Вы тут

Толькі маладосць, толькі творчасць


Мой дзень пачынаецца: проза і паэзія маладых. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2015. — 376 с.

18-28

Больш як чатыры дзясяткі творцаў, некалькі соцень вершаў і апавяданняў. Самыя новыя імёны беларускіх паэтаў і празаікаў. Самыя свежыя творы. Самыя шчырыя жаданні і памкненні. Пад вокладкай зборніка «Мой дзень пачынаецца», у якасці ўкладальніка якога выступіў паэт, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратарура» Віктар Шніп, сабраны вершы і апавяданні маладых беларускіх творцаў. Можна сцвярджаць, што гэтае выданне — калектыўны партрэт беларускай літаратуры ў будучыні, такой, якой яна стане праз адно-два дзесяцігоддзі, калі сённяшнія дэбютанты «стануць на крыло» і займеюць уласны, гучны і пазнавальны голас.

Разгортваючы выданне падобнага кшталту, ніколі не ведаеш, што чакае цябе пад яго вокладкай. Эксперыменты? Правакацыі? Новыя літаратурныя формы і празаічныя сюжэты? Новы погляд на творчасць? Тут усё магчыма, і дэбют маладога аўтара можа стаць сюрпрызам нават для самага падрыхтаванага чытача. Зрэшты, калі зірнуць на змест новай кнігі, то можна пабачыць і досыць вялікую колькасць ужо вядомых у літаратурных колах імёнаў. Так, празаікі Алена Мальчэўская, Ксенія Шталянкова, Алёна Беланожка і Сяргей Календа маюць свае кнігі. Паэты Яна Явіч, Кацярына Масэ, Людміла Клачко выдалі зборнікі вершаў, а паэт Міхал Бараноўскі знаёмы публіцы і як музыкант, аўтар песень і лідар гурта «Нельга забыць». Паэтка Ганна Чумакова таксама часта з'яўляецца на сцэне і выконвае песні на ўласныя вершы.

Пра што і як пішуць маладыя? Калі казаць пра паэтычны складнік зборніка «Мой дзень пачынаецца», то варта адзначыць прыхільнасць юных творцаў да рыфмаванага верша, тэм кахання, адзіноты, зварот да мінулага, спробы адчуць сябе сведкам падзей Вялікай Айчыннай вайны. Тут ёсць і філасофскія разважанні пра сэнс існавання чалавека і пошук свайго месца ў свеце. Што тычыцца прозы, то дыяпазон тэм і жанраў тут намнога большы. Гэта і антыўтопіі пра свет, які мог бы існаваць пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (з адсылкай да беларускіх казак), і фэнтэзі пра цмокаў, і міфалагічныя казкі, і гісторыі ў стылі амерыканскіх фільмаў для падлеткаў, і расповеды пра неверагоднае каханне беларускі і італьянскага скульптара. Маладыя празаікі пішуць апавяданні, эсэ, успаміны, іх прываблівае жыццё творчых асоб — мастакоў, фатографаў, музыкантаў.

Вельмі выразна ў творах аўтараў-пачаткоўцаў гучыць урбаністычная тэма — гэта і ўспаміны пра маленства ў родных маленькіх гарадках, і ўражанні ад жыцця ў беларускай сталіцы. Таму часта героямі твораў з'яўляюцца гарадскія трамваі, дамы, вуліцы, нават старая брукаванка. Светлым сумам поўняцца старонкі, дзе маладыя творцы прыгадваюць свае школьныя гады, родныя мясціны, настаўнікаў, сяброў, кнігі, што калісьці былі любімымі, маленькія сакрэты і звычкі, што амаль сцёрліся з памяці і толькі час ад часу выплываюць з туману ўспамінаў.

Ёсць у кнігі «Мой дзень пачынаецца», апроч магчымасці пазнаёміцца з новымі імёнамі айчынных творцаў, яшчэ адна станоўчая рыса. Выданне можа стаць добрым натхняльнікам для тых аўтараў, якія пакуль пішуць «у стол» (ці папку ў камп'ютары) і саромеюцца паказаць свае творы шырокай аўдыторыі. Магчыма, менавіта на такі эфект разлічвалі выдаўцы, калі побач з імёнамі творцаў пазначалі толькі гады іх нараджэння. Маўляў, няважна, дзе і кім працуе аўтар, дзе ён нарадзіўся і вучыўся, важныя — толькі творчасць, толькі маладосць.

Кожны вядомы пісьменнік калісьці быў дэбютантам і пачынаў свой шлях з адзінкавых публікацый у літаратурна-мастацкай перыёдыцы і калектыўных зборніках. Галоўнае — пісаць, ствараць, быць шчырым з сабой і чытачом.

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.