Вы тут

«На пенсіі не засумую»


Гэту цемнавокую жанчыну з вясёлым характарам, напэўна, ведаюць у Слаўгарадскім раёне ўсе. І хаця жыве яна ў невялікай вёсцы Міхайлоў, спраўляецца і гаспадарку весці, і клубнай працай у суседняй вёсцы займацца, ды яшчэ і з інфармацыйна-сацыяльным поездам «Клопат» курсіраваць па раёне.

21-7

Акрамя гэтага, яна — стараста вёскі і гаспадыня аграэкасядзібы з амаль аднайменнай назвай «Міхайлава». А з гэтага года выконвае яшчэ і дэпутацкія абавязкі.

Усё пачалося са... смецця

— Я ўжо нават і не памятаю, колькі гадоў стараста, — усміхаецца Людміла і спрабуе падлічыць. — Напэўна, не менш за сем. Вёска ў нас невялікая, каля 27 двароў, але не ўсе яны «жывыя». Некаторыя жыхары прыпісаны тут, але маюць кватэры ў Слаўгарадзе. На правах старасты назіраю за пажарнай сітуацыяй, наведваю пажылых, сачу за парадкам.

Старшыня Кабінагорскага сельскага Савета Вадзім Сівухін працай Людмілы задаволены, таму і ініцыяваў сёлета яе вылучэнне ў дэпутаты. Па сутнасці, яна і раней шмат чаго для аднавяскоўцаў рабіла. І не безвынікова. Некалькі гадоў таму тут існавалі цяжкасці з вывазам смецця. На ўсю вёску не было ніводнага кантэйнера, людзі збіралі адходы ў мяшкі і вывозілі іх самастойна. Але ж не ва ўсіх былі машыны. Аднойчы Людміла не вытрымала і паехала на прыём да кіраўніка Слаўгарадскага камунгаса. Той толькі паціснуў плячыма: «Дзе ж я табе грошы на кантэйнеры знайду?» Але Людміла не з тых, хто на паўдарозе спыняецца. З аднаго кабінета пайшла ў другі — да кіраўніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Той пранікся праблемай, а галоўнае, такім шчырым да яе стаўленнем і... дапамог з набыццём кантэйнераў. З тых пор парадку ў вёсцы стала значна больш.

Да мясцовай улады стараста звяртаецца толькі ў выпадку крайняй неабходнасці. А з такімі «дробязямі», як траву пенсіянерам пакасіць ці бак для смецця залатаць, спраўляецца сваімі сіламі разам з мужам. Навошта людзей ад іх спраў адцягваць?

— У вёсцы так усе жывуць, адно аднаму дапамагаюць, — кажа яна. — Пакуль малады, ніякая праца не палохае. Вось старэнькім цяжкавата прыходзіцца. Таму ім мы ні ў чым не адмаўляем.

Сваю дэпутацкую працу жанчына плануе пачаць з добраўпарадкавання дарогі: па ёй ужо даўно «рамонт плача».

З песняй па жыцці

Па адукацыі Людміла рэжысёр, узначальвае сельскі клуб у вёсцы Рудня — ад Міхайлова гэта каля кіламетра. Жыхароў няшмат, але яна не дае ім сумаваць. Запрашае ў розныя гурткі, ладзіць святы. Вядома, што без грошай сёння нічога не зробіш, але не была б яна дэпутатам, калі б не мела «таленту» іх знаходзіць. Кажа, што і яе прафесія, і грамадская пасада маюць шмат агульнага: і ў тым, і ў іншым выпадку без спонсараў не абысціся.

Спяваць і танцаваць яна любіла з дзяцінства, але ў вялікай сям'і, дзе выхоўвалася 5 дзяцей, бацькі не маглі купіць дачцэ піяніна. Так склалася, што даўнюю мару стаць работнікам культуры Людміла здзейсніла толькі ў 47 гадоў. Пасля школы спрабавала прайсці конкурс у Кішынёўскае музычнае вучылішча імя Штэфана Нягі, якое ў свой час скончыла Сафія Ратару. Шанцы былі, але сустрэўся на шляху каханы чалавек, і яна зрабіла іншы выбар. У 18 гадоў стала маці і вельмі ўдзячна Богу за такі лёс. Лічыць, што галоўнае ў жыцці — гэта сям'я і дзеці. Усё астатняе можа пачакаць. Яна і сяброўцы дапамагла не страціць сваё шчасце. Тая не магла вырашыць: ехаць ёй на вучобу ці да каханага. Што параіла ёй Людміла? Вядома, адпраўляцца да каханага. І яшчэ напрарочыла прыгажуню дачушку. Сказала, што ад вялікага кахання нараджаюцца толькі прыгожыя дзеці. Ці той пасыл быў вельмі моцны, ці проста супадзенне, але праз некаторы час усё так і атрымалася.

Сама Людміла выхавала дачку і сына. Цяпер у яе шасцёра ўнукаў.

А мара стаць спявачкай усё ж спраўдзілася. У складзе аўтаклуба, як яна называе інфармацыйна-сацыяльны поезд «Клопат», жанчына аб'ехала ўсе вёскі, што ёсць у раёне. Уключаючы і тыя, дзе жывуць усяго 2-3 чалавекі. «Зоркі» эстрады да іх не даязджаюць, а вось Людміла Чабатар з задавальненнем запаўняе гэты «прабел». У яе рэпертуары якіх толькі песень няма — народныя, эстрадныя, лірычныя, танцавальныя... Удзячныя слухачы імкнуцца хоць чымсьці аддзячыць. Адна бабулька, якой вельмі даспадобы прыйшліся Людміліны спевы, падарыла ёй самае каштоўнае з таго, што мела — свае вышыванкі.

Пірагі ад Людмілы

Яна не толькі добрая спявачка, але і таленавіты кухар. У свой час працавала ў бістро, і цяпер гэтыя веды вельмі спатрэбіліся. Па лініі пярвічнай арганізацыі «Сяльчанка» Беларускага саюза жанчын займаецца выпечкай піцы, пірагоў і іншай смакаты, якая на розных кірмашах і фестывалях разыходзіцца на «ўра». Яна тройчы станавілася лаўрэатам рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур «Мотальскія прысмакі». Там Людміла цалкам свая: і спяваць майстрыха, і кулінарыць. Ёсць свая «кропка» ў яе і на Блакітнай крыніцы, куды едуць лячыцца з усіх краін СНД. У выхадныя тут заўсёды хапае народу. Юшка, піражкі і курыны шашлык, якія яна гатуе разам з дачкой, разыходзяцца без праблем. Быў выпадак, калі адзін шчодры пакупнік забраў оптам... усе 70 піражкоў — так яны яму спадабаліся. Нават чай, які заварваецца ў старадаўнім самавары на вуглях, карыстаецца нязменным поспехам. У яго нават смак іншы.

Француз на жалезным ложку

Міхайлоў хаця і невялічкая вёска, але госці сюды прыязджаюць нават з-за мяжы. І ўсё дзякуючы няўрымслівай Людміле. Некалькі гадоў таму яна разам з дачкой занялася аграэкатурызмам. Хто толькі за гэты час на яе сядзібе ні гасцяваў! Шмат кліентаў пабывала па лініі мясцовага фонду развіцця сельскіх тэрыторый «Адраджэнне-Агра», які супрацоўнічае з «Сяльчанкай». Нават з Францыі.

— Мяне папярэдзілі, каб я французам не прапаноўвала металічныя ложкі: маўляў, гэта перажытак савецкага мінулага, а яны — людзі далікатныя, адзін нават працуе ў парламенце, — усміхаецца Людміла. — Але гэты самы парламентарый, як убачыў той ложак, на іншыя і глядзець не захацеў. Прыйшлося ўступіць. А раніцай за снеданнем ён прызнаўся, што сам родам з Расіі і ўсё дзяцінства на такім ложку правёў. Казаў, сны такія цудоўныя бачыў, што не хацелася нават прачынацца.

Гэты ложак наогул асаблівы. Аднойчы на чарговым семінары па аграэкатурызме гаспадарам сядзіб прапанавалі прыдумаць свае «фішкі», каб зацікавіць гасцей. «А ў мяне ёсць чароўны ложак, — заявіла яна. — Хто тры дні на ім паспіць, у хуткім часе народзіць дзіця. Нават калі дагэтуль былі праблемы». Яе крэатыў ацанілі. Але хто ў гэтыя казкі сёння верыць? Магчыма, і казка, але госці нават у чаргу становяцца, каб трапіць на гэты ложак. «А вы не сумнявайцеся, — хітра ўсміхаецца яна. — Мая дачка на ім спала, цяпер чацвёра дзяцей выхоўвае. Ад старадаўніх рэчаў ідзе вельмі добрая энергетыка. Я спецыяльна іх захоўваю, каб у доме ўтульна было.

Аднойчы Людміле сказалі: «Ты жывеш так, быццам 200 гадоў сабе адмерала». Яна толькі паспачувала гэтаму чалавеку. Дзівак, ён не ведае, што сэнс жыцця менавіта ў тым, каб нешта рабіць не толькі для сябе, а і для іншых. «На пенсіі, — смяецца яна, — я дакладна не засумую».

Нэлі ЗІГУЛЯ.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.