Вы тут

У бабуль не заўсёды танней


 

У Віцебску можна купіць садавіну і агародніну на імправізаваных вулічных кірмашах. Але няма гарантыі, што агуркі ці бульба там таннейшыя, чым у крамах.

27-14

Каб параўнаць цэны, спачатку зайшоў у фірменную краму СВК «Альгоўскае», што — на вуліцы Люднікава. Кілаграм бульбы прадавалі за 4050 рублёў, морквы — за 4700, 1 кіло цыбулі рэпчатай — за 6700 рублёў, часнаку свежага з Кітая — за 34300 рублёў, буракоў — за 5150 рублёў, капусты — 3500 рублёў (квяцістай — за 17450 рублёў). Гандлярка сказала, што беларускі часнок наогул не прывозяць…

На скрыжаванні вуліцы Смаленская і праспекта Фрунзэ (на апошнім, дарэчы, знаходзіцца летні амфітэатр. — Аўт.) гандлявалі як з «колаў», так і з палатак. Мужчыны прывезлі на «газелі» бульбу, якую прапаноўвалі купіць за 3,5 тысячы кіло, а дробную — нават за 2 тысячы. Яны ж рэалізоўвалі баклажаны па 13 тысяч рублёў за кіло, перац — па 9 тысяч, таматы зялёныя — па 4 тысячы рублёў і нестандартныя (менавіта так было напісана. — Аўт.) — па такой жа цане.

Побач фермер рэалізоўваў бульбу ў мяшках па цане 3,5 тысячы за 1 кг. Сказаў, што прымае заказы і ўвечары можа прывесці бульбу пакупніку. Недалёка кабета прадавала мёд некалькіх гатункаў: прасіла 50 тысяч рублёў за паўлітровы слоік.

Дайшоў я і да «бабак». Такі «брэнд» («бабкамі» называюць пажылых жанчын, што гандлююць агароднінай і іншым на вуліцы), напэўна, ёсць у кожным горадзе. Бабуля вельмі прасіла купіць галоўку часнаку за 3 і 4 тысячы рублёў (у залежнасці ад памеру), а невялічкую — увогуле за 1 тысячу. Пенсіянерка, якая стаяла насупраць, за 5‑літровае вядро бульбы прасіла 25 тысяч рублёў. Яе суседка па вулічным гандлі прадавала кукурузу вараную — усяго 2 тысячы за штуку. Дзед прасіў 16 тысяч рублёў за кіло агуркоў са свайго агарода.

Але ў краме насупраць нечакана знайшоў вельмі прыгожыя на выгляд агуркі па цане ўсяго 12300 рублёў за кіло, яблыкі прадавалі за 4350 і 5300 рублёў.

Пакуль хадзіў і запісваў цэны, малады хлопец прапанаваў купіць новы планшэт — усяго за 300 тысяч рублёў. Маўляў, новы, сам ім не карыстаўся, бо грошы вельмі тэрмінова спатрэбіліся. Вельмі прывабная цана, але ж…

Перайшоў на вуліцу Камуністычную, дзе кіло памідораў прадавалі ў палатцы за 15 тысяч рублёў, агуркоў — за 14 тысяч…

На Смаленскім рынку ўбачыў памідоры ўсяго па 8 тысяч рублёў за кіло. Жанчына растлумачыла, што яны такія танныя, таму што «пальчыкі». Недалёка памідоры круглай формы прадавалі зноў за 15 тысяч, агуркі ад мясцовага сельскагаспадарчага кааператыва — за 12, моркву — за 7 тысяч рублёў.

У крытым будынку таго ж рынка знаёмая гандлярка прадавала памідоры па 13 тысяч, агуркі — па 10 тысяч, моркву — па 5 і 6 тысяч рублёў, кітайскі часнок — па 28 і 35 тысяч рублёў за кіло. Разгаварыліся. Сказала, што пакуль на вуліцы даволі цёпла, пакупнікоў у яе мала. На гародніну гаспадар яе гандлёвага пункта «накручвае» цану на 10%, на многія плады — на 20%, на ананасы і некаторую іншую экзатычную садавіну — да 30%. Але ўсё залежыць ад цаны пастаўшчыка…

З другога боку крытага будынка многія прадавалі кіло бульбы за 4 тысячы рублёў, некаторыя прасілі на 500 рублёў больш.

Зрабіў вельмі карысную выснову: перад тым, як адправіцца па пакупкі, трэба проста прайсціся і не пасаромецца запісаць, што і колькі каштуе. Калі, вядома, вы лічыце кожны рубель. Гандляры прызналіся, што ў крамах буйных гандлёвых сетак аналагічная карысная для здароўя прадукцыя каштуе… танней. Ды і якасць садавіны і гародніны там гарантаваная, бо ёсць адпаведныя дакументы. А дзе гарантыя, што з рук вы не купіце гародніну, якая расла на вялікай колькасці нітратаў? Таму «бабкі» і «дзедкі», ды і рынкі — не канкурэнты супермаркетам. Тым больш што ў халодны час года там заўсёды цёпла і ўтульна. Іншая справа, што не ўсім пашанцавала жыць па суседстве з такімі буйнымі гандлёвымі аб'ектамі. Таму і ходзяць людзі па «вітаміны» на вуліцу і міні-рынкі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.