Вы тут

З песняй, што ідзе ад душы!


«...Калі пяюць песні ў вас? ...Пяюць на Каляды, на запускі, на Вялікдзень, на Тройцу, на Яна Купалу, у Пятроўку, на зажынках і дажынках. Пяюць на радзінах і хрэсьбінах, пяюць дзіцё калыхаючы, і самі дзеці пяюць гуляючы; пяюць на ігрышчах і вяселлі, і на хаўтурах, і ў бяседзе, і пры працы, і на вайну ідучы, і ўва ўсякай іншай прыгодзе. Увесь круглы год пяюць».

М. Багдановіч «Апокрыф»

Мова нашага народа — адна з самых мілагучных і меладычных у свеце. І не дзіва, што беларусы любяць спяваць. Класік беларускай літаратуры Максім Багдановіч вельмі трапна заўважыў, што ў Беларусі спяваюць круглы год. І з гэтым цяжка не пагадзіцца.

Колькі сябе памятаю, я заўсёды чула спевы: матуля спявала калыханкі — спачатку мне, а потым маім малодшым братам. Бабуля ў вёсцы спявала, калі палола градкі і расчэсвала валасы, жала жыта і вязала снапы, мыла бялізну і гатавала ежу. Спяваюць у маёй сям'і не толькі жанчыны. Бацька — удзельнік народнага вакальнага калектыву. Песні ў яго выкананні можна пачуць не толькі ў нашай кватэры, але і ў канцэртных залах.

З дзяцінства я, напэўна, як і большасць дзяцей, любіла спяваць. Гэта заўважыла музычны кіраўнік дзіцячага садка. Два гады запар мне пашчасціла быць удзельніцай творчага конкурсу для дзяцей — выхаванцаў дзіцячых садоў для чыгуначнікаў Магілёва, які называўся «Хрустальны чаравічок».

Потым была музычная школа. Чатыры гады вучобы здаваліся бясконцымі. А сёння, азіраючыся на мінулае, я шкадую, што не хапіла цярпення скончыць поўны курс музычнай школы, што атрымала толькі пачатковую музычную адукацыю. Бо нішто не параўнаецца з магчымасцю несці музыку і свой настрой у залу, да слухача.

Любоў да музыкі і спеваў прывяла мяне ў гурток мастацкай самадзейнасці Дома культуры чыгуначнікаў. Сёння я з'яўляюся актыўнай удзельніцай розных канцэртаў і музычных конкурсаў. Мне вельмі падабаецца стаяць на сцэне і спяваць.

Дарэчы, спяваю я не толькі на сцэне. Без спеваў я ўжо не ўяўляю свайго жыцця. Я спяваю, калі мне сумна і весела, калі хвалююся і радуюся. Спяваю для маці і таты, для бабулі і малодшых братоў. А па святах, калі наша сям'я збіраецца разам, мы з татам спяваем дуэтам. Праз песню можна перадаць і любоў да родных і блізкіх, і пачуццё павагі да дарослых, і пачуццё гонару за сваю сям'ю і сваю зямлю.

Таму сто разоў меў рацыю Максім Багдановіч, калі пісаў у «Апокрыфе», што спяваюць на нашай зямлі ўсе: і дзеці, і дарослыя, і жанчыны, і мужчыны. І нам не трэба нейкай асаблівай нагоды для таго, каб спяваць. Бо, калі спявае душа, хочацца спяваць так, каб песню, якая ідзе ад яе, ад сэрца, чула як мага больш людзей.

Вольга Бялясава, вучаніца 9 класа
гімназіі № 3
г. Магілёва

Пра аўтара

Вользе 15 гадоў. Пасля заканчэння базавай школы дзяўчына плануе працягнуць навучанне — пайсці ў 10 клас.

— На працягу васьмі гадоў я з'яўляюся ўдзельніцай дзіцячага вакальнага ансамбля «Паляўнічыя за ўдачай». Вельмі люблю спяваць, таму маё жыццё багата на разнастайныя канцэрты і конкурсныя праграмы (пацвярджаем: з Вольгай доўгі час не атрымлівалася пагутарыць, бо яна пастаянна некуды бегла па справах. — Рэд.), — кажа пра сябе аўтар. — Так, сёлета наша сям'я прымала ўдзел у гарадскім конкурсе «Сям'я года — 2014», а зусім нядаўна я стала пераможцай гарадскога конкурсу «Звонкі капеж». Акрамя спеваў, захапляюся вышыўкай, люблю чытаць фантастыку. Мару паступіць ва Універсітэт культуры на факультэт культуралогіі.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.