На прэс-канферэнцыі па выніках мінулага года пракурор Брэсцкай вобласці Іван Наскевіч вялікую ўвагу надаў праблеме распаўсюджвання курыльных сумесяў — спайсаў. Лічбы былі прыведзены больш чым красамоўныя. Калі за ўвесь мінулы год па ўсёй вобласці заведзены 103 крымінальныя справы па спайсе, то сёлета за 23 дні студзеня толькі ў Баранавічах распачата 41 крымінальная справа.
І ўсім зразумела, што трапляюць у поле зроку праваахоўнікаў далёка не ўсе распаўсюджвальнікі курыльнай атруты. Тое, што адлюстравана лічбамі, хутчэй уяўляе сабой вяршыню айсберга. Насцярожвае і тое, што Баранавічы выйшлі наперад Пінска, які традыцыйна быў у вобласці лідарам гэтай сумнай статыстыкі. Аказваецца, справа ў злачыннай «лагістыцы». Курыльныя сумесі найчасцей трапляюць да нас з Расіі. Першая перавалачная база — Мінск, далей вельмі зручны пункт — Баранавічы. А ў горадзе цяпер шмат моладзі — студэнтаў. Гэты фактар умела выкарыстоўваюць распаўсюджвальнікі.
На сайце Міністэрства аховы здароўя ёсць інфармацыя аб тым, што спайсы сучаснага тыпу (сінтэтычныя наркотыкі) здольныя хутка выклікаць залежнасць на псіхалагічным і фізічным узроўнях.
Дастаткова пакурыць некалькі тыдняў, як узнікне патрэба рэгулярнага ўжывання. А сіндром фізічнай залежнасці вядзе да зніжэння памяці, увагі і інтэлекту ў цэлым. Потым могуць развівацца шызафрэнападобныя псіхозы. Лячыць гэтую залежнасць вельмі цяжка.
На жаль, наступствы курэння сумесяў бываюць вельмі сумныя. Прыкладаў — колькі хочаш. За дзесяць месяцаў мінулага года ў Беларусі зафіксавалі шэсць смяротных выпадкаў, звязаных з ужываннем спайсу, 625 «абкураных» даставілі ў медыцынскія ўстановы.
Змагацца з гэтай навалай тым больш цяжка, што курыльныя сумесі не забаронены ў нашай краіне. Прадаўцы рэкламуюць гэтыя рэчывы як легальныя, ненаркатычныя. Але дастаткова на бяскрыўдную курыльную сумесь піпеткай капнуць тры кроплі псіхатропу, як сумесь становіцца смяротна небяспечнай. Знайсці, на якім этапе звычайны падбел альбо іншая трава становяцца сінтэтычным наркотыкам з разбуральнай для псіхікі сілай, вельмі цяжка, выказаў сваю заклапочанасць брэсцкі пракурор. Іван Наскевіч гаварыў аб тым, што моладзь трэба бараніць усімі сіламі ад гэтай навалы: «Калі мы ўсёй грамадой не пачнём біць ва ўсе званы, гэтая атрута за кароткі час літаральна «выкасіць» вялікую частку моладзі».
Распаўсюджвальнікі курыльных сумесяў вельмі настойлівыя і хітрыя людзі. Яны працуюць найбольш у студэнцкіх, вучнёўскіх калектывах, спачатку прапануюць пакаштаваць бяскрыўдную траўку і атрымаць задавальненне. Першы раз, як правіла, даюць цікаўным пакурыць сумесь без псіхатропаў, і тым самым умела рыхтуюць будучую кліентуру. А потым чалавек прывыкае і становіцца, па сутнасці, залежным наркаманам або інвалідам.
Іван Наскевіч лічыць, што вырашыць праблему можна толькі поўнай забаронай абарачэння любых курыльных сумесяў на тэрыторыі краіны. Вось як прынялі заканадаўчы акт наконт маку, абарачэнне яго паменшылася ў дзясяткі разоў. Калі адказнасць за распаўсюджванне насення маку стала рэальнай, цяпер трапляюцца толькі адзінкавыя парушальнікі, а раней макавозаў затрымлівалі ледзь не кожны дзень.
На брыфінгу ў пракурора таксама ішла гаворка аб прапагандысцкай рабоце, якую неабходна ўвесь час весці ў моладзевым асяродку. Летась менавіта па ініцыятыве пракуратуры ў брэсцкіх школах прайшла акцыя «Без гэтага можна жыць». Дзеці пад кіраўніцтвам педагогаў рыхтавалі гутаркі, прэзентацыі, відовішчныя мерапрыемствы аб шкодзе п'янства, курэння, ужывання наркотыкаў. Важна, што старшакласнікі самі галоўным чынам у сацыяльных сетках адшуквалі матэрыял па названай тэме і самі даносілі яго да сваіх равеснікаў.
Малодшыя школьнікі далучаліся да акцыі ўдзелам у конкурсе малюнка. Некаторыя з гэтых работ цяпер упрыгожваюць хол абласной пракуратуры. Пракурор выказаў захапленне глыбокім філасофскім зместам асобных работ. Дзеці ўспрымаюць праблему правільна, калі з імі своечасова і зацікаўлена праводзіць тлумачальную работу.
Святлана ЯСКЕВІЧ.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?