Вы тут

Працяг палескіх хронік. Не рэмэйк


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 18.04.14 г.

__________________________________________________________________________

Зусім нядаўна пабачыла свет новая кніга Уладзіміра Гаўрыловіча "Анёлак мой, Анёлак…". Большую частку выдання складае раман "Забранае шчасце", прысвечаны раскулачванню беларускіх вёсак. З першых старонак твор нагадвае "Палескую хроніку" Івана Мележа: месца дзеяння — палеская вёска, у маўленні герояў гучаць дыялектызмы і адмысловыя словаформы, галоўная сюжэтная лінія — стасункі між закаханымі Рыгорам і Верай.

Гаурылович

Шчасцю хутарской моладзі перашкаджаюць як бацькі (яны па старой завядзёнцы дбаюць больш пра дабрабыт, чым пра пачуцці), так і савецкая ўлада, якая ў кожным заможным селяніне бачыць ворага. Каханых — не толькі Рыгора і Веру, але і Ганну, Ігната, Зіну, Іллю — разлучаюць і высылкай, і настойлівай падазронасцю да ўсіх, хто меў сувязі з кулакамі. Калі І. Мележ спрабаваў разабрацца, чаму калектывізацыя ператварылася ў разбурэнне вёскі, у доўгі ланцуг драматычных падзей, то ў рамане У. Гаўрыловіча савецкая ўлада — сіла абсалютна чужасная, індыферэнтная да сялян, якая парушае звыклы лад, змяняе адносіны паміж людзьмі — змушае здраджваць, варагаваць, забіваць. Упаўнаважаныя асобы хлусяць і крывадушнічаюць, "слова бальшавіка" не мае ніякай вагі. Сяляне нічога не абмяркоўваюць супольна і маюць адзіны выбар: арцель альбо высылка. У параўнанні з "Палескай хронікай" на старонках "Забранага шчасця" выяўлены сапраўдны таталітарны рэжым, дзе няма выпадковасцей, а ёсць мэтанакіраванае зло, і асобны чалавек абсалютна мізэрны. Значэнне палітычных падзей і важных пастаноў таксама адноснае — таму твор У. Гаўрыловіча не прывязаны да дат і вольны ад працяглых сялянскіх сходаў.

На першым плане — перыпетыі жыцця герояў: вясковы побыт і духоўны свет персанажаў амаль не выяўлены, затое на двухстах старонках здараецца больш лёсавызначальных падзей, чым у трох тамах рамана Мележа. Пры гэтым значную ўвагу пісьменнік звяртае на жанчыну, на падзеі жаночага свету. Беларускія пісьменнікі вельмі доўга ўяўлялі мужчын сваімі галоўнымі і ледзь не адзінымі чытачамі. У тым ліку і з гэтай падставы беларускую класіку мала чытаюць сёння: патэнцыяльны рэцыпіент пакрысе змяніў гендарную прыналежнасць. Аўтар "Анёлка…" піша з выразным разлікам на жанчын. Таму галоўныя падзеі рамана — не толькі вяселлі, высылкі, арышты, смерці, але і цяжарнасць, роды, здарэнні з дзецьмі. Увага да жанчын выклікае ўдзячнасць, хаця з боку герояў яна часам падаецца празмернай. Асобныя ж моманты крыху здзіўляюць: так, нялюбая жонка Рыгора на сёмым месяцы "скідвае" дачку, на наступны дзень  засільваецца, а дзіцё разам з сям'ёй выпраўляюць у высылку. Герой настойліва спадзяецца, што дачушка будзе жыць, хаця верагоднасць гэтага амаль нулявая. Дый сам ён, паранены, зваліўся з сасны і толькі дзівам застаўся жывы…

Часцей, чым у "Палескай хроніцы", здараюцца самагубствы — здзяйсняюць іх пераважна жанчыны ў стане афекту. Пісьменнік выяўляе і трагізм пераўтварэнняў, якія адбываюцца на вёсцы, і несправядлівасць жорсткіх прысудаў у дачыненні да жанчын: яны часта траплялі ў высылку разам са сваімі сем'ямі толькі за тое, што былі жонкамі, дочкамі, сваячкамі кулакоў.

На апошніх старонках рамана зноў з'яўляецца ўдзячнасць да аўтара і радасць за яго творчыя здольнасці. У эпіграфе пісьменнік сведчыць, якой вострай была праблема раскулачвання, і выяўляе яе праз сюжэт, праз вобразы галоўных герояў. У. Гаўрыловіч абыходзіцца без аўтарскіх адступленняў, без разважанняў пра ўжо вядомае, і непатрэбным робіцца караценькае "пасляслоўе", бо чытач і без агульных слоў зразумее галоўную ідэю твора, прыйдзе менавіта да тых высноў, якія з'яўляюцца значнымі для пісьменніка.

Многія эпізоды ў рамане кранаюць, калі аўтар не перабольшвае з сентыментальнасцю, не выкарыстоўвае збыткоўных дэталей. Гарыць хата, Верчына сястра выкідае ў акно маленькага сына, а пісьменнік "праз полымя" педантычна пазначае, што хлопчыка ратуе "камсамольскі актывіст, рахункавод Салавейчык". У рамане мала вясковага побыту, але прысутнічае прырода (кароткія апісанні заўсёды маюць дачыненне да свету людзей), ёсць тут і сімвалічныя сны, і паданне пра Князь-возера, якое падкрэслівае адвечную залежнасць чалавека, няздольнасць жыць паводле ўласных жаданняў і пачуццяў.

Калі б У. Гаўрыловіч адчуваў сябе постмадэрністам, то неяк абыграў бы выбар тэмы і месца дзеяння: зрабіў бы Веру сваячкай Мележавай Ганны альбо па-свойму апісаў пэўны эпізод са знакамітай трылогіі. Пераемнасць між творамі вельмі выразная, хаця мастацкія стратэгіі пісьменнікаў у многіх пунктах адрозніваюцца. Беларуская літаратура пакуль не багатая рэмэйкамі на класічную прозу, і У. Гаўрыловіч таксама ўстрымаўся ад смелых крокаў. Магчыма, справа ў сур'ёзнасці тэмы і вялікім аўтарытэце І. Мележа, але постмадэрнізм — гэта не абавязкова насмешка, іронію ж магчыма абмежаваць нязгодай са стылем і светабачаннем пісьменніка-класіка. Пакуль жа У. Гаўрыловіч абмежаваўся сцвярджэннем актуальнасці беларускай літаратурнай традыцыі — і зрабіў гэта на добрым узроўні.

Алеся ЛАПІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.