Вы тут

Прыслухацца да таго, што кажуць дзеці


«Любое грамадства павінна ставіцца да моладзі, як да свайго самага каштоўнага капіталу». Гэты пастулат ААН ва ўсе часы гучыць актуальна. Днямі Беларускае радыё пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, дзіцячага фонду ААН ЮНІСЕФ у Беларусі прэзентавала ў праграме «Адкрытая пляцоўка» праект «Горад, дружалюбны дзецям». Нагодай стала тое, што гэты пачэсны статус атрымаў ужо другі горад нашай краіны — Пінск.

— Адной з асноўных задач ініцыятывы з'яўляецца актыўнае ўключэнне дзяцей, падлеткаў у рэалізацыю тых задач, якія стаяць перад кіраўніцтвам горада і грамадскімі аб'яднаннямі той ці іншай мясцовасці, — зазначыў прадстаўнік ЮНІСЕФ Беларусі Юрый Аксамітны. — І прыемна, што маладое пакаленне ўдзельнічае ў вырашэнні пытанняў, якія тычацца паляпшэння ўмоў жыцця, фарміравання здаровага ладу жыцця, павышэння якасці адукацыі... Дзеці і падлеткі праяўляюць сябе ў гэтых працэсах вельмі актыўна. Імкнуцца рэалізаваць свае цікавыя ініцыятывы, а кіраўніцтва, у сваю чаргу, прыслухоўваецца да іх.

Гэтая міжнародная ініцыятыва была агучана ў Стамбуле сямнаццаць гадоў таму, а з 2000-га пачала распаўсюджвацца ва ўсім свеце. У нашай краіне да праекта ўжо далучыўся 21 горад, у ліку якіх абласныя цэнтры, Барысаў, Шклоў, Жодзіна, Ліда і іншыя. Сярод іх ужо двум — Наваполацку і Пінску — прысвоены пачэсны статус «Горад, дружалюбны дзецям».

1382436876689_22-31

— Мы ў свой час прынялі рашэнне ўдзельнічаць у гэтай ініцыятыве, каб дапамагчы ажыццявіць ідэі дзяцей і моладзі нашага горада, — падзялілася старшыня Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта Наталля Качанава (на фота). — Разглядаем усе ідэі, якія паступаюць ад нашых юных жыхароў. У нас створаны парламент навучэнцаў, і на сустрэчах з ім мы абмяркоўваем ініцыятывы. Напрыклад, з апошніх прапаноў — будаўніцтва аквапарку. Калі фінансавыя магчымасці нам дазволяць, то будзем рэалізоўваць яе.

Пры Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці ў Беларусі створаны Каардынацыйны савет, які разглядае заявы ад усіх, хто жадае далучыцца да праекта. Але калі для прыняцця ў кандыдаты патрабуецца жаданне палепшыць умовы жыцця маладога пакалення, дык да статусу трэба «дарасці». Сістэма крытэрыяў, па якіх ацэньваецца горад, закранае розныя сферы, пачынаючы ад аховы здароўя і адукацыі і заканчваючы дапамогай дзецям, якія маюць псіхафізічныя адхіленні альбо пазбаўлены бацькоўскай дапамогі, у інтэграванні ў грамадства на роўных. У наступным годзе адбудзецца міжнародная канферэнцыя, прысвечаная абароне правоў дзяцей з улікам ужо набытага нашай краінай вопыту. І, магчыма, тады геаграфічная палітра беларускіх гарадоў ініцыятывы «Гарады, дружалюбныя дзецям» будзе яшчэ больш разнастайнай, а жыццё стане лепшым.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.