Вы тут

Фотамадэлі, у літаратуру!


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 4 красавіка 2014 г.

_________________________________________________________________________________

Кастынгі, дыеты, візажысты, буцікі, туфлікі ад Кензо — усё гэта падаецца бязмежна далёкім ад беларускай літаратуры, чужым ёй і... амаль варожым. Але сучаснасць багатая на неспадзеўкі, і чытач не памыліўся, калі ўжо прыгадаў імя крытыка, даследчыцы ды (вусціш!) фотамадэлі Маргарыты Аляшкевіч. Замест таго каб павініцца за недарэчны занятак, яна ў першай жа сваёй кнізе — "Мадэль для забойства" ― весела распавядае пра прыгоды ды фотасесіі дзвюх беларускіх "місі" ў далёкай і непрадказальнай Японіі.

Аляшкевич

Калі адна з дзяўчат — Яначка — ляціць у Японію па запрашэнні "мадэльнай агенцыі", то яе спадарожніца Агата напачатку мае іншую сферу дзейнасці: інтэрв'ю, рэдакцыя, бібліятэкі, кнігі... Літаратурная сітуацыя ў Японіі на дзіва нагадвае Беларусь, дык чаму б за сто долараў не прыкінуцца мадэллю? Гэта адбываецца выпадкова і ненадоўга: падчас жартоўнай фотасесіі Агату заўважае дызайнерка, якая бадзяецца па павільёне ў пошуку вобраза

. Гераіням часта шанцуе, а яшчэ часцей не шанцуе, з імі здараюцца і прыгоды, і амаль казачныя цуды… Аўтар бесклапотна выдумляе самыя неверагодныя развязкі для сваіх гісторый: то Яначка на рэзкім павароце выштурхоўвае Агату з мінівэна, то забівае калуном гожага хлопца Дэйва. Трэба ж мець нейкія падставы, каб назваць кнігу "Мадэль для забойства"! А на наступнай старонцы ўсе зноў жывуць і жартуюць, нібы нічога насамрэч не адбылося.

Вядома, усё адбываецца не насамрэч, аўтарка проста згадвае вясёлыя показкі, якія красуні распавядаюць адна адной, пакуль ім робяць макіяж ды педыкюр (калі, вядома, у гэты час увогуле можна размаўляць). Форма аповеду дазваляе адчуваць сябе свабодна: ён (аповед) адкрыты стыхіі смеху і сакавітай народнай мове — а гэта жарцікі, перабольшванні, прыказкі, моцныя слоўцы, анекдоты… Вядома, сёння народ немагчыма атаясаміць адно з вясковай бабуляй ці “мужыком-беларусам” — дзяўчатам-фотамадэлям таксама даводзіцца прэзентаваць сваю краіну.

Калі казаць пра мову, то ў М. Аляшкевіч атрымліваецца вельмі экзатычны мікс: гераіні размаўляюць па-беларуску, пра білінгвізм і інтэрферэнцыю яны, здаецца, ніколі не чулі, затое спрабуюць вучыць японскую мову і гаворыць з іншымі па-англійску. Натуральна, у кнізе гучаць галасы мінакоў, прадавачак, замежных знаёмых, адкуль шматлікія транслітарацыі англійскіх і, радзей, японскіх слоў. А ў атачэнні букераў, мафінаў, кэтвокаў ды "Старбакса" ўзнікаюць беларускія выслоўі, прымаўкі, кленічы: "усё цяжэй было рэагаваць на дызайнерку, якая стаяла побач з фатографам і ўвесь час трымала палец ля вуснаў ды перад кожным кадрам прыгаворвала — смайл, смайл. Усміхнуся, каб табе чэрці ў пекле ўсміхаліся! Паскачу, каб табе на патэльні паскакаць!"

Мадэльны бізнес падаецца немагчымым без пікантных момантаў — і М. Аляшкевіч іх не ігнаруе: дзяўчаты выбіраюць станікі, пераапранаюцца ў машыне, у іх пакой падсяляецца хлопец, які мае звычку хадзіць пасля душа голым… Аўтарка паведамляе пра гэта проста і бадзёра, як пра нешта прышпільнае, але натуральнае. Яна не надзяляе гераінь цнатлівай узнёсласцю, але пазбягае пошласці, непрыстойнасцей і не імкнецца ўзбудзіць чытача падрабязнымі апісаннямі.

Агата і Яначка шмат у чым адрозніваюцца між сабой. Яначка гламурная, капрызлівая, не вельмі разумная бландзінка, для якой самае прыемнае ў жыцці — прымяраць і спалучаць новае адзенне. "Паводле яе ідэалу шчасця кожны выхад з дому ў краму мусіць завяршацца кучай пакупак, а сваёй сяброўцы яна, натуральна, зычыць шчасця. Як, безумоўна, і ўсяму свету". М. Аляшкевіч дадае ў гэты вобраз крыху сур'ёзнасці: у дзяцінстве Яначка спявала ў царкоўным хоры, а збольшага яна смяшлівая, шчырая і ніколі не кіне сяброўку ў бядзе. Агата ж напачатку ставіцца да моды з варожасцю аскета, але хутка далучаецца да стракатага, мітуслівага свету сваёй сяброўкі. Чаму б хоць некалькі месяцаў не пажыць яркім, вясёлым жыццём, чаму б не напісаць пра гэта невялічкую кнігу, якую можна прачытаць хутчэй, чым самалёт даляціць з Мінска да Токіа?

Вядома, у кнізе магло б быць менш агульных момантаў кшталту звыклага захаплення замежнымі прыбіральнямі і камічных эпізодаў са зборам валізкі. Але "Мадэль для забойства" не варта ацэньваць па нейкіх сур'ёзных крытэрыях — гэта яшчэ адна спроба напісаць тое, чаго бракуе сучаснай беларускай літаратуры, прынцыпова не разлічанай на Яначку-чытача. Дык чаму б не стварыць для дзяўчатак-тынэйджараў казку пра добрых "дызайнерскіх геніяў" і прыгоды ў японскім метро? Аўтарка прынцыпова пазбягае ўсяго сур'ёзнага, складанага, важкага і імкнецца пісаць лёгка ды ярка. Сум па радзіме, зайздрасць да больш паспяховай сяброўкі, крыўда на хлопца, які пасля ўсяго заляцаецца да суседкі — пра ўсё гэта паведамляецца ў некалькіх сказах. Калі героі больш дзейнічаюць, чым разважаюць, твор заўсёды атрымліваецца цікавым і дынамічным!

Кнігі такога кшталту ў першую чаргу абнадзейваюць: вось такая наша літаратура сучасная і разнастайная, усё ў нас ёсць, хай сабе ў адзінкавым экзэмпляры. І жывём, і пішам мы пазітыўна... Самае ж прыемнае ў кнізе М. Аляшкевіч — тое, што яе зусім не трэба набываць у кнігарні. "Мадэль для забойства" створана ў фармаце epub, і яе вельмі лёгка адшукаць у інтэрнэце. Проста знаходзь — і чытай!

Алеся ЛАПІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.