Вы тут

Права выбару


Парадак прыпынення дзейнасці ў сувязі з доглядам дзіцяці да 3 гадоў вызначыць Саўмін

Каментуючы карэспандэнту БЕЛТА ўказ № 462 «Аб некаторых пытаннях назначэння і выплаты дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей», які 9 кастрычніка падпісаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, намеснік начальніка аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына АРЦЁМЕНКА сказала, што мэта ўказа — прадаставіць права прыпыняць дзейнасць у сувязі з доглядам дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў і атрымліваць у гэты перыяд дзяржаўную дапамогу ў поўным памеры індывідуальным прадпрымальнікам, прыватным натарыусам, адвакатам, рамеснікам.

Марына Арцёменка растлумачыла, што з 1 студзеня гэтага года гэтым катэгорыям у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 2012 года «Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей» дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў назначаецца і выплачваецца ў памеры 50 працэнтаў ад устаноўленага. Такі падыход ураўноўвае ўсе катэгорыі занятых асоб — і тых, якія працуюць па найме, і тых, якія ажыццяўляюць іншыя віды дзейнасці. Так, жанчынам, якія працуюць па працоўных дагаворах (кантрактах), у выпадку выхаду маці на работу на ўмовах занятасці больш як палавіны месячнай нормы рабочага часу выплата дапамогі ажыццяўляецца ў памеры 50 працэнтаў. Адпаведна асобам, якія ажыццяўляюць іншыя віды дзейнасці (індывідуальным прадпрымальнікам, прыватным натарыусам, адвакатам, рамеснікам), дапамога ў адпаведнасці з законам таксама назначаецца і выплачваецца ў памеры 50 працэнтаў.
«Паколькі сутнасць дапамогі заключаецца ў кампенсаванні страчанага ў гэты перыяд заработку (даходу), то змяншэнне яго памеру тым, хто нараўне з доглядам дзіцяці займаецца пэўнымі відамі дзейнасці, абгрунтавана, — лічыць прадстаўнік міністэрства. — Паводле даных Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, у мінулым годзе з 3 тыс. 202 індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, па 2 тыс. 225 ІП прадстаўлены даныя падатковых органаў, што пацвярджае факт ажыццяўлення імі дзейнасці. Гэтыя лічбы паказваюць, што ў перыяд догляду дзіцяці каля 70 працэнтаў прадстаўнікоў гэтых катэгорый прадаўжаюць прафесійную дзейнасць».

Разам з тым яны пры ажыццяўленні догляду дзіцяці могуць у гэты перыяд часова не працаваць і не атрымліваць даход. Аднак заканадаўчыя акты не прадугледжвалі механізмаў прыпынення адпаведнай дзейнасці ў сувязі з доглядам дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў па аналогіі з грамадзянамі, якія працуюць па найме і маюць права аформіць сацыяльны водпуск па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гады. Гэта дзейнасць, у прыватнасці, прадпрымальніцкая, магла быць толькі поўнасцю спынена.
«Аналіз шматлікіх зваротаў грамадзян, якія ажыццяўляюць індывідуальную прадпрымальніцкую дзейнасць, прыватную натарыяльную, адвакацкую або рамесную дзейнасць, паказаў, што пытанне прыпынення дзейнасці ў перыяд догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў з'яўляецца актуальным, — сказала Марына Арцёменка. — Улічваючы прынцып сацыяльнай справядлівасці, указам прадастаўлена магчымасць выбару — ажыццяўляць дзейнасць у перыяд догляду малалетняга дзіцяці або прыпыніць яе».
Такім чынам, указ устанаўлівае першапачаткова права на прыпыненне дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў, адвакатаў, прыватных натарыусаў, рамеснікаў у перыяд догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, а пасля, як вынік, — на атрыманне дапамогі ў гэты перыяд у поўным памеры.

Устаноўлена, што парадак прыпынення дзейнасці ў сувязі з доглядам дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў вызначаецца Саветам Міністраў. Гэта значыць, што будзе прынята пастанова ўрада аб зацвярджэнні палажэння аб парадку прыпынення дзейнасці ў сувязі з доглядам дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў.

Гэты парадак будзе заснаваны на заяўным прынцыпе: грамадзянін у пісьмовай форме заяўляе аб сваім жаданні прыпыніць дзейнасць ва ўпаўнаважаны орган, які ажыццяўляе кантроль за адпаведным відам дзейнасці. Такімі ўпаўнаважанымі органамі пастановай Савета Міністраў будуць вызначаны для індывідуальных прадпрымальнікаў, рамеснікаў — падатковы орган па месцы пастаноўкі на ўлік у якасці плацельшчыка падатку (збору); для прыватных натарыусаў — галоўнае ўпраўленне юстыцыі аблвыканкамаў (Мінгарвыканкама) па месцы рэгістрацыі прыватнага натарыуса; для адвакатаў — тэрытарыяльная калегія адвакатаў, членам якой з'яўляецца адвакат.
Адначасова гэтым катэгорыям будзе прадастаўлена права аднаўлення дзейнасці шляхам падачы ва ўпаўнаважаныя органы адпаведнай заявы, дадала спецыяліст.

Цяпер у рэспубліцы налічваецца больш як 251 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў, з іх 3,2 тыс. маюць ільготу па вызваленні ад выплаты абавязковых страхавых узносаў у перыяд догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў; 1 тыс. 855 адвакатаў, з іх 124 чалавекі часова не працуюць у сувязі з тым, што маюць дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў; 45 прыватных натарыусаў, у іх няма дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў, больш як 6,9 тыс. рамеснікаў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.