Вы тут

Каб гендар не «выстраліў»,


 

або Чаму пры ўзмацненні ролі жанчыны выйграе ўсё грамадства?

Ці ведаеце вы, што ў нашай краіне рэалізуецца ўжо чацвёрты Нацыянальны план дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці на 2011-2015 гады? І адным з яго раздзелаў прадугледжаны мерапрыемствы па развіцці сістэмы гендарнай адукацыі і асветы ў краіне: укараненне асноў гендарных ведаў ва ўстановах адукацыі, на курсах павышэння кваліфікацыі, развіццё школ жаночага лідарства, якія спрыяюць разбурэнню гендарных стэрэатыпаў у грамадстве? Фармальна (на ўзроўні заканадаўства) жанчыны маюць такі ж доступ да адукацыі, як і мужчыны. Аднак ці заўсёды яны могуць гэтае сваё права рэалізаваць?

Каб абмеркаваць гендарныя перакосы, што склаліся ў сістэме адукацыі і на рынку працы, мы запрасілі да дыскусіі дэкана факультэта міжнародных адносін Белдзяржуніверсітэта, доктара гістарычных навук, прафесара Віктара ШАДУРСКАГА, кандыдата юрыдычных навук, дацэнта кафедры сацыялогіі факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Святлану БУРАВУ, кандыдата філасофскіх навук, дацэнта факультэта тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Алену ЯКІМОВІЧ і магістра юрыдычных навук, асістэнта кафедры тэорыі і гісторыі права Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Антона ГАЎРЫЛЕНКУ.

11-3

11-3

 

Розныя магчымасці на ўваходзе і выхадзе

«Звязда»:

— Міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна, якая ўзначальвае Беларускі саюз жанчын і Нацыянальны савет па гендарнай палітыцы, лічыць, што асноўнай умовай дасягнення гендарнага балансу з'яўляецца наяўнасць «дастатковай колькасці дасведчаных, кваліфікаваных жанчын, здольных прымаць рашэнні і несці за іх адказнасць». Як вы лічыце, чым абумоўлены недахоп такіх жанчын у беларускім грамадстве?

[caption id="attachment_109722" align="alignnone" width="600"]11-1

11-1

 Вік­та­р ША­ДУР­СКІ.[/caption]

 

Віктар ШАДУРСКІ:

— Я ўпэўнены, што ў Беларусі дастаткова дзелавых, разумных і перспектыўных жанчын. Іншая справа, што існуюць пэўныя абставіны, як і аб'ектыўныя, так і суб'ектыўныя, якія перашкаджаюць таму, каб жаночае прадстаўніцтва ў вышэйшых эшалонах і палітыкі, і бізнесу прырастала. Праблема гендарнай роўнасці зусім не абстрактная, як можа камусьці здацца. Доўгія гады, калі ўздымаліся праблемы міграцыі, яны таксама не здаваліся сур'ёзнымі ні грамадству, ні сродкам масавай інфармацыі. А сёння тэма бежанцаў стала ці не галоўнай тэмай ва ўсіх СМІ. З гендарам можа здарыцца аналагічная сітуацыя...

Напрыклад, мы ведаем, што, паводле статыстыкі, жанчын сярод студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў больш, чым мужчын. На факультэце міжнародных адносін БДУ дзяўчаты складаюць 70 працэнтаў ад агульнай колькасці студэнтаў. А сярод студэнтаў, якія навучаюцца на бюджэтным аддзяленні, дзяўчат і ўвогуле 81 працэнт. Як вы думаеце, чаму?

[caption id="attachment_109723" align="alignnone" width="600"]11-2

11-2

 Свят­ла­на БУ­РА­ВА.[/caption]

 

Святлана БУРАВА:

— 20 гадоў таму, калі быў створаны факультэт міжнародных адносін, я прыходзіла чытаць лекцыі ў аўдыторыю, дзе дзяўчат амаль што не было. Чаму першыя наборы на факультэт міжнародных адносін былі пераважна мужчынскія? Думаю, з той прычыны, што першых спецыялістаў рыхтавалі для высокааплатных і прэстыжных пасад, куды мужчыны імкнуліся трапіць. Быць дыпламатам, працаваць у Міністэрстве замежных спраў ці прадстаўніцтвах Беларусі за мяжой — гэта прэстыжна. Традыцыйна на мужчын у нашым грамадстве ўскладзена роля карміцеля, а гэта значыць, што ім належыць права першымі пранікаць у сферы з высокай заработнай платай. Аднак сітуацыя паступова змянялася, паколькі адбывалася насычэнне сферы спецыялістамі.

Наша грамадства пераважна патрыярхальнае, пабудаванае мужчынамі для мужчын. А жанчыны выконваюць функцыю абслуговага персаналу і запаўняюць тую прастору, дзе мужчынам нецікава...

Віктар ШАДУРСКІ:

— Не пагаджуся. Дзяўчат на нашым факультэце больш таму, што яны больш паспяховыя, лепш вучацца ў школе і, адпаведна, цэнтралізаванае тэсціраванне здаюць лепш. А паступіць на ФМА вельмі складана: у нас самыя высокія прахадныя балы ў краіне... На прэстыжным юрыдычным факультэце БДУ назіраецца аналагічная сітуацыя. Дзяўчаты і там займаюць лідзіруючыя пазіцыі. І ў студактыве ў нас пераважаюць дзяўчаты. Яны лідары ва ўсім. Але што адбываецца далей? На ўваходзе ва ўніверсітэт усе маюць роўныя магчымасці і праходзяць на конкурснай аснове. Але трэба, каб ва ўсіх нашых выпускнікоў былі яшчэ і роўныя магчымасці пры працаўладкаванні: і ў дзяўчат, і ў хлопцаў. Аднак што мы назіраем на практыцы? Дзяўчатам уладкавацца на прэстыжную працу, напрыклад у дзяржапарат, больш складана, чым іх аднакурснікам-хлопцам. Я маю на ўвазе найбольш прафесійна падрыхтаваных дзяўчат, якія цудоўна валодаюць замежнымі мовамі.

Калі ў мяне пацікавяцца, каго ты можаш рэкамендаваць, то ў першай дзясятцы будуць у асноўным дзяўчаты. Але шанцы трапіць на прэстыжную пасаду ў іх меншыя. Наймальнікі просяць: давайце нам хлопцаў...

Заўважу, што для транснацыянальных карпарацый значэння не мае — хлопца мы да іх накіруем або дзяўчыну, бо для іх на першым месцы стаяць прафесійныя якасці і кампетэнцыі. А нашы ведамствы жадаюць бачыць у сябе перш за ўсё хлопцаў...

Святлана БУРАВА:

— На выпускным курсе факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій навучаюцца каля 180 чалавек. Пятую частку з іх складаюць дзяўчаты. Я пацікавілася: у каго больш шанцаў знайсці лепшую працу? Адказ быў аднадушны — у хлопцаў. Пытаюся, чаму? Адказваюць, што наймальнікі цікавяцца сямейным становішчам, бо наперадзе дзяўчат чакае дэкрэт, потым дзіцячыя хваробы і «бальнічныя». Пытаюся: «Роля маці — гэта адзінае, што не дазваляе вам спадзявацца на атрыманне добрай пасады?». Кажуць, што так. Пры гэтым паспяховасць у дзяўчат не горшая, а нярэдка нават лепшая, чым у хлопцаў, але ўпэўненасці ў заўтрашнім дні няма толькі таму, што яны будучыя жонкі і маці. Увогуле сярод занятых у эканоміцы доля жанчын з вышэйшай адукацыяй сёння складае каля 34 працэнтаў, а мужчын — толькі 25 працэнтаў. Гэта значыць, што беларускія жанчыны больш адукаваныя...

[caption id="attachment_109724" align="alignnone" width="600"]11-4

11-4

 Але­на ЯКІ­МО­ВІЧ.[/caption]

 

Алена ЯКІМОВІЧ:

— На ступені сярэдняй спецыяльнай адукацыі мужчыны пераважаюць. На завочнай форме навучання ў нас таксама мужчын больш. Гэта можна патлумачыць тым, што для мужчын важна хутчэй устаць на ногі і пачаць зарабляць.

Галоўная супярэчнасць: сям'я ці кар'ера?

«ЗВЯЗДА»:

— Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, выступаючы на 4-й Сусветнай канферэнцыі спікераў парламентаў, заявіў, што ў Беларусі дасягнуты сур'ёзны прагрэс у забеспячэнні роўнасці мужчын і жанчын. Беларусь займае 28-е месца ў ААН па індэксе гендарнай роўнасці. А як вы ацэньваеце шанцы жанчыны ўзначаліць урад або краіну? Ці гатова да гэтага беларускае грамадства?

Алена ЯКІМОВІЧ:

— Марыяна Шчоткіна выказвала сваю пазіцыю наконт магчымасці ўвядзення гендарных квот ва ўрадзе і парламенце, якія практыкуюцца ў многіх краінах. Яна лічыць, што рабіць гэта ў Беларусі немэтазгодна.

Не трэба прымусова ўводзіць нейкія нормы. Бо ёсць і іншы бок гэтай праблемы: многія жанчыны не жадаюць ісці ні ў палітыку, ні ў адміністрацыйнае кіраванне!

Усё павінна адбывацца натуральным шляхам, і ў нас ужо ёсць станоўчыя прыклады. Напрыклад, віцэ-прэм'ерам беларускага ўрада стала вельмі яркая жанчына Наталля Качанава. Міністэрства інфармацыі ўзначальвае Лілія Ананіч. Усё часцей жанчыны прызначаюцца на пасады намеснікаў міністраў. Есць і першая ў гісторыі Беларусі кандыдатка ў прэзідэнты.

Святлана БУРАВА:

— Я лічу сімптаматычным, што з'яўляюцца смелыя, амбіцыйныя і высокаадукаваныя жанчыны. Падчас выбарчай кампаніі цікавілася ў студэнтаў, што яны ведаюць пра кандыдатаў на пасаду кіраўніка дзяржавы. Пераканалася, што нават тыя студэнты, якія не цікавіліся перадвыбарчымі праграмамі кандыдатаў, не абышлі ўвагай факт з'яўлення ў краіне жанчыны-палітыка, якая змагалася за «крэсла прэзідэнта». Безумоўна, стэрэатыпы, што мужчыны разумнейшыя за жанчын, а палітыка — гэта мужчынская справа, яшчэ даволі трывалыя ў грамадстве. Але сітуацыя пакрысе змяняецца...

Віктар ШАДУРСКІ:

— Упэўнены, што ўвядзенне любых квот будзе азначаць парушэнне гендарнай роўнасці. Прасоўванне як мужчын, так і жанчын павінна адбывацца ў адпаведнасці з іх прафесійнымі і асобаснымі якасцямі. Да таго ж узмацненне ролі жанчыны і яе кар'ерных амбіцый прывядзе да таго, што скароціцца яе роля ў выхаванні дзяцей. І абавязкова паўстане пытанне асабістага выбару: што больш важна — кар'ера ці сям'я? Ці гатовы нашы жанчыны перадаць частку сваіх паўнамоцтваў мужчынам? Вось дзе хаваецца галоўная супярэчнасць у гендарным пытанні.

Алена ЯКІМОВІЧ:

— Я паставіла б пытанне інакш: а ці гатовы нашы мужчыны прыняць на сябе гэту ролю?

Віктар ШАДУРСКІ:

— У Еўропе адказнасць мужчыны ў выхаванні дзіцяці ўзмацняюць на заканадаўчым узроўні: там разумеюць, што даволі складана пераадолець стэрэатыпы, якія складваліся ў грамадстве на працягу многіх гадоў. Найбольш прасунуліся ў гэтым плане Швецыя і іншыя паўночныя краіны.

Святлана БУРАВА:

— Там з 1970-х гадоў ідзе пераразмеркаванне роляў у сям'і. І мужчына павінен правесці ў дэкрэтным водпуску такі ж час, як і маці. А калі парытэт не захоўваецца, то такія сем'і пазбаўляюцца фінансавай падтрымкі. І вынік не прымусіў сябе чакаць: сем'і сталі там больш моцнымі. Вопыт эмацыйнай сувязі бацькі з малым аказаўся бясцэнным...

[caption id="attachment_109725" align="alignnone" width="600"]11-5

11-5

 Ан­то­н ГАЎ­РЫ­ЛЕН­КА.[/caption]

 

Антон ГАЎРЫЛЕНКА:

— У Нацыянальным сходзе жанчын у нас прыблізна 30 працэнтаў ад агульнай колькасці парламентарыяў. Гэта вельмі нядрэнны паказчык нават па еўрапейскіх мерках.

Вось у праваахоўнай сферы, у сілу яе кансерватыўнасці, колькасць жанчын павялічваецца больш маруднымі тэмпамі, чым у іншых сферах дзяржслужбы, але ўсё роўна іх колькасць і там прырастае. Жанчын-генералаў у нас яшчэ няма, але падпалкоўнікі і палкоўнікі ўжо ёсць. У Расійскай Федэрацыі, наколькі я ведаю, у Міністэрстве ўнутраных спраў працуюць жанчыны ў званні генерала.

На факультэце права БДЭУ, які я прадстаўляю, назіраецца падобная сітуацыя: сярод першакурснікаў у нас 60 працэнтаў дзяўчат і 40 працэнтаў хлопцаў, прычым гэтая лічба ўключае і замежных студэнтаў. На правазнаўчым факультэце навучаецца шмат замежных студэнтаў з усходніх краін, а адтуль, заўважу, да нас прыязджаюць выключна мужчыны.

Цяпер наконт пашырэння ўдзелу мужчын у выхаванні дзіцяці. У нашым заканадаўстве прысутнічае не так шмат гендарна арыентаваных нормаў. Тэарэтычна мужчына мае права ўзяць водпуск па доглядзе дзіцяці, заканадаўства яму гэта дазваляе. Але на практыцы ён сутыкаецца з непаразуменнем з боку наймальніка: чаму менавіта ты? Былі нават суды, калі работнік змагаўся са сваім наймальнікам з-за таго, што той адмаўляў яму ў праве пайсці ў водпуск па доглядзе дзіцяці. З жанчынай такога б ніколі не адбылося.

Алена ЯКІМОВІЧ:

— У Германіі з 1 студзеня 2016 года ўступае ў дзеянне квота для прыватных кампаній з колькасцю супрацоўнікаў больш як 2 тысячы чалавек — жанчыны павінны займаць у савеце дырэктараў не менш як 30 працэнтаў ад агульнай колькасці кіраўнікоў. Пры гэтым, па звестках Мінюста ФРГ, у 200 найбуйнейшых нямецкіх фірмах у сярэднім доля жанчын у вышэйшым органе кіравання на канец 2014 года была ўсяго толькі 18,4 працэнта, а ў складзе праўленняў — 5,4 працэнта. Калі ў еўрапейскіх краінах уводзіліся квоты, то кампаніі сутыкнуліся з адсутнасцю жаночага рэзерву. І гэта быў «зорны час» для агенцтваў, якія ўзяліся за падрыхтоўку жанчын для кіраўніцкіх пасад. Існуюць таксама міжнародныя арганізацыі і праграмы, такія як European Platform of Women Scіentіsts, якія стымулююць
удзел жанчын-вучоных у навукова-даследчых праектах.

Дзе не рады бачыць дзяўчат?

ЗВЯЗДА:

— Існуе погляд, што жаночаму мысленню падуладныя не ўсе дысцыпліны. Дзяўчаты скардзяцца, што ў традыцыйна мужчынскіх ВНУ, на інжынерна-тэхнічных спецыяльнасцях, выкладчыкі нярэдка ставяцца да іх з пагардай, лічачы, што жанчына першапачаткова прайграе мужчыну... А якая сітуацыя з захаваннем гендарнага балансу складваецца ў вядучых ВНУ?

Алена ЯКІМОВІЧ:

— Я працую на факультэце тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі ў БНТУ. Гэта «жаночы» факультэт — дзяўчат у нас прыкладна 70 працэнтаў. Эканамічныя спецыяльнасці ва ўніверсітэце змешаныя: дзесьці 40 працэнтаў хлопцаў і 60 працэнтаў дзяўчат. Есць і выключна жаночыя — дызайнерскія — спецыяльнасці, дзе юнакоў амаль што няма. Як ні дзіўна, але жаночымі сталі і спецыяльнасці профілю «служба бяспекі» і «мытная справа». Была мужчынская спецыяльнасць, а стала жаночая. А ёсць такія, дзе дзяўчат усяго 12 працэнтаў — гэта тэхнічныя спецыяльнасці. Калі нам даводзіцца працаваць выключна ў жаночых або выключна ў мужчынскіх аўдыторыях, гэта, прызнаюся, нас пужае.

Між іншым, калі мы наведвалі Венскі тэхналагічны ўніверсітэт, то пераканаліся, што і там назіраецца падобная карціна — мужчыны пераважаюць. Нашы калегі адсочваюць, як змяняецца сітуацыя з гендарным балансам, спрабуюць праводзіць нейкія мерапрыемствы па прыцягненні юнакоў і дзяўчат на тыя спецыяльнасці, дзе адчуваецца ярка выяўлены гендарны ўхіл у адзін бок, але сітуацыя хутка не выпраўляецца... Гендарныя стэрэатыпы (маўляў, гэта мужчынская справа, а гэта — жаночая) вельмі жывучыя. І ўявіць сябе дзяўчыну на тэхнічнай спецыяльнасці нават сёння складана.

Віктар ШАДУРСКІ:

— У некаторых кіраўнікоў захоўваюцца ілюзіі, што калі мы ўвядзём пэўныя абмежаванні пры прыёме на вучобу на некаторыя спецыяльнасці для дзяўчат і хлопцаў, то на выхадзе з ВНУ ў іх будзе большы прастор для выбару. Сёння яны патрабуюць хлопцаў, а мы не можам задаволіць іх патрэбы...

«ЗВЯЗДА»:

— Але ж у нас ёсць практычна мужчынскія ВНУ, якія гэтую ідэю цудоўна рэалізоўваюць...

Святлана БУРАВА:

— У плане прыёму у Акадэмію МУС на факультэт міліцыі для дзяўчат устанаўліваюцца жорсткія квоты. Пры плане набору 268 чалавек на 2015 год для жанчын было выдзелена толькі 13 месцаў.

І гэта пры тым, што ў нас прапісана права на адукацыю без адрозненняў па палавой прыналежнасці. Адзін з аргументаў: аператыўна-пошукавая дзейнасць — небяспечная справа. Каб прайсці конкурс у акадэмію, дзяўчына павінна набраць у два-тры разы вышэйшы бал, чым хлопцы. Дзе справядлівасць? Прычым экзамен па фізічнай падрыхтоўцы дзяўчаты таксама здаюць і не саступаюць хлопцам.

Антон ГАЎРЫЛЕНКА:

— Сёлета пры паступленні ў Акадэмію МУС на спецыяльнасць «правазнаўства» крымінальна-выканаўчага факультэта на дзённую форму навучання прахадны бал для хлопцаў быў 175, а для дзяўчат — 336.

Віктар ШАДУРСКІ:

— На спецыяльнасць «лінгвакраіназнаўства» мы набіраем 30 чалавек. З трох дзясяткаў студэнтаў хлопец у нас толькі адзін. Між іншым, там рыхтуюць спецыялістаў для ўсходніх краін, і, шчыра кажучы, мужчыны нам на гэтым напрамку вельмі б спатрэбіліся. Бо жанчынам працаваць на Усходзе будзе нашмат складаней. І тут з Міністэрствам замежных спраў, якое просіць накіраваць да іх хлопцаў, цяжка не пагадзіцца. Але я ўсё роўна лічу, што будзе няправільным уводзіць нейкія квоты пры паступленні для мужын і жанчын. Калі я вучыўся на гістарычным факультэце, у нас было 60 працэнтаў дзяўчат і 40 працэнтаў хлопцаў.

Там, дзе створаны роўныя магчымасці пры паступленні, хлопцы аказваюцца менш канкурэнтаздольнымі.

Я чуў думку, што да 26 гадоў дзяўчаты разумнейшыя за хлопцаў.

Алена ЯКІМОВІЧ:

— Па профілі спецыяльнасцяў «Служба бяспекі» ў папярэднім навучальным годзе ва ўсіх беларускіх ВНУ навучаліся 1100 дзяўчат, што складае толькі 16 працэнтаў ад агульнай колькасці студэнтаў. Да гэтага профілю адносяцца такія спецыяльнасці, як «пагранічная бяспека», «грамадская бяспека», « інфармацыйная бяспека», «судовая экспертыза», «экалагічная бяспека». Праўда, колькасць дзяўчат, якія навучаюцца па гэтым профілі, з кожным годам павялічваецца. У 2011/2012 навучальным годзе іх было 13,5 працэнта, у 2012/ 2013 навучальным годзе — 14,7 працэнта, а ў 2013/ 2014 годзе — 15,2 працэнта ад агульнай колькасці.

Нежаночая справа?

«ЗВЯЗДА»:

— На беларускім рынку працы існуюць тыпова «жаночыя» і «мужчынскія» прафесіі ў розных галінах. Напрыклад, фемінізаванай аказалася ўся сфера абслугоўвання і гандлю, медыцына, школьная адукацыя. Але нават у гэтых галінах пасады кіраўнікоў займаюць часцей мужчыны. У асобных галінах прамысловасці, наадварот, працуюць толькі мужчыны. У чым прычыны захавання такой сітуацыі ў Беларусі?

Віктар ШАДУРСКІ:

— Мяне больш за ўсё хвалюе фемінізацыя школы. У медыцыне жанчыны таксама пераважаюць, але мне, па вялікім рахунку, не так важна, хто мяне лечыць: мужчына або жанчына-ўрач. А вось тая акалічнасць, што выхаваннем дзяцей займаюцца пераважна жанчыны, вельмі небяспечная для нашага грамадства. У выхаванні павінен прысутнічаць і жаночы, і мужчынскі складнік, бо наша грамадства складаецца з дзвюх палавінак. Чаму мужчыны не ідуць у школу ці пакідаюць яе, цалкам зразумела: з прычыны нізкага ўзроўню заробкаў. Ствараецца стэрэатып: калі ты пайшоў у школу, значыць, жыццё не ўдалося. Між іншым, мужчыны ў адукацыі заўсёды навідавоку з прычыны малой колькасці і, так бы мовіць, сваёй эксклюзіўнасці. У мужчыны, які застаўся ў школе працаваць, павінна быць моцная матывацыя. Значыць, ён перамог стэрэатып, любіць сваю прафесію і знаходзіцца на сваім месцы. Але ўпэўнены, што без павышэння заработнай платы вярнуць мужчын у сістэму адукацыі будзе складана. Гэта архіважнае пытанне. У выхаванне дзяцей трэба ўкладваць значна большыя сродкі.

Алена ЯКІМОВІЧ:

— У нас фемінізаваная не толькі сярэдняя школа, але і вышэйшая. 65 працэнтаў выкладчыкаў на ступені вышэйшай адукацыі складаюць жанчыны. А перакос у «жаночых» і «мужчынскіх» прафесіях адбываецца яшчэ на этапе выбару прафесіі. Калі я выбірала тэхнічную ВНУ, то мяне таксама ўсе адгаворвалі. Казалі «не жаночая гэта справа»...

«ЗВЯЗДА»:

— У нашай краіне існуе Пералік цяжкіх работ і работ са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы, а таксама работ, прафесій і пасад, на якіх забараняецца прымяненне працы жанчын. Паўтара года таму міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна правяла ў ААТ «Беларуськалій сустрэчу з шахцёрамі. Менавіта тады і прагучала просьба работніц «Беларуськалія» аб тым, каб адкрылі «ўваход» для жанчын у некаторыя падземныя прафесіі. Прычым мужчыны былі з імі абсалютна салідарныя...

Віктар ШАДУРСКІ:

— Выкажу сваю думку. Я сам родам з вёскі, і там жанчыны заўсёды працавалі на самых цяжкіх работах. Ніхто тады не задумваўся аб тым, каб шкадаваць жанчын... Ці змянілася сітуацыя сёння?

Святлана БУРАВА:

— Прывяду гістарычны прыклад. На цаглінных заводах з ручной працай раней працавалі толькі жанчыны, а калі вытворчасць механізавалі, то жанчын выцеснілі мужчыны. Я лічу, што павінен быць пералік небяспечных відаў работ для ўсіх. Чаму ў нас шкадуюць жанчын і не шкадуюць мужчын? Не сакрэт, што жанчыны ідуць на цяжкія віды работ толькі таму, што хочуць зарабіць. Гэта іх выбар.

Віктар ШАДУРСКІ:

— На небяспечныя работы павінен быць допуск з улікам стану здароўя. І без размежавання на мужчын і жанчын. Давайце не ставіць штучных перашкод.

Алена ЯКІМОВІЧ:

— У ліпені мінулага года (пасля сустрэчы Марыяны Шчоткінай з шахцёрамі) пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны №35 былі зменены падыходы да фарміравання згаданага вамі Пераліку цяжкіх работ. Цяпер умовы працы работніка вызначаюцца не найменнем яго прафесіі або пасады, а залежаць ад тэхналагічнага працэсу, абсталявання і арганізацыі працы на канкрэтным рабочым месцы. Фактычна былі знятыя абмежаванні на прымяненне працы жанчын на шэрагу работ у горназдабыўнай прамысловасці. Такім чынам, некаторыя прафесіі змянілі свой «пол»: жанчыны атрымалі доступ да працы, якую яны хацелі выконваць і якую ім гатовыя былі з задавальненнем саступіць мужчыны. Як гэта ні парадаксальна, але забарона, устаноўленая для жанчын, ушчамляла правы мужчын: яны былі вымушаны выконваць «жаночую» працу ў шахце, не звязаную з фізічнай нагрузкай, замест таго каб працаваць у забоі і, адпаведна, зарабляць значна больш.

Слова, якое пужае мужчын

«ЗВЯЗДА»:

— А ці можна спадзявацца на трансфармацыю грамадскай свядомасці без развіцця ў краіне гендарнай асветы? Ці дазваляе сістэма беларускай вышэйшай адукацыі пераарыентаваць інтарэсы абітурыентаў з улікам гендарных аспектаў? Напрыклад, вядомы вопыт краін Еўрасаюза, дзе распрацоўваюцца спецыяльныя праграмы для прыцягнення цікавасці дзяўчат да тэхнічных і інжынерных спецыяльнасцяў. Акрамя таго, арганізуюцца агітацыйныя кампаніі па змене іміджу тыпова «жаночых» прафесій.

Віктар ШАДУРСКІ:

— Многія краіны па-філасоўску асэнсоўваюць, што іх чакае праз 20—30 гадоў. А мы пакуль не жадаем задумвацца пра перспектывы, хоць гендар абавязкова «выстраліць». Чаму на Захадзе настолькі актуальная гендарная праблематыка?

Напэўна, таму, што там разумеюць анатомію грамадства, разумеюць, што калі дзесьці павялічваецца роля жанчыны, то грамадства становіцца больш збалансаваным і больш чалавечным.

Дваццаць, нават дзесяць гадоў назад, ніхто б не паверыў, што такая колькасць жанчын будзе кіраваць аўтамабілямі. Але гэта стала нормай, хоць стэрэатып, што жанчына бездапаможная ў тэхнічным плане, па-ранейшаму жыве. Між іншым, жанчыны трапляюць у аварыйныя сітуацыі на дарогах значна радзей, чым мужчыны (гэта афіцыйная статыстыка), таму што кіруюць транспартным сродкам больш акуратна. Думаюць не толькі пра сябе, але і пра тых, хто знаходзіцца побач.

Давайце прыгледзімся да вопыту замежных калег. Я выступаю за адкрытую дыскусію. Гендарная роўнасць азначае больш справядлівае грамадства. Не трэба штучна паскарацца, але і не трэба таптацца на адным месцы. Мы адчуваем інтуітыўна, якія супярэчнасці праявяцца крыху пазней, і, каб актуалізаваць гэтую праблему, падрыхтавалі гендарны план факультэта міжнародных адносін на 2015—2017 гады. Я — за шчырую адкрытую дыскусію ў грамадстве.

Пры падрыхтоўцы плана мы шчыльна працавалі са шведскім універсітэтам Лунда і Інстытутам правоў чалавека і гуманітарнага права імя Рауля Валенберга. У Швецыі гендару надаецца вельмі шмат увагі. Але мы не будзем запазычваць усё «ў адным пакеце», а будзем глядзець: што нам падыходзіць, а што — не. Упэўнены, што гендарны аспект абавязкова павінен прысутнічаць у выкладанні гуманітарных дысцыплін. Вось толькі мы думаем: а ці не позна гэта рабіць у вышэйшай школе? Магчыма, гендарную асвету трэба распачынаць на больш ранніх ступенях адукацыі?

Хацелася, каб усе зразумелі: гендарная роўнасць — гэта не толькі інтарэсы жанчын. Стэрэатыпы перашкаджаюць жыць і мужчынам.

Напрыклад, стэрэатып, што мужчына павінен зарабляць грошы і быць карміцелем сям'і, становіцца нярэдка прычынай таго, што мужчыны не адпавядаюць чаканням жанчын. Адсюль алкагалізм, разбурэнне шлюбаў, выхаванне дзяцей у няпоўных сем'ях, фемінізацыя адукацыі...

Святлана БУРАВА:

— Даследаванне, праведзенае ў вышэйшых навучальных установах у 2012 годзе, паказала, што выкладчыцкі састаў, як і студэнты, падзяліліся прыкладна напалову: адна палова выступае за гендарную роўнасць ва ўсім, іншая — супраць. Палова лічыць, што трэба ўкараняць у ВНУ курсы па гендарнай роўнасці, а другая не падтрымлівае гэтай ідэі.

Алена ЯКІМОВІЧ:

— У БНТУ слова «гендар» пужае наш, пераважна мужчынскі, калектыў. На некаторых факультэтах 90 працэнтаў выкладчыкаў складаюць менавіта мужчыны, таму ініцыяваць укараненне гендарнага курса ў рамках тэхнічных спецыяльнасцяў, я лічу, пакуль што бессэнсоўна. А вось на нашым факультэце ёсць чатыры гуманітарныя кафедры, і праз сацыяльна-гуманітарны блок (сацыялогію, філасофію) мы можам паспрабаваць укараніць гендарную тэматыку.

Святлана БУРАВА:

— І ўсё ж нам трэба рухацца да грамадства гендарнай роўнасці. Што яно дае? Якія магчымасці? Гэта новая парадыгма ўспрымання жыцця, новыя магчымасці і для жанчын, і для мужчын. Пачынаецца пераасэнсаванне таго, як мы жывём. Гэта вельмі доўгі працэс, але вельмі перспектыўны.

Алена ЯКІМОВІЧ:

— Такім чынам будзе дасягнуты баланс у грамадстве, бо калі мужчыны або жанчыны прадстаўлены ў нейкай адной сферы, то атрымліваецца нейкае аднабокае развіццё. Плюс гэта яшчэ і эканамічная выгада. Пры дэфіцыце кваліфікаваных спецыялістаў будзе назірацца здаровая канкурэнцыя. Зменіцца стэрэатыпнасць мыслення, устаноўкі на тое, якія павінны быць адносіны ў сям'і. Сёння ў нас як? Месца жанчыны ля пліты, а мужчына зарабляе грошы. Між іншым, нашы дзеці засвойваюць менавіта гэту мадэль паводзін...

Даведка:

Гендарная роўнасць — роўныя правы і роўныя магчымасці для мужчын і жанчын у духоўным, матэрыяльным, эканамічным, сексуальным і палітычным жыцці; роўная ацэнка грамадствам мужчынскіх і жаночых роляў; роўнасць статусу для мужчын і жанчын; роўныя ўмовы для рэалізацыі правоў чалавека; для ўдзелу ў нацыянальным, палітычным, эканамічным, сацыяльным і культурным развіцці.

«Круглы стол» правяла Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Аляксандра ШАБЛЮКА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну

У ліпені ў Мінску ў трох паліклініках — 10-й, 23-й і 37-й — былі адкрыты кабінеты «За жыццё», дзе праводзяць перадабортнае кансультаванне.

Грамадства

Наколькі складана ў нашай краіне стаць кандыдатам і доктарам навук?

Наколькі складана ў нашай краіне стаць кандыдатам і доктарам навук?

Ці лічыце вы мэтазгодным устанаўленне адзіных патрабаванняў да саіскальнікаў вучоных ступеняў па колькасці апублікаваных навуковых работ незалежна ад галіны навукі?

Культура

«Не выбірай жонку ў агародзе, а шукай у карагодзе»

«Не выбірай жонку ў агародзе, а шукай у карагодзе»

Фалькларыст і этнахарэограф Сяргей Выскварка ведае, што кажа. 

Грамадства

Ці ўсім быць вундэркіндамі?

Ці ўсім быць вундэркіндамі?

Сучасныя малыя ведаюць алфавіт, але не ўмеюць гуляць.