Вы тут

Жыццё як выпрабаванне...


Апублікавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» 22.08.14 г.

___________________________________________________________________________

Келімбетаў, Н. Не хачу губляць надзею: аповесць-маналог / Немат Келімбетаў; пер. з казах. А. М. Карлюкевіча, А. М. Бадака. — Мінск: Звязда, 2014. — 192 с.

Нечаканай падзеяй у выданні перакладной літаратуры ў Беларусі можна назваць з’яўленне кнігі Немата Келімбетава “Не хачу губляць надзею”. У перакладзе на беларускую мову да чытача прыйшла аповесць-маналог чалавека, які ў выніку цяжкага захворвання і нейрахірургічнай аперацыі на доўгія гады аказаўся прыкутым да ложка. Але гэта не перашкодзіла Н. Келімбетаву займацца літаратурнай работай, навуковымі даследаваннямі.

Келімбетаў

Аўтар аповесці адбыўся як вучоны, стаў акадэмікам Акадэміі гуманітарных навук Рэспублікі Казахстан, быў уганараваны званнем лаўрэата прэміі імя Культэгіна, званнем заслужанага дзеяча навукі Казахстана. Па працах доктара філалагічных навук Н. Келімбетава сёння вывучаюць гісторыю старажытнай казахскай літаратуры, казахскай нацыянальнай культуры.

А як мастак слова Немат Келімбетаў паставіў перад сабой задачу паказаць усё напружанне чалавечай душы, чалавечага сэрца, чалавечага розуму, калі выпрабаванні носяць асабліва драматычны характар. Галоўны герой кнігі — Ержан.

“Я хварэў і чакаў смерці, — чытаем з першай старонкі аповесці. — Я паміраў кожны дзень, але заставаўся ў жывых, каб зноў і зноў адчуць боль.

Часам мне падавалася, што гэты боль — адзінае пацвярджэнне майго існавання.

Я падаў у прорву адчаю і выкараскваўся, цьмяны агеньчык чалавечай любові вёў мяне, і я не ведаў, куды...

Я змагаўся і цярпеў паражэнне за паражэннем, надзея пакідала мяне, але я не здаваўся на міласць мацнейшага.

Таму што мацней за мяне была толькі смерць...

У гэты сумны час побач са мною была мая жонка Куаныш, якая стала правобразам Гаухар у гэтай аповесці.

Гаухар, міласэрная Гаухар, ты не пакінула мяне, не адвярнулася ад мяне.

Гэты маналог я прысвячаю табе...”

Розныя героі праходзяць перад чытачом, па-рознаму паводзяць сябе блізкія тых, хто патрапіў у бяду. Але кожная старонка аповесці напоўнена маральнай, духоўнай узвышанасцю. Чым больш складаная сітуацыя абцугамі скавала персанажаў, якіх аўтар сустрэў у бальнічнай палаце, тым болей моцнымі паўстаюць яны ў барацьбе з драматычнымі і трагічнымі наваламі.

“Кожны чалавек валодае магутнай сілай”, — так назваў сваю прадмову да кнігі акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, славуты нейрахіруг Арнольд Смеяновіч. “Вучоны, літаратуразнаўца і пісьменнік, перакладчык і ў сваёй хваробе застаўся Вучоным з вялікай літары, — піша Арнольд Фёдаравіч. — Працягваючы пісаць свае навуковыя працы, даследчык зрабіў і надзвычай важную рэч. Кнігай “Не хачу губляць надзею” ён зазірнуў у сутнасць чалавечых характараў у час выключных выпрабаванняў. Празорлівасць, з якой аўтар узіраецца ў сваіх герояў, прымушае задумвацца над многімі рэчамі, узважваць вартасці жыцця”. І далей: “Прызнаюся, я параіў бы кожнаму з тых пацыентаў, хто трапляе ў няпростую сітуацыю, перагарнуць старонкі шчырай споведзі Немата Келімбетава “Не хачу губляць надзею”. Упэўнены: большасць з чытачоў паверыць у свае сілы, скажа сабе, што за жыццё можна і трэба змагацца. Жыццё — велізарнейшы дар. Чалавеку. Дык чаму мы павінны так лёгка развітвацца з ім?!.”

Кнігу Немата Келімбетава можна смела ставіць на адну палічку з творамі Мікалая Астроўскага, Уладзіслава Цітова. А таксама — з творам Уладзіміра Ліпскага пра франтавую медсястру Зінаіду Тусналобаву-Марчанка, якая вярнулася з вайны без рук і без ног. Між іншым у беларускім выданні аповесці-маналога Н. Келімбетава ёсць і вітальнае слова Уладзіміра Ліпскага. А яшчэ — верш азербайджанскага паэта Чынгіза Алі аглу “Ікар” (з прысвячэннем “Светлай памяці Немата Келімбетава”). “Нібы пчала да кветкі-лёсу, / Ты адляцеў у боскі вырай. / Ты даказаў, што смак палёту / Магчыма зведаць і бяскрылым”.

Аповесць Н. Келімбетава “Не хачу губляць надзею” — не першы зварот Выдавецкага дома “Звязда” да казахскага мастацкага слова. Раней быў выдадзены зборнік выбранай паэзіі Абая па-беларуску. У “Полымі” друкаваліся вершы Алжаса Сулейменава. Былі і іншыя публікацыі.

Павел АЛЬСОВЫ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.