Вы тут

Танцы пад Моцарта


Спектакль Іржы Кіліяна далучае беларускіх аматараў балета да сусветнай сучаснай харэаграфіі.

Узяць класічную музыку, дадаць сучаснага гумару, трошкі творчага хуліганства, заразіць гэтым добра падрыхтаваных танцоўшчыкаў і паказаць на сцэне тэатра са слаўнымі традыцыямі... Балет Іржы Кіліяна «Шэсць танцаў» на музыку Вольфганга Амадэя Моцарта з'явіўся ў афішы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Беларусі.

Ад накрухмаленых какетлівых парыкоў застаецца белы след у паветры. Чорныя пампезныя спадніцы ездзяць па сцэне, прыкрываючы сорам... мужчын, якія хаваюцца за імі. Ракавая волатка трымае яблык на шпазе і з вышыні паглядае на іншых. Хлопцы і дзяўчаты з крыкліва чырвонымі шчочкамі гарэзліва танчаць — выключна пад музыку, але пры гэтым адчуваеш, што іх сінхронныя і адточаныя рухі ўсё ж парушаюць правілы класічнага балета. Тут гэта найперш танцы, для якіх больш важны пэўны настрой, чым прыгажосць. Ды яе нібыта і зусім няма, калі ісці ад разумення класічнага балета: ну ўсё не па правілах. Усё не так. Але пры гэтым ловіш кожны рух і захапляешся кемлівасцю таго, хто гэта прыдумаў і тых, хто гэта робіць.

1381527566503_12-9

Харэограф чэшскага паходжання Іржы Кіліян, які працуе ў Нідэрландскім тэатры танцаў, займеў славу майстра, які парушае каноны. Ён умудрыўся паставіць балеты на музыку Гайдна ці Моцарта так, што прадэманстраваў: не існуе класікі дзеля класікі. Кіліян усё бачыць праз сучаснасць — нават класіку, якая здаецца недатыкальнай. Але чаму? Мы ж сёння слухаем класічную музыку, маючы ўжо іншыя гукі навокал, мы яе ўспрымаем і разумеем з вышыні пражытых чалавецтвам эпох. Мы бачым і адчуваем былыя часы зусім інакш. Не так, як пры Моцарце. Які, дарэчы, адгукаўся на свой час праз творчыя эксперыменты і быў, як цяпер сказалі б, вельмі крэатыўным чалавекам. Класічны Моцарт і сучасны Кіліян аказаліся сумяшчальнымі: атрымаўся постмадэрн у балеце, калі нам прапанавалі нешта пераасэнсаваць, каб вырашыць, з чым крочыць далей, у балет ХХІ стагоддзя. Пастаноўка «Шэсць танцаў» была створана Кіліянам у 1986-м у Амстэрдаме. Але неўзабаве маленькі балетны спектакль упадабалі настолькі, што яго захацелі мець у сябе іншыя тэатры свету. Дык і няма праблем!..
Упершыню харэаграфію Кіліяна ў Мінску маглі бачыць на свае вочы дзякуючы трупе грузінскага балета пад кіраўніцтвам Ніны Ананіяшвілі. Паглядзелі — падумалі: а чаму ж мы не можам прапанаваць публіцы нешта нетрывіяльнае паводле класікі? Цяпер жа няма праблем «набыць» права на пастаноўку ў сваім тэатры. Дарэчы, летась такім чынам у афішы нашага тэатра з'явіўся неакласічны балет Джоржа Баланчына «Серанада». Менавіта разам з «Шасцю танцамі» яны будуць паказвацца публіцы: адначасова гэта і магчымасць паглядзець, як развіваўся балет у мінулым стагоддзі. Хоць у наш час той жа Кіліян і іншыя харэографы працуюць у балеце ўжо на стагоддзе бягучае.
Пакуль у беларускага тэатра хапіла фінансавых магчымасцяў на адну пастаноўку паводле Кіліяна. Працаваць з нашай трупай над ёй прыязджала асістэнт харэографа Шырлі Эсебум з Нідэрландаў. За месяц рэпетыцый Шырлі змагла адзначыць высокі ўзровень падрыхтаванасці нашай трупы для класічнага балета. Рэпетыцыі ішлі месяц, калі задачай салістаў была адаптавацца да харэаграфіі сучаснай. Пры тым, што тут няма галоўных і негалоўных партый, на сцэне танцуюць як народныя артысты Беларусі (напрыклад, Людміла Кудраўцава), так і маладыя выканаўцы. Занятыя два саставы.
Сам аўтар на прэм'еру не прыехаў, але даслаў сваё віншаванне трупе Вялікага тэатра Беларусі.
Можа быць, такога Моцарта мы зусім не чакалі. І здаецца часам, што нават яго музыка гучыць з нейкім выклікам. Ці, можа, гэта толькі ўражанне ад спалучэння з тым, што бачыш на сцэне?.. Але ж які выклік — даўно ўжо ў свеце ўсё зроблена і пройдзена, мы даганяем. І насамрэч усё ж так міла: вось і бурбалкі прыгожа сыплюцца зверху на салістаў, якія застылі ў апошнім, здаецца, трошкі сарамлівым паклоне...

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.