Вы тут

Як стаць настаўніку героем дня?


Настаўнік у грамадскай іерархіі прафесій не займае лідзіруючыя пазіцыі. Паміж дэклараванай каштоўнасцю адукацыі і рэальным стаўленнем да яе — немалая дыстанцыя. Пра гэта казалі дэлегаты VІІІ з'езда Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

«Вінцікі» пра перамогу не мараць

— Апошняя пяцігодка — цэлая эпоха, якая ўключае рэарганізацыю і аптымізацыю, змяненні ў парадку атэстацыі педработнікаў, павелічэнне педагагічнай нагрузкі, апрабацыю галіновай сістэмы аплаты працы, патрабаванні павышэння якасці, эфектыўнасці і выніковасці, мадэрнізацыю ўсёй адукацыйнай сістэмы і многае іншае, — падзялілася сваімі думкамі з удзельнікамі з'ездастаршыня Мінскага гарадскога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса ВОЛКАВА. — За гэтыя гады мы атрымалі новыя ўмовы, рэсурсы, магчымасці і новую заработную плату. Невялікая частка педагагічнай грамадскасці адчула смак да працы па-новаму. Але, як следства, мы атрымалі скарачэнне штатаў, інтэнсіфікацыю працы, кадравы голад, адток маладых кадраў, адсутнасць жадання абітурыентаў паступаць на педагагічныя спецыяльнасці. І, на мой погляд, самае важнае, што ўся сістэма адукацыі перададзена на нядаўна яшчэ не вядомы аўтсорсінг! Гэта значыць, што для бесперабойнай дзеяздольнасці асобных сістэм і інфраструктуры канкрэтнага рэгіёна ўсе функцыі па прафесійнай і непрафесійнай іх падтрымцы і абслугоўванні перададзены адукацыі. Такім чынам педагогі сёння ў адказе за ўсё: за выхаванне (бо сям'я адышла на другі план); за акты абследавання жыллёва-бытавых умоў і тэхнічнага стану кватэр; за парушэнні правілаў супрацьпажарнай бяспекі (наяўнасць пажарных апавяшчальнікаў, стан электраправодкі, паддашкавыя і падвальныя памяшканні, печы, коміны і г.д.); за злачыннасць; за кантроль і суправаджэнне аб'ектаў, якія не ўваходзяць у сістэму адукацыі.

Медыцынскія работнікі з дашкольных устаноў перайшлі ў ведамства Міністэрства аховы здароўя — у выніку педагогі цяпер самі пішуць меню, падлічваюць грашовыя і натуральныя нормы на харчаванне дзяцей. Абараняюць дзяцей ад іх жа нядбайных бацькоў. Не сакрэт, што сёння для многіх работнікаў нашай сферы галоўнае — захаваць працоўнае месца, не трапіць пад скарачэнне і зарабляць, каб жыць. А для кіраўнікоў — утрымаць тых, хто прыйшоў.

Значыць, будзем цярпець, маўчаць, абмяркоўваць і скардзіцца ўсё на той жа кухні? Але тое, што здаецца спакоем у калектывах, часцей за ўсё міф. Злом адкрытага супраціўлення прапанаваным рэформам адбыўся, але яму на змену прыйшлі абыякавасць або псіхалагічнае абстрагаванне, якое адбіваецца на вучнях і студэнтах.

Лідар сталічнага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ўпэўнена, што чалавек, які баіцца страціць працу, які не адчувае стабільнасці і лічыць сябе «вінцікам», пра перамогу не думае. Перамога прыходзіць з разуменнем мэты, свайго месца і сваёй значнасці.

«Пры гэтым я ўпэўнена, што прафесіянал заўсёды будзе патрэбны сваёй ВНУ ці школе, паколькі менавіта такія людзі складаюць хрыбет любой арганізацыі і сістэмы. Іх трэба гадаваць і песціць, пашыраючы іх колькасць», — дадала Ларыса Волкава.

8-44

8-44

 

Чаму не чуюць педагогаў?

Сёння ні для каго не сакрэт, што невысокі ўзровень заработнай платы ў адукацыі — велічыня пастаянная ў параўнанні з іншымі галінамі эканомікі. Сярэднямесячная заработная плата работнікаў сістэмы значна ніжэйшая за аналагічны паказчык іншых галін.

— Зарплата — не дапамога на беднасць, непрацаздольнасць ці старасць. Яна павінна быць годнай, і яе трэба зарабляць якаснай працай, — упэўнена старшыня Мінскага гаркама галіновага прафсаюза. — Неаднаразова на працягу пяці гадоў прафсаюз звяртаўся ў Савет Міністраў, органы заканадаўчай і выканаўчай улады, Міністэрства адукацыі з прапановамі па пытаннях аплаты працы работнікаў галіны. Трэба канстатаваць, што чуюць нас дрэнна, а то і зусім не хочуць турбаваць сябе адказамі на звароты прафсаюза, чаго не скажаш пра мясцовыя органы ўлады, і дзякуй ім за гэта ўзаемадзеянне! У бягучым годзе бюджэтам горада накіроўваецца 30% сродкаў на павышэнне тарыфных ставак работнікам сістэмы адукацыі.

Ларыса Волкава паведаміла, што адной з крыніц для павышэння заработнай платы з'яўляецца рэалізацыя артыкула 26 Закона «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2015 год», якім прадугледжана магчымасць устанаўліваць павышальныя каэфіцыенты да тарыфнай стаўкі за кошт эканоміі бюджэтных сродкаў. Але ў мінулым годзе для выканання вышэйзгаданага артыкула закона аб бюджэце была прынята пастанова Савета Міністраў № 110, якая ўжо загадзя не працуе.

— Неабходна адзначыць, што магчымасць павысіць зарплату праз рэалізацыю 110-й пастановы ў 2014 годзе Мінск не выкарыстаў, а па рэспубліцы ёй скарысталіся толькі дзве ВНУ, — паведаміла Ларыса Волкава. — Тое, што будзе далей адбывацца са стаўленнем дзяржавы да фінансавання адукацыі, павышэннем заработнай платы работнікаў і канкурэнтаздольнасці педагагічнай прафесіі, наўпрост адаб'ецца на работніках, іх матывацыі, аддачы ў рабоце, а значыць, і на выніках. Наша сістэма аплаты працы патрабуе абноўленай платформы, сучасных прынцыпаў, новых поглядаў і канструктыўных рашэнняў.

Важна таксама разумець, што заробак — толькі адзін з элементаў працоўных адносін, што, павялічваючы зарплату, трэба думаць і пра ўсё астатняе — пра сістэму атэстацыі, умовы для далейшага асобаснага і прафесійнага росту педагогаў. Усе мы разумеем, што гэта цэласная сістэма працоўных адносін паміж грамадствам з аднаго боку і педагагічным работнікам — з іншага.

«Не трэба нас узводзіць на п'едэстал»

— Яшчэ гадоў 20-30 таму выпускнікі школы сярод самых прэстыжных прафесій называлі прафесію настаўніка. Гэты шлях выбіралі найлепшыя вучні з класа. А што мы бачым сёння? Недаборы на бюджэтную форму навучання... А той, хто паступае, не можа здаць нават першую сесію, — агучыў сваё бачанне сітуацыі ў адукацыі старшыня прафкама Дабрамысленскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Сцяпан КУНІЦКІ. — І я часта задумваюся над тым, а хто ж прыйдзе нам на змену. Тое, што педагагічныя калектывы старэюць, — гэта факт. Маладыя спецыялісты, адпрацаваўшы па размеркаванні свае два гады, шукаюць для сябе іншую сферу дзейнасці. Не хапае настаўнікаў матэматыкі, замежнай мовы, хіміі, фізікі. У нашай школе гэтыя прадметы выкладаюць настаўнікі-пенсіянеры.

Сітуацыя з кожным годам ускладняецца. Школу пакідаюць таленавітыя педагогі, сыходзіць ініцыятыва, творчасць, і, як вынік, пачынае зніжацца якасць адукацыі. Усе спосабы процістаяць гэтаму працэсу і пераадолець цяжкасці звычайна зводзяцца да закручвання гаек, далейшай бюракратызацыі школы і рэгламентацыі дзейнасці кіраўнікоў устаноў і непасрэдна настаўнікаў.

Чаму ж падае прэстыж прафесіі? На думку настаўніка, справа тут не столькі ва ўзроўні заработнай платы, колькі ў стаўленні да педагога.

— Яго першапачатковая задача — вучыць дзяцей, прафесійна, цікава, з захапленнем. Менавіта пра свой непасрэдны абавязак павінен думаць настаўнік, прыходзячы ў школу. Але гэта яму сёння не заўсёды ўдаецца, — падкрэслівае Сцяпан Куніцкі. — Адукацыя перагружана методыкамі, рэкамендацыямі, справаздачамі, планамі... Настаўнік павінен займацца і не ўласцівымі яго прафесіі абавязкамі, якія не маюць ніякага дачынення ні да адукацыйнага працэсу, ні да выхавання дзяцей. Гэтых абавязкаў, што «павешаны» на педагогаў іншымі ведамствамі, хоць адбаўляй. Мы абавязаны ўсім: органам унутранных спраў, па надзвычайных сітуацыях, аховы здароўя, ваенкамату, пракуратуры, сацыяльнай і санітарнай службе, нават бацькам: усе яны шлюць у школу свае ўказанні, а па сутнасці, навязваюць настаўнікам свае абавязкі.

На думку педагога, у поўнай меры адказваць за выхаванне сваіх дзяцей павінны бацькі, а не класныя кіраўнікі, настаўнікі і дырэктары. Школа павінна не замяняць бацькоўскія функцыі, а толькі іх дапаўняць і карэктаваць.

— Сёння вельмі часта з вуснаў чыноўнікаў можна пачуць фразы кшталту «настаўнік павінен тое». І ўвогуле «ён павінен быць такім ці такім». Не трэба перад намі станавіцца на калені і не трэба ўзводзіць нас на п'едэстал. Не трэба да нашай прафесіі прад'яўляць павышаныя патрабаванні, гаварыць пра яе ўзнёсла. Прафесія наша не горшая і не лепшая за іншыя. У яе ёсць свае плюсы і мінусы, — лічыць Сцяпан Куніцкі.

Перад міністрам адукацыі Міхаілам Жураўковым, які ўдзельнічаў у з'ездзе, настаўнік паставіў шэраг пытанняў. Па яго словах, педагогі заклапочаны тым, што практычна ўсе яны пазбавіліся магчымасці атрымаць пенсію за выслугу гадоў. Прынятае палажэнне аб парадку атэстацыі педагагічных кадраў прывяло ў шок выхавацеляў устаноў дашкольнай адукацыі, кіраўнікоў і іх намеснікаў. Выхавацелі, якія не маюць профільнай адукацыі па «педагогіцы дзяцінства», сталі ізгоямі ў сістэме адукацыі. А кіраўнікі ўстаноў адукацыі пазбавіліся права на атэстацыю як педагогі.

— У СМІ часта можна пачуць разважанні пра мэтазгоднасць існавання рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі і прапановы перадаць гэтыя функцыі педагагічным універсітэтам. Педагогі нашай вобласці за тое, каб яны існавалі, толькі трэба надзяліць іх тымі функцыямі, якія яны павінны выконваць, а не накладваць на іх функцыі кантралёраў. У нас кантралёраў усіх узроўняў хапае і так, — дадаў Сцяпан Куніцкі.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра куфэрак и вяртанне блуднага мужа.

Грамадства

Андрэй Кароль: Студэнтаў трэба задзейнічаць у кухні па «прыгатаванні» ведаў

Андрэй Кароль: Студэнтаў трэба задзейнічаць у кухні па «прыгатаванні» ведаў

Рэктар БДУ пра нешаблоннае мысленне, эўрыстычнае навучанне і адмаўленне ад маналогу.

Грамадства

Пераможца «Жанчыны года-2018»: З трыма дзецьмі можа справіцца кожная пара

Пераможца «Жанчыны года-2018»: З трыма дзецьмі можа справіцца кожная пара

Тры гады таму прозвішча Трыкоза ўжо было на слыху.