Вы тут

Пошчак на ўвесь свет


Многія праграмы разам са сваімі стваральнікамі летам адпачываюць. Тэлевізійны варыянт гульні «Размаўляем па-беларуску» — таксама. Таму да верасня ў эфіры тэлеканала «Беларусь 3» будуць ісці паўторы папулярнай праграмы. Але ж стваральнікі паклапаціліся пра тых, хто не збіраецца прыпыняцца ў вывучэнні беларускай мовы і падрыхтавалі арыгінальныя версіі друкаваных выпускаў. Першы з іх — сёння. Ці ведалі вы, што:

Шпацыраваць — хадзіць на свежым паветры, прагульвацца.

Пунсавець — рабіцца чырвоным (напрыклад, ад радасці).

Рымар — майстар, які шые раменную вупраж. Слова «рымар» прыйшло да нас з польскай мовы.

Сакра́мант — што-небудзь асабліва дарагое (святыня). «Алёнка хавае верш як нейкі сакрамант і нікому яго не паказвае», — чытаем у Я.  Коласа. Дарэчы, слова «сакрамант» паходзіць ад лац. sacramentum — наданне святасці.

Пошчак — пералівісты дрыжачы гук, трэль.

Шарачок — грубая фарбаваная саматканая тканіна. «Андрэй пачаў усцягваць на сябе вопратку, пашытую з шарачку», — пісаў Кузьма Чорны.

На поўны голас — вельмі моцна, гучна гаварыць, спяваць. На поўную сілу, на ўвесь свет — яшчэ скажуць беларусы. Па-руску — на всё горло.

Рот не закрываецца. Так скажуць пра таго, хто любіць многа гаварыць, спяваць. Беларускія сінонімы — язык без касцей, язык меле. Рускі — слабый на язык.

Нагадаем: каб стаць удзельнікамі тэлепраграмы, неабходна зайсці на сайт http://tvrgomel.by або http://3belarus.by і праз банер «Размаўляем па-беларуску» запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Паўторы выпускаў тэлевіктарыны — у эфіры «Беларусь 3» кожную суботу ў 11.10—11.25.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

astashkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.