Вы тут

«Сэрца жывое нясуць Казахстана...»


У Выдавецкім доме «Звязда» падрыхтавана да друку кніга казахскага вучонага, пісьменніка і асветніка Немата Келімбетава «Зайздрасць».


Немат Келімбетаў — з кагорты тых аўтараў, якія найперш цікавяць чытача ўдумлівага, здольнага асэнсоўваць рэчаіснасць, па-філасофску аглядаць розны час, розныя падзеі. Ужо вядомыя ў Беларусі яго кнігі «Не хачу губляць надзею», «Лісты да сына». Цяпер перакладзена на беларускую мову і кніга «Зайздрасць». Днямі яна выйдзе з друку. Што цікава, у новым беларускім выданні філасофскай прозы Немата Келімбетава ў якасці прадмовы, уступнага слова змешчаны вершы трох беларускіх паэтаў — Міколы Мятліцкага, Генадзя Аўласенкі, Юліі Алейчанкі. Усе творы прысвечаны Немату Келімбетаву. «Мы не бязродныя ў стэпе шырокім,/ Памяць не выстудзяць ветры злавесныя./ Там, дзе сыходзяцца з долам аблокі, / Крочаць прародзічы — цюркі Нябесныя./ Рушаць дарогай гісторыі пыльнаю,/ Сонца над імі — крывавая рана./ Шэпчуць нам, сыне, не скаргі магільныя — / Сэрца жывое нясуць Казахстана...» (Мікола Мятліцкі).

— Мы вельмі ўдзячны беларускім калегам за такую паслядоўнасць у знаёмстве чытачоў вашай краіны з творчасцю Немата Келімбетава, — гаворыць казахская пісьменніца Райхан Мажэнкызы. — Прыемна, што прайшлі прэзентацыі яго кніг у Мінску і іншых гарадах Беларусі. Мноства рэцэнзій, водгукаў, якія з'явіліся ў друку і прысвечаны кнігам казахскага асветніка, сведчаць пра неабыякавае стаўленне да яго творчасці. А цяпер вось уразілі і вершаваныя водгукі вядомых паэтаў на знаёмства з лёсам, творчасцю Келімбетава. Прыкуты да ложка, аўтар спавядальнай кнігі «Не хачу губляць надзею» шмат для каго з'яўляецца прыкладам жыццясцвярджальнасці, ён падобны да беларускі Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі, якая вярнулася з вайны без рук і ног. Мне здаецца, што аповесць Немата Келімбетава, іншыя яго творы асабліва важна прачытаць маладым людзям, якія думаюць, разважаюць над тым, якім павінна быць жыццё, з каго гэтае жыццё рабіць.

Варта нагадаць, што ў Выдавецкага дома «Звязда» ўвогуле склаліся добрыя адносіны з казахскімі літаратарамі. Гэта відаць і па многіх творчых праектах беларускіх літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў. З іх старонак да чытача прыйшлі на беларускай мове творы сучасных пісьменнікаў Казахстана Нурлана Аразаліна, Святланы Ананьевай і іншых паэтаў і празаікаў.

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.