Вы тут

Чэшскія парламентарыі ўпершыню наведалі Палату прадстаўнікоў


Учора ў ніжняй палаце беларускага парламента дэлегацыю чэшскіх дэпутатаў сустракаў Віктар ГУМІНСКІ, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кіраўнік рабочай групы па супрацоўніцтве з Парламентам Чэшскай Рэспублікі. Ён падкрэсліў, што такая прадстаўнічая дэлегацыя чэшскіх калег наведала нашу краіну ўпершыню. Узначальвае дэлегацыю кіраўнік міжпарламенцкай групы «Чэхія — Беларусь» Зузка БЕБАРАВА-РУЙБРАВА, старшыня Камітэта па петыцыях Палаты дэпутатаў Парламента Чэшскай Рэспублікі. Пачаткам новага этапу ў развіцці міжпарламенцкага беларуска-чэшскага дыялогу можна лічыць восень мінулага года, калі адбыўся афіцыйны візіт беларускай дэлегацыі ў гэту краіну на чале з Віктарам Гумінскім. Апроч таго, досыць паспяхова супрацоўнічаюць дэпутаты і на міжнародных пляцоўках. Задача, якую парламентарыі плануюць вырашыць падчас цяперашніх сустрэч — пашырыць супрацоўніцтва ва ўсіх сферах, перш за ўсё — гандлёва-эканамічнай, а таксама ў культуры, дзе дагэтуль няма адпаведнага пагаднення. — Чэхія і Беларусь — не чужыя адна адной краіны, зусім нядаўна мы былі ў адной інтэграцыйнай прасторы, разам вырашалі агульныя задачы. Цяпер мы ў розных інтэграцыйных аб'яднаннях: Чэхія ў Еўрапейскім саюзе, Беларусь — у Еўразійскім эканамічным саюзе, але гэта не перашкаджае нам развіваць нашы адносіны па ўсіх кірунках, — сказаў Віктар Гумінскі, вітаючы гасцей. — Мы маем агульную гісторыю, шмат было і цяжкіх момантаў у лёсе нашых дзяржаў. Дастаткова сказаць, што 70 гадоў таму на тэрыторыі Еўропы апошні стрэл сусветнай вайны прагучаў ля Прагі і больш за 140 тысяч савецкіх воінаў, у тым ліку і беларусы, загінулі пры вызваленні тагачаснай Чэхаславакіі. Намеснік старшыні ніжняй палаты беларускага парламента заўважыў, што Чэхія з'яўляецца для Беларусі важным партнёрам у Еўрапейскім саюзе. Летась па экспарце беларускіх тавараў Чэхія ўзнялася з 27-га на 23-е месца, таваразварот склаў больш за 540 мільёнаў долараў. Сёння ў Беларусі працуюць 125 кампаній з удзелам чэшскага капіталу, адкрыта 16 афіцыйных прадстаўніцтваў чэшскіх кампаній. Як таваразварот, так і прысутнасць чэшскага капіталу ў нашай краіне маюць тэндэнцыю да павелічэння. Віктар Гумінскі асобна падзякаваў Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Мілану Экерту за ўклад у развіццё беларуска-чэшскіх адносін. — Я ўпэўнены, што праграма вашага знаходжання ў Беларусі дапаможа вам лепш пазнаць нашу краіну, каб мы, як прадстаўнікі народа, на сваім парламенцкім узроўні маглі зрабіць тое, што ад нас залежыць, для развіцця як палітычнага дыялогу, так і гандлёва-эканамічных адносін, а таксама адносін у іншых сферах, — дадаў беларускі парламентарый, звяртаючыся да членаў дэлегацыі. — Упэўнены, што гэты візіт паслужыць пашырэнню дружбы паміж нашымі народамі і ўмацаванню ўсебаковых адносін паміж нашымі дзяржавамі. У сваю чаргу, спадарыня Бебарава-Руйбрава падзякавала беларускім калегам за запрашэнне. Яна з задавальненнем заўважыла, што «вельмі доўгі час у Беларусь прыязджалі прадпрымальнікі» і цяпер «нарэшце, прыйшоў час абмяняцца вопытам на парламенцкім узроўні». — Я памятаю пра тое, што ў гісторыі Беларусі былі цяжкія перыяды. Мы паважаем беларускі народ за ахвяры, якія былі прынесеныя падчас Другой сусветнай вайны, — сказала спадарыня Бебарава-Руйбрава. — Мне вельмі прыемна, што Беларусь і Чэхія ў нашы дні з'яўляюцца сапернікамі толькі ў хакеі, але не ў іншых сферах. Чэшскі дэпутат падкрэсліла, што Чэхія, як і ўвесь Еўрапейскі саюз, глядзіць на Беларусь у кантэксце канфлікту паміж Украінай і Расіяй як на медыятара і чакае выканання ёю ролі стабілізатара сітуацыі. «Еўрапейскі саюз ацэньвае ваш прагрэс у выбарах, і вашы крокі па дэмакратызацыі грамадства, — дадала старшыня парламенцкага камітэта Чэхіі. — Мы тут не для таго, каб вас крытыкаваць, але выкарыстоўваць ваш вопыт і дзяліцца сваім». Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА medvedeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

У Машы Афанасій жыве каля года. Такі незвычайны падарунак ёй зрабіў сябар.

Грамадства

Удзельнікі праекта «Настаўнік для Беларусі» стануць «свежым ветрам» у педкалектыве

Удзельнікі праекта «Настаўнік для Беларусі» стануць «свежым ветрам» у педкалектыве

1 верасня ў беларускія школы ў невялікіх населеных пунктах прыйдуць 12 крэатыўных і неабыякавых педагогаў, якія павінны ўдыхнуць у іх новае жыццё.

Эканоміка

Зменіцца парадак прыняцця рашэнняў у сумесных домаўладаннях

Зменіцца парадак прыняцця рашэнняў у сумесных домаўладаннях

Гэта прадугледжана новай рэдакцыяй Жыллёвага кодэкса, якая была прынята сёлета ў пачатку мая, а ўступіць у сілу з 1 студзеня наступнага года.