Вы тут

Палітычная вага - Яе не хапае беларускім партыям


У суботу, 21 верасня, падчас урачыстага сходу, прысвечанага 20-годдзю Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (РППС), паміж ёю і партыямі «Справядлівая Расія»(РФ) і «Бірлік» (Казахстан) быў падпісаны мемарандум аб стварэнні саюза палітычных партый сацыялістычнага і сацыял-дэмакратычнага кірунку краін Мытнага саюза і Еўразійскай эканамічнай прасторы. Згодна з задумкай палітыкаў, асноўнай мэтай гэтага міжнароднага трохпартыйнага блока будзе падтрымка інтэграцыйных працэсаў, прасоўванне і давядзенне сацыял-дэмакратычных прынцыпаў развіцця да ведама кіраўніцтва краін, а таксама распрацоўка сумеснай стратэгіі падчас удзелу ў працы структур міжнароднай сацыял-дэмакратыі кшталту Сацінтэрна. Гэты крок — перспектыўная заяўка на стварэнне моцнага полюса беларускай левай ідэалогіі і замацаванне РППС у якасці яе прадстаўніка на міжнароднай арэне.

1379972289377_555

 

Такая актывізацыя РППС звязана не толькі з круглай датай, але і з рэаліямі сучаснага палітычнага жыцця, у тым ліку і з міжнароднай сітуацыяй. Справа ў тым, што працэсы еўразійскай інтэграцыі, у якіх бярэ актыўны ўдзел і наша краіна, прадугледжваюць стварэнне наднацыянальнай парламенцкай асамблеі, куды кожная краіна павінна будзе дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў. У такіх умовах вага палітычных партый, якія маюць выразную ідэалагічную афарбоўку і сур'ёзных знешніх партнёраў, можа значна ўзрасці, і не толькі ў якасці фактара ўнутранай палітыкі, але і як значных знешнепалітычных суб'ектаў, што працуюць з пазіцый т.зв. «грамадскай дыпламатыі», то бок праваднікоў палітыкі «мяккай сілы» сваёй краіны. Менавіта падобныя думкі пра ролю партый у сучасных міжнародных адносінах агучыла падчас святочнага мерапрыемства РППС намеснік старшыні «Справядлівай Расіі» Таццяна Маскалькова

.

У гэтай сітуацыі, асабліва калі разглядаць партыі як рэальны складнік знешняй палітыкі, трэба ўважліва паглядзець на сучасны партыйны патэнцыял Беларусі, у тым ліку ў параўнанні з нашымі асноўнымі партнёрамі — Расіяй і Казахстанам. Бо зразумела, што працэсы інтэграцыі, разам з некаторай уніфікацыяй эканамічнага жыцця і правіл гаспадарання, запатрабуюць і адноснага адзінства палітычнага працэсу. Пры тым, калі разглядаць сацыяльна-эканамічную рэальнасць, то беларуская дзяржава выглядае больш упарадкаванай і справядлівай у параўнанні з партнёрамі, але калі звярнуцца да аналізу ўзроўню развіцця публічнай палітыкі, то тут ёсць пытанні.

У Беларусі сёння афіцыйна зарэгістравана аж 15 палітычных партый рознай ідэалагічнай скіраванасці — ад камуністаў да нацыяналістаў, аднак грамадская вага іх зусім невялікая. Згодна з апытаннем, праведзеным Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі, палітычным партыям давяраюць усяго 9% рэспандэнтаў, а не давяраюць 39%, рэйтынг усіх партыйных структур знаходзіцца ў межах статыстычнай памылкі. Найбольш высокім рэйтынгам (1,3%) можа пахваліцца Ліберальна-дэмакратычная партыя, а найбольш нізкі (0,1) — у Рэспубліканскай партыі.

Кіраўнік Інстытута сацыялогіі, доктар палітычных навук Ігар Катляроў лічыць, што «інстытут палітычных партый на Беларусі імкліва дэградуе, партыі перажываюць крызіс даверу, крызіс лідарства і крызіс ідэалагічнай ідэнтычнасці». Думка Ігара Катлярова ў цэлым супадае з ацэнкамі беларускага палітычнага жыцця, якую даюць іншыя айчынныя і замежныя эксперты. Адэкватнасць гэтай пазіцыі чарговы раз пацвердзілі вынікі выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2012 годзе. З 110 абраных дэпутатаў усяго толькі 5 чалавек носяць у кішэні партыйныя білеты, прытым што, згодна з Выбарчым кодэксам, працэдура вылучэння партыйнага кандыдата больш простая і дазваляе пазбегнуць этапу збору подпісаў грамадзян.

Падобныя вынікі абумоўлены асаблівасцямі развіцця беларускага грамадства і дзяржавы ў перыяд з другой паловы 90-х да пачатку 2000-х гадоў: пасля краху савецкай сістэмы і перыяду крыклівага палітычнага папулізму першых гадоў незалежнасці беларускі электарат у большасці страціў цікавасць да публічнай палітыкі. На выбарах насельніцтва больш ахвотна аддае перавагу кандыдатам, абазнаным у пытаннях гаспадаркі, а не палітычным харызматыкам. Такая сацыяльная тэндэнцыя не магла не адбіцца на фарміраванні дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да палітычных партый: ва ўмовах адсутнасці грамадскіх запатрабаванняў ніякіх асаблівых захадаў у напрамку падтрымкі партыйнага будаўніцтва не прымалася. У выніку партыі прадзяржаўнага кірунку амаль спыніліся ў сваім развіцці, а апазіцыйныя структуры дэградавалі да ўзроўню дысідэнцкага руху, цалкам залежнага ад знешніх донараў. Фактычна на Беларусі склалася апартыйная палітычная сістэма ва ўмовах існавання 15 разнастайных партый.

Магчыма, такая сістэма і адпавядае сучаснай волі і ўзроўню палітычнай культуры беларускага народа, аднак цалкам дысаніруе з сітуацыяй у нашых партнёраў па Мытным саюзе. У Расіі і Казахстане дзейнічае прапарцыянальная выбарчая сістэма: казахскі Мажыліс сфарміраваны на трохпартыйнай аснове, у расійскай Дзяржаўнай Думе прадстаўлены чатыры партыі.

Не выключана, што на падставе некаторага падабенства ідэалогій і інтарэсаў казахскія і расійскія парламентарыі хутчэй дамовяцца паміж сабой у будучым еўразійскім парламенцкім органе, а беларускія дэлегаты могуць апынуцца перад фактам, які ўжо адбыўся.

Можа атрымацца, што пасля значных поспехаў ва ўнутраным дзяржаўным будаўніцтве, Беларусь не здолее адстаяць уласныя пазіцыі ў міждзяржаўных структурах і будзе вымушана прыняць чужыя правілы.

Таму айчынным дэпутатам, акрамя майстэрства гаспадарыць, трэба засвойваць і навыкі палітыкі, а таксама вызначацца з ідэалагічнымі прыярытэтамі. Відавочна, што некаторыя рашэнні ў напрамку развіцця інстытута палітычных партый мусіць прыняць і дзейная ўлада.

Да таго ж 63 дэпутацкія мандаты ў Палаце прадстаўнікоў належаць рэспубліканскаму грамадскаму аб'яднанню «Белая Русь», а пытанне аб партыйнай інстытуцыяналізацыі гэтай структуры дагэтуль канчаткова не вырашана.

Нас, беларусаў, часта крытыкуюць за тое, што мы маем цалкам прывабную краіну, але не працуем над уласным іміджам; маем унікальныя тэхналогіі і ўмеем вырабляць якасную прадукцыю, але не ўмеем яе прадаваць. Вельмі не хочацца, каб і ў палітыцы ды інтэграцыі Беларусь паўтарыла тыя ж памылкі. Час дыктуе нашай дзяржаве і грамадству неабходнасць стварэння якаснай партыйнай сістэмы, ідэалагічна разнастайнай, але адзінай па базавых каштоўнасцях, стрыжнем якіх мусіць быць суверэннае развіццё Рэспублікі Беларусь.

Аляксандр ШПАКОЎСКІ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.