Вы тут

Зямля і кулі Святога поля


Адлічыце роўна сто гадоў. Уявіце сябе ў мінулым, сярод поля недалёка ад ціхай рачулкі Шчары, побач з узвышшам, з якога далёка відаць, па-ваеннаму кажучы, «аператыўную прастору». Тут стагоддзе таму грымелі кровапралітныя баі... Менавіта сюды прыехала ў першы дзень свайго падарожжа міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў».

[caption id="attachment_102654" align="alignnone" width="600"]26-8 Пе­рад вяс­коў­ца­мі вы­сту­пае па­эт Ва­дзім Спрын­чан.[/caption]

Прасторы тут калісьці хапала усім ваюючым бакам: тады па гэтых мясцінах прайшла лінія фронту Першай сусветнай вайны. Больш за два гады нейтральная паласа аддзяляла войскі, якія глыбока і надоўга «ўгрызліся» ў зямлю шматкіламетровымі акопамі, схаваліся за заслонамі калючага дроту, за жалезабетоннымі сценамі ўмацаванняў. Ужываліся ўсе віды агнястрэльнай зброі і атрутны газ.

— Памятаю з расказаў бацькоў, што перад прыходам першых варожых атрадаў нашу вёску выселілі. Пакінутыя хаты захопнікі адразу разабралі падчыстую: бярвеннем яны засцілалі балоцістыя нізіны, плануючы праход войск, — узгадвае ўраджэнец вёскі Загор'е Міхась Загорскі. — Добрага лесу ў нашай мясцовасці не было, таму для сваіх штабных пабудоў немцы прывозілі сасну здалёку. Моцнае, непадсочанае бярвенне пасля вайны вяскоўцы выкапалі з варожых умацаванняў і выкарысталі ў зрубах адбудаваных хат.

Бацькоўская хата дзядзькі Міхася з такога «франтавога» лесу і сёння трывала стаіць у яго роднай вёсцы. На палях жа безліч паўзасыпаных акопаў Першай сусветнай вайны.

26-10

Тут за мінулыя стагоддзі праляглі шляхі войскаў шмат якіх дзяржаў, што наступалі і адступалі. Хто цяпер падлічыць колькасць палеглых салдат, хто вызначыць месцы іх пахаванняў? Магілы шматметровай даўжыні часоў Першай сусветнай вяскоўцы прыкладна могуць паказаць, але пра ранейшыя ведае толькі само поле. За безліч ахвяр называюць гэта поле Святым.

Сярод Святога поля цяпер высіцца праваслаўная капліца. Яна — вынік дзейнасці па ўшанаванні памяці ахвяр, якую экспедыцыя ўжо дваццаць два гады лічыць адной са сваіх галоўных задач. Побач з капліцай, каля высачэзнага Крыжа памяці, у зацені відаць грудок зямлі, пазначаны шыльдаю з надпісам: «Жывыя, не трывожце свяшчэнны прах магіл».

[caption id="attachment_102655" align="alignnone" width="600"]26-9 На Свя­тым по­лі.[/caption]

З'яўленне гэтай шыльдачкі растлумачыў мне ўдзельнік экспедыцыі, былы дырэктар мясцовай школы Іван Лычкоўскі: дажджы дагэтуль вымываюць тут з зямлі ўсё, што нагадвае пра мінулыя баі. У пяску часам можна знайсці і косці, якія потым хаваюць побач з крыжам.

Па словах суразмоўцы, пахаванні часам прыцягваюць «чорных капальнікаў», ахвочых знайсці ўласныя рэчы палеглых. Узброеныя сучаснымі металашукальнікамі, яны ўчыняюць здзек з памяці, паганяць набрынялае салдацкай крывёю поле.

26-12

Далёкія ваенныя падзеі ўзгадваюць не толькі старажылы. Па словах настаўніка, тыя далёкія дні сталі тэмаю школьных даследчых работ па гісторыі і краязнаўстве. Блізка ад аўтамабільнай дарогі ўстаноўлены невялічкі помнік; далей, сярод узаранага поля, маўкліва стаяць старыя доты (іх, як і помнік, утрымліваюць у парадку мясцовыя гаспадаркі).

[caption id="attachment_102657" align="alignnone" width="600"]26-11 Ма­гут­ныя до­ты — па­мяць пра мі­ну­лыя баі.[/caption]

Пасля таго, як у каплічцы і ля Крыжа памяці прайшло памінальнае набажэнства, удзельнікі экспедыцыі паэты Вадзім Спрынчан, Міхась Башлакоў, кампазітар Ларыса Скроцкая-Махнач выступілі перад жыхарамі суседніх вёсак. Прагучалі вершы, песні, прысвечаныя памяці ўсіх, хто загінуў на Святым полі за мінулыя стагоддзі. А яшчэ праз гадзіну ў Баранавічах адбылася прэзентацыя калекцыі фотаздымкаў газеты «Звязда», якая пазнаёміла гледачоў са шматгадовай дзейнасцю экспедыцыі «Дарога да святыняў».

[caption id="attachment_102659" align="alignnone" width="600"]26-13 На прэ­зен­та­цыі фо­та­ка­лек­цыі «Звяз­ды» ў Ба­ра­на­ві­чах.[/caption]

Яўген Пясецкі. Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.