У штаб-кватэры СНД у Мінску прайшла прэзентацыя серыі кніг «Сугучча сэрцаў», якія прадстаўляюць мастацкую літаратуру краін СНД.
Прыгожыя назвы ў зборнікаў, якія выдавецкі дом «Звязда» прысвяціў мастацкаму слову народаў Беларусі, Расійскай Федэрацыі, Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Узбекістана, Малдовы, Таджыкістана, Туркменістана, Украіны: «Зорная крыніца», «Край мой запаведны», «Шчаслівае імгненне», «Светлая далячынь», «Жывое слова», «Святая любоў», «Шчаслівая сустрэча», «Люблю цябе, Айчына», «Не ведаючы межаў», «Залатая струна»... За вокладкамі — сучаснае прыгожае пісьменства, творы, якія прыйшлі да чытача ў асноўным пасля 1991 года. Складаны час для постсавецкай прасторы, нялёгкія выпрабаванні пройдзены народамі па шляху да суверэнітэту, незалежнасці. Поруч са здабыткамі — і балючыя памылкі і пралікі, якіх наўрад ці пазбегнуць можна было. У кнігах, дзе знайшлося месца і вершам, і ўрыўкам з раманаў, апавяданням, — партрэт часу, мастацкі летапіс, адлюстраванне таго, што было ўласціва блізкаму мінуламу. Дыялог з чытачом вядуць Юрый Бондараў і Валянцін Распуцін, Аванес Грыгаран і Эдвард Мілітанян, Паўло Моўчан і Барыс Алійнік... А яшчэ і беларусы — Янка Брыль, Іван Шамякін, Васіль Быкаў, Аляксей Дудараў, Алена Папова, Алесь Бадак, Алесь Жук, Алесь Пісьмянкоў, Таццяна Сівец...
Уступным словам размову пра здабыткі па прадстаўленні ў Беларусі літаратурнай творчасці народаў СНД адкрыў першы намеснік старшыні Выканаўчага камітэта — выканаўчага сакратара СНД Уладзімір Гаркун. Пра вартасці творчага праекта на прэзентацыі гаварылі першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч (яна, дарэчы, — аўтар ідэі і каардынатар серыі), паэт Алесь Бадак, галоўны рэдактар газеты «Літаратура і Мастацтва» Таццяна Сівец, галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Мікола Мятліцкі, намеснік начальніка ўпраўлення Еўразійскай інтэграцыі МЗС Рэспублікі Беларусь Сяргей Есін, Пастаянны паўнамоцны прадстаўнік Украіны пры каардынацыйных інстытутах Садружнасці Незалежных Дзяржаў Іван Бунечка... Усе былі адзінадушнымі ў выказваннях пра неабходнасць узнаўлення і пашырэння літаратурных сувязяў на постсавецкай прасторы. А «Сугучча сэрцаў» ацанілі як добры пачатак у вырашэнні гэтага клопату.
Кастусь Хадыка.
Фота Любові Бяляевай.
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.