Вы тут

Новы стары летапіс


Нацыянальная бібліятэка Беларусі і выдавецтва імя Петруся Броўкі прэзентавалі факсіміле “Баркулабаўскага летапісу”.

Летапіс змяшчае ўнікальныя звесткі па гісторыі ўсходняй Беларусі: інфармацыя пра ваенныя падзеі, культуру, дзейнасць праваслаўнай царквы і, канечне ж, пра гістарычных асоб. Усё гэта дае падставы называць “Баркулабаўскі летапіс” адной з найцікавейшых летапісных крыніц нашай краіны. Асабліва калі прыняць да ўвагі, што не так і шмат захавалася летапісаў. І яшчэ меней тых, што знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі.

летапіс-1

Зрэшты, і спісы “Баркулабаўскага летапісу”, з якіх рабілася факсіміле, захоўваюцца ў Маскве. Толькі дзякуючы асабістым сувязям паміж навукоўцамі дзвюх краін сталася магчымым рэалізаваць праект.

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі нагадаў, што тут пачалі займацца аднаўленнем і перавыданнем старажытных кніг і дакументаў адразу ж, як Беларусь стала незалежнай краінай. Створаны рэестр кніжных помнікаў, вартых увагі, “якія хацелася б выцягнуць наверх”. Асабліва плённае супрацоўніцтва — з Праваслаўнай царквой. Так, сярод выдадзеных старажытнасцей ужо ёсць “Слуцкае евангелле”, “Полацкае евангелле”, “Жыціе Еўфрасінні Полацкай”. Цешыць і тое, што не застаюцца абыякавымі да вялікай справы беларускія бізнесмены.

Праца над кнігамі вялася надзвычай хутка: з сакавіка па чэрвень. Так, менавіта над кнігамі. Справа ў тым, што выдавецтва працуе на два бакі. Першая ― уласна факсіміле, шыкоўна аздобленае, у скураной вокладцы, на глянцавай паперы. І кошт адпаведны ― паўмільёна беларускіх рублёў. Другая кніга ― тэкст “Баркулабаўскага летапісу”, разбіты на абзацы, са зразумелай пунктуацыяй, каментарыямі і тлумачэннямі; у ёй таксама змешчаныя фрагменты з факсіміле. Відавочна, другое выданне адрасуецца шырокаму колу чытачоў, першае ж ― перадусім навукоўцам і калекцыянерам. Дарэчы, наклад факсіміле ― 100 экзэмпляраў.

―  “Баркулабаўскі летапіс” заслугоўвае асаблівай увагі. Гэта знакавы помнік летапісання Беларусі, — падкрэслівае Алесь Суша, намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ― адзін з тых, хто працаваў над выданнем факсіміле. ― Летапіс ― гэта і літаратурны твор, і гістарычная крыніца, і помнік культуры сваёй эпохі. Нездарма ён лічыцца сёння брэндам Магілёўшчыны. Дарэчы, усталяваны ў Быхаве помнік “Баркулабаўскаму летапісу” ― першы помнік кнізе ў нашай краіне. Мусіць, гэта таксама пра нешта сведчыць.

Анастасія ГРЫШЧУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.