У сталіцы і абласных цэнтрах іх павінны ўстанавіць налета ў ліпені, а сфера ігральнага бізнесу пяройдзе на «карткі» ўжо на наступным тыдні
Пра гэта гаворыцца ў пастанове Савета Міністраў і Нацыянальнага банка Беларусі ад 21 мая 2014 года № 489/7, паведамілі карэспандэнту газеты ў прэс-цэнтры Міністэрства па падатках і зборах.
Такім чынам, пастановай прадугледжваецца, што сёлета з 22 ліпеня пералік аб'ектаў гандлю і паслуг, якія падлягаюць аснашчэнню плацежнымі тэрміналамі, будзе пашыраны. У яго ўвойдуць усе павільёны і кіёскі, чыгуначныя станцыі (пры абслугоўванні больш як 250 пасажыраў за суткі і наяўнасці ліній сувязі), санаторыі, дамы (базы) адпачынку, аздараўленчыя цэнтры (комплексы), аўтамабілі-таксі і дыягнастычныя станцыі, дзе праводзіцца тэхнічны агляд транспартных сродкаў.
У пералічаных аб'ектах усталяванне тэрміналаў будзе ажыццяўляцца паэтапна. Першымі (з 22 ліпеня) павінны абсталёўваць свае аб'екты арганізатары ігральнага бізнесу. Мінск і абласныя цэнтры — з 1 ліпеня 2015 года, гарады раённага падпарадкавання — з 1 студзеня 2016 года, а з 1 ліпеня 2017 года плацежныя тэрміналы павінны стаць даступнымі ўжо па ўсёй тэрыторыі краіны.
Асобна прапісаны тэрмін (з 1 студзеня 2015 года) абавязковага абсталёўвання тэрміналамі буйных аб'ектаў гандлю. Гэта тычыцца тых аб'ектаў, якія працавалі на працягу 2013 года і памер атрыманай выручкі за год па кожным з іх склаў больш за 7,5 тысячы базавых велічынь (БВ), па аб'екце сістэмы спажывецкай кааперацыі — больш за 15 тысяч БВ, аб'екце бытавога абслугоўвання насельніцтва — больш за 3750 БВ.
«У мэтах забеспячэння своечасовага выканання абавязку па ўсталяванні ў аб'ектах плацежных тэрміналаў прадпрыемствам і індывідуальным прадпрымальнікам мэтазгодна загадзя звярнуцца ў банк па пытанні заключэння дагавора на абслугоўванне трымальнікаў банкаўскіх плацежных картак у аб'ектах гандлю (паслуг) і прадастаўленне аплатных тэрміналаў», — гаворыцца ў інструкцыі МПЗ.
За невыкананне патрабаванняў па ўсталяванні плацежных тэрміналаў суб'ект прадпрымальніцкай дзейнасці можа быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Так, з-за адсутнасці тэрмінала пры продажы тавараў, выкананні работ, аказанні паслуг у выпадках, вызначаных заканадаўствам, ІП можа заплаціць штраф у памеры да 100 базавых велічынь, а юрыдычная асоба — ад 10 да 200 базавых.
Кіраўнікі падатковай галіны ўпэўнены, што павелічэнне долі безнаяўных разлікаў у сферы рознічнага гандлю і аказання паслуг насельніцтву будзе садзейнічаць узмацненню кантролю за грашовымі патокамі ўнутры краіны і, як вынік, зніжэнню долі ценявой эканомікі.
Сяргей КУРКАЧ.
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.