Вы тут

Каму патрэбна «атамная» спрэчка


У кантэксце чарговага саміту «Усходняга партнёрства», што адбудзецца ў Вільнюсе напрыканцы лістапада, стасункі паміж Беларуссю і Літвой могуць быць вынесены на ўзровень адносін нашай краіны і Еўрапейскага саюза. Да нядаўняга часу менавіта Літва разглядалася айчыннай дыпламатыяй як адзін з найбольш канструктыўных партнёраў з шэрагу краін ЕС. Можна сказаць, што краіны былі «вымушаны быць партнёрамі». І гэта тлумачыцца не толькі шэрагам культурных і гістарычных падстаў, але і эканамічнымі прычынамі, узаемнай залежнасцю краін адна ад адной. Аднак апошнім часам у адносінах паміж Літвой і Беларуссю ўзнікла напружанне, у аснове якога ляжыць непаразуменне вакол будаўніцтва Беларускай АЭС ля мяжы з Літвой. Што за гэтым стаіць і хто зацікаўлены ў такой сітуацыі?

Падмурак для супрацоўніцтва

Для Беларусі асноўнае пытанне нацыянальнага інтарэсу ў Літве — забеспячэнне бесперабойнага транзіту беларускіх грузаў па тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі і праз Клайпедскі порт, адкуль марскім шляхам яны разыходзяцца па месцах прызначэння. Асноўнымі кліентамі Клайпедскага порта з'яўляюцца беларускія сыравінныя флагманы: «Беларуськалій», Беларуская нафтавая кампанія, нафтаперапрацоўчыя заводы ў Мазыры і Наваполацку. Беларускі транзіт праз Літву складае прыкладна 22—26 млн тон штогод і займае каля 25% ад усяго партовага грузаабароту гэтай краіны. У 2012 годзе пасол Беларусі ў Літве Уладзімір Дражын адзначыў, што літоўскі прыбытак ад беларускага транзіту складае каля 2,66 млрд долараў ЗША штогод.

Але і для Беларусі лагістычны варыянт транзіту праз Літву застаецца пакуль найбольш выгадным, нягледзячы на некаторыя спробы дыверсіфікацыі напрамкаў грузапатокаў на карысць Калінінградскага порта, якія распрацоўваліся апошнім часам беларускім урадам. У цэлым узаемны тавараабарот паміж краінамі па выніках 2012 года перавысіў 1,5 млрд долараў і дасягнуў гістарычнага максімуму са станоўчым знешнегандлёвым сальда ў 815 млн долараў для беларускага боку. Па выніках даступных лічбаў шасці месяцаў гэтага года вынікі не такія пазітыўныя, аднак, нягледзячы на зніжэнне экспарту на 31% (да 465,5 млн дол.), Літва па-ранейшаму займае 8 е месца ў дзясятцы буйнейшых гандлёвых партнёраў Беларусі.

Удала развіваюцца сумесныя бізнес-кантакты і так званы «гандлёвы турызм». Са слоў літоўскага палітолага Лаўрынаса Касчунаса, «кожны другі багаты літовец мае бізнес у Беларусі», а пасол Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус адзначае, што «сярэдні беларус пакідае за выхадныя ў Літве каля 400 еўра».

Згодна са статыстычнымі данымі, памеры прамых літоўскіх інвестыцый у беларускую эканоміку склалі 126,1 млн долараў, а з Беларусі ў Літву — 76,8 млн. Пры гэтым менавіта беларускія грамадзяне набываюць каля 25% тавараў у гандлёвых сетках Вільнюса.

Сутнасць пытання

 

Аднак апошнім часам стасункі паміж кіраўніцтвам Літвы і Беларусі абвастрыліся, і гэта можа нашкодзіць як эканамічным, так і знешнепалітычным інтарэсам дзяржаў. У аснове непаразумення ляжыць сітуацыя вакол будаўніцтва Беларускай АЭС на пляцоўцы ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці. Для Беларусі будаўніцтва АЭС — пытанне вырашанае, прадугледжанае нацыянальнымі інтарэсамі энергетычнай бяспекі. Працэс будаўніцтва ўжо запушчаны, і спыніць яго немагчыма.

У той час літоўскі бок мае іншае бачанне беларускай атамнай праблематыкі, рашуча выступае супраць беларускай АЭС, як «экалагічна небяспечнага праекта», і часам у сваіх дзеяннях выходзіць за межы дыпламатыі і канструктыўнага дыялогу. Існуе меркаванне, што літоўская дыпламатыя спрабуе вынесці пытанне з плыні двухбаковых адносін на ўзровень кіраўніцтва ЕС, а таксама задзейнічаць у сваёй стратэгіі элементы ўнутранай беларускай палітыкі. Сведчаннем таму з'яўляецца шэраг падзей апошняга часу.

Напрыканцы кастрычніка была абнародавана заява МЗС Літвы, дзе літоўскі бок «заклікаў Беларусь адмовіцца ад будаўніцтва АЭС», а ўжо на пачатку лістапада ў абарону «інтарэсаў краін ЕС у спрэчцы з Беларуссю» выказаўся еўракамісар па пытаннях энергетыкі Гюнтэр Оцінгер. Да ўступлення краіны ў Еўрапейскі саюз, Літоўская Рэспубліка была буйным экспарцёрам электраэнергіі дзякуючы працы пабудаванай у савецкі час Ігналінскай АЭС. Закрыццё атамнай станцыі ў Ігналіне было галоўнай умовай далучэння да «еўрапейская сям'і народаў». Такім чынам, Літва з экспарцёра электраэнергіі стала яе імпарцёрам, што наўрад ці адпавядала нацыянальным інтарэсам гэтай дзяржавы. Зыходзячы з такой сітуацыі, кіраўніцтвам трох балтыйскіх рэспублік было прынята рашэнне аб будаўніцтве новай атамнай электрастанцыі ў літоўскім горадзе Вісагінас, аднак выкананне гэтай задачы ўвесь час адкладваецца па розных прычынах. У той жа час Германія плануе закрыць усе ўласныя атамныя станцыі да 2022 года і перайсці да імпарту электраэнергіі, таму будаўніцтва адразу некалькіх АЭС да 2020 года плануецца ў Польшчы. Такія ж планы і ў кіраўніцтва Славакіі і Фінляндыі.

Пры гэтым і ў Славакіі, і ў Фінляндыі, якія з'яўляюцца членамі ЕС, будаўніцтва АЭС будзе ажыццяўляць тая ж расійская кампанія «Расатам», што пачала выконваць работы ў Беларусі. Але ні да Славакіі, ні да Фінляндыі ніякіх прэтэнзій адносна бяспечнасці праекта няма.

Ці пераважыць агульны інтарэс?

Такім чынам, напрошваецца вывад, што прэтэнзіі літоўскага боку маюць цалкам эканамічны характар. Мэта — выключэнне Беларусі з ланцуга энергетычных вытворцаў, зыходзячы з задач развіцця ўласнай галіны (у выпадку будаўніцтва АЭС у Вісагінасе) альбо ў інтарэсах замежнага энергетычнага лобі (як у сітуацыі з закрыццём уласнай АЭС у Ігналіне).

Хутчэй за ўсё, для легітымацыі ўласнай пазіцыі на міжнароднай арэне літоўскі бок будзе выкарыстоўваць як магчымасці свайго ўдзелу ў Еўрапейскім саюзе, так і карыстацца паслугамі некаторых структур беларускай апазіцыі, каб выдаць свой інтарэс за «патрабаванне беларускага народа».

Беларуская пазіцыя, дарэчы, застаецца нязменнай: сяброўскі дыялог, супрацоўніцтва ў эканоміцы і палітыцы з літоўскімі партнёрамі, а ўсе спрэчныя пытанні можна вырашыць за кошт узаемавыгадных рашэнняў. Між тым, у самой Літве сярод палітычнага істэблішменту таксама хапае адэкватных меркаванняў адносна супрацоўніцтва з нашай краінай. Герой літоўскага змагання за незалежнасць, першы міністр абароны постсавецкай Літвы Аўдрус Буткявічус наконт «атамнай спрэчкі» і літоўскага інтарэсу выказаўся канкрэтна: «Мы не можам адняць у вас магчымасць развіваць атамную энергетыку. Самі зрабілі глупства, што паслухаліся замежных лабістаў і закрылі Ігналінскую АЭС. Калі гуляць па маім сцэнарыі, то Літва разам з Беларуссю павінна развіваць атамныя праекты».

Варта было б літоўскаму боку прыслухацца — такі погляд адпавядае інтарэсам не толькі Беларусі і Літвы, але і задачам энергетычнай бяспекі ўсяго балта-чарнаморскага рэгіёна.

Аляксандр ШПАКОЎСКІ

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.