Зубр мае статус віду, які аднаўляецца, і хаця пагроза яго знікнення мінула, праблем з лясным «волатам» хапае. Так, беларуская папуляцыя белавежскага зубра займае другое месца ў свеце па колькасці пасля польскай і складае 1216 жывёл у 10 мікрапапуляцыях. Аднак усе яны — блізкія сваякі, бо з'яўляюцца нашчадкамі аднаго самца. У выніку блізкароднаснае скрыжаванне жывёл прывяло да таго, што сёння іх генетычны патэнцыял вельмі слабы. Напрыклад, зубры часцей і мацней хварэюць, а навукоўцы адзначаюць выпадкі выраджэння віду. Як доўга пратрымаецца такі зубр — невядома.
Дзеля таго, каб вырашыць праблему, а менавіта знайсці аптымальную схему скрыжавання зуброў. Мінпрыроды распрацавала план мерапрыемстваў на 2015—2019 гады ў гэтым кірунку, які ўжо зацверджаны Саветам Міністраў. Увага будзе надавацца ў першую чаргу правядзенню граматнай селекцыйна-племянной працы ў асобных мікрапапуляцыях, генатыпаванню. Будзе створаны банк ДНК белавежскага зубра, кожная жывёла атрымае генетычны пашпарт. Адзінае, што нельга забяспечыць у нашых умовах, — стварыць сапраўды вялікую папуляцыю, бо для гэтага ў Беларусі няма такой вялікай падыходзячай тэрыторыі. Затое магчымасць ёсць у расійскага боку, дзе зараз налічваецца больш за 720 «белавежцаў». Такім чынам, клопат аб захаванні рэдкай жывёлы стаў не толькі нацыянальным, але і саюзным. У выніку Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах сумесна з Інстытутам праблем экалогіі і эвалюцыі ім. А.М. Северцава Расійскай акадэміі навук пры ўдзеле Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» летась у лістападзе распрацавалі праект канцэпцыі Праграмы Саюзнай дзяржавы «Фарміраванне аптымальнага арэала еўрапейскага зубра як гарантыі яго доўгачасовага захавання — «Дарожная карта для зубра», што разлічаны на 5 гадоў рэалізацыі.
Чаго чакаюць ад «Дарожнай карты»? На тэрыторыі Саюзнай дзяржавы, а менавіта на расійскіх землях, з'явіцца вялікая вольная папуляцыя еўрапейскага зубра з рознымі генатыпамі. Людзі практычна не будуць умешвацца ў яе жыццё. «У Беларусі ёсць рэзерв зуброў — каля 300 жывёл можна рассяляць на новыя тэрыторыі, — адзначыў акадэмік-сакратар аддзялення біялагічных навук НАН Беларусі, генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах Міхаіл НІКІФАРАЎ. — Аднак спачатку трэба адабраць самых прыдатных жывёл: з гэтай мэтай створаны два гадавальнікі ў Расіі, трэці плануецца пабудаваць у Белавежскай пушчы». Мяркуецца, што для доўгатэрміновай устойлівай папуляцыі зубра патрабуецца каля трох тысяч жывёл.
Дарэчы, натуральнымі месцамі жыхарства зубра былі не толькі беларускія землі, але і сярэдняя і паўднёвая часткі Расіі — мясціны з кампактнымі ляснымі масівамі. Зараз расійскія тэрыторыі таксама прыгодныя для пасялення зубра. Але дзе менавіта «прапішацца» белавежскі «волат», пакуль незразумела, хаця прыдатныя мясціны ўжо нагледжаны ў Цвярской, Арлоўскай, Бранскай абласцях. У бліжэйшы час там правядуць спецыяльныя экспедыцыі.
Для рэалізацыі праграмы будуць выкарыстоўвацца сучасныя тэхналогіі для якаснага маніторынгу за папуляцыяй зубра: беспілотная тэхніка з інфрачырвонымі камерамі, чыпаванне, спадарожнікавае назіранне. На рэалізацыю праграмы «Дарожная карта для зубра» з бюджэту Саюзнай дзяржавы будзе выдзелена 600 мільёнаў расійскіх рублёў.
Дарэчы, у нашых суседзяў ужо ёсць пазітыўны вопыт працы з зубром: у нацыянальным парку «Арлоўскае Палессе» пражывае вольная папуляцыя жывёл колькасцю прыкладна ў 300 галоў. Яе адметнасць якраз у тым, што прысутнічаюць зубры з рознымі генатыпамі.
Кацярына РАДЗЮК
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?