Вы тут

З якімі цяжкасцямі даводзіцца сустракацца дзяўчыне-альбіносу?


Белыя валасы, бясколерныя вейкі, бледная скура — вось адметныя рысы альбіносаў. Дваццацівасьмігадовая Кацярына Цімашэнка са Жлобіна не па чутках ведае, як гэта — быць выдатным лебедзем, нават калі часам на цябе глядзяць, нібы на белую варону. А пра тое, як прыняць сябе, якія плюсы ёсць у альбінізме, з якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца з-за такой асаблівасці, мы даведаліся ў нашай гераіні.


— Мае бацькі думалі, што я звычайнае дзіця, проста з вельмі светлай скурай. У той час не шмат інфармацыі было пра альбіносаў, таму мама даведалася пра тэрмін «альбінізм» і яго наяўнасць у мяне толькі тады, калі мне афіцыйна паставілі такі дыягназ пасля генетычнага тэста ў Гомелі. Аднак тое ніяк не паўплывала на маё шчаслівае дзяцінства. Цяжкасці ўзнікалі хіба што падчас паездак з сям’ёй на мора. Я не магла цэлы дзень знаходзіцца на пляжы, купацца і хадзіць кудысьці, заўсёды трэба было намазвацца крэмам, абнаўляць яго, плаваць у адзенні…

У падлеткавым узросце наша гераіня сутыкнулася з праблемай выбудоўвання кантакту з аднагодкамі. Гадоў з адзінаццаці-дванаццаці пачалі з’яўляцца негатыўныя каментарыі ў бок Кацярыны. Яна прызнаецца, што ўжо не жадае ўспамінаць тыя словы.

— Разам з праявамі булінгу ў падлеткавым узросце я на ўсё жыццё запомню словы аднаго хлопца. Аднойчы мяне абразілі мае аднагодкі, і ён сказаў ім: «Яна вырасце і стане выдатным лебедзем, за якім вы яшчэ будзеце бегаць, сціраючы свае ногі і аббіваючы парогі яе дома». Так і здарылася, бо пасля тыя людзі хацелі быць са мной побач.

Прыняць сябе і сваю ўнікальную знешнасць Кацярына не магла дастаткова доўга. Пачынаючы са школьных часоў яна фарбавала вейкі і бровы. Працягвалася гэта прыкладна да трэцяга курса медыцынскага ўніверсітэта.

— Мне даводзілася ўставаць вельмі рана, каб паспець нафарбавацца перад парамі. Праз першыя два месяцы вучобы ва ўніверсітэце мая сяброўка, а тады яшчэ аднагрупніца, якая фарбавалася ў блонд, прызналася мне, што ўвесь гэты час назірала за мной і чакала, калі ж у мяне ўжо адрастуць карані валасоў. Яна думала, быццам я іх фарбую, уяўляеце? І толькі праз два месяцы цесных зносін зразумела, што я альбінос. Настолькі добра я «маскіравалася» (смяецца).

Сям’я і блізкія людзі нашай гераіні не падтрымлівалі яе імкнення наносіць на сябе ўвесь час макіяж і пастаянна казалі ёй: «Каця, ты і так цудоўная!» Але дзяўчына ў гэта не верыла і працягвала «хаваць» сваю знешнасць пад касметыкай.

— Прыняць саму сябе мне дапамагла выпадковая сустрэча з фатографам на вяселлі маёй сястры. Яму спадабалася мая знешнасць (дарэчы, я была нафарбаваная), і ён запрасіў мяне на здымку. З задавальненнем прыняла прапанову і перад здымкай пазнаёмілася з візажыстам, якая аказалася вельмі мілай дзяўчынай і проста не стамляючыся паўтарала, наколькі я прыгожая і ўнікальная без касметыкі. І яна прапанавала мне зрабіць яшчэ адну фотасесію з іншым фатографам, але ўжо без макіяжу. Тады я нават адрошчвала бровы, каб яны былі майго белага колеру, і вынік адназначна быў таго варты. Класныя фатаграфіі і прыняцце сябе — што можа быць лепш?!

Пасля гэтай гісторыі Кацярына спрабавала сябе ў ролі мадэлі, і гэта, безумоўна, ёй спадабалася. Дзяўчыне прыходзіла шмат прапаноў, але з-за невысокага росту яна не змагла гэтым займацца на прафесійным узроўні. Цяпер Каця здымаецца значна менш, а большую частку часу аддае свайму прафесійнаму блогу.

— Калі я жыла ў маленькім горадзе і была школьніцай, можна сказаць, у мяне «тыкалі пальцам». У Мінску таксама шмат людзей абарочваліся на мяне, глядзелі ўслед, і я была нібы ў цырку, толькі не ў ролі гледача. Звяртаюць увагу і цяпер. Напрыклад, калі была ў Барысаве на адпрацоўцы, я выйшла ў краму, і мужчына, гледзячы прама на мяне і паказваючы сваёй жонцы, сказаў: «Ого, паглядзі, якая белая». Мне нават давялося зрабіць яму заўвагу. А мая сяброўка, гуляючы са мной, заўсёды жартам кажа: «Цікава, на нас усе глядзяць, таму што ты белая ці я прыгожая?»

Альбіносы паміраюць у 30 гадоў. Гэта, напэўна, самая шакавальная памылка, якую чула наша гераіня. Такая сярэднестатыстычная лічба ўзнікла з-за таго, што большасць альбіносаў нараджаюцца ў афрыканскіх краінах. А там яны да гэтага часу лічацца магічнымі істотамі, якіх могуць забіць. І таму сярэдняя працягласць жыцця альбіносаў вельмі малая.

— Мне пашанцавала, бо вялікіх праблем са здароўем, у прыватнасці са зрокам, як у іншых альбіносаў, не маю. Я паступіла ў медыцынскі, стала стаматолагам і нават здала на правы. У мяне першапачаткова быў вельмі добры зрок, але падчас вучобы ён пачаў падаць з-за нагрузкі. Адзінае, што мяне непакоіць, маё вочнае дно не ўтрымоўвае пігмента, таму вочы не абаронены. Па-добраму на вуліцы мне трэба заўсёды насіць сонцаахоўныя акуляры, але я гэта раблю толькі пры яркім сонцы, у снегапад альбо ў моцны туман. Ёсць яшчэ адна праблема (яна існуе ва ўсіх альбіносаў) — гэта вітамін D. Мы не можам доўга знаходзіцца на сонцы, таму гэты вітамін не засвойваецца. А паколькі не так даўно была даказаная яго эфектыўнасць, нам трэба ўвесь час яго дадаткова прымаць. Ну і загар — балючая тэма. Круглы год я карыстаюся крэмамі з SPF. Абгараю я вельмі хутка. Хапае 30 хвілін на сонцы — і я ўжо чырвоная. Адзін раз нават быў выпадак, калі мы з сябрамі нядоўга пабылі на возеры, а пазней у мяне паднялася тэмпература пад 40 і з’явіліся пухіры на спіне.

Нягледзячы на сваю незвычайную знешнасць, наша гераіня ў першую чаргу цудоўная дзяўчына. І, вядома ж, эксперыменты са знешнасцю не абышлі яе бокам. На адным модным паказе ёй затаніравалі валасы ружовым колерам. Абяцалі, што той хутка вымыецца, але пігмент сыходзіў з валасоў доўга, і нават прыйшлося вымываць яго ў салоне. Таму той, хто думае, што на альбіносах не трымаецца фарбавальнік, памыляецца.

— Альбіносы, як кітайцы, усе на адзін твар. Але гэта нават не памылка, а чалавечая бестактоўнасць. Часта здаралася такое, што фатографу для здымкі патрэбен быў альбінос. У Мінску ёсць некалькі чалавек з такой генетычнай асаблівасцю. І вось калі адзін не згаджаўся, то запрашалі іншага. Значыць ім без розніцы, які ў мяне тыпаж, вобраз і што я за чалавек. Для іх мы ўсе, нібы на адзін твар. Мне гэта вельмі не падабаецца, бо кожны з нас — асоба са сваёй гісторыяй. 

І ўвогуле кожны чалавек індывідуальны. 

Галоўнае — памятаць пра гэта, прымаць і любіць сябе такім, які ты ёсць.

Ангеліна НОВІКАВА

Фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.