Вы тут

Вялікія магчымасці, вялікія рэзервы


Беларусь разглядае В'етнам як аднаго з найважнейшых партнёраў у Паўднёва-Усходняй Азіі.

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на перагаворах з Прэзідэнтам В'етнама Чыонг Тан Шангам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Мы ганарымся тым, што нашы адносіны выходзяць на новы ўзровень глыбокага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва», — сказаў беларускі лідар. Як і В'етнам, Беларусь праводзіць сацыяльна арыентаваную палітыку, накіраваную на павышэнне якасці жыцця людзей. Пазіцыі дзвюх краін абсалютна супадаюць па большасці пытанняў міжнароднага парадку дня. Прэзідэнт Беларусі лічыць, што ў дзвюх краін ёсць вялікія рэзервы для далейшага развіцця адносін.

10-34

Перш за ўсё, гэта датычыцца гандлёва-эканамічнай сферы. Аляксандр Лукашэнка не першы раз ужо знаходзіцца ў В'етнаме. «І я не пазнаю наш В'етнам. Ён мяняецца на вачах. І мы рады за вас. І мяне не пакідае пачуццё таго, што я прыехаў на родную зямлю», — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Як адзначыў Прэзідэнт В'етнама, Беларусь паслядоўна прадаўжае свой шлях развіцця. «Я цвёрда ўпэўнены, што беларускі народ пад вашым кіраўніцтвам будзе дасягаць новых поспехаў у сацыяльна-эканамічным развіцці, што дапаможа палепшыць жыццё людзей і павысіць пазіцыю Беларусі ў Еўропе і на міжнароднай арэне», — лічыць Чыонг Тан Шанг.

«В'етнам — наш стратэгічны партнёр, — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы. — В'етнам з'яўляецца нашым надзейным сябрам у Паўднёва-Усходняй Азіі, калі хочаце — плацдармам, з якога мы гатовы супрацоўнічаць з іншымі дзяржавамі рэгіёна». Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прэзідэнты грунтоўна і дэталёва абмеркавалі ўвесь спектр пытанняў беларуска-в'етнамскага супрацоўніцтва.

Ён канстатаваў адсутнасць рознагалоссяў паміж Беларуссю і В'етнамам як па пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва, так і па міжнародным парадку дня. Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што краіны супрацоўнічаюць у ААН, Руху недалучэння і па самых злабадзённых пытаннях. «Мы заўсёды падтрымлівалі адзін аднаго і ў далейшым будзем дзейнічаць у такім рэжыме», — сказаў беларускі лідар.

Бакі актыўна падтрымліваюць міжурадавыя і міжпарламенцкія кантакты. Кіраўнік беларускай дзяржавы пагадзіўся са сваім калегам аб неабходнасці павялічыць абмен дэлегацыямі на розных узроўнях з тым, каб супрацоўніцтва паміж краінамі выходзіла на больш высокі ўзровень. Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананне, што Беларусі і В'етнаму трэба паглыбляць гуманітарнае супрацоўніцтва, адносіны ў сферы культуры, адукацыі, спорту. На яго думку, у краін існуюць вялікія рэзервы для міжрэгіянальнага супрацоўніцтва.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь прапануе В'етнаму актывізаваць супрацоўніцтва ў нафтахіміі і свой удзел у разведцы і здабычы карысных выкапняў. Беларускі Прэзідэнт звярнуў увагу, што ўзровень тавараабароту паміж дзвюма краінамі ў памеры $190 млн недастаткова высокі, калі ўлічваць патэнцыялы Беларусі і В'етнама.

Беларускі лідар адзначыў, што ў час гэтага візіту падпісаны ўжо шэраг кантрактаў, якія будуць садзейнічаць нарошчванню аб'ёму ўзаемнага гандлю.

Прэзідэнт Беларусі пагадзіўся са сваім в'етнамскім калегам, што неабходна павышаць узровень міжурадавай камісіі, каб у бліжэйшыя два гады тавараабарот паміж краінамі дасягнуў і перасягнуў $0,5 млрд. Беларускі бок прапанаваў актывізаваць супрацоўніцтва ў сферы нафтахіміі, аўтамабілебудавання, па лініі сумесных зборачных вытворчасцей у В'етнаме. На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, для гэтага створана добрая аснова, падпісаны двухбаковыя дакументы, пагадненне аб зоне свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і В'етнамам.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь гатова ўдзельнічаць у разведцы і здабычы карысных выкапняў у В'етнаме і пастаўляць для гэтага неабходнае абсталяванне і тэхніку. Акрамя таго, на перагаворах размова ішла аб магчымасцях больш шырокай падрыхтоўкі спецыялістаў для народнай гаспадаркі, навукі В'етнама ў ВНУ Беларусі. «Мы будзем рабіць усё магчымае, каб традыцыйна падтрымліваць узровень адукацыі ў В'етнаме, навучаючы ў нашых ВНУ будучых вучоных, фізікаў, ІТ-спецыялістаў і іншых», — запэўніў беларускі лідар. Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, бакі вялікую ўвагу ўдзялілі пытанням абароны і бяспекі. «Мы абсалютна падтрымліваем думку аб паглыбленні гэтага супрацоўніцтва. Забаронных тэм у адносінах па лініі ВПК няма, і мы будзем прытрымлівацца гэтай пазіцыі ў далейшым», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь і В'етнам падпісалі праграму супрацоўніцтва ў эканамічнай, навуковай, адукацыйнай і культурнай сферах на перыяд 2016—2018 гадоў. Падпісанне дакумента адбылося ў прысутнасці прэзідэнтаў дзвюх краін Аляксандра Лукашэнкі і Чыонг Тан Шанга. Па выніках перагавораў прэзідэнты Беларусі і В'етнама прынялі сумесную заяву аб умацаванні і ўсебаковым развіцці адносін паміж краінамі. Шэраг дакументаў падпісаны на міжведамасным узроўні. У прыватнасці, пагадненне аб навучанні грамадзян В'етнама ў ВНУ Беларусі, дарожная карта развіцця супрацоўніцтва паміж акадэміямі навук дзвюх краін, план супрацоўніцтва ў сферы турызму на 2016—2018 гады. Акрамя таго, падпісаны мемарандум і план развіцця супрацоўніцтва паміж Віцебскай вобласцю і правінцыяй Бінь Тхуан.

Учора ж Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчы са старшынёй Нацыянальнага сходу В'етнама Нгуен Шынь Хунгам і прэм'ер-міністрам гэтай краіны Нгуен Тан Зунгам. Кіраўніцтва В'етнама высока ацаніла ўзровень супрацоўніцтва паміж Беларуссю і В'етнамам і выказала ўпэўненасць, што гэты візіт кіраўніка беларускай дзяржавы ў В'етнам і вынікі перагавораў на найвышэйшым узроўні нададуць новы імпульс развіццю двухбаковых адносін. Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што Беларусь і В'етнам могуць значна дадаць у гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, калі рэалізуюць усе дамоўленасці, дасягнутыя ў гэтыя дні бакамі.

Аляксандр Лукашэнка таксама ўсклаў вянок да Манумента Загінулым Героям. Манумент узведзены ў 1995 годзе і з'яўляецца нацыянальным мемарыялам у гонар воінаў-герояў, якія аддалі свае жыцці за незалежнасць В'етнама ва ўсіх узброеных канфліктах. Помнік з'яўляецца традыцыйным месцам ускладання вянкоў кіраўнікамі афіцыйных замежных дэлегацый. Аляксандр Лукашэнка таксама ўсклаў вянок да Маўзалея Хо Шы Міна — першага Прэзідэнта Дэмакратычнай Рэспублікі В'етнам. Маўзалей размешчаны на самай вялікай у В'етнаме плошчы Ба Дзінь. Тут у 1945 годзе Хо Шы Мін зачытаў Дэкларацыю незалежнасці В'етнама. Маўзалей вышынёй 21 м падзелены на тры ўзроўні. Першы ўзровень выкарыстоўваецца як прэзідыум пры правядзенні ўрачыстых мерапрыемстваў. На другім узроўні, у цэнтральнай частцы Маўзалея, выкананай у выглядзе пакоя, спачывае цела правадыра.

Учора ж завяршыўся дзяржаўны вiзiт Прэзiдэнта Беларусi Аляксандра Лукашэнкi ў Сацыялiстычную Рэспублiку В'етнам. Кiраўнiк беларускай дзяржавы накiраваўся ў Ашхабад, дзе будзе знаходзiцца з афiцыйным вiзiтам да 12 снежня. Прэзiдэнт Беларусi правядзе перамовы з кiраўнiком Туркменiстана Гурбангулы Бердымухамедавым, па вынiках якiх будзе падпiсаны шэраг мiжнародных дакументаў.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Па выніках перамоў у Мінску яны прынялі сумесную заяву.

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.