Вы тут

Першы «мост» пракладзены!


24 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў першага Міжнароднага літаратурнага конкурсу маладых аўтараў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі “Мост дружбы”.

Распачаўся конкурс яшчэ год таму. Мэтай яго былі абвешчаныя пошук, адкрыццё і падтрымка маладых таленавітых аўтараў, прыцягненне іх увагі да гісторыі, культуры і літаратурных традыцый Беларусі і Расіі, будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. Пакуль складана сказаць нешта пэўнае пра мэты доўгатэрміновыя, але што да “пошуку і адкрыцця таленавітых аўтараў” — гэта ўдалося. Экспертны савет, у склад якога ўвайшлі вядомыя літаратары і дзеячы Беларусі і Расіі, вызначыў дзесяць пераможцаў. Натуральна, сярод іх — пяць беларусаў і пяць расіян.

мост-1

Мікалай Андрэеў, Алёна Беланожка, Дар’я Вашкевіч, Маргарыта Латышкевіч і Вольга Чэркас названыя лепшымі ад беларускага літаратурнага боку. Маргарыта Каткова, Сяргей Лагодзін, Аляксандр Масквін, Таццяна Трафімава і Георгій Фамін — ад расійскага.

Членамі экспертнага савета сталі празаік, доктар філалагічных навук Анатоль Андрэеў; пісьменнік і галоўны рэдактар часопіса “Нёман” Алесь Бадак; пісьменнік і шэф-рэдактар дадатку “Лад” у “Литературной газете” Аляксандр Кажадуб; прэс-сакратар Дзяржаўнага сакратара Алена Аўчарэнка; паэтэса, галоўны рэдактар штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва” Таццяна Сівец; рэктар Літаратурнага інстытута імя А. М. Горкага Барыс Тарасаў і празаік, галоўны рэдактар часопісаў “Проза” і “Вестник детской литературы” Аляксандр Торапцаў.

З пытаннем, ці ўдалося спалучыць ці хоць бы наблізіць беларускую і рускую літаратурныя традыцыі, мы звярнуліся да Аляксандра Торапцава.

— Мушу сказаць, што агульныя матывы для двух народаў бачныя ў кожным творы, — адказвае Аляксандр Пятровіч. — Так, гэта ўласціва ім усім. Але ж пра густы не спрачаюцца, ці не так? Мяне асабіста моцна ўразіў Сяргей Лагодзін, які напісаў аповед “Джулай”, — спадар Аляксандр разгарнуў часопіс, каб працытаваць радок з аповеду: “— Жил он у самой реки на отшибе. И часто, по весне, его дом затопляла река”. Які гэта аповед! Як ён напісаны! Зусім малады аўтар, 1990 года нараджэння, а так ужыўся ў душу старога Джулая. Тут — лепшыя традыцыі рускамоўнай літаратуры… Я лічу, што ў любой дзяржавы — тры багацці: гісторыя, народ і слова. Усё астатняе — глупства. Дык вось, добрая думка — яна і ёсць тое самае слова. Чалавеку, які прыдумаў гэты “Мост дружбы”, трэба ставіць помнік. Не тое каб мы пайшлі насустрач адно аднаму па гэтым мосце — і раней былі разам. Конкурс — сродак умацавання “моста”.

На думку Аляксандра Торапцава, першы “Мост дружбы” ўдаўся: “Яшчэ калі мы абіралі пераможцаў у Літінстытуце, усе ў адзін голас казалі, як гэта здорава… І абавязкова трэба мець на ўвазе: маладых друкуюць — яны працуюць больш. Бо цяпер з гэтай справай у Маскве зусім блага. У маіх студэнтаў (спадар Аляксандр — дацэнт Літінстытута. — А. Г.) вочы гараць да пятага курса. А потым яны разумеюць, што ісці няма куды”.

У цырымоніі ўзнагароджання таксама бралі ўдзел Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота, Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў, намеснік Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матусевіч, кіраўнік Прадстаўніцтва Пастаяннага Камітэта Саюзнай Дзяржавы ў Мінску Міхаіл Орда. Гэта яшчэ раз падкрэслівае значнасць літаратурнага конкурсу, і значнасць не толькі культурную.

Цікава, што ідэя літаратурнага конкурсу “Мост дружбы” не арыгінальная. Папярэднічаў ёй праект з удзелам маладых італьянскіх і расійскіх літаратараў, які быў ажыццёўлены ў першую чаргу дзякуючы энтузіязму Антоніа Фаліка, Прэзідэнта Асацыяцыі “Пазнаём Еўразію”. Поспех праекта падштурхнуў да правядзення аналагічнага беларуска-расійскага конкурсу, арганізатарамі якога сталі Пастаянны Камітэт Саюзнай дзяржавы, Асацыяцыя “Пазнаём Еўразію”, Літаратурны інстытут  імя А. М. Горкага і выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”.

Удзельнічалі ў конкурсе аўтары ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў. Абраным конкурсным жанрам стала апавяданне, якое патрабуе ад аўтара надзвычайнай ёмістасці і ўвагі да дэталяў, умення вылучаць побытавыя, псіхалагічныя дэталі і выбудоўваць сюжэтныя нюансы. Ці сапраўды пераможцам конкурсу гэта ўдалося? Замест адказу і нават лепш за любы адказ — літаратурны альманах, які пабачыў свет у Выдавецкім доме “Звязда”. Тут змешчаны творы дзесяці лепшых аўтараў, прытым апавяданні можна прачытаць на дзвюх мовах — беларускай і рускай.

Анастасія ГРЫШЧУК

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...

Грамадства

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Ці спросціць «Электронная школа» жыццё педагогам і як гэта адаб'ецца на якасці ведаў?

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.