Вы тут

Дзе хлеб — там і песня


Дэлегацыя Мінскай вобласці на чале з губернатарам Барысам Батурам возьме ўдзел у рэспубліканскім фестывалі — кірмашы працаўнікоў сяла «Дажынкі-2013» у Жлобіне. Гэта лепшыя механізатары, камбайнеры, аператары сушыльнай гаспадаркі, кіраўнікі сельгасарганізацый, спецыялісты, інжынеры, аграномы.

1380232167382_1

З якімі вынікамі цэнтральны рэгіён краіны сустракае свята, гутарка з першым намеснікам старшыні Мінаблвыканкама Васілём АКУЛІЧАМ.

1380232169917_2

— Васіль Іванавіч, дык які ўнёсак Міншчыны ў агульны каравай?
— Міншчына ў лідарах сярод іншых абласцей па валавым зборы збожжавых і зернебабабовых — 1 млн 684 тыс. тон пры сярэдняй ураджайнасці 36 цэнтнераў з гектара (па краіне — 7 млн 245 тыс. тон). У параўнанні з мінулым годам недаатрымалі каля 600 тыс. тон. Але недабор будзем імкнуцца перакрыць зернем кукурузы. Сёлета, дарэчы, яна парадавала добрым ураджаем. Уборку кукурузы на зерне ўжо вядуць паўднёвыя раёны вобласці. Ураджайнасць складае звыш 77 цэнтнераў з гектара пры леташняй 56 цэнтнераў з гектара. Зыходзячы з гэтага, плануем намалаціць амаль удвая больш зерня — на ўзроўні 500 тыс. тон. У той жа час летась валавы збор «царыцы» палёў склаў 320 тон.

— Як кажуць, чалавек — цар прыроды. Але саўладаць з яе капрызамі пакуль не ў сілах. Сёлета надвор'е асабліва паказала свой нораў. Як гэта адбілася на якасці пасеваў, ураджайнасці?
— Вельмі многае ў сельскай гаспадарцы залежыць ад надвор'я. Праца ў вёсцы, пад адкрытым небам — гэта не тое, што стаяць пад дахам за станком, дзе вялікае значэнне мае толькі асабістая адказнасць, чалавечы фактар. Сёлета была вельмі суровая і працяглая зіма, якая канчаткова скарылася, саступіла толькі ў канцы красавіка. На плошчы 50 тыс. гектараў азімыя культуры загінулі — давялося перасяваць. Калі ў мінулыя гады паўднёвыя раёны вобласці пачыналі сеяць яравыя ў канцы сакавіка, то сёлета прыступілі да сяўбы толькі ў маі ці напрыканцы мая. Усё гэта адбілася і на ўрадлівасці палеткаў.
Разам з тым, скажу, што да пасяўной хлебаробы вобласці падрыхтаваліся на адпаведным узроўні. Да 10 ліпеня была падрыхтавана ўся збожжаўборачная тэхніка, якой у вобласці дастаткова. Уся яна практычна новая, пачынаючы ад трактароў айчыннай вытворчасці і камбайнаў і заканчваючы пасяўнымі агрэгатамі. Такога не было і ў савецкі час. Напрыклад, толькі трактароў налічваецца звыш тысячы. Нагрузка на адзін склала каля 1 гектара. Дзякуючы новай сучаснай тэхніцы практычна не ўзнікае пытанняў па якасці сяўбы. Згадайце былыя часы, калі на аднаго механізатара прыпадала некалькі кантралёраў, якія літаральна хадзілі за трактарам МТЗ 32 з прычапным абсталяваннем. Цяпер у нас выкарыстоўваюцца камбінаваныя глебаапрацоўчыя агрэгаты. Няма праблем і з забеспячэннем камбайнамі, уся тэхніка гомельскай вытворчасці працуе добра. Асаблівая ўвага была нададзена і кадраваму забеспячэнню на перыяд уборкі. Недахоп механізатараў і камбайнераў быў запоўнены за кошт прыцягнення на жніво работнікаў прамысловых прадпрыемстваў, выпускнікоў і практыкантаў навучальных устаноў адпаведнага профілю.

— Але сярэднюю ўраджайнасць па вобласці можна, вобразна кажучы, параўнаць з сярэдняй тэмпературай па бальніцы, Васіль Іванавіч. Хтосьці спрацаваў на «выдатна», а нехта — слабей.
— Па выніках уборкі ўраджаю Нясвіжскі раён выйшаў пераможцам спаборніцтва сярод раёнаў вобласці. Праўда, вынік ніжэйшы, чым у мінулым годзе, але, разам з тым, тут сабралі 134 тысячы 260 тон збожжавых і зернебабовых. Гэта трэці вынік за ўсю гісторыю Нясвіжскага раёна. Сярэдняя ўраджайнасць па раёне склала 60,1 цэнтнера з гектара. Статысячную мяжу пераадолелі Слуцкі раён (147 тыс. тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 41,3 ц/га), Мінскі раён (135 тыс. тон, ураджайнасць 47,1 ц/га). Гэта больш магутныя раёны, дзе развіта культура земляробства і дзе больш высокі бал зямлі і ўрадлівыя глебы.
Пяць гаспадарак вобласці перавысілі ўраджайнасць у 60 цэнтнераў з гектара: СВК «Новае жыццё», «Агракамбінат Сноў», СВК «17 верасня» Нясвіжскага раёна, ААТ «Гастэлаўскае» Мінскага і філіял «Праўда-Агра» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» Дзяржынскага раёна. Па 50 цэнтнераў з гектара і больш атрымалі звыш 30 гаспадарак, 40 і больш — 49 сельгаспрадпрыемстваў.

— Сёлетняе жніво вылучыла сваіх тысячнікаў. Хто яны?
— Пералічыць прозвішчы ўсіх немагчыма, паколькі 475 экіпажаў камбайнаў намалацілі звыш 1 тыс. тон збожжа. На рахунку 29 экіпажаў — больш за 2 тыс. тон. Тры атрымалі больш за 3 тыс. тон. А вось 4-тысячнага рубяжа дасягнуў толькі камбайнер унітарнага прадпрыемства «Агракамбінат Ждановічы» Мінскага раёна Міхаіл Саладуха. Варта дадаць, што летась ён быў адзіны, хто сабраў звыш 7 тыс. тон збожжа. Але і ўраджайнасць тады была значна вышэйшай. Думаю, у наступным годзе ён здолее перакрыць былы рэкорд.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.