ПОЎНЫ ПЛАКАТ!


У Палацы мастацтваў працуе выстава да стагоддзя беларускага плаката

1386650332558_1

Памяшканне сталічнага Палаца мастацтваў насялілі вобразы з розных часоў беларускай гісторыі. Гэта шляхціцы і калгаснікі, інтэлігенты і рабочыя, мастакі і літаратары, нават «зоркі» сусветнай поп- і рок-культуры. Вобразы гэтыя жывуць на беларускім плакаце, гісторыя якога налічвае вось ужо стагоддзе. І менавіта гэтай даце прысвечаная выстава «100 год беларускаму плакату», арганізатарам якой з'яўляецца Беларускі саюз мастакоў. Першы беларускі плакат у друкаваным выглядзе выйшаў у 1913 годзе і быў прысвечаны 1-й краёвай выставе хатняга вырабу і народнага штукарства ў Вільні. Плакат стварыў мастак Фердынанд Рушчыц. Праўда, на жаль, арыгінал менавіта гэтага плаката не захаваўся.

1386650334853_2

Наогул, карані плакатнага мастацтва трэба шукаць у XVІ-XVІІ стагоддзях. Тады панегірычныя гравюры, якія інфармавалі пра навуковыя ці іншыя дыскусіі, друкаваліся ў выглядзе гравюр з тэкстам. Сярод першых такіх беларускіх гравюр-плакатаў варта адзначыць працу Францішка Скарыны «Панегірык братоў Скарульскіх», награвіраваны ў 1604 годзе ў Нясвіжы Тамашом Макоўскім.

Аднымі з першых заснавальнікаў беларускага плаката былі Карусь Каганец, Фердынанд Рушчыц, Язэп Драздовіч, Павел Гуткоўскі ды іншыя. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў жанры плаката на Беларусі актыўна працавалі Заір Азгур, Іван Ахрэмчык, Яўген Зайцаў, Мікалай Гуціеў, Анатоль Волкаў.

Плакатнае мастацтва ў Беларусі, як часткі Савецкага Саюза, заўжды актыўна развівалася, таму што плакат быў добрым спосабам прапагандысцкага ўздзеяння. У 1948 годзе праводзіцца «І-ы Рэспубліканскі конкурс плаката», а ў 1961 годзе ствараецца секцыя плаката пры творчым саюзе. Пачынаючы з 1966 года, у Беларусі працуе «Агітплакат» Саюза мастакоў БССР, які згуртаваў і выхаваў таленавітых плакатыстаў. Асаблівы ўздым развіцця беларускага плаката прыходзіцца на 70 — 90-я гады ХХ стагоддзя. У гэты час актыўна працуюць Леанід Замах, Арлен Кашкурэвіч, Трафім Ігнаценка, Ізраіль Радунскі, Уладзімір Крукоўскі, Віктар Філімонаў, Мікалай Стома, Людміла Кальмаева, Уладзімір Васюк, Віктар Смаляк, Юрый Дзееў, Уладзімір Цэслер, Сяргей Войчанка, Андрэй Шалюта, Уладзімір Шчарбін, Анатоль Отчык ды іншыя.

І вось цяпер уявіце, што плакаты ўсіх вышэйпералічаных аўтараў вы можаце на ўласныя вочы пабачыць у Палацы мастацтваў. Прычым большасць з іх — арыгінальныя, надрукаваныя ў часы стварэння.

Выстава працуе да 15 снежня з 11.00 да 19.00 гадзін штодзённа, акрамя панядзелка.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.