, што вызваліцеляў сустракалі з вялікай радасцю, — такім шчаслівым мясцовае насельніцтва яшчэ ніхто не бачыў. «Жыхары Камарына, якія перажылі акупацыю, згадвалі, што некаторыя настолькі былі натхнёныя подзвігамі чырвонаармейцаў, што самастойна далучаліся да рэгулярных войскаў, — заўважае ветэран працы. — Сярод іх было і нямала непаўналетніх. За вызваліцелямі таксама пайшлі хлопцы Фёдар і Мікалай Петрусевічы».

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР званне Героя Савецкага Саюза было прысвоена 203 воінам 13-й арміі за паспяховае фарсіраванне Дняпра і замацаванне плацдармаў на правабярэжжы. У ліку адзначаных найвышэйшым званнем воінскай доблесці былі і 94 салдаты, сяржанты і афіцэры 15-га стралковага корпуса, які вызваляў Камарыншчыну. Шасцёра з іх пахаваны ў Камарыне — іх месцам спачыну стала брацкая магіла. Усяго вечным сном там спяць 957 воінаў-вызваліцеляў.

Месцы смутку і памяці

Брацкая магіла, якую вянчае чырвонаармеец з граніту (схіліўшы галаву, ён стаіць на п’едэстале, у руках трымае каску і вянок), — не адзінае месца ўвекавечання подзвігу вызваліцеляў Камарынскага раёна. Толькі ў гарадскім пасёлку — тры месцы смутку і памяці. Разам са школьнікамі каля кожнага з іх пабывалі і карэспандэнты «Звязды».

Помнік у гонар воінаў-вызваліцеляў у Камарыне быў устаноўлены ў 1976 годзе. Стэла з гарэльефнымі выявамі савецкіх воінаў і партызан увекавечвае подзвіг войскаў 15-га стралковага корпуса 13-й арміі Цэнтральнага фронту, якія фарсірававалі раку Днепр і 23 верасня 1943 года вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў гарадскі пасёлак Камарын, вёскі Новая Іолча і Бярозкі — першыя населеныя пункты Беларусі. Больш падрабязна аб гэтым памятным месцы можна даведацца дзякуючы таблічцы з QR-кодам, устаноўленай тут у межах праекта «Лічбавая зорка».

Да 75-годдзя вызвалення гарадскога пасёлка быў створаны сучасны мемарыяльны комплекс, які ўвекавечвае гераізм воінаў-вызваліцеляў. У яго эпіцэнтры — абеліск. На мемарыяльных шыльдах — інфармацыя аб падзеях верасня 1943 года. Побач знаходзіцца пляцоўка з ваеннай тэхнікай, якая асабліва прыцягвае дзяцей.

Памятныя месцы ёсць практычна ў кожнай вёсцы былой Камарыншчыны. Савецкія войскі фарсіравалі Днепр у розных месцах — на кожным участку былі свае героі. Іх імёны ўвекавечаны ў помніках, абелісках, брацкіх магілах, адзіночных пахаваннях.

Моцныя баі ішлі ў кастрычніку-лістападзе 1943 года ў раёне населеных пунктаў Старая Іолча, Ніўкі, Вялле, Галкі і Асарэвічы. Забітых байцоў хавалі, дзе прыйдзецца. Толькі пасля вайны астанкі чырвонаармейцаў сабралі і перапахавалі ў брацкай магіле ў вёсцы Галкі. Удзячныя нашчадкі ўстанавілі помнік, унеслі на мемарыяльныя пліты імёны тых, чые асобы ўдалося ўстанавіць. На цяперашні момант (а падпахаванне астанкаў чырвонаармейцаў ажыцяўляецца дагэтуль) вядомы імёны 670 байцоў. З іх — шасцёра Герояў Савецкага Саюза.

Дзякуючы намаганням старшыні Новаіялчанскага сельскага Савета Сяргея САРЫЧАВА сцяжынка да брацкай магілы ў вёсцы Галкі не зарастае

Да гэтага часу камарынская зямля захоўвае нямала таямніц. У 2019 годзе ў ходзе гістарычных пошукаў ва ўрочышчы Малы Бор мясцовымі краязнаўцамі было выяўлена няўлічанае пахаванне салдат. «Дзякуючы дакументам удалося ўстанавіць, што гэтыя 24 чырвонаармейцы памерлі ад ран у кастрычніку 1943 года, — расказвае старшыня Новаіялчанскага сельскага выканаўчага камітэта Сяргей Сарычаў. — Інфармацыя пацвердзілася, каля да палявых пошукавых работ прыступілі байцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна. У 2020 годзе адбылася цырымонія перапахавання астанкаў — яны знайшлі спачын у брацкай магіле ў Камарыне. Дагэтуль знаходзім астанкі вызваліцеляў, перазахоўваем, імкнёмся ўстанавіць іх асобы».

Да 80-годдзя гібелі 24 чырвонаармейцаў на месцы, дзе яны былі першапачаткова пахаваны, установяць памятны камень. На спецыяльнай таблічцы ўвекавечаць імёны ўсіх загінулых.

«Як расказвала мая бабуля, тут усё — ад Нівак да Галак — было ўсеяна трупамі, — кажа старшыня сельскага Савета. — Партызаны разам з мясцовымі жыхарамі іх збіралі і хавалі. У зямлю клалі ўсіх: і рускіх, і немцаў. Удзельнічалі ў гэтым і мая бабуля-партызанка, мой дзядуля, які з’яўляўся камандзірам разведкі партызанскага атрада Мікалая Таранушчанкі».

Брацкая магіла знаходзіцца ў вёсцы Галкі, каля якой восенню 1943 года разгарнуліся жорсткія баі. Інфармацыя на помніку сведчыць, што тут пахавана 670 чалавек, у тым ліку сем Герояў Савецкага Саюза. Звыш 150 прозвішчаў нанесена на мемарыяльныя пліты.

Брацкае пахаванне ёсць і ў вёсцы Асарэвічы. Тут, каля абеліска «Вечнай славы героям, загінулым у баях за свабоду і незалежнасць нашай радзімы», у тым ліку знайшлі апошні прытулак Героі Савецкага Саюза Міхаіл Уласаў, камсамольцы-антыфашысты Алена Бялевіч і Міхаіл Сіманенка. Памяць аб гэтых адважных людзях захоўваецца ў ваенным музеі, размешчаным у Асарэвіцкім доме народнай творчасці. Насупраць — помнік аднасяльчанам (жыхарам вёсак Асарэвічы, Галкі і Вялле), якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Схіліўшы галаву, стаяць на пастаменце савецкі воін і дзяўчынка-падлетак — сцяжынка да помніка ніколі не зарастае.

Помнік аднавяскоўцам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у вёсцы Асарэвічы

Помнік на брацкай магіле ў Камарыне, дзе вечным сном спяць 957 воінаў-вызваліцеляў

— У раёне праводзіцца вялікая работа па захаванні памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, — звяртае ўвагу начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брагінскага райвыканкама Сяргей Даўгулявец. — На тэрыторыі Брагіншчыны знаходзіцца 48 помнікаў воінскай славы, 28 пахаванняў ахвяраў вайны. З першага верасня ў адной са школ райцэнтра арганізаваны ваенна-патрыятычны клас — і гэта толькі пачатак работы ў гэтым кірунку. Пры школах створана 11 атрадаў юных міратворцаў: дзеці выхоўваюць сваіх равеснікаў у духу патрыятызму, дапамагаюць ветэранам і людзям, якія да іх прыраўноўваюцца, удзельнічаюць у вахтах памяці, іншых патрыятычных мерапрыемтвах. Летась за кошт сабраных насельніцтвам раёна сродкаў правялі капітальны рамонт з элементамі рэканструкцыі помніка ахвярам фашызму і памяці спаленых вёсак, размешчанага ў Брагіне. Усе мерапрыемствы, звязаныя з захаваннем памяці аб ваенных падзеях, ушанаваннем іх удзельнікаў, праводзяцца выключна з адной мэтай — каб і далей у нашай краіне панаваў мір, каб цяперашнія і будучыя пакаленні памяталі гісторыю і ведалі праўду.


Шлях ад Камарына да Брагіна — усяго нейкія 50 кіламетраў. Аднак у 1943 годзе гэту адлегласць, якую на машыне мы праехалі за паўгадзіны, вызваліцелі пераадольвалі доўгія два месяцы. Брагін, які цяпер з’яўляецца цэнтрам раёна, быў вызвалены толькі 23 лістапада 1943 года — роўна праз два месяцы пасля вызвалення Камарына.

За два гады акупацыі ў Брагінскім і Камарынскім раёнах фашысты знішчылі больш як 3,5 тысячы мірных грамадзян, яшчэ каля шасці тысяч жыхароў суседніх раёнаў. Каля трох тысяч грамадзян у прымусовым парадку былі вывезены на катаржныя работы ў Германію або іншыя акупаваныя ёю краіны.

За вяртанне да мірнага жыцця была заплачана вельмі высокая цана. Аб гэтым на сучаснай Брагіншчыне памятаюць у кожным населеным пункце. Тут па-асабліваму адчуваецца ўвесь боль, які перажылі нашы продкі 80 і больш гадоў таму. Няма ўжо тых, хто з першых вуснаў мог бы расказаць, як тое было. Адзін толькі маўклівы Днепр — сёння такі ціхі і спакойны — нясе ў сваіх водах падзеі восені 1943 года.

Вераніка КАНЮТА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Брагінскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.