Вы тут

Адметны час сонцастаяння


Гэтай раніцай адбылася падзея у масштабе нашай планеты, але звонку нябачная амаль нікому. У 6 гадзін 27 хвілін 19 секунд (па нашым часе) пачалося зімовае сонцастаянне.


Гадзіннікі ў інтэрнеце зафіксавалі пачатак сонцастаяння.

Такое бывае штогод. Гэты дзень у беларускім народным каляндары акружаны мноствам міфаў і паданняў. Нашы далёкія продкі лічылі яго часам адраджэння Сонца, ушаноўвалі і звязвалі з ім свае надзеі. У старажытнай міфалогіі дзень атрымаў назву Карачун у гонар славянскага бажаства, якому падпарадкоўваліся маразы і завеі. Слугавалі Карачуну яго памочнікі мядведзі-шатуны, не паснуўшыя на зіму ў бярлогах, ды галодныя ваўкі. 

На справе ж гэты адметны час уяўляе сабой наступнае: снежаньскія ночы пачынаюць пакрысе скарачацца, а дзень павялічвацца. Усе таму, што над паўночнай паловай зямнога шара сонца праходзіць па сваёй самай нізкай траекторыі і неўзабаве пачынае падымацца вышэй. Дзень пачынае павялічвацца. Спачатку меньш чым па секундзе, потым больш, больш... 

Сістэмы спадарожнікаў Зямлі і міжнародныя эталоны ў чарговы раз зафіксавалі спрадвечную з’яву сонцастаяння. Дарэчы, як і галоўны гадзіннік Мінска на вежы Прываказальный плошчы. У гэты момант насустрач падрастаючаму дню па яшчэ незапоўненых вуліцах сталіцы рухаліся першыя трамваі, тралейбусы. Запалілася новае святло ў вокнах. Ярчэй заззялі агні рэклам.

У Мінску, як і ў іншых гарадах і вёсках, наша спаконвечная павага да сонца ўвасобілася шырока і выразна. Прайдзіцеся па сталічнай вуліцы «Сонечная», палюбуйцеся новым дзіцячы садком «Сонейка», у краме, якая завецца «Сонейка», купіце духмяны хлеб з такою жа назвай... Пералік можна працягваць, але варта ў ім вылучыць самы яскравы прыклад. Я кажу пра сонечны гадзіннік, які майстры выкавалі і ўладкавалі на бруку старажытнага Траецкага прадмесця. Зразумела, ён не здольны паказваць такі ж звышдакладны час, як у Беларускім дзяржаўным інстытуце метралогіі, дзе захоўваецца Нацыянальны эталон часу. Гэты сімвалічны знак нагадвае: назіранне за свяцілам і часам калісьці дазволіла людзям зрабіць першыя спробы вывучэння навакольнага свету.

Адметнае імгненне адлястравалася на гадзінніку галоўнай вежы сталічнай Прывакзальнай плошчы.

Яшчэ ноч, але пасля шостай гадзіны ажывіўся рух.

А тое, што сённяшнія з каардынатамі руху Сонца на небасхіле Зямлі звязаныя сівыя паданні пра ляснога чараўніка Карачуна, казачных абітальнікаў зімовай пушчы, магічныя вогнішчы сярод сумётаў — дык гэта ж цудоўна! Што лепш можа сведчыць пра наш шлях, які вядзе ад міфаў да навуковага ўсведамлення і творчага спасціжэння.

Пад раніцу ярчэюць на вуліцах агні рэкламы.

Без роздуму пра такое не з’явіліся бы ні здымкі гэтага фотарэпартажа з мінскіх вуліц у адметны дзень Сонцастаяння, ні наступны мой верш.

***

Як лепшы навагодні падарунак

Раней узыходзіць сонейка над краем,

Святлеець час ад нашых светлых думак,

Дзень прыбаўляецца і ноч хутчэй мінае.

 

Як продкі, услед і я шапчу замову:

Хай гэты зімні час сонцастаяння

Дасць моцы скінуць снежныя аковы,

Наблізіць дзень вясновага спаткання

Дарэчы, можа падацца, што вясна ўжо пачалася, бо зімовае сонцастаянне супала з моцнай адлігай. А як жа прымаўка-прыкмета «Сонца на лета — зіма на мароз»?

Заставайцеся упэўненымі: усе яшчэ наперадзе! Пра гэта сведчыць апошні здымак фотарэпартажа: такім было надвор’е такімі ж днямі ў мінулым.

Такі сонечны гадзіннік зрабілі майстры-кавалі для Траецкага прадмесця.

Яўген ПЯСЕЦКІ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.