Вы тут

Сустрэча ў беларускім садку ў Беластоку


Вядома, што Беласточчына з'яўляецца цэнтрам кампактнага пражывання беларусаў у Польшчы. Большасць з іх захавала сваю тоеснасць, мову і традыцыі, якія яны шануюць, беражліва аберагаюць, перадаюць сваім дзеткам. У наступным годзе адзначыць 60-годдзе найстарэйшая і самая ўплывовая беларуская грамадская арганізацыя — Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы.

Днямі ў беларускім перадшколлі, ці, як па-нашаму, дзіцячым садку № 14, у Беластоку адбылася незвычайная сустрэча. У госці да беларускіх дзетак завіталі старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп, намеснік старшыні фонду, старшыня таварыства «Беларусь — Польшча», вядомы беларускі пісьменнік Анатоль Бутэвіч і аўтар гэтых радкоў. А нагодай для сустрэчы стала прэзентацыя толькі што выдадзенай у Беластоку Фундацыяй эканамістаў навакольнага асяроддзя і натуральных рэсурсаў казка беларускага аўтара Людмілы Стружэцкай «Ноч жука-светляка». Выдатныя ілюстрацыі да кніжкі зрабіла вядомая беларуская мастачка Рыта Цімохава. Адметным з'яўляецца тое, што казка выдадзена асобнымі кніжкамі на беларускай, польскай і рускай мовах пры дапамозе гранта міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы.

Беларускія групы ў дзіцячым садку былі створаны роўна 20 гадоў таму па ініцыятыве Міраслава Пякарскага. Гэты быў небывалы эксперымент, які стымуляваў актыўнае развіццё, а дакладней аднаўленне беларускамоўнай адукацыі ў Польшчы. «Увесь час працуем над узбагачэннем праграмы навучання. Усё ў ёй скіравана на тое, каб дзеці і бацькі адчувалі, што з'яўляюцца беларусамі, — гаворыць сённяшні дырэктар садка Люцыя Німіровіч. — У садку выхоўваюцца каля 100 дзетак. Клапоціцца пра іх таксама спецыяльна створаная грамадская арганізацыя «АББА» — аб'яднанне бацькоў, беларускасцю апантаных...»

Такім чынам, агульнымі намаганняі ў Беластоку створаны ўнікальны беларускі асяродак. Гэта адразу адчула і наша дэлегацыя, як толькі адчыніла дзверы садка. «Дзень добры» і «Шчыра вітаем» — такімі словамі сустракалі нас выхаванцы. Уся атмасфера ва ўтульным будынку — прыгожае афармленне на беларускай мове, дзіцячыя малюнкі, беларускія кніжкі — усё падкрэслівала адметнасць гэтага месца. Асабліва ўсцешыла выступленне дзетак, якія ў беларускіх вышыванках пад свой уласны акампанемент выканалі некалькі беларускіх песень, паказалі сваё танцавальнае майстэрства. Гэты дзіцячы калектыў дзейнічае ў садку ўжо некалькі гадоў, часта выступае на фестывалях беларускай песні ў Беластоку.

Пасля нашых шчырых апладысментаў дзеткі расселіся ў зале, з цікавасцю пазіраючы на віноўніцу сустрэчы — аўтарку кніжкі. Пытанні да іх і іх адказы напоўнілі залу дзіцячай непасрэднасцю. Трэба было бачыць, як уважліва слухалі дзеці прыгожую і добрую казку аб пастушку, які бег за сонцам, заблудзіўся і трапіў у госці да жукоў-светлячкоў. Варта прызнацца, што і для нас, дарослых, яна адкрыла невядомы свет істот, якіх мы таксама не аднойчы сустракалі ў лесе, але мала што аб іх ведалі...

Салодкай узнагародай для ўдзячных слухачоў стаў пачастунак беларускімі цукеркамі з прыгожай упакоўкі «Спадчына Беларусі». Напрыканцы сустрэчы мы паабяцалі абавязкова наведаць гэты незвычайны беларускі асяродак, каб перадаць дзецям новыя беларускія кніжкі...

Тадэвуш СТРУЖЭЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.