Вы тут

Захаваць Украіну


Беларусь у пэўным сэнсе з'яўляецца ўнікальнай краінай як на постсавецкай прасторы, так і ў Цэнтральнай Еўропе. У адрозненне ад суседзяў, ва ўласнасці дзяржавы тут удалося захаваць магутны комплекс прамысловых актываў, што выгадна падкрэслівае адметнасць беларускай мадэлі на фоне штучнай дэіндустрыялізацыі рэгіёна.
Прамысловая, экспартна арыентаваная сістэма беларускай эканомікі вымушае айчынную дыпламатыю і менеджмент шукаць рынкі збыту для беларускай прадукцыі літаральна па ўсім свеце. Сумесныя маштабныя праекты з далёкімі Катарам ці Венесуэлай не зусім стасуюцца з іміджам «маленькай рахманай краіны ў цэнтры Еўропы», але беларуская дзяржава на самой справе ніколі і не была такой: воблік Беларусі быў распрацаваны яшчэ савецкімі тэхнакратамі і геапалітыкамі, што бачылі нашу краіну як «зборачны цэх Саюза», індустрыяльны цэнтр рэгіёна. Сучасная беларуская палітыка прадугледжвае далейшае развіццё прамысловасці ў якасці імператыву суверэннага праекта, а мадэрнізацыя айчыннага індустрыяльнага патэнцыялу — асноўная задача беларускай дзяржавы і грамадства на бліжэйшыя 5—10 гадоў.
Беларускія тэхналагічна-прамысловыя магчымасці вабяць партнёраў з розных куткоў свету, што традыцыйна шырока асвятляецца сродкамі масавай інфармацыі. Аднак сярод кірункаў прамысловай кааперацыі, эканамічнага супрацоўніцтва і знешняй палітыкі Беларусі заўжды быў вектар, які, няглядзячы на сваё стратэгічнае значэнне і безумоўныя поспехі, знаходзіць незаслужана мала месца ў паведамленнях журналістаў ды матэрыялах, прысвечаных эканамічнаму і палітычнаму аналізу.
Гаворка ідзе пра беларуска-ўкраінскія адносіны, асабліва ў кантэксце эканамічнага супрацоўніцтва, дзе цягам апошніх гадоў быў здзейснены сапраўдны прарыў. Яшчэ 5 гадоў таму гандлёвыя паказчыкі між Беларуссю і Украінай былі на ўзроўні $1—2 мільярдаў, а зараз ужо маем тавараабарот у $7—8 млрд. Як адзначае пасол Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Міхаіл Ежаль, «гэта далёка не канчатковая мяжа; асноўнай задачай павінна быць павелічэнне гэтых паказчыкаў як мінімум удвая — да $15 млрд ужо ў бліжэйшыя гады». Зацікаўленасць беларускага боку ў нарошчванні экспарту ва Украіну ва ўмовах сусветнага эканамічнага крызісу ды некаторага змяншэння попыту на айчынныя тавары на знешніх рынках — відавочная.
Паводле статыстыкі, падставы для аптымістычных настрояў, безумоўна, ёсць: экспарт беларускіх тавараў ва Украіну ў 2012 годзе вырас на 34% у параўнанні з 2011 годам, а гандлёвае сальда склалася станоўчае ў памерах $3,2 млрд (у 2011 годзе было 2 млрд). Даступныя паказчыкі 2013 года сведчаць аб тым, што пазітыўныя тэндэнцыі ў беларуска-ўкраінскіх гандлёвых адносінах не толькі захоўваюцца, але і назіраецца іх станоўчая дынаміка.
Акрамя таго, высокі патэнцыял маюць супольныя праекты ў галіне прамысловай кааперацыі. Ужо падчас нядаўняга візіту прэм'ер-міністра Украіны Мікалая Азарава паміж міністэрствамі прамысловасці дзвюх краін была падпісана «дарожная карта прамысловага супрацоўніцтва на 2013—2015 гады». Як мяркуе кіраўнік беларускага ўрада Міхаіл Мясніковіч, бакі выйшлі «на вельмі сур'ёзны ўзровень прамысловай кааперацыі», у якой асноўны ўпор плануецца зрабіць на высокатэхналагічныя інавацыйныя праекты. Словы беларускага прэм'ера наглядна ілюструе нядаўняя прэзентацыя беларуска-ўкраінскага верталёта «Мі-8 МСБ», што быў створаны ўкраінскай кампаніяй «Мотор Сич» на пляцоўцы Аршанскага авіярамонтнага завода.
У той жа час, акрамя эканомікі, прамысловай кааперацыі і гандлёвых паказчыкаў, ёсць паміж Беларуссю і Украінай і досыць цікавы палітычны складнік, што абумоўлена як агульнай гісторыяй, так і сучаснымі рэаліямі дзяржаўнага развіцця нашых народаў. Паміж Рэспублікай Беларусь і Украінай ніколі не было сур'ёзных палітычных супярэчнасцяў, аднак знешнія суб'екты палітыкі ўвесь час спрабуюць уцягнуць дзяржавы ва ўласныя канфліктныя схемы. Яшчэ нядаўна некаторыя заходнія палітыкі выкарыстоўвалі Украіну ў якасці пляцоўкі для антыбеларускай актыўнасці, а зараз асобныя паліттэхнолагі ў Крамлі спрабуюць уцягнуць Беларусь у расійска-ўкраінскія супярэчнасці.
Між іншым, украінскі курс у напрамку еўраінтэграцыі і асацыяванага членства ў ЕС з'яўляецца суверэнным выбарам украінскага кіраўніцтва і народа, а ніяк не антырасійскім, а тым больш не антыбеларускім, крокам. Гэты выбар не супярэчыць супрацоўніцтву Украіны з дзяржавамі Мытнага саюза, дзе ўзаемныя гандлёвыя паказчыкі знаходзяцца на ўзроўні $65 млрд. Эканамічны ціск і энергетычны шантаж у дачыненні да Украіны, розныя «абмежавальныя меры» і «санкцыі», на што настройваюць расійскае кіраўніцтва некаторыя «гарачыя галовы», цалкам немэтазгодныя як для эканамічных, так і палітычных інтарэсаў еўразійскай інтэграцыі. Адэпты такіх ідэй забылі рускую мудрасць «насильно мил не будешь», а сваімі непрадуманымі дзеяннямі ды правакацыйнай рыторыкай льюць ваду на млын русафобіі ва Украіне.
Тое, што «абмежавальныя меры» не прымусяць Украіну адмовіцца ад прыярытэтаў абранай знешняй палітыкі, зразумела ўжо зараз, а вось тое, што падобныя неабдуманыя крокі могуць прывесці да страты пазітыўных вынікаў, ужо напрацаваных паміж Украінай ды дзяржавамі МС, відаць, з'яўляецца сакрэтам для асобных «стратэгаў». Між тым, беларускае кіраўніцтва ўжо неаднаразова агучвала найбольш адэкватную праграму дзеянняў Мытнага саюза з улікам курса еўраінтэграцыі Украіны.
Беларусь выступае супраць любых канфліктных рашэнняў у адносінах паміж краінамі МС і ўкраінскім бокам. Наадварот, прапанаваўшы ўкраінскаму кіраўніцтву адмысловую форму супрацоўніцтва з Мытным саюзам, дзяржавы-ўдзельніцы змаглі б не толькі захаваць і ўмацаваць свае пазіцыі ва Украіне, але і набыць дадатковыя магчымасці па прасоўванні ўласных мэт у Еўропе з выкарыстаннем патэнцыялу і вопыту Кіева. Улічваючы ўхваленую Лукашэнкам, Пуціным і Назарбаевым канцэпцыю «інтэграцыі інтэграцый» і неабходнасць стварэння адзінага рынку «вялікай Еўропы ад Лісабона да Уладзівастока», Украіна магла б стаць «першай ластаўкай» збліжэння ЕС і будучага Еўразійскага эканамічнага саюза.
Распрацоўка падобнай «дарожнай карты» для Украіны, уключэнне афіцыйнага Кіева ў працэсы еўразійскай інтэграцыі магло б стаць перспектыўнай геапалітычнай мэтай высокага ўзроўню для беларускай дыпламатыі. Калі аналізаваць тэзісы прамовы Прэзідэнта Беларусі падчас нядаўняй сустрэчы з прэм'ер-міністрам Украіны Азаравым, то падобна на тое, што менавіта такая задача і будзе пастаўлена перад МЗС кіраўніцтвам краіны, асабліва з улікам старшынства Беларусі ў СНД у 2013 годзе.

Аляксандр ШПАКОЎСКІ,


палітычны аналітык.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.